Юрацішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа Іўеўскага раёна добра вядомы не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў рэспубліцы найперш дасягненнямі навучэнцаў і настаўнікаў, паспяховай рэалізацыяй інавацыйных адукацыйных праектаў. Сёлета тут пачаты новы праект па рэалізацыі мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Пра сутнасць гэтага інавацыйнага праекта, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама сакрэты кіравання педагагічным калектывам нашаму карэспандэнту расказвае дырэктар установы Вольга Эдвардаўна ЧАСНОЎСКАЯ — чалавек ініцыятыўны, энергічны, творчы, аптыміст па натуры, патрабавальны да сябе і да навакольных.
— Вольга Эдвардаўна, чым быў адметны мінулы год для вашай установы адукацыі?
— Кожны пражыты год унікальны і непаўторны. 2016 год — год новых узлётаў, адкрыццяў і дасягненняў. Для кожнага педагога галоўная перамога — гэта поспехі яго навучэнцаў. Па якасці ведаў наш вучэбна-педагагічны комплекс займае чацвёртае месца сярод устаноў адукацыі Іўеўскага раёна (сярэдні бал — 7,34, што вышэй за раённы). У сёлетнім навучальным годзе навучэнцы заваявалі 8 прызавых месцаў на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У скарбонку ўстановы дабаўляюцца перамогі і на абласных этапах алімпіяды: у 2016 годзе Вікторыя Крэнь (сёння ўжо студэнтка ВНУ) заняла трэцяе месца на абласным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры (настаўніца Н.У.Сілюк). Кацярына Аленцыновіч атрымала грамату Гродзенскага аблвыканкама за дасягнутыя поспехі ў аўдзіраванні на алімпіядзе па нямецкай мове (настаўніца В.В.Арэф’ева). Значная для нас і перамога дзевяцікласніка Вадзіма Казакевіча ў VIII Абласным конкурсе работ даследчага характару “Крыштальная Альфа” — у юнака дыплом ІІІ ступені за работу “Айконімы Юрацішкаўскага сельсавета Іўеўскага раёна” (настаўніца Г.С.Мінаева). Дыплом ІІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў намінацыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыя” заваявала навучэнка 11 класа Кацярына Канарская пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі М.І.Палтаржыцкай.
Садзейнічаюць развіццю ў навучэнцаў літаратурных і творчых здольнасцей педагогі вышэйшай катэгорыі А.К.Свякла і Н.У.Сілюк. Прымаючы ўдзел у абласным паэтычным інтэрнэт-конкурсе “У мастацкiм агародзе…”, прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, у намінацыі “Байка” навучэнка 7 класа Ганна Капачэўская заняла першае месца, другое — васьмікласніца Алёна Чакавая, трэцяе — навучэнка 9 класа Таццяна Канарская. Першае месца ў Рэспубліканскім завочным конкурсе літаратурных работ “Пасланне настаўніку” заваявала Таццяна Канарская.
На высокім узроўні арганізоўваецца метадычная вучоба не толькі для педагогаў установы, але і раёна, вобласці. Вясной 2016 года ў супрацоўніцтве з загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета Т.В.Бакуновіч на базе ўстановы прайшоў абласны семінар для загадчыкаў і метадыстаў раённых ВМК, якія курыруюць атэстацыю педагагічных работнікаў.
Наша ўстанова славіцца добрай традыцыяй: штогадовым правядзеннем калядных сустрэч для ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў устаноў адукацыі Іўеўскага раёна. Старшыня Іўеўскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С.С.Захар з’яўляецца ініцыятарам гэтага свята. Цёплыя сустрэчы ўзнімаюць прэстыж педагагічнай прафесіі і даюць магчымасць моладзі пераканацца ў правільнасці прафесійнага выбару. Адзначу лідара прафсаюзнай арганізацыі нашай установы Ж.П.Лукшу, якая ўмее арганізаваць увесь калектыў на актыўны адпачынак, уключаючы экскурсійныя паездкі, традыцыйныя святы ў калектыве з запрашэннем ветэранаў педагагічнай працы.
— Раскажыце, калі ласка, пра свой педагагічны калектыў. Якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік, якога вы прымаеце ў калектыў?
