У дапамогу настаўніку фізкультуры

- 14:31Адукацыйная прастора

“У дапамогу настаўніку фізкультуры” — менавіта так называлася папка з падборкай комплексаў агульнаразвіццёвых практыкаванняў, якую мне, пачынаючаму настаўніку, пашчасціла набыць на першым для мяне жнівеньскім раённым пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры. Складальнікам гэтай падборкі з’яўляецца цудоўны педагог генератар бясконцай колькасці ідэй у галіне фізічнага выхавання і не толькі Уладзімір Дзмітрыевіч Вараўка.

Тая папка прыходзіла да мяне ў дапамогу не раз. З часам я ўсё часцей пачаў лавіць сябе на думцы, што добра было б мець магчымасць не проста карыстацца гатовымі комплексамі, а самому распрацоўваць іх “пад сябе”. Масла ў агонь падліў вучэбны дапаможнік Л.А.Смірновай “Агульнаразвіццёвыя гімнастычныя практыкаванні” — масіў з больш як 1500 практыкаванняў. Як эфектыўна выкарыстоўваць яго? Адказам на гэтае пытанне стаў распрацаваны мной праграмны прадукт пад назвай “Канструктар АРП”. Але не толькі пра яго пойдзе гаворка. Сёння я прапаную настаўнікам сваю папку — электронныя праграмныя рашэнні, якія спатрэбяцца ў прафесійнай дзейнасці. Так, усе праграмы абсалютна бясплатныя, у іх няма ўбудаванай рэкламы. Пачну з ужо анансаванага канструктара.

“Канструктар АРП”

Згодна са школьнай праграмай, навучэнцы на працягу навучання павінны асвоіць больш за 70 комплексаў практыкаванняў. Акрамя таго, падрыхтоўчая частка практычна кожнага ўрока фізкультуры ўключае ў сябе комплекс агульнаразвіццёвых практыкаванняў. Правільна складзены рэжым дня навучэнцаў таксама не абыходзіцца без комплексаў АРП. Відавочны попыт на якасна складзеныя комплексы агульнаразвіццёвых практыкаванняў. “Канструктар АРП” цалкам здольны задаволіць яго.

Праграма ўяўляе сабой абалонку, змесцівам якой з’яўляюцца тыя самыя практыкаванні з кнігі Л.А.Смірновай. У праграме захавана прапанаваная ў дапаможніку класіфікацыя практыкаванняў. Ёсць магчымасць азнаёміцца з тэорыяй па кожным раздзеле або захаваць сабе на камп’ютар вучэбны дапаможнік цалкам. Канструктарам можна карыстацца як даведнікам, звяртаючыся да яго па меры неабходнасці, каб удакладніць якія-небудзь моманты з тэарэтычнай часткі, ці скласці свой топ практыкаванняў. Для гэтага ў праграме прадугледжана функцыя -“Выбранае”: адзначце практыкаванне, якое вам спадабалася (“зорачка” справа), і яно скапіруецца ў раздзел “Выбранае”. Калі ўзнікае неабходнасць выкарыстання таго ці іншага практыкавання ў якім-небудзь кантэксце (план-канспект урока, сцэнарый мерапрыемства, абагульненне вопыту і г.д.), то для гэтага можна скарыстацца функцыямі “Капіраваць у буфер абмену” ці “Захаваць як выяву”. Але асноўная функцыя канструктара — гэта, канечне, складанне ўласных комплексаў АРП з магчымасцю іх наступнага друку. Тут усё вельмі проста: стварайце новы комплекс (ці мяняйце раней захаваны), дадавайце ў яго любімыя практыкаванні, мяняйце іх памер і становішча, надавайце практыкаванням парадкавыя нумары, а комплексу ў цэлым — назву. Колькасць старонак у комплексе не абмежавана. Ёсць магчымасць раздрукаваць як увесь комплекс цалкам, так і яго бягучую старонку.

“Канструктар АРП” даступны ў версіі для аперацыйнай сістэмы Windows.

“Акрабатыка 5—11”

Прадукт, народжаны ўкараненнем у адукацыйны працэс тэхналогіі відэааналізу. Калі коратка, то тэхналогія ўяўляе сабой у тым ліку і аналіз так званага эталоннага відэа — узору выканання рухальнага дзеяння. Вылучаюць цэласны прагляд без запавольванняў і паўз, перадачу са змяненнем хуткасці, перадачу з прыпыненнем.

ЭСН “Акрабатыка 5—11” змяшчае ў сабе ўзоры эталоннага выканання акрабатычных практыкаванняў (і іх камбінацый) у адпаведнасці з праграмай 5—11 класаў. Магчымасці праграмы шырокія. Для больш зручнай навігацыі тут таксама прадугледжана функцыя “Выбранае”. Для кожнага практыкавання ёсць апісанне тэхнікі яго выканання, паказаны тыповыя памылкі, а таксама дадзены рэкамендацыі па страхоўцы і дапамозе. ЭСН можа працаваць у двух рэжымах: “Паказ” і “Тэст”.

