У адкрытай адукацыйнай прасторы

- 14:30Планёрка ў рэгіёне

Восеньскія месяцы ў сістэме адукацыі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці былі насычаны рознымі мерапрыемствамі. Актыўная работа ідзе і цяпер. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Докшыцкага райвыканкама Дзмітрый Данілавіч ПАРЦЯНКА працуе ў шчыльным графіку, але адказаць на некалькі пытанняў для нашай газеты пагадзіўся.

— Дзмітрый Данілавіч, чым былі адметны пачатак навучальнага года і першыя тры восеньскія месяцы?

— У пачатку каляндарнага года былі вызначаны мерапрыемствы па абгрунтаванай аптымізацыі сістэмы адукацыі раёна. З 1 верасня закрыты два маленькія дзіцячыя садкі, рэарганізавана ў пачатковую базавая школа-сад, рацыянальна аптымізавана колькасць класаў-камплектаў у гарадскіх і сельскіх школах. Фінансавыя сродкі ад аптымізацыі ў асноўным плануецца накіраваць на набыццё школьнага аўтобуса. Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца пазабюджэтнай дзейнасці. На 1 лістапада толькі школамі зароблена 9438,59 рубля. Пазабюджэтныя сродкі выкарыстоўваюцца на правядзенне рамонтных работ, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, для матэрыяльнага заахвочвання лепшых вучняў і на іншыя значныя для ўстановы адукацыі мэты. У першай чвэрці вялася мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд. Практычна ва ўсіх школах арганізаваны і дзейнічаюць дадатковыя адукацыйныя паслугі па-за вучэбнай праграмай на платнай аснове, а школьнае жыццё было насычана рознымі спартыўнымі, турыстычнымі, культурнымі, грамадска значнымі мерапрыемствамі.

— Ці папоўніліся рады педагагічнай грамадскасці раёна маладымі спецыялістамі? Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых настаўнікаў?

— У гэтым годзе ў раён былі накіраваны пасля размеркавання трынаццаць маладых спецыялістаў, з іх — восем з вышэйшай і пяць з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. У цяперашні час вострай патрэбы ў педагагічных кадрах у нас няма. Разам з тым у найбліжэйшыя два-тры гады (у сувязі з выхадам вопытных педагогаў на заслужаны адпачынак) узнікне неабходнасць у педагагічных кадрах па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Фізіка”, “Хімія”. Ацаніць педагагічныя здольнасці і веды маладых настаўнікаў за адзін-два гады аб’ектыўна складана, аднак адразу бачны педагогі па прызначэнні, якія настроены на далейшую педагагічную дзейнасць і валодаюць неабходнымі маральнымі і дзелавымі якасцямі, адрозніваюцца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, і спецыялісты, якія прыйшлі, на жаль, толькі для адпрацоўкі. Прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе ў раён размеркаваны два маладыя спецыялісты — майстры спорту Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы, якія сталі працаваць трэнерамі-выкладчыкамі ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

— Тут хочацца спытаць пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў як маладых, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— Раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца цэнтрам сістэматычнай, мэтанакіраванай работы па арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў і кіруючых кадраў, забяспечвае метадычнае суправаджэнне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Метадычная сетка раёна адрозніваецца гнуткасцю з улікам запытаў, патрэб і індывідуальных цяжкасцей педагогаў. Структура метадычнай работы ў бягучым навучальным годзе ўключае 51 метадычнае фарміраванне. Вядзецца мэтанакіраваная работа па правядзенні раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які праходзіць у 2016—2017 гадах.

У кастрычніку мы прадстаўлялі вопыт работы рэгіёна на абласным семінары намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму па праблеме “Адкрытая адукацыйная прастора школы як адзін з рэсурсаў павышэння эфектыўнасці і якасці адукацыі”. У практыку работы з педагагічнымі кадрамі ўвайшло і правядзенне міжрэгіянальных семінараў. Так, у лістападзе на базе раёна праведзены семінар для настаўнікаў інфарматыкі. У рамках семінара працавала праблемна-практычная лабараторыя, дзе разглядаліся пытанні праектавання эфектыўнага ўрока ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Акрамя гэтага, кіраўнікі метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў Л.Я.Лукашэвіч і Л.А.Раманчук правялі майстар-клас “Праграмуй гуляючы”.

