Тыдзень прафілактыкі

- 11:26Адукацыйная прастора

З мэтай прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, павышэння матывацыі моладзі да прававых паводзін і ўсвядомленага выбару здаровага ладу жыцця ва ўстановах адукацыі Ганцавіцкага раёна прайшоў тыдзень прафілактыкі “Наш выбар — жыццё без правапарушэнняў”. У рамках тэматычнага тыдня праводзіліся інфармацыйныя акцыі, круглыя сталы, інтэрактыўныя заняткі з валанцёрамі-інструктарамі роўнага навучання, выступленні маладзёжных ініцыятыўных груп, прававыя кансультацыі для дзяцей і бацькоў, сустрэчы з супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Сучаснасць і нестандартнасць мыслення старшакласнікаў паказаў конкурс матыватараў. Пазітыўнае светаадчуванне, фізічная культура і спорт, захапленні танцамі і песнямі, зносіны з сябрамі і блізкімі — у прыярыятэце сучасных падлеткаў.

Сваімі развагамі пра важнасць здаровага харчавання, правільнага рэжыму дня, фізічнай актыўнасці, прынцыповага адмаўлення ад шкодных звычак дзеці і іх бацькі дзяліліся ў конкурсе сачыненняў “Мая сям’я і здаровы лад жыцця”.

Навучаючы нормам паводзін школьнікаў, вучыліся і педагогі. Так, падчас раённага семінара-практыкуму класным кіраўнікам былі прапанаваны інтэрактыўныя заняткі па бяспечных паводзінах у інтэрнэце і формах прафілактычнай работы з вучнямі і іх бацькамі. Заняткі праводзілі педагогі-кансультанты валанцёрскіх каманд А.У.Мінько, С.І.Грыбоўская і А.А.Акулава. Трэба адзначыць, што інтэрактыўныя заняткі па прынцыпе “роўны ву-чыць роўнага” добра зарэкамендавалі сябе не толькі ў рабоце з дзецьмі, але і ў навучанні дарослых. Такая форма работы актыўна выкарыстоўваецца ў Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці, гімназіі і сярэдняй школе № 1 Ганцавіч, Хатыніцкай і Кукаўскай сярэдніх школах, а таксама ў Люсінскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе імя Якуба Коласа, дзе рыхтуюцца валанцёры-інструктары.

Зразумела, што адзін тэматычны тыдзень не вырашыць усіх праблем, звязаных з негатыўным уплывам вуліцы, інтэрнэту і соцыуму на моладзь, але будзе садзейнічаць фарміраванню базісных паняццяў і навыкаў, неабходных для развіцця гарманічнай асобы вучняў.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама.