У БДПУ адкрыўся Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі

- 11:31Спецыяльная адукацыя

Першы ў Беларусі Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі, які быў адкрыты на базе Інстытута інклюзіўнай адукацыі, стаў вынікам сумеснай работы ЮНІСЕФ і БДПУ імя Максіма Танка. Цэнтр забяспечыць мэтанакіраваную і ўзгодненую дзейнасць спецыялістаў па ўкараненні перадавых практык у кірунку інклюзіі ва ўстановах адукацыі краіны, назапашванне, сістэматызацыю і перадачу адпаведнага вопыту, будзе садзейнічаць забеспячэнню даступнасці адукацыі для ўсіх дзяцей.

“Інклюзіўная адукацыя — патрабаванне часу і адзін з прыярытэтаў развіцця нацыянальных сістэм адукацыі краін, якія падпісалі Канвенцыю аб правах інвалідаў, у тым ліку і Рэспублікі Беларусь, — адзначыў падчас адкрыцця цэнтра рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. — Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі для дзяцей з АПФР падпісана ў нашай краіне ў 2015 годзе, быў распрацаваны і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі да 2020 года, у якім значнае месца адведзена дзейнасці спецыялістаў БДПУ, таму што належная падрыхтоўка педагогаў — неабходная і важная ўмова, якая зможа забяспечыць якасць развіцця інклюзіўных працэсаў. У нашага ўніверсітэта ў гэтым кірунку багаты вопыт, у тым ліку і міжнародны. У 2014—2016 гадах мы рэалізоўвалі міжнародны праект “Усходняе партнёрства ў сферы педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі” па лініі праграмы “Эразмус”. Нашымі партнёрамі пры гэтым былі ўніверсітэты Германіі, Швецыі, Іспаніі, Украіны, Малдовы. Вынікам рэалізацыі праекта стала стварэнне вучэбна-метадычнага забеспячэння для павышэння кваліфікацыі педагогаў-практыкаў. Шэраг праектаў мы ўкаранялі пры ўдзеле міжнародных арганізацый, у тым ліку і грамадскіх. Адзначу праект “Беларусь — Нідэрланды. Інтэграцыя ў рынак працы”, па якім узаемадзейнічалі з універсітэтам Фонтус, а таксама праект “Сафіт”, які быў рэалізаваны разам з недзяржаўнай арганізацыяй Share Music Sweden (Швецыя)”.

Вельмі важным крокам на шляху да інклюзіі стала адкрыццё ў мінулым годзе ў структуры педагагічнага ўніверсітэта Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Галоўная місія інстытута ў распрацоўцы канцэптуальных асноў такой адукацыі і ажыццяўленне навуковай, вучэбна-метадычнай, практычнай і асветніцкай дзейнасці ў кірунку інклюзіі. Адкрыццё першага Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі ў БДПУ будзе садзейнічаць высокай якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і павышэнню кваліфікацыі тых педагогаў, якія ўжо працуюць. Што самае галоўнае, пасадзейнічае фарміраванню ва ўсім грамадстве талерантных адносін да дзяцей з рознымі адукацыйнымі патрэбамі. Вучэбна-метадычнае забеспячэнне гэтых працэсаў будзе ажыццяўляцца на базе інстытута і рэсурснага цэнтра.

Адкрыццё цэнтра інклюзіўнай адукацыі стала магчымым дзякуючы сумеснай рабоце БДПУ і Прадстаўніцтва дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі. Для абсталявання цэнтра фонд выдзеліў каля 50 тысяч долараў. Прадстаўнік фонду ў нашай краіне доктар Рашэд Мустафа Сарвар адзначыў: “Няма сумненняў, што кожнае дзіця павінна мець права на паўнацэнную адукацыю і доступ да яе. Для таго каб інклюзія мела поспех, усе, хто мае дачыненне да яе развіцця, павінны працаваць у 5 асноўных кірунках. У першую чаргу неабходна павышаць кваліфікацыю педагогаў, распрацоўваць метадычныя матэрыялы, якія будуць адпавядаць запытам беларускіх школ. Другая перадумова — даступнасць устаноў адукацыі, развіццё інфраструктуры на месцах. Наступны элемент — удасканаленне заканадаўчай базы ў сферы інклюзіі, якая адпавядае сучасным патрабаванням. Яшчэ адзін момант — работа ў партнёрстве і супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі бакамі. Вельмі важная задача — барацьба са стыгмай у адносінах да дзяцей з інваліднасцю. Па сваёй прыродзе ўсе дзеці інклюзіўныя, чаго нельга сказаць пра дарослых — бацькоў і педагогаў”.

