У анімалістычным жанры: план­-канспект урока па прадмеце «Выяўленчае мастацтва» ў 2-м класе

- 11:25Клуб «Хрустальный журавль»

Прапаноўваю ўвазе калег план­-канспект урока па прадмеце “Выяўленчае мастацтва” ў 2 класе на тэму “Віды і жанры выяўленчага мастацтва. Графіка — від выяўленчага мастацтва. Анімалістычны жанр”.

Мэта ўрока: пашырэнне ўяўленняў аб відах графікі і яе выразных сродках.

Задачы ўрока:

  • азнаямленне з творамі анімалістычнага жанру;
  • пашырэнне ўяўленняў аб выразных сродках перадачы выявы графікі;
  • удасканаленне ўменняў выбіраць становішча ліста паперы ў адпаведнасці з пластычным рашэннем адлюстраванага аб’екта;
  • удасканаленне навыку паэтапнага выканання кампа­зіцыі;
  • развіццё мастацка-вобразнага мыслення навучэнцаў;
  • выхаванне беражлівага стаўлення да жывёл.

Тып урока: урок прымянення ведаў і ўменняў.

Месца ўрока ў каляндарна-тэматычным планаванні: урок № 18.

Раздзел вучэбнай праграмы: практычная мастацка-­творчая дзейнасць.

Формы работы на ўроку: калектыўная, індывідуальная.

Метад навучання: эўрыстычны — набыццё і засваенне ведаў і ўменняў шляхам разважанняў, якія патрабуюць здагадкі, пошуку, знаходлівасці.

Прыёмы, якія выкарыстоўваюцца: “Капсула” (гукавыя асацыяцыі), “Чорная скрыня” (тактыльныя асацыя­цыі), “Фармат” (слоўныя асацыяцыі), “Незавершаная лінія” (ві­зуальныя асацыяцыі).

Матэрыялы і абсталяванне: Соколова, Е.О. Изобразительное искусство: учеб. пособие для 2 кл. учреждений общ. сред. образования с рус. яз. обучения / Е.О. Соколова, Д.С. Сенько. — Минск : Пачатковая школа, 2019.

Прылады для малявання (альбом, просты аловак, чорны фламастар), мультымедыйная прэзентацыя, дэманстрацыйны матэрыял (малюнкі, плакаты, паштоўкі, карціны анімалістычнага жанру, дзіцячыя кнігі), раздатачны матэрыял (капсулы з жэтонамі, фарматныя лісты паперы з нанесенымі на іх незавершанымі лініямі, каляровыя стыкеры), чорная скрыня.

Афармленне класнай дошкі і падрыхтоўка аўдыторыі.

І. На дошцы крэйдай запісана тэма ўрока з прапушчанымі паняццямі: “… — від выяўленчага мастацтва. Анімаліс­тычны жанр “…”.

ІІ. На левым крыле дошкі трыма палоскамі паперы закрыты задачы, якія трэба будзе вызначыць і вырашыць навучэнцам:

1. Вызначэнне віду выяўленчага мастацтва па мастацкіх інструментах.

2. Характарыстыка анімалістычнага жанру.

3. Вызначэнне і перадача сродкаў мастацкай выразнасці выявы ў графіцы.

ІІІ. На сталах у навучэнцаў раскладзены мастацкія інструменты (просты аловак і чорны ці сіні фламастар), матэрыялы (альбом і стыкеры), капсулы з жэтонамі.

Ход урока

I. Арганізацыйна-матывацыйны этап урока (1 мінута)

Задача этапу: садзейнічаць стварэнню эмацыянальнага настрою на сумесную дзейнасць.

Настаўнік. Добры дзень, дзеці. Я рады зноў вітаць вас і вельмі спадзяюся, што гэты ўрок будзе для вас як цікавым, так і пазнавальным. Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што на дошцы ў запісанай тэме ўрока адсутнічаюць некаторыя словы. Мы пастараемся ўзнавіць іх разам, і, паверце, у нас гэта атрымаецца.

