У чым сакрэт цікавай гульні?

- 11:00Выхаванне

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі чарговы раз сабраў аматараў гульняў на гарадскі фестываль гульнятэхнікаў “Вясёлка- 2019”. Удзельнікі прадставілі мультымедыйныя, настольныя, рухавыя гульні, а журы ацаніла іх займальнасць і выхаваўчы патэнцыял.

Фестываль праводзіцца ў палацы ўжо каля 30 гадоў. Ён уключае ў сябе тры конкурсы. У намінацыі “Мультымедыйная гульня” падлеткі прэзентуюць камп’ютарныя гульні.

— Часта вучні бяруць тэлевізійныя фарматы “Свая гульня”, “Адгадай мелодыю”, “Хто хоча стаць мільянерам”, адаптуюць іх для дзяцей, у выніку атрымліваецца новая гульня, — расказала Аксана Віктараўна Раптуновіч, культарганізатар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. — У гэтым годзе ўдзельнікі закранулі выхаваўчыя тэмы — патрыятызму, энергазберажэння, пажарнай бяспекі, правіл паводзін на дарозе.

Падчас конкурсу “Мая гульня” дзеці і падлеткі разам з педагогамі прадставілі свае настольныя гульні і атракцыёны. А журы ацаніла іх мастацка-эстэтычнае афармленне (удзельнікі выкарыстоўвалі каляровы друк, шылі з тканіны элементы гульні, каб яна вабіла дзяцей), падачу, выхаваўчую каштоў­насць, арганізацыю гульнявога працэсу.

— У гэтым годзе было вельмі шмат гульняў пра Мінск і Беларусь: “настолак”, “хадзілак”, віктарын, — падкрэсліла Аксана Віктараўна.

Самым гучным і масавым стаў конкурс “Гульня-хвілінка”, для якога вучні і педагогі распрацавалі кароткія гульнявыя праграмы. Гульнятэхнікі ператвараліся ў персанажаў казак і мультфільмаў і прыдумвалі арыгінальныя вобразы, каб дзецям было цікава з імі ўзаемадзейнічаць. З’явіўся на сцэне нават талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў — лісяня Лёсік, ролю якога выканаў вучань гімназіі № 34 Мікалай Мішуткін, які атрымаў узнагароду ў намінацыі “За захаванне народных традыцый” і спецыяльны прыз ад партнёра конкурсу — газеты “Пераходны ўзрост”.

Выкарыстоўвалі аўтары гульняў і сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, гран-пры за лепшую гульню-хвілінку атрымаў Ілья Новік з сярэдняй школы № 73 Мінска, які прапанаваў гледачам з фрагментаў песень скласці лічбы ў нумар тэлефона. Першы, хто патэлефанаваў, і стаў пераможцам.

— Каб стварыць добрую гульню, трэба быць таленавітым педагогам, бо шмат залежыць ад таго, які сцэнарый напіша педагог і як ён падрыхтуе да выступлення сваіх дзяцей, — адкрыла галоўны сакрэт перамогі Аксана Віктараўна. — За гады правядзення конкурсу я заўважыла, што ёсць педагогі, якія ўдзельнічаюць у ім штогод і нязменна займаюць прызавыя месцы.

Другі складальнік поспеху — самі ўдзельнікі. Ім трэба быць актыўнымі і ўмець узаема­дзейнічаць з гледачамі: тлумачыць правілы, каменціраваць і кантраляваць ход гульні, лагічна вывесці з яе і развітацца. Напрыклад, дзіця павінна быць гатова, што ўся глядзельная зала захоча выбегчы на сцэну, каб паўдзельнічаць у конкурсе, і не стане нават слухаць вядучага.

На фестывалі “Вясёлка-2019” свае распрацоўкі прадставілі 37 каманд. А гэта значыць, што педагогі-ўдзельнікі атрымалі ў сваю скарбонку 37 гульняў, якія можна выкарыстоўваць на ўроках і класных гадзінах, на мерапрыемствах шостага школьнага дня і падчас работы лагераў.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.