У фармаце ІТ