У спецыяльнай адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца праблеме карэкцыі развіцця дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі сродкамі выяўленчага мастацтва, у тым ліку арт-тэрапіі. Мастацтва станоўча ўплывае на развіццё асобы дзіцяці, яго здольнасцей, уменняў і навыкаў.
Арт-тэрапія асабліва важная для дзяцей з АПФР, якія з прычыны сваіх фізічных і псіхічных асаблівасцей часта сацыяльна дэзадаптаваны, абмежаваны ў сацыяльных кантактах. Выкарыстанне элементаў арт-тэрапіі ў рабоце з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця дапамагае дасягнуць значных вынікаў не толькі ў развіцці сацыяльных эмоцый, камунікатыўных навыкаў, пашырэнні спектра рухальных здольнасцей дзіцяці, але і ў раскрыцці яго творчага патэнцыялу. Творчы вопыт, усведамленне сябе, развіццё новых навыкаў і ўменняў дазваляе такім дзецям больш актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства. Арт-тэрапія прапаноўвае дзіцяці перадаць свае эмоцыі, пачуцці з дапамогай лепкі, малявання, канструявання з прыродных матэрыялаў, паперы. Можна таксама прымяняць іншыя формы мастацтва — цялесныя імправізацыі, тэатральныя пастаноўкі, літаратурную творчасць. Такім чынам дасягаюцца наступныя мэты: перадача эмоцый і пачуццяў, звязаных з перажыванням сваіх праблем, самога сябе; актыўны пошук новых форм узаемадзеяння са светам; пацвярджэнне сваёй індывідуальнасці, непаўторнасці і значнасці; павышэнне адаптыўнасці, гібкасці ў свеце, які пастаянна мяняецца.
Арт-тэрапія — гэта найбольш мяккі метад работы, кантакту з дзіцем з праблемамі ў развіцці. Дзіця можа нават не гаварыць, але пры гэтым можа ляпіць, рухацца і паказваць сябе праз рухі целам. Заняткі арт-тэрапіяй дапамогуць зняць псіхічнае напружанне. Псіхічныя і фізічныя адхіленні часта робяць дзіця пасіўным. Кола яго інтарэсаў даволі вузкае. Патрэба ў актыўным узаемадзеянні са светам зніжаецца. У выніку зніжаецца і здольнасць да адаптацыі. Дзіця сыходзіць у сябе. Арт-тэрапія дазваляе разарваць гэты заганны круг. Калі дзіця займаецца творчасцю, яно вынаходзіць новыя і спосабы перадачы сваіх эмоцый, новыя спосабы зносін са светам.
Творчасць — гэта не раскоша для выбраных, не прывілея для асабліва адораных, а натуральная чалавечая патрэба, і нельга сцвярджаць, што дзеці з АПФР не здольны да творчасці. Здольнасці такіх дзяцей неабходна развіваць. У занятках мастацтвам вельмі важна, каб дзіця адчувала свой поспех у гэтай справе. Поспех у творчасці ў яго псіхіцы несвядома пераносіцца і на звычайнае жыццё.
У спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця далучэнне да мастацка-творчай дзейнасці ажыццяўляецца праз навучанне маляванню, лепцы, аплікацыі і канструяванню, складанню калажу, складанню фігурак арыгамі.
На занятках з дзецьмі дашкольнага ўзросту з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця выкарыстоўваем нетрадыцыйныя тэхнікі малявання. Для азнаямлення з тэхнікамі дзецям прапаноўваецца пэўны алгарытм (у залежнасці ад парушэнняў дзіцяці). На занятках з дзецьмі спецыяльнай групы выкарыстоўваюцца наступныя тэхнікі: адбітак коркам, накрыўкай, адбітак з дапамогай агародніны, фларатыпія, тэхніка штурхяля, маляванне з дапамогай клубка. У працэсе заняткаў у дзяцей развіваюцца дробнаматорныя ўменні, сенсорная сфера, пазнавальныя працэсы, уяўленне і фантазія, камунікатыўныя навыкі, адбываецца актыўнае ўключэнне ў сацыяльныя сувязі.
Эфектыўным сродкам для развіцця творчых здольнасцей дзяцей з’яўляецца таксама аплікацыя. Яна мае вялікія магчымасці для развіцця фантазіі, уяўлення. Варта адзначыць, што для нашых дзяцей аплікацыя — адзін з любімых відаў выяўленчай дзейнасці, нягледзячы на тое, што ён даволі цяжкі па тэхніцы выканання.
Лепка — адзін з самых эмацыянальных і прадукцыйных відаў выяўленчай дзейнасці. Значэнне лепкі для развіцця дзіцяці з асаблівасцямі велізарнае. У гэтай тэхніцы сінхронна працуюць дзве рукі, каардынуецца работа двух паўшар’яў. Акрамя таго, адбываецца развіццё дробнай маторыкі, пашыраецца сенсорны вопыт (пачуццё пластыкі, формы, матэрыялу, вагі), развіваецца алгарытмічнасць дзеянняў, уменне даводзіць распачатую работу да канца, развіваецца ўяўленне. Лепка садзейнічае гарманічнаму развіццю асобы дзіцяці, дапамагае ствараць сітуацыю эмацыянальнага дабрабыту, забяспечваць развіццё ў дзяцей здольнасцей да эстэтычнай дзейнасці.
З мэтай развіцця творчых здольнасцей дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця сацыяльны педагог праводзіць заняткі з элементамі арт-тэрапіі па:
* фарміраванні навыкаў складання самых простых базавых форм арыгамі;
* складанні калажных кампазіцый.
Падчас сумеснай дзейнасці выкарыстоўваецца метад сінхроннай работы. Працуючы разам з дзецьмі, можна хутка наладзіць эмацыянальны кантакт з дзецьмі, ствараючы такім чынам творчую майстэрню, дзе ўсе займаюцца адной справай.
Хочацца адзначыць, што атрыманне выніку на занятках па развіцці творчых здольнасцей становіцца для дзіцяці крытэрыем, па якім яно можа меркаваць пра сябе, свае магчымасці. Калі вынік паспяховы, дзіця пераконваецца ў сваіх магчымасцях, пачынае верыць у свае сілы, упэўнена пачынае новую, больш складаную работу. Таму мы падбіраем пасільныя па аб’ёме і складанасці выканання заданні. Галоўнае — каб у дзіцяці не знікла цікавасць да дзейнасці, каб яно не расчаравалася ў сваіх магчымасцях. Важна хваліць і падтрымліваць дзяцей за настойлівасць, цярплівасць, жаданне давесці работу да канца.
Выяўленчае мастацтва паказвае дзецям свет прыгажосці, якая рэальна існуе, уплывае на іх паводзіны. З дапамогай творчай дзейнасці можна сфарміраваць многія асобасныя якасці, камунікатыўныя навыкі, што спрыяе больш актыўнаму ўключэнню дзіцяці з асаблівасцямі развіцця ў соцыум.
Наталля ПАСЮК,
выхавальніца спецыяльнай групы ЦКРНіР Зэльвы;
Ганна ЛАМЕКА,
сацыяльны педагог цэнтра.