У рэжыме “Паказ” выбранае практыкаванне паказваецца ў выглядзе так званай раскадроўкі — паслядоўна размешчаных выяў, якія змяшчаюць ключавыя моманты тэхнікі выканання. Кожную выяву можна павялічыць для больш дэталёвага яе аналізу. Калі ўключыць функцыю “Альфа”, то выбраная выява набывае пэўную ступень празрыстасці. Цяпер яе можна накласці на іншую выяву для аналізу адноснага зрушэння звёнаў цела.

Функцыя плэера дазваляе праглядзець выбранае практыкаванне (тое самае эталоннае відэа). У плэеры рэалізавана магчымасць змянення хуткасці перадачы, а таксама функцыя зацыклівання. Акрамя таго, перацягваючы паўзунок часавай шкалы (калі прайграванне прыпынена, стаіць на паўзы), вы маеце магчымасць дакладна знайсці неабходны для аналізу момант ці пракруціць назад-уперад з рознай хуткасцю пэўны фрагмент.

У рэжыме “Тэст” праграма мяняе паслядоўнасць выяў (“перамешвае” раскадроўку).Навучэнцу неабходна аднавіць правільную яе пасля-доўнасць.

“Акрабатыка 5—11” даступна ў дзвюх версіях: для прылад з АС Windows і АС Android.

“Секундамер фізрука 2.0”

Якія два пытанні задае навучэнец пасля таго, як прабег дыстанцыю? Правільна — “А колькі мне?” і “А колькі на “дзясятку” (“дзявятку”, “васьмёрку” і г.д.)?”. Маючы смартфон з устаноўленым на ім “Секундамерам фізрука”, вы адразу ж зможаце на іх адказаць.

Секундамерам можна карыстацца ў прывычным усім рэжыме: “старт — этапы — стоп”. Але можна актываваць і некаторыя “смачнасці”. Калі вы трымаеце секундамер у левай руцэ, то кнопкі “Старт” і “Стоп” можна памяняць месцамі. Задайце колькасць чалавек у забегу — і ў вас з’явіцца магчымасць запускаць і спыняць секундамер адной кнопкай. Напрыклад, выставіўшы ў полі “У забегу” 2, запусціце секундамер — і пасля яшчэ двух націсканняў на кнопку “Старт” ён аўтаматычна спыніцца. (Секундамер заўсёды можна спыніць націсканнем на кнопку “Стоп”.) Калі не абнуляць секундамер, то пасля чарговага запуску ён аўтаматычна абнуліцца, але захавае гісторыю забегаў.

Аднак эксклюзіўнасць “Секундамера фізрука”, канечне ж, не ў гэтым. Уключыце функцыю “Адзнака”, выберыце патрэбны клас, потым — нарматыў — секундамер пачне выстаўляць адзнакі! Адказ на першае пытанне навучэнцаў знойдзены. Як жа быць з другім? Усё вельмі проста: у акне выбару нарматываў ёсць поўная іх разбалоўка, таму вы з лёгкасцю зможаце адказаць і на гэтае пытанне.

Секундамер прыйдзе на дапамогу і пры прыёме такіх тэстаў, як скачкі са скакалкай, падыманне тулава ці ног, шасцімінутны бег. Пераключыцеся ў рэжым таймера, выберыце патрэбны клас — і перад вамі будзе поўная інфармацыя па ўсіх гэтых тэстах. Для зручнасці ёсць прэсеты: 30 секунд, 1 мінута, 6 мінут. Але, канечне ж, час таймера можна выстаўляць любы.

“Секундамер фізрука 2.0” таксама даступны ў дзвюх версіях: для прылад з АС Android і АС Windows.

MiKULiCHBY

Менавіта так называецца мой YouTube-канал, на якім размешчаны відэаінструкцыі да ўсіх апісаных вышэй праграм. Самі ж праграмы можна спампаваць, перайшоўшы па спасылках, якія знаходзяцца ў апісанні да відэа. Акрамя таго, на канале выкладзена асобна кожнае з 21 акрабатычнага практыкавання, якія прадстаўлены ў ЭСН “Акрабатыка 5—11”. Іх таксама можна выкарыстоўваць у якасці эталоннага відэа.

Пампуйце, устанаўлівайце, карыстайцеся, распаўсюджвайце. Усе заўвагі і прапановы пішыце ў каментарыях да відэа ці на электронную пошту m_mikulich@tut.by. Спадзяюся, мая папка спатрэбіцца вам у вашай прафесійнай дзейнасці.