У бягучым годзе росту тарыфаў не будзе

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Жыроўкі стануць значна лягчэйшымі і больш празрыстымі, заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў на сустрэчы з працоўным калектывам ТАА “Салеа” — кіруючая кампанія холдынга” (Дзяржынск Мінскай вобласці).

“З падпісаннем указа кіраўніка дзяржавы хваляванні ў грамадстве, якія ўзніклі пасля атрымання студзеньскіх жыровак, улягуцца. Трэба адзначыць, што насельніцтва было гатова да пэўнага павышэння тарыфаў са студзеня бягучага года, але да абгрунтаванага, празрыстага. Аднак сумы ў студзеньскіх жыроўках былі далёкія ад разумення людзей, — сказаў кіраўнік КДК. — Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі не дало неабходных метадычных тлумачэнняў — і тарыфы на месцах пачалі павышаць як папала. У выніку ў адным горадзе ў суседніх дамах жыльцам аналагічных кватэр прыйшлі жыроўкі з рознымі лічбамі. І разыходжанне было вельмі істотным. Прэзідэнт даў даручэнне пералічыць тарыфы. Работа была аператыўна праведзена зацікаўленымі дзяржорганамі. Яе вынікі пакладзены ў аснову ўказа № 107, падпісанага кіраўніком дзяржавы”.
Цяпер сумы ў жыроўках стануць ніжэйшымі і больш зразумелымі для грамадзян, падкрэсліў Леанід Анфімаў.
“У бягучым годзе росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі не будзе. Павышэнне долі кампенсавання насельніцтвам затрат на аказанне ЖКП будзе ажыццяўляцца не за кошт кашалькоў грамадзян, а пераважна за кошт зніжэння затрат на іх аказанне”, — падкрэсліў кіраўнік кантрольнага ведамства.