— Дзмітрый Данілавіч, прапаную асобна спыніцца на арганізацыі профільных класаў. Вы сказалі, што ў вас была арганізавана сістэмная работа па развіцці гэтага напрамку.

— Мінулы навучальны год можна назваць годам актыўнага развіцця профільнага навучання. Практычна ва ўсіх установах адукацыі, дзе было магчыма, а гэта ў дзесяці з трынаццаці, былі адкрыты профільныя класы або групы. Два гады назад, калі пачыналася вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні, такіх груп было 18, а ў мінулым навучальным годзе — ужо 25, у бягучым — 29. Прадметная накіраванасць даволі разнастайная: руская і замежная мовы, матэматыка і фізіка, хімія і біялогія. Сярод новых мультыпрофільных напрамкаў — матэматыка і беларуская мова, беларуская мова і біялогія, руская мова і фізіка, матэматыка і англійская мова, хімія і матэматыка, грамадазнаўства і замежная мова.

У арганізацыйным плане штогод стараемся ўлічваць памылкі і недапрацоўкі папярэдніх гадоў, аказваем метадычную падтрымку настаўнікам, узбагачаем адукацыйны працэс новымі формамі і тэхналогіямі. У цяперашні час і бацькі, і педагогі адзначаюць, што прапанаваная сістэма вывучэння вучэбных прадметаў на павышаным узроўні станоўча ўплывае на якасці ведаў вучняў. Сярэдні бал і ўзровень навучанасці вучняў па ўсіх вучэбных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, больш высокі ў параўнанні з базавым. Толькі ў гэтым годзе больш за 80 працэнтаў выпускнікоў школ здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па тых прадметах, якія вывучалі больш глыбока. І калі працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па раёне ў сярэднім склаў 55,2 працэнта, то сярод выпускнікоў школ, якія вывучалі прадметы на павышаным узроўні і якія прынялі ўдзел у ЦТ, гэты паказчык склаў 88 працэнтаў. Профільнае навучанне дае магчымасць больш эфектыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў да паступлення, пашырае магчымасці індывідуалізацыі адукацыі. Галоўнае — правільна і своечасова падвесці вучня да выбару профілю і сарыентаваць яго на будучую прафесію.

— А як вашы вучні адпачываюць? Што прапаноўвае шосты школьны дзень?

— У гэты дзень у школе прапаноўваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне фізічнага і маральнага здароўя школьнікаў, іх інтэлектуальнага развіцця і асобаснага станаўлення. Праводзяцца спартыўна-масавыя, працоўныя, прафарыентацыйныя мерапрыемствы, гадзіны футбола, вечары адпачынку. Акрамя аб’яднанняў па інтарэсах, у шосты школьны дзень працуюць бібліятэкі, камп’ютарныя класы, спартзалы. На падставе раённай мэтавай праграмы “Шосты школьны дзень” распрацаваны школьныя праграмы, індывідуальныя мадэлі выхаваўчай дзейнасці: “Шосты дзень” у сярэдняй школе № 1 Докшыц, “Вольны час” у Бягомльскай сярэдняй школе, “Свабодны дзень” у сярэдняй школе № 2 Докшыц і г.д.

— Якія праблемы сёння больш за ўсё хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— Сур’ёзна хвалююць пытанні аптымізацыі сістэмы, працаўладкавання педагогаў і тэхнічных работнікаў з устаноў адукацыі, якія закрываюцца, пытанні ўтрымання будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца, і збудаванняў пасля закрыцця ўстаноў адукацыі, абнаўленне аўтобуснага парка для ажыццяўлення падвозу навучэнцаў і выхаванцаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.