У дзіцячым садзе № 8 Віцебска творча падыходзяць да знаёмства выхаванцаў з багаццем роднай літаратуры

- 16:02Образование

Выхавальніца Алена Сямёнава распрацавала сістэму азнаямлення дзяцей з біяграфіямі і творчасцю беларускіх аўтараў, якая сёння задзейнічана на занятках ва ўсіх групах дзіцячага сада № 8 Віцебска «Караблік», паведаміла карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ўстановы Марына Хамец.

Па яе словах, у рамках рэалізацыі гадавых задач з мінулага верасня калектыў садзіка значна актывізаваў работу па фарміраванні ў выхаванцаў цікавасці да роднага краю праз знаёмства з культурай, традыцыямі, славутасцямі Беларусі. У працэсе зараджэння і станаўлення нацынальнай самасвядомасці важнае месца належыць пiсьменнiкам, бо праз іх творы захоўваецца пераемнасць традыцый, ажыццяўляецца сувязь пакаленняў.

Выкарыстанне ў рабоце з дашкольнікамі твораў беларускіх аўтараў ажыўляе адукацыйны працэс, аказвае асаблівы ўплыў на выхаванне патрыятычных пачуццяў, — патлумачыла суразмоўніца. — Аднак разам з эфектыўнымі класічнымі прыёмамі, метадамі, формамі, добра вядомымі і неаднаразова апрабаванымі на практыцы, нам хацелася нечага новага, нетыповага, што дазволіла б падахвоціць выхаванцаў да пазнання беларускай культуры. Так мы прыйшлі да ўкаранення сістэмы, ідэя якой належыць Алене Анатольеўне.

Навацыя заключаецца ў тым, што грунтуецца не толькі на завучванні пэўных радкоў, але і праслухванні адпаведных запісаў і затым распазнаванні галасоў аўтараў літаратурных твораў. А таксама ў шырокім выкарыстанні ілюстрацыйных фота-, відэаматэрыялаў і геаграфічнай карты Беларусі з магчымасцю адзначыць малую радзіму і мясціны, звязаныя з імёнамі аўтараў, чыя творчасць разглядаецца на занятках. Гэта дазваляе дашкалятам з энтузіязмам паглыбляцца ў вывучэнне біяграфіі людзей, якія ўнеслі каласальны ўклад у культурную спадчыну Айчыны.

— Дзеці з натхненнем даследуюць карту роднай краіны, знаходзяць у кожным кутку Радзiмы месцы, дзе нарадзiлiся i стваралі знакамiтыя песняры нашай мовы, — расказала Марына Хамец. — Выхаванцы адчуваюць гордасць за тое, што такія выдатныя людзi — іх суайчыннікі. А праслухванне запicу твораў на роднай мове ў выкананнi самiх пiсьменнiкаў кожны раз нават у самых малодшых закранае патрыятычныя струны душы. Дарэчы, у Дзень роднай мовы нашы педагогі ва ўсіх узроставых групах дадаткова правялі азнаямленчыя заняткі па сістэме Алены Сямёнавай.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлены дзіцячым садам