У адказе за тых, каго вучым

- 10:00Людзі адукацыі

Настаўніца пачатковых класаў пачатковай школы № 39 Мінска Раіса Уладзіміраўна Кісялёва напярэдадні новага навучальнага года атрымала нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Для педагога такая ўзнагарода стала нечаканасцю і вельмі парадавала, таму што так высока ацанілі яе сціплую працу з пачаткоўцамі. У той жа час настаўніца прызналася, што слова “выдатна” заўсёды было асаблівым для яе. Яна не магла дазволіць сабе дрэнна вучыцца ў школе і інстытуце. А калі сама пачала вучыць, то не ўмела рабіць гэта напалову, імкнулася вучыць якасна і з любоўю да дзяцей.

“Мае старэйшыя брат і сястра — настаўнікі, — гаворыць Раіса Уладзіміраўна. — Вернасць сямейным традыцыям, а таксама ўлюбёнасць у працу тых настаўнікаў, якія мяне вучылі, падштурхнулі да выбару прафесіі. Я скончыла факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка. У прафесіі ўжо 38 гадоў. І без дзяцей нават не ўяўляю сябе. Мне хочацца бачыць, як яны растуць, мацнеюць, як раскрываюцца іх здольнасці і таленты. Адным любоў да вучобы прывіваю праз цікавую гульню, да іншых — больш сур’ёзны падыход. Імкнуся да кожнага падабраць свой ключык. Стараюся жыць інтарэсамі дзяцей, іх захапленнямі. Складана бывае толькі з першакласнікамі. Усяго хапае, пакуль маленькія дзеці адаптуюцца да школы, прывыкнуць адно да аднаго. Дапамагаю вучням знаходзіць правільнае выйсце са складаных сітуацый, каб на душы ў іх было спакойна. Вучу іх быць добрымі і спагадлівымі. Адказнасць на плячах настаўніцы пачатковых класаў ляжыць вельмі вялікая. Ёй неабходна не толькі даваць веды, але і ўмела праяўляць лепшыя рысы характару жанчыны-маці — дабрыню, пачуццё справядлівасці і строгасць. Неабходна наладзіць супрацоўніцтва з бацькамі вучняў, актыўна далучаць іх да ўдзелу ў адукацыйным працэсе. Многія з бацькоў шчыра паважаюць і цэняць маю працу, нават праз гады пасля нашага развітання тэлефануюць, каб павіншаваць са святам, проста пагутарыць”.

Настаўніца разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі прымае актыўны ўдзел у апрабацыі вучэбных выданняў для пачатковай школы. Яна з’яўляецца рэцэнзентам многіх вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. На базе пачатковай школы № 39 Мінска дзейнічае філіял кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання, і Раісе Уладзіміраўне заўсёды ёсць што абмеркаваць з навукоўцамі і студэнтамі.

“Любую задачу па матэматыцы мы з дзецьмі разбіраем шматбакова, рашаем рознымі спосабамі, — адзначае Раіса Уладзіміраўна. — Не прапускаем ніводнага задання павышанай складанасці, амаль на кожным уроку разглядаем займальны матэрыял па матэматыцы, рашаем заданні, якія патрабуюць нестандартнага мыслення. Вельмі люблю ўрокі літаратурнага чытання, на якіх мы не проста працуем над сюжэтам і адказваем на пытанні, якія ёсць у падручніку. Скіроўваю ўвагу дзяцей на літаратурныя прыёмы, якія выкарыстоўваў аўтар, каб яны вучыліся чытаць паміж радкоў, перажывалі тое, што хацеў данесці пісьменнік, прыдумвалі свой працяг твораў, выказвалі сваё бачанне па-дзей, даказвалі асабісты пункт гледжання. На ўроках мы робім інсцэніроўкі сюжэтаў, ставім своеасаблівыя міні-спектаклі. Калі дзеці самі заўважаюць, якімі літаратурнымі сродкамі карыстаўся аўтар і як гэта дапамагае раскрыць характар або вобраз героя, яны адчуваюць сапраўднае натхненне”.

Раіса Уладзіміраўна матывуе вучняў да вывучэння культуры і побыту беларускага народа. Выхоўваць пачуццё гонару за Радзіму, павагу да яе гісторыі лепш за ўсё праз беларускае мастацкае слова. Вучні яе класа маюць граматы Белтэлерадыёкампаніі за ўдзел у конкурсе “Паэтычны ветразь”. У 2015/2016 навучальным годзе яны прымалі ўдзел у гарадскім турніры “Юны матэматык”, дзе атрымалі дыплом I ступені і два дыпломы II ступені, у 2016/2017 навучальным годзе ў раённым конкурсе — два дыпломы I ступені, у гарадскім — дыплом II ступені. У гарадскім адкрытым адукацыйным анлайн-турніры “Думай, краіна!”, “Размаўляй, краіна!” вучні Раісы Уладзіміраўны атрымалі дыплом I ступені (2015/2016 навучальны год), дыпломы I, II, III ступені (2016/2017 навучальны год). Падчас удзелу ў гарадскім фестывалі навукова-практычных работ “Пазнанне і творчасць” яе вучні атрымалі дыплом I ступені і дыплом II ступені (2015/2016 навучальны год), дыплом I ступені (2016/2017 навучальны год).

Некаторыя з пачаткоўцаў праявілі сябе адразу ў некалькіх кірунках. Так, Максім Камына ў мінулым навучальным годзе атрымаў дыплом І ступені на гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ “Пазнанне і творчасць”, дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па логіцы і матэматыцы (LOGIC), дыплом ІІ ступені на гарадскім турніры “Юны матэматык”. Акрамя таго, Максім стаў пераможцам (дыплом І ступені) на раённай алімпіядзе па беларускай мове. У Глеба Уласава — дыплом ІІ ступені на гарадскіх адкрытых адукацыйных анлайн-турнірах “Лічы, краіна!”, дыплом І ступені на раённай алімпіядзе па беларускай мове і дыплом І ступені на другім адкрытым Рэспубліканскіх конкурсе “Праграмуем у Scratch”.

Выпускнікі Раісы Уладзіміраўны паступаюць у гімназіі Мінска з сярэднім балам 9,6. У 2014/2015 навучальным годзе 4 вучні пры паступленні ў гімназію атрымалі максімальны бал — 60. Сёлета педагог выпусціла 4 клас. 21 яе вучань з 24 паступаў у гімназію, і амаль усе дзеці паспяхова з гэтым справіліся.

“Мне хочацца, каб кожнае дзіця, абапіраючыся на свой невялікі жыццёвы вопыт, магло выказаць уласныя пачуцці і разуменне слоў “Радзіма”, “гонар”, “адказнасць”, “дабрыня”, — падкрэслівае Раіса Уладзіміраўна. — 1 верасня мы адпусцілі ў неба паветраныя шарыкі і задулі нашы ўяўныя свечкі жаданняў. У канцы навучальнага года прыгадаем, ці спраўдзілася задуманае”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.