— Кожны педагог нашага калектыву — чулы псіхолаг, які не толькі вучыць дзяцей, але і сам гатовы развівацца і вучыцца, павышаць свой прафесіяналізм, імкнуцца да самаразвіцця і самаўдасканалення.
Педагагічны калектыў установы дружны, творчы, крэатыўны. Ва ўстанове працуе 40 педагогаў, 78 працэнтаў з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі ІКТ. Прычым уся адміністрацыя школы мае такія сертыфікаты. Сёлета тры педагогі паступілі ў педагагічныя УВА з мэтай павышэння адукацыйнага ўзроўню.
Работа любога педагога не абмяжоўваецца ўрокамі і праверкай дамашняга задання. Некаторыя педагогі актыўна трансліруюць свой вопыт за межамі ўстановы адукацыі. У прыватнасці, настаўніца замежнай мовы Н.В.Гайдуцкая прадстаўляла ўстанову на раённай навукова-практычнай канферэнцыі педагогаў, па выніках якой стала пераможцай і пасля змагла прыняць уд зел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба. Адукацыя. Грамадства”. Творчыя настаўнікі-філолагі Н.У.Сілюк і Г.С.Мінаева прадстаўлялі свой вопыт на баркемпе ByProject — 2016, арганізаваным ГрДУ імя Янкі Купалы.
Самаадукацыя педагога з’яўляецца неад’емнай часткай яго дзейнасці, гэта дапамагае яму раскрыцца мнагагранна. Так, выхавальнік дашкольнай адукацыі Т.А.Бычкоўская па выніках правядзення кірмашу педагагічных ідэй устаноў адукацыі раёна, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі, узнагароджана дыпломам пераможцы за ўд зел у творчым конкурсе “Палёт ідэй і натхнення” (першае месца ў намінацыі “Майстэрні педагога”, другое месца ў намінацыі “Навагоднія кампазіцыі”).
— Ці папаўняюцца рады вашага калектыву маладымі спецыялістамі? Якая работа вядзецца з імі, каб яны засталіся працаваць у вашай установе?
— Маладых спецыялістаў мы імкнёмся прыцягнуць у нашу ўстанову адукацыі яшчэ на стадыі размеркавання выпускнікоў УВА. Запрашаючы іх на работу, мы прадумваем іх вучэбную нагрузку, прадастаўляем жыллё, прапаноўваем розныя варыянты правядзення вольнага часу.
На першых этапах самастойнай педагагічнай дзейнасці за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік, аказваецца метадычная дапамога ў вядзенні дакументацыі, падрыхтоўцы да ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Радуе тое, што пасля заканчэння педуніверсітэтаў вяртаюцца ў ролі педагогаў былыя навучэнцы.
— Быць кіраўніком няпроста. Не кожны здольны да гэтай дзейнасці. У чым сакрэт вашай працаздольнасці?
— Адназначна адказаць на гэтае пытанне, на маю думку, немагчыма. Лёгка, таму што любіш сваю справу і верыш у поспех. Побач — надзейная каманда і высокакваліфікаваныя спецыялісты, але самае галоўнае — бачыш станоўчыя вынікі сваёй працы: установа імкліва развіваецца, а навучэнцам, іх бацькам і настаўнікам у ёй камфортна. Складана, бо дзеля агульнай справы часам даводзіцца прымаць жорсткія рашэнні і пры гэтым правільна сябе пазіцыянаваць. Дырэктар — гэта не толькі педагог, адміністратар, гаспадарнік, але і псіхолаг, які рэгулюе чалавечыя адносіны. Ён, як маяк, павінен быць крыніцай святла, умець натхніць ідэяй і павесці калектыў за сабой.
Калі пра работу гавораць “другі дом”, я не бачу ў гэтым мастацкага перабольшання. Тым больш, калі гаворка ідзе пра школу. А наша школа стыльная, утульная, сучасная, чыстая, светлая, але яшчэ важна, які дух пануе ўнутры. Мне як дырэктару ўстановы адукацыі хочацца, каб наша школа была не толькі месцам, дзе вучаць дзяцей, але і прасторай іх паўнацэннага сталення, урадлівым асяроддзем станаўлення паспяховых, шчаслівых і здаровых людзей. А гэта магчыма толькі ў атмасферы душэўнага камфорту і спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
— Што для вас як для кіраўніка важнейшае за ўсё ў школе? Раскажыце, калі ласка, аб прынцыпах сваёй дзейнасці. Як настроіць калектыў на поспех?
