У час, калі ў нашай краіне вядзецца працэс мадэрнізацыі Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, было б дарэчы прадставіць стан спраў у гэтым напрамку ў іншых краінах.
У першую чаргу гэта тычыцца Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан, якія разам з нашай краінай уваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз і з’яўляюцца партнёрамі ў адукацыйнай сферы. Найбольш актуальнай задачай для гэтых краін было і застаецца фарміраванне працоўных рэсурсаў як для сваёй нацыянальнай эканомікі, так і для агульнага рынку працоўных рэсурсаў ЕАЭС. Таму, безумоўна, важна даведацца, якая адукацыйная палітыка ў падрыхтоўцы кадраў праводзіцца ў Расіі і Казахстане, якія ў яе адрозненні і што збліжае яе з нашай. Аб усім гэтым чытачам “Настаўніцкай газеты” расказвае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Аркадзь Ханонавіч ШКЛЯР.
— Пытанне фарміравання кадравага патэнцыялу разглядаецца на самым высокім дзяржаўным узроўні як у нашай краіне, так і ў Расіі. Як вядома, менавіта з пастановы ўрада пачалася работа па мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы кваліфікацый у нашай краіне, і цяпер гэтая работа вельмі актыўна вядзецца. Было б цікава даведацца, як ідуць справы ў нашых расійскіх калег.
— Фарміраванне працоўных рэсурсаў з’яўляецца ключавой задачай эканамічнага развіцця як для Беларусі, так і для суседняй Расійскай Федэрацыі. У абедзвюх краінах гэтая задача ставіцца на самым высокім узроўні і з’яўляецца асновай дзяржаўнай палітыкі. Галоўнай тэмай нядаўняй нарады Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з членамі ўрада, у тым ліку прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і навукі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Нацыянальнага савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па прафесійных кваліфікацыях, стала абмеркаванне пытанняў абнаўлення працоўных рэсурсаў і камплектавання галін эканомікі высокакваліфікаванымі рабочымі кадрамі і спецыялістамі. Пытанне развіцця нацыянальнай сістэмы прафесійных кваліфікацый уваходзіць у кампетэнцыю ўжо згаданага нацыянальнага савета. Яе стварэнне дазваляе непасрэдна працаваць з работадаўцамі і шчыльней далучаць іх да гэтай работы.
Калі коратка расказаць пра гэтую структуру, то савет створаны не так даўно (у 2014 годзе), але паспеў стаць аўтарытэтным органам і гатовы кансалідаваць намаганні работадаўцаў, прафсаюзаў і органаў дзяржаўнай улады для вырашэння пытанняў развіцця нацыянальнай сістэмы прафесійных кваліфікацый. Нацыянальны савет праводзіць экспертызу праектаў заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актаў па пытаннях развіцця сістэмы прафесійных кваліфікацый. Ён разглядае праекты прафесійных стандартаў, адказвае за працэс іх распрацоўкі і ўкаранення, і ў адпаведнасці з высновамі нацыянальнага савета прымаецца рашэнне аб іх зацвярджэнні.
Адметна і тое, што для распрацоўкі прафесійных стандартаў у Расійскай Федэрацыі створаны галіновыя саветы. У мінулым годзе былі распрацаваны і зацверджаны 804 прафесійныя стандарты, якія ўжо прымяняюцца ў эканамічнай сферы Расійскай Федэрацыі і забяспечваюць больш за палову існуючых прафесій.
У гэтым годзе расійскія калегі плануюць стварыць прафесійныя стандарты па другой палове прафесій, абнавіць ужо існуючыя стандарты з улікам неабходнасці стварэння сістэмы незалежнай ацэнкі кваліфікацый і распрацоўкі ацэначных сродкаў. Другой задачай, якую ставяць перад сабой расіяне, з’яўляецца распрацоўка прафесійных стандартаў па скразных прафесіях, якія існуюць адразу ў некалькіх галінах эканамічнага комплексу.
Што тычыцца гарманізацыі прафесійных і адукацыйных стандартаў, то большая частка адукацыйных стандартаў у прафесійнай школе Расіі прыведзена ў поўную адпаведнасць з патрабаваннямі прафесійных стандартаў. Астатнія стандарты на шляху да гэтага і праходзяць экспертызу работадаўцаў.
Другім не менш важным крокам у развіцці нацыянальнай сістэмы прафесійных кваліфікацый у Расіі з’яўляецца стварэнне даведніка прафесій. Пасля апытання больш як 20 тысяч кампаній работадаўцаў былі распрацаваны кансалідаваныя даведнікі прафесій. Акрамя таго, створаны так званы даведнік 50 прафесій, куды ўключаны самыя прыярытэтныя прафесіі для падрыхтоўкі кадраў. Гэты даведнік падрыхтаваны з улікам правядзення чэмпіянатаў WorldSkills і прадстаўленых там прафесій. Наступным крокам будзе наданне статусу гэтым даведнікам і ўнясенне адпаведных змяненняў у Закон “Аб занятасці насельніцтва”.