Новы рэсурсны цэнтр будзе працаваць па названых кірунках і забяспечваць метадалагічную і арганізацыйную падтрымку для рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі. Да канца гэтага года пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) будуць адкрыты яшчэ 6 такіх рэсурсных цэнтраў у кожнай вобласці.

“У праграме развіцця сістэмы спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2012—2016 гады тэма інклюзіі ўжо гучала, але ў той час яна была складанай для нас, нам было няпроста шукаць правільныя шляхі і падыходы да інклюзіі, — падкрэсліла намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка. — Праводзіліся навуковыя даследаванні, эксперыменты, агучвалася шмат прапаноў. Не ўсе нашы педагогі пакуль гатовы працаваць з дзецьмі, у якіх ёсць асаблівыя адукацыйныя патрэбы. Я маю на ўвазе не толькі дзяцей з АПФР, але і таленавітых дзяцей, дзяцей з асаблівым жыццёвым лёсам. Спецыялістаў для работы ва ўмовах інклюзіі трэба рыхтаваць. У гэтым кірунку знайшоўся лідар — БДПУ імя Максіма Танка”.

Дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі Вера Валер’еўна Хітрук правяла для гасцей экскурсію па рэсурсным цэнтры, у памяшканні якога выдзелена зона для правядзення кансультацый з бацькамі, дзецьмі і педагогамі, рабочы кабінет начальніка цэнтра і зона, дзе размяшчаецца абсталяванне, рэсурсы для работы з дзецьмі з АПФР.

“Наша мэта — навучыць кожнага педагога эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы ў рабоце з усімі дзецьмі, — гаворыць Вера Валер’еўна. — Хачу звярнуць увагу на падарунак, які нам зрабіў цэнтр праблем дзіцячага развіцця “Леванія”: вертыкалізатар для дзяцей, якія не могуць утрымліваць цела ў вертыкальным становішчы. Ёсць у нас і спецыяльная коўдра, якая абцяжарвае, крэсла-груша, батут і іншыя няхітрыя прыстасаванні для зняцця сенсорнага напружання. У памяшканні, дзе будуць праходзіць тэарэтычныя заняткі з педагогамі, знаходзіцца неабходнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне, а таксама вялікая сэнсарная панэль, якая адкрывае новыя магчымасці для трансляцыі інфармацыі, у тым ліку ў рэжыме анлайн.

Наш інстытут з’яўляецца самай вялікай навуковай, практычнай і тэарэтычнай школай па падрыхтоўцы настаўнікаў-дэфектолагаў. Сёння мы ставім перад сабой задачу ўкараняць ідэі інклюзіўнай адукацыі пры падрыхтоўцы педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі, пачатковых і сярэдніх школ. Напрыклад, курс “Асновы адаптыўнай педагогікі” ўтрымлівае не проста агульныя развагі пра тое, што трэба любіць і прымаць усіх дзяцей, але і канкрэтны інструментарый, рэальныя механізмы, кампетэнцыі, якія спецыялісты змогуць выкарыстоўваць на практыцы. Пры падрыхтоўцы будучага настаўніка-дэфектолага мы будзем улічваць і тое, што ў яго цяпер з’явіцца новая функцыя — кансультаванне педагогаў і работа з бацькамі ўсіх дзяцей”.

“Заняткі ў Рэспубліканскім рэсурсным цэнтры інклюзіўнай адукацыі пачнуцца ў красавіку. Педагогаў чакаюць семінары, майстар-класы і трэнінгі, — адзначыла яго начальнік Вольга Валер’еўна Малевіч. — Сёння мы чакаем ад устаноў адукацыі, ад грамадскіх арганізацый пэўных запытаў, агучвання канкрэтных тэм ці праблем, звязаных з навучаннем і выхаваннем дзяцей з АПФР, якія мы гатовы абмяркоўваць у нашым цэнтры. Акрамя таго, наша мабільная брыгада спецыялістаў з ліку супрацоўнікаў Інстытута інклюзіўнай адукацыі гатова выязджаць на месцы і аказваць усю неабходную дапамогу педагагічным калектывам”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.