— Для мяне ўсё важна: пачынаючы з прышкольнай тэрыторыі і заканчваючы вучэбнымі дасягненнямі. Я дастаткова дакладна планую кожны рабочы дзень, бо ўменне правільна і эфектыўна спланаваць свой дзень так, каб удзяліць дастаткова ўвагі бягучым, важным і тэрміновым пытанням, дапамагае ў арганізацыі ўсяго адукацыйнага працэсу.
Яшчэ я імкнуся правільна дэлегаваць паўнамоцтвы, бо кіраўнік у многім залежыць ад каманды, з якой ён цесна працуе. Нездарма ж існуе выказванне, што эфектыўная работа дырэктара правяраецца ў перыяд яго адсутнасці. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Вітольдаўна Рынкевіч — вопытны, кампетэнтны і ініцыятыўны педагог, яна многа гадоў займае гэтую пасаду. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Люцыя Генрыхаўна Каспяровіч працуе на пасадзе толькі першы год, але ў яе вялікі педагагічны стаж. Я ведаю, што на іх выканальніцкую дысцыпліну раўняюцца іншыя члены калектыву. Працаваць з такімі людзьмі — адно задавальненне. Хочацца адзначыць добра спланаваную работу спецыялістаў СППС: педагога-псіхолага М.П.Авіжыч, сацыяльнага педагога Г.С.Канарскай, якія забяспечваюць цеснае ўзаемадзеянне з бацькоўскай грамадскасцю і соцыумам.
Поспех у рабоце ў многім залежыць ад дысцыпліны і парадку, упэўненасці, дакладнага кантролю і аналізу і, безумоўна, ад заахвочвання ініцыятывы і творчасці. У сваёй рабоце прытрымліваюся прынцыпу: “Магчыма ўсё. На немагчымае проста патрабуецца больш часу”. Я рада, што сёння педагагічны калектыў падтрымлівае адміністрацыю ўстановы ва ўсіх пачынаннях, давярае нам.
— Вольга Эдвардаўна, што прыцягвае бацькоў у вашай установе?
— Установу адукацыі наведваюць дзеці з 219 сем’яў. Думаю, што ў асноўным наш комплекс бацькі выбіраюць усвядомлена, бо ў многіх ёсць магчымасць аддаваць сваіх дзяцей у іншыя ўстановы адукацыі. Хутчэй за ўсё галоўную ролю адыгрывае высокапрафесійны педагагічны калектыў, атмасфера добразычлівасці, адкрытасць у зносінах з бацькамі. Любыя пытанні і пажаданні бацькоў улічваюцца пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, шмат увагі ўдзяляецца раскрыццю дзіцячых зольнасцей, таленту. Кожны вучань унікальны па-свойму, і асобасны падыход да кожнага дзіцяці дае адчуванне ўпэўненасці і спакою для бацькоў, што садзейнічае ўзняццю іміджу нашай установы.
— Якія асаблівасці мае арганізацыя адукацыйнага працэсу ў вашай школе?
— Асаблівасць нашай установы адукацыі ў тым, што мы з’яўляемся вучэбна-педагагічным комплексам, а гэта значыць, што адукацыйны працэс пачынаецца на ступені дашкольнай адукацыі, таму і прымяняюцца розныя тэхналогіі: ад гульнявых да воблачных. Найбольш часта педагогі выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, паколькі педагагічны калектыў рэалізоўваў рэспубліканскі інавацыйны праект з 2011 па 2014 год па ўкараненні мадэлі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Педагогі штогод прымаюць уд зел у Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і дасягаюць высокіх вынікаў. Так, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н.У.Сілюк у 2014 годзе ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені, а ў 2016 годзе выйшла ў фінал гэтага конкурсу.
Павышаная ўвага ўдзяляецца ва ўстанове фарміраванню даследчых навыкаў, прычым пачынаючы з дашкольнага ўзросту. Так, Даніэль Войшніс, калі быў выхаванцам дзіцячага сада, заняў першае месца, а зараз, ужо першакласнік, трэцяе месца ў раённым конкурсе даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў “Я — даследчык” (кіраўнік В.С.Пуцік). Вылучылася летась і дашкольніца Паліна Арэф’ева, якая заняла трэцяе месца ў гэтым жа конкурсе (кіраўнік А.Л.Панцюшкова).
