У апантаных вучняў навучыцца і настаўнік

- 9:45Людзі адукацыі

Да прафесійнага свята педагогаў сёлета настаўнік фізікі і астраноміі гімназіі № 1 Ліды Віктар Баляслававіч Чункевіч за шматгадовую эфектыўную прафесійную дзейнасць па развіцці інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

За апошнія тры гады вучнямі Віктара Баляслававіча атрыманы 33 дыпломы на розных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі, у тым ліку 8 — на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Двойчы яго дзеці станавіліся членамі каманды Рэспублікі Беларусь і ўдзельнічалі ў міжнародных алімпіядах па астраноміі і астрафізіцы. Так, у верасні 2010 года Павел Лявоненка ў складзе каманды школьнікаў краіны прымаў удзел у IV Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы (у Пекіне) і атрымаў пахвальны водгук. У жніўні 2014 года ў VIII Міжнароднай алімпіядзе па гэтых жа прадметах (у Румыніі) удзельнічаў Сяргей Бірыч.

Больш чым за 10 гадоў педагог падрыхтаваў шмат пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, удзельнікаў турніраў юных фізікаў. На працягу многіх гадоў яго навучэнцы паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы. У 2016 годзе Аляксандр Герман атрымаў сертыфікат з вынікам 100 балаў, сярэдні ж бал вучняў Віктара Баляслававіча склаў 68, што значна вышэй, чым абласны паказчык — 36,2 бала.

На сваіх занятках настаўнік у першую чаргу ўдзяляе асаблівую ўвагу практычнай накіраванасці ведаў. Каб зрабіць урокі больш эфектыўнымі, выкарыстоўвае сучасныя сродкі навучання. Фізіка для многіх яго вучняў становіцца прэстыжным заняткам, сферай рэалізацыі алімпіядных памкненняў, а з цягам часу і прафесіяй. Педагог кіруе алімпіяднай школай, заняткі ў якой дапамагаюць паглыбляць веды па прадмеце і дасягаць поспехаў.

“Я заканчваў школу ў вёсцы Солы Смаргонскага раёна, — расказаў Віктар Баляслававіч. — У старшых класах настаўніца фізікі захапіла мяне алімпіяднымі задачамі, я пачаў цікавіцца электронікай, у кнігах і часопісах знаходзіў электронныя схемы, выпайваў розныя дэталі са старых тэлевізараў. Аднойчы зрабіў радыёпрыёмнік. Пасля школы паступіў у БДУ на фізічны факультэт, які скончыў у 1985 годзе. Па размеркаванні вярнуўся працаваць у свой раён, а праз два гады пераехаў у Ліду, дзе ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 7, якая затым стала гімназіяй”.

У педагагічнай рабоце, лічыць настаўнік, ёсць шмат плюсоў. Самы галоўны з іх у тым, што работа са школьнікамі, іх адкрытае, шчырае светаўспрыманне дае адчуванне ўласнай маладосці. Віктар Баляслававіч аддае рабоце шмат часу. Як правіла, ён у гімназіі з васьмі гадзін раніцы і да шасці вечара. Настаўнік вядзе ва ўстанове школу алімпійцаў, узначальвае і раённую школу па падрыхтоўцы да алімпіяд, аказвае дадатковыя платныя паслугі.

“Галоўнае, каб педагог знайшоў зацікаўленых у сваім прадмеце вучняў, — гаворыць Віктар Баляслававіч. — Але важна не проста зацікавіць, больш складана падтрымліваць і развіваць гэтую цікавасць. Ніколі не лічыў, што мой прадмет самы галоўны. Многім дзецям веды па фізіцы патрэбны толькі для падтрымання агульнага развіцця і эрудыцыі, фарміравання правільнага светаўспрымання і разумення правіл тэхнікі бяспекі. Да прыроджаных гуманітарыяў прад’яўляю крыху меншыя патрабаванні, але гэта не значыць, што яны не могуць атрымаць дзясятку па фізіцы.

У першую чаргу імкнуся даваць дзецям базавыя веды па прадмеце, якія дазваляюць ім самастойна працаваць і ўдасканальвацца. Калі вучань “узяў базу”, мая задача — накіроўваць яго далейшы працэс навучання, дапамагаць, кансультаваць. Упэўнены, што значна больш вучняў могуць паказваць выдатныя вынікі. Але чаму не ўсе яны ў высокай ступені рэалізоўваюць свой патэнцыял? На мой погляд, многім не хапае пэўнага фанатызму. У вучобе, як і ў спорце, трэніроўкі павінны быць амаль штодзённымі. Найбольш апантаныя навучэнцы вымушаюць і настаўніка заўсёды трымаць сябе ў форме. Я і сам часам вучуся ў дзяцей, якія выйшлі на высокі алімпіядны ўзровень. Калі Сяргей Бірыч збіраўся на Міжнародную алімпіяду па астраноміі, то мы з ім, можна сказаць, рыхтаваліся разам. Тлумачылі адно аднаму, што камусьці з нас было незразумела”.

Зараз настаўнік займаецца з Антонам Міхайлавым — сёлетнім пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, які мае шанс паехаць на міжнародную алімпіяду. Юнак захапляецца астраноміяй з дзяцінства і хоча ў будучыні працаваць у гэтай сферы. Раней паспяхова ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы і фізіцы.
Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд — гэта сапраўды ўнікальныя людзі. Іх дасягненні асобным радком пазначаны ў адукацыйнай сферы. Але не менш важнымі, лічыць Віктар Баляслававіч, з’яўляюцца жыццёвыя і прафесійныя поспехі вучняў, якія, стаўшы дарослымі, з удзячнасцю ўспамінаюць пра сваіх любімых настаўнікаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.