Прыметнай рысай у мадэрнізацыі сістэмы прафесійных кваліфікацый Расіі стала стварэнне федэральнага інстытута прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі. Такая ідэя была выказана кіраўніком Міністэрства адукацыі і навукі Расіі ў час правядзення сумеснага пасяджэння калегій галіновых міністэрстваў Беларусі і Расіі і дзе было прапанавана беларускаму боку, у прыватнасці Рэспубліканскаму інстытуту прафесійнай адукацыі, аказаць кансультатыўную дапамогу. На першы час плануецца стварыць у Расійскай Федэрацыі 6 такіх інстытутаў. Ім будуць нададзены функцыі метадалагічных цэнтраў, якія выступяць у ролі рухаючай сілы ва ўдасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі працоўных рэсурсаў, у развіцці найбольш эфектыўных практык і распаўсюджванні лепшага вопыту. На гэты год ставіцца задача пераходу назапашанага вопыту да прымянення яго ў масавай адукацыі.
Нядаўна ў Расіі падрыхтаваны законапраект аб стварэнні сістэмы незалежнай ацэнкі кваліфікацый, які вызначае паўнамоцтвы дзяржавы, міністэрства, работадаўцаў у рэгуляванні дзейнасці цэнтраў сертыфікацыі кваліфікацый. Фінансаванне сістэмы незалежнай ацэнкі кваліфікацый магчыма за кошт стымулявання работадаўцаў з дапамогай падатковых вылікаў для работнікаў, магчымасці аднясення на сабекошт выдаткаў работадаўцаў на гэтыя мэты і іншых форм. Такім чынам можна будзе павысіць адказнасць работадаўцаў і ўстаноў адукацыі, якія будуць заахвочвацца дзяржавай праз адпаведныя падатковыя вылікі.
— Якія паказчыкі выступаюць у Расіі ў якасці стымулу развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі і павышэння прэстыжу рабочых прафесій?
— Перш-наперш бярэцца ў разлік арганізацыя нацыянальных чэмпіянатаў прафесійнага майстэрства і ўдзел у сусветных спаборніцтвах, якія маюць фармат WorldSkills. Такія конкурсы былі і застаюцца эфектыўным інструментам вызначэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў і ў той жа час арыентуюць кожную краіну на перадавыя міжнародныя патрабаванні, з улікам гэтага дазваляюць абнаўляць сучасныя прафесійныя і адукацыйныя стандарты. Удзел у такіх спаборніцтвах дапамагае выявіць элементы, якіх не хапае ў падрыхтоўцы кадраў па канкрэтных прафесіях, убачыць, якія тэхналогіі не засвойваюцца ў працэсе навучання, і, адпаведна, спрыяе абнаўленню зместу падрыхтоўкі. У сувязі з гэтым плануецца стварыць у суседняй краіне міжрэгіянальныя цэнтры падрыхтоўкі па канкрэтных напрамках.
Новыя падыходы ў арганізацыі падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў прадугледжваюць перагляд мадэлі дадатковай адукацыі школьнікаў, асноўнай задачай якой павінна стаць прыцягненне ўсё большай колькасці дзяцей у навукова-тэхнічную сферу. У гэтым кірунку ўжо ствараюцца і працуюць дзіцячыя тэхнапаркі, а таксама сумесна з ВНУ і каледжамі вядзецца распрацоўка новых праграм дадатковай адукацыі для дзяцей у такіх галінах, як нейратэхналогіі, нанатэхналогіі, геаінфарматыка, беспілотнікі і г.д. Дарэчы прыйшлося б вырашэнне кадравага пытання выкладчыкаў, якія працуюць у сферы дадатковай адукацыі.
Яшчэ адной ініцыятывай з’яўляецца праект рэсацыялізацыі дзяцей, якія ўступілі ў канфлікт з законам. На сённяшні дзень у Расіі зацверджаны парадак атрымання такімі дзецьмі прафесійнай адукацыі.
Заслугоўвае ўвагі такі новы кірунак, ініцыіраваны расійскімі калегамі, як апераджальная прафесійная падрыхтоўка кадраў для прынцыпова новых рынкаў з улікам тэхналагічнай мадэрнізацыі і дыверсіфікацыі эканомікі.
У гэтым годзе Агенцтва стратэгічных ініцыятыў па прасоўванні новых праектаў будзе праводзіць аналіз сітуацыі, якая складваецца на рэгіянальных рынках працы, а таксама аналізаваць перспектывы развіцця ўстаноў прафесійнай адукацыі адносна мадэлі стандарту сучаснага каледжа. (Гэтае агенцтва з’яўляецца расійскай аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыяй, якая створана ўрадам Расіі для рэалізацыі комплексу мер у эканамічнай і сацыяльнай сферах, у тым ліку па паляпшэнні прадпрымальніцкага асяроддзя ў Расіі, развіцці прафесійных кадраў.)
Адным з напрамкаў гэтай работы з’яўляецца вызначэнне новых прафесійных кампетэнцый, якіх яшчэ няма на вытворчасці, але якія будуць вельмі запатрабаваны праз некалькі гадоў. (Напрыклад, у чэмпіянаце WorldSkills High-Tech ужо апрабоўваюцца спаборніцтвы па нейрапілатаванні, рэверсіўным інжынірынгу і інш.). З улікам гэтага неабходнымі з’яўляюцца перападрыхтоўка і павышэнне педагагічных кадраў вышэйшых і прафесійных навучальных устаноў, якія змогуць рыхтаваць кадры па новых спецыяльнасцях з прымяненнем сучасных падыходаў у арганізацыі адукацыйнага працэсу.
— Хацелася б пагаварыць аб новых напрамках развіцця прафесійнай адукацыі ў Рэспубліцы Казахстан. Што, на ваш погляд, самае актуальнае для нашых казахскіх калег?
— Яшчэ ў сярэдзіне мінулага года Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні ўрада прадставіў план нацыі пад назвай “Сто канкрэтных крокаў па рэалізацыі пяці інстытуцыйных рэформ”. У ім пастаўлены задачы дзяржаўнай падтрымкі падрыхтоўкі навуковых, педагагічных кадраў, а таксама спецыялістаў для высокатэхналагічных галін эканомікі, што, па сутнасці, прадугледжвае правядзенне рэформы сістэмы адукацыі ў Казахстане. Так, у перспектыве прадугледжваецца паэтапны пераход на 12-гадовую адукацыю, падушнае фінансаванне і ўкараненне механізмаў стымулявання школ, істотная мадэрнізацыя педагагічнай адукацыі.
Прэзідэнт Казахстана звярнуўся з пасланнем да народа, дзе быў прадстаўлены план “Казахстан у новай глабальнай рэальнасці: рост, рэформы, развіццё”. Адным з кірункаў у ім стала тое, што з 2017 года прафесійна-тэхнічная адукацыя ў Казахстане стане бясплатнай (гэта адукацыя моладзі, падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі дарослага насельніцтва). Укараненне ў Казахстане бясплатнай прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе праводзіцца за кошт павелічэння дзяржаўнага заказу, прызначанага каледжам, і ўзмацнення матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Згодна з інфармацыяй дыпламатычных колаў Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан, цяпер у гэтай краіне прапрацоўваюцца пытанні развіцця комплекснай сістэмы прафесійнай адукацыі шляхам стварэння нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, сістэмы сертыфікацыі кваліфікацый, а таксама стварэння новага пакалення вучэбна-праграмнай дакументацыі прафесійнай адукацыі. У гэтай рабоце казахскія калегі цесна ўзаемадзейнічаюць з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі Беларусі, аб чым сведчаць цесныя кантакты ў выданні вучэбна-метадычнай літаратуры, ажыццяўленні дадатковай адукацыі педагагічнага і кіруючага складу ўстаноў прафесійнай адукацыі Казахстана.
У рамках прэзідэнцкай праграмы “100 крокаў” плануецца прыняць удзел у праекце Сусветнага банка, які разлічаны на 4 гады і прадугледжвае адпаведнае фінансаванне. Праект накіраваны на стварэнне сістэмы адукацыі для дарослых па атрыманні рабочых прафесій і падрыхтоўцы спецыялістаў. Ён будзе закранаць у тым ліку праблему беспрацоўя і праблемы працуючага насельніцтва з улікам мадэрнізацыі адпаведных галін эканомікі Казахстана. Праект плануецца пачаць у гэтым годзе.
На сённяшні дзень Міністэрствам адукацыі Казахстана праводзіцца актуалізацыя праекта Дзяржаўнай праграмы развіцця адукацыі і навукі Казахстана на 2016—2020 гады (на другую пяцігодку). За аснову ўзяты сусветныя тэндэнцыі развіцця адукацыі і вопыт ЗША, Англіі, Кітая, Расіі і іншых краін. У гэтай рабоце галоўным з’яўляецца вызначэнне базавай ВНУ Дзяржпраграмы да 2020 года па распрацоўцы масавага электроннага адкрытага анлайн-навучання ў Казахстане.
Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.