Калі педагог сам імкнецца да даследаванняў, вывучэння новага, нязведанага, то і яго выхаванцы і вучні з задавальненнем уключаюцца ў гэтую работу. А ў выніку павышаецца ўзровень ведаў, самаацэнка, з’яўляецца ўпэўненасць. Ці гэта не радуе?
— Якое месца ў адукацыйным працэсе займае арганізацыя дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання?
— З мэтай павышэння прафарыентацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў і арганізацыі сістэмнай работы педагогаў па аказанні дапамогі ў самавызначэнні старшакласнікаў з 1 верасня 2016 года ва ўстанове рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”. Асноўная ідэя праекта ў тым, што для паспяховай рэалізацыі профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы павінны ўмець выбіраць і аргументаваць свой выбар. Значыць, павінна быць арганізавана мэтанакіраваная работа па развіцці навыкаў адукацыйнага, асобаснага і прафесійнага самавызначэння вучняў 5—9 класаў. На працягу падлеткавага перыяду навучэнцы павінны мець магчымасць паспрабаваць пэўную колькасць розных сацыяльных і прафесійных роляў, без якіх-небудзь абавязкаў па іх прыняцці. Адна з задач педагагічнага калектыву — арыентацыя навучэнцаў на педагагічныя, рабочыя і сельскагаспадарчыя прафесіі ў працэсе ўзаемадзеяння з сям’ёй і соцыумам.
Прапаноўваецца арганізацыя прафесійных проб навучэнцаў 7—9 класаў, што дазволіць ім скласці ўяўленне аб характары прафесійнай працы людзей на аснове асабістага вопыту. На сёння праведзены дыягнастычныя даследаванні, па выніках якіх сфарміраваны групы навучэнцаў для правядзення прафесійных проб. Прадугледжваецца арганізацыя тэарэтычных заняткаў па прафесійных блоках, якія адпавядаюць пэўным сферам чалавечай дзейнасці (“чалавек — чалавек”, “чалавек — тэхніка”, “чалавек — вобраз”), і практычных заняткаў па знаёмстве з сутнасцю і асаблівасцямі прафесій гэтага блока. Такая работа арганізоўваецца не толькі ў ВПК, але і ва ўстановах прафесійнай і дадатковай адукацыі, на прадпрыемствах і ў іншых арганізацыях нашага мікрараёна, што значна ўзмацняе рэгіянальны кампанент прафарыентацыйнай работы і прафесійнага выбару навучэнцаў. Паралельна педагогамі разам з бацькамі арганізоўваецца адпаведная работа ў сістэме ўрочнай і пазаўрочнай работы.
У сёлетнім навучальным годзе арганізавана профільнае навучанне ў 10 класе. Навучэнцы на павышаным узроўні вывучаюць матэматыку і беларускую мову.
— Якія праблемы асабліва клапоцяць вас як кіраўніка?
— Для нашай установы існуе пэўная праблема ў замацаванні маладых спецыялістаў на сяле. Дзяўчаты выходзяць замуж і з’язджаюць, хлопцы мяняюць месца жыхарства ў пошуках лепшага ў горадзе. Калі б кватэрнае пытанне вырашалася на стадыі размеркавання выпускнікоў, была б упэўненасць у тым, што маладыя спецыялісты застануцца жыць і працаваць у нас.
— Якой бачыцца ваша ўстанова ў будучыні?
— Толькі ўзнімаючы адукацыйны ўзровень навучэнцаў і педагогаў, можна дасягаць пэўных вышынь. А атрымаўшы вынік, ісці наперад па новыя перамогі. Наша ўстанова — гэта саюз захопленых, мэтанакіраваных аднадумцаў — навучэнцаў, бацькоў і педагогаў, якія гатовы працаваць у рэжыме развіцця. Зазіраючы ў будучыню, хацелася б у кадравым складзе бачыць як мага больш сваіх выпускнікоў, якія сваёй працай, прыкладам і адказнасцю навучаць падрастаючае пакаленне прыносіць карысць сваёй малой радзіме.
— Вялікі дзякуй за размову.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.