II. Актуалізацыя апорных ведаў навучэнцаў (3 мінуты)

Задача этапу: падрыхтаваць навучэнцаў да прымя­нення ведаў у вучэбна-пазнавальнай дзейнасці.

Настаўнік. Дзеці, зірніце на экран. Мы з вамі раней ужо знаёміліся з рознымі відамі выяўленчага мастацтва. Давайце паспрабуем па гэтых карцінках вызначыць, да якіх відаў выяўленчага мастацтва адносяцца прапанаваныя выявы?

Настаўнік дэманструе на экране мультымедыйнай устаноўкі выявы розных відаў выяўленчага мастацтва.

Навучэнцы называюць асобныя віды выяўленчага мастац­тва, але часта блытаюць іх з жанрамі выяўленчай дзей­насці.

Настаўнік. Добра, дзеці, давайце я вам дапамагу. Паглядзіце, ці можам мы па мастацкіх інструментах вызначыць, да якога віду выяўленчага мастацтва яны адно­сяцца?

Вучні. Так, вядома!

Настаўнік дэманструе паасобку кожны інструмент (пэн­дзаль, аловак, фламастар, стэку), чакаючы адказу навучэнцаў.

Дзеці з лёгкасцю называюць мастацкія інструменты і вызначаюць віды выяўленчага мастацтва, да якіх яны адносяцца: жывапіс, графіка, скульптура.

Настаўнік. Малайцы, дзеці, правільна! А зараз пагля­дзіце, калі лас­ка, якія мастацкія інструменты ляжаць у вас на партах? Назавіце, да якога віду выяўленчага мастацтва яны адносяцца.

Вучні падымаюць аловак і фламастар і называюць від выяўленчага мастацтва — графіку.

Настаўнік. Брава, дзеці! Вы толькі што вызначылі від выяўленчага мастацтва, які мы будзем асвойваць сёння на ўроку, і дапа­маглі вырашыць нашу першую задачу.

Настаўнік падыходзіць да дошкі, упісвае ў вызначэнне тэмы адсутнае слова “графіка” і здымае з левага крыла дош­кі паласу белай паперы, якая закрывала першую задачу ўрока: “Вызначэнне віду выяўленчага мастацтва па мастацкіх інструментах”.

III. Вывучэнне новага матэрыялу (10 мінут)

Задача этапу: забяспечыць успрыманне і асваенне но­вага матэрыялу.

Настаўнік. Ну што ж, дзеці, цяпер мы можам агучыць першую частку тэмы разам.

Вучні называюць тэму ўрока: “Графіка — від выяўленчага мастацтва”.

Настаўнік. Як вы ўжо заўважылі, графіка — гэта від выяўленчага мастацтва, работы якога выкананы алоўкам, фламастарам, а таксама…

Настаўнік дэманструе шарыкавую ручку, гусінае пяро, каляровыя алоўкі і просіць назваць гэтыя інструменты.

Вучні называюць убачаныя інструменты.

Настаўнік. Добра, дзеці. Скажыце, а з чаго складаецца дрэва?

Вучні. Ствол, карэнне, галінкі.

Настаўнік. А вы ведаеце, дзеці, што тэрмін “графіка” пахо­дзіць ад грэчаскага слова grapho (пішу, чарчу, малюю) і што ў графікі, як і ў дрэва, таксама ёсць свае галіны? Уявіце сабе, што графіка — гэта ствол дрэва, а галінкі — гэта віды графікі — рысунак, плакатная графіка, паштовачная графіка, кніжная графіка і г.д.

Настаўнік піша на дошцы слова grapho і размяшчае побач графічны плакат, які прадстаўляе дрэва графікі. Затым дэманструе ўласныя рысаваныя чорна-белыя і каляровыя ўзоры кніжнай, паштовачнай, плакатнай і чарцёжнай графікі. Коратка расказвае аб асаблівасцях гэтых відаў. Прапаноўвае навучэнцам па графічных інструментах, якія знаходзяцца ў іх на партах, вызначыць від графікі, што будзе выкарыстоўвацца пры выкананні практычнай работы. Навучэнцы вызначаюць, што гэта кніжная графіка.

Заўвага: параўнанне графікі з вобразам дрэва садзейнічае развіццю ў навучэнцаў параўнальнага вобразнага мыслення, калі адзін аб’ект вобразна прымае форму іншага аб’екта.

Выкарыстанне настаўнікам уласных рысаваных работ на асобных этапах работы для тлумачэння вучэбнага матэ­рыялу дазваляе ўстанавіць больш цесны, даверлівы кантакт паміж настаўнікам і вучнямі пры выкананні практычнага задання.

Настаўнік. А зараз прашу вас зірнуць яшчэ раз на экран. Гэтым разам мы паспрабуем вызначыць жанры графікі.

Настаўнік дэманструе на экране жанры выяўленчага мастацтва ў чорна-белай графічнай тэхніцы, тым самым настройваючы вучняў на выкананне практычных заданняў.

Навучэнцы ў індывідуальным парадку з лёгкасцю называюць жанры выяўленчага мастацтва: партрэт, нацюрморт, пейзаж.

Яны больш не блытаюцца ў азначэннях, як у першай сітуацыі з відамі выяўленчага мастацтва, паколькі разумеюць, што размова ідзе толькі пра графіку. Але раптам на экране ўзнікае выява жывёлы: адной, другой, затым групы жывёл. У класе павісае цішыня, паколькі навучэнцам цяжка вызначыць жанр убачаных выяў. Ствараецца праблемная сітуацыя.

Настаўнік. Сябры, зірніце яшчэ раз на вызначэнне нашай тэмы і скажыце, якія словы вам незнаёмыя.

Навучэнцы глядзяць на дошку, чытаюць яшчэ раз тэму і няўпэўнена гавораць слова “анімалістычны”.

Настаўнік. Малайцы! Вы толькі што вызначылі назву жанру, прадстаўленага на экране. Як вы ўжо зразумелі, жанр, які адлюстроўвае жывёл, называецца…

Дзеці з упэўненасцю прамаўляюць слова “анімалістычны”.

Настаўнік. Трэба заўважыць, што гэтае паняцце паходзіць ад англійскага слова animals, што азначае “жывёлы”.

Настаўнік запісвае англійскую транскрыпцыю слова на дошцы.

Настаўнік. Мы толькі што вырашылі з вамі другую задачу нашага ўрока: “Характарыстыка анімалістычнага жанру”.

Настаўнік падыходзіць да левай паловы дошкі і здымае яшчэ адну паласу белай паперы, адкрываючы другую задачу.

Настаўнік. Скажыце, а з чаго складаецца выява ў графіцы?

Навучэнцы пачынаюць прапаноўваць розныя варыянты: з ценяў, блікаў.

Настаўнік. Так, добра, правільна. А вы звярнулі ўвагу, што ўсе выявы на экране выглядаюць тэхнічна аднолькава? Скажыце, што ў іх агульнага?

Вучні пачынаюць характарызаваць убачаныя выявы: на іх адлюстраваны жывёлы, гэта анімалістычны жанр, усе малюнкі чорна-белыя.

Настаўнік. Малайцы. Але ўгледзьцеся больш уважліва. З чаго складаюцца гэтыя малюнкі?

Настаўнік падыходзіць да экрана, павялічвае выяву асобных графічных участкаў і ўказкай на экране паказвае, на што трэба звярнуць увагу.

Пасыпаліся адказы навучэнцаў з месцаў: лінія, штрыхі, кропкі…

Настаўнік. Абсалютна правільна, малайцы! А калі штрыхі размясціць побач ці ў перакрыжаваным парадку, то гэта будзе называцца штрыхоўкай. У графіцы ўсё гэта называецца асноўнымі сродкамі мастацкай выразнасці. Гэта тое, з чаго складаецца выява на паперы. А вось роля колеру ў графіцы абмежавана.

Настаўнік падыходзіць да дошкі і здымае трэцюю палоску паперы.

Настаўнік. Мы толькі што разгледзелі з вамі трэцюю задачу нашага ўрока — “Вызначэнне і перадача сродкаў мастацкай выразнасці выяў у графіцы”.

IV. Замацаванне новых ведаў і спосабаў дзейнасці (4 мінуты)

Задача этапу: забяспечыць выкананне навучэнцамі практычнага практыкавання па перадачы сродкаў мас­тацкай выразнасці выявы ў графіцы.

Настаўнік. Дзеці, а цяпер я хацеў бы вам прапана­ваць рашыць практычна трэцюю задачу і выканаць практыкаванне па перадачы разгледжаных сродкаў мастацкай выразнасці. Вазьміце, калі ласка, фламастар, размясціце фармат гарызантальна і пачніце выконваць заданне.

Настаўнік падыходзіць да дошкі, бярэ крэйду і дэманструе прыёмы выканання штрыха, затым штрыхоўкі, ліній, плямы і кропак. Тлумачыць, як трэба трымаць пры гэтым аловак ці фламастар.

Навучэнцы выконваюць фламастарам практыкаванне на фарматных лістах паперы.

Заўвага: выкананне гэтага практыкавання садзейнічае не толькі развіццю ў навучэнцаў уменняў перадачы сродкаў выразнасці ў графіцы, але і прымяненню іх пры выкананні асноўнага практычнага задання.

V. Прымяненне ведаў і спосабаў дзейнасці (20 мінут)

Задача этапу: забяспечыць прымяненне сродкаў мастацкай выразнасці пры выкананні вучнямі графічнага рысунка “Вожык”.

Заўвага: выкарыстанне на гэтым этапе прыёмаў “Капсула” і “Чорная скрыня” садзейнічае развіццю ў навучэнцаў вобразнага мыслення.

Настаўнік звяртаецца да навучэнцаў, прапануе ўзяць капсулы, якія знаходзяцца ў іх на партах, і патрэсці іх.

Настаўнік. Дзеці, уключыце вашу фантазію і паспрабуйце на слых здагадацца, гукам якіх жывёл ці насякомых адпавядае гук прадмета, змешчанага ўнутры капсулы? Ці можна па гуку вызначыць, што знаходзіцца ўнутры, якую форму мае прадмет?

Навучэнцы трасуць капсулы і выказваюць свае здагадкі па вызначэнні гукаў жывёл, затым спрабуюць вызначыць форму, матэрыяльнасць і назву прадмета.

Настаўнік. А зараз прашу вас адкрыць капсулы і пагля­дзець, што ж знаходзіцца ўнутры.

Вучні адкрываюць капсулы і знаходзяць круглыя жэтоны сіняга колеру, але ў аднаго вучня жэтон чырвонага колеру.

Настаўнік дастае чорную скрыню і просіць вучня з чырвоным жэтонам падысці да настаўніцкага стала. Затым пры­адчыняе накрыўку скрыні і прапануе вучню навобмацак вызначыць прадмет, які знаходзіцца ўнутры скрыні.

Навучэнец насцярожана і паслядоўна абмацвае аб’ект, усміхаецца і затым радасна абвяшчае: “Гэта вожык!”

Настаўнік. Сапраўды, гэта персанаж шматлікіх літаратурных твораў, напісаных для дзяцей. (Дэманструе дзіцячыя кніжкі з выявай вожыкаў.) Мы толькі што вызначылі з вамі героя нашага практычнага задання, што цалкам адпавядае выбранаму вамі віду кніжнай графікі.

Настаўнік падыходзіць да дошкі і ўпісвае апошняе адсутнае слова ў тэме ўрока: “Графіка — від выяўленчага мас­тацтва. Анімалістычны жанр “Вожык”.

Далей настаўнік просіць навучэнцаў назваць жывёл, якія пражываюць у Беларусі, і прапануе вызначыць спосабы размяшчэння фармату ў залежнасці ад пластычнай формы жывёлы. Настаўнік моўчкі дэманструе слоўныя таблічкі названых жывёл, навучэнцы размяшчаюць і паказваюць фармат (ліса — гарызанталь, бусел — вертыкаль, вожык — гарызанталь).

Заўвага: выкарыстанне на гэтым этапе слоўна-візуальнага прыёму “Фармат” садзейнічае развіццю ў навучэнцаў вобразнага мыслення і канцэнтрацыі ўвагі.

Затым навучэнцы дэманструюць спосабы трымання алоўка на этапе лінейна-канструктыўнай пабудовы аб’екта і прыступаюць да пабудовы алоўкам геаметрычных форм будучага персанажа пад кіраўніцтвам нас­таўніка.

Настаўнік тлумачыць і дэманструе на дошцы паэтапнае выкананне лінейна-канструктыўнай пабудовы перса­нажа.

Настаўнік прапануе навучэнцам змяніць аловак на фламастар і, выкарыстоўваючы выразныя сродкі перадачы выявы ў графіцы, завяршыць рысунак вожыка з дапамогай контурных ліній і штрыховак.

VI. Этап кантролю і самакантролю (4 мінуты)

Задача этапу: забяспечыць выяўленне ўзроўню авалодання ведамі і развіцця здольнасці да самастойных ацэначных дзеянняў.

На гэтым этапе ўрока для развіцця вобразнага мыслення выкарыстоўваецца прыём “Незавершаная лінія”.

Настаўнік раздае навучэнцам каляровыя стыкеры і фарматныя лісты з выявай незавершанай закручанай лініі. Навучэнцам прапануецца за кароткі час завяршыць незакончаную лінію, ператварыўшы яе ў любую жывёлу, а затым, выкарыстоўваючы графічныя сродкі выразнасці (штрыхоўку, кропкі, плямы), завяршыць выяву аб’екта. Далей настаўнік прапануе навучэнцам ацаніць выкананне задання з дапамогай каляровых стыкераў. Калі вучань лічыць, што ён ператварыў лінію ў вобраз, то прыклейвае на малюнак чырвоны стыкер. Калі лічыць, што справіўся з другой умовай і завяршыў створаны вобраз з дапамогай выразных сродкаў, то прыклейвае ў дадатак другі стыкер зялёнага колеру.

Вучні працуюць над стварэннем выявы, але не ўсе паспяваюць завяршыць рысунак з дапамогай штрыхоўкі, таму некаторыя прыклейваюць на работу толькі чырвоны стыкер.

VII. Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія (3 мінуты)

Задача этапу: правесці аналіз і ацэнку дасягнення мэты ўрока.

Настаўнік. Дзеці, скажыце, чаму для ацэньвання гэтых работ мы выкарыстоўвалі стыкеры чырвонага і зялёнага колераў? Гляньце, калі ласка, на вокладкі вашых дзённікаў. Што вы бачыце?

Вучні. Гэта колеры сцяга нашай краіны!

Настаўнік. Правільна! А зараз у мяне пытанне да тых, хто лічыць, што не паспеў завяршыць гэтае заданне. Назавіце яшчэ раз асноўныя сродкі выразнасці ў графіцы.

Вучні называюць лінію, штрыхоўку, кропкі.

Настаўнік. А цяпер гляньце яшчэ раз на свае работы. У кожнага з вас у рабоце прысутнічаюць розныя лініі, а лінія — гэта і ёсць адзін з асноўных выразных сродкаў графікі. Вы малайцы, вы ўсе справіліся з заданнем, можаце смела прыклейваць на работу другі стыкер зялёнага колеру! Кожны вучань на ўроку павінен быць паспяховым!

Арганізацыя міні-выставы.

Настаўнік. Наш урок падышоў да завяршэння.

З гэтымі словамі настаўнік падыходзіць да дошкі і закрывае яе бакавымі створкамі… І раптам на адваротным баку дошкі вучні бачаць напісаную крэйдай мэту ўрока.

Настаўнік. Дзеці, калі вы лічыце, што мэта нашага ўрока дасяг­нута, прашу падысці да дошкі і размясціць пад надпісам свае работы для выставы. Дзякуй вам за ўрок!

Сяргей ШАМІНСКІ,
настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна