Творчы ўзлёт “Залатой пчолкі”

- 11:39Сацыяльны ракурс

ХVI Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” завяршыўся ў Клімавічах. Усе яго гран-пры заваявалі прадстаўнікі нашай краіны. Юныя беларускія зорачкі сталі лепшымі ў дзвюх конкурсных намінацыях — вакальнае і харэаграфічнае мастацтва.

Вышэйшай узнагародай фестывалю ганараваны вакальны дуэт Алены Дабравольскай і Паліны Петраш узорнай эстраднай студыі “Росы” Бабруйскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт”; салістка Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У.Г.Мулявіна пры Маладзёжным тэатры эстрады Мінска Марыя Жыліна; заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Кужалёк” пад кіраўніцтвам Марыны Прохаравай Магілёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат”.

У гэтым годзе музычна-танцавальнае свята сабрала больш за 700 таленавітых выканаўцаў і калектываў з Беларусі, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Румыніі, Украіны, Фінляндыі, Сербіі. Традыцыйна яны выступалі ў дзвюх узроставых катэгорыях: малодшай (9—12 гадоў) і старэйшай (13—16 гадоў).

Іх таленты ацэньвала кампетэнтнае міжнароднае журы на чале з заслужаным дзеячам культуры Беларусі мастацкім кіраўніком Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У.Г.Мулявіна Святланай Стацэнка і старшынёй Асацыяцыі фальклорных груп Балгарыі Расэнам Багданавым. Таксама ў склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Арменіі, Італіі, Казахстана, Расіі і Славакіі — кампазітары, балетмайстры, заслужаныя артысты, харэографы і іншыя прадстаўнікі творчага асяроддзя.

Прафесіяналы адзначаюць, што выбраць лепшых выканаўцаў з кожным годам становіцца ўсё цяжэй: папулярнасць фестывалю ўзрастае, для ўдзелу ў ім з кожнай краіны прыязджаюць самыя вопытныя і добра падрыхтаваныя артысты. “Залатая пчолка” не толькі садзейнічае развіццю творчага патэнцыялу таленавітых дзяцей і падлеткаў, павышае ўзровень прафесійнага майстэрства творчых калектываў, асобных выканаўцаў і іх мастацкіх кіраўнікоў, але і ўмацоўвае міжнародныя культурныя сувязі, стварае ўмовы для шырокага творчага супрацоўніцтва.

У гэтым годзе фестываль значна пашырыў фармат: акрамя конкурснай праграмы, яго гасцям і ўдзельнікам было прапанавана мноства займальных конкурсаў і відовішчаў, пляцовак для адпачынку, выстаў-продажаў, прэзентацый твораў выяўленчага мастацтва. Дадатковая праграма ўключала конкурс “Міс “Залатая пчолка”, конкурс дзіцячага малюнка на асфальце “Падарунак фестывалю”, плац-канцэрт узорнага духавога аркестра Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі — каледжа мастацтваў, ансамбляў мажарэтак і барабаншчыц вобласці, святочнае шэсце, лазернае шоу, феерверк.

Фестываль дзіцячай творчасці праводзіцца ў Клімавічах з 1997 года і з цягам часу стаў брэндам не толькі магілёўскай зямлі. Так, праз пяць гадоў існавання ён набыў статус міжнароднага і стаў папулярны далёка за межамі нашай краіны. На сцэне “Залатой пчолкі” ў розныя гады запалілася не адна беларуская зорачка — Ксенія Сітнік, Ганна Мушак, Андрэй Кунец, Лідзія Заблоцкая… Улічваючы высокую ролю фестывалю ў развіцці творчага патэнцыялу юных выканаўцаў, прынята рашэнне, пачынаючы з 2017 года, праводзіць яго штогод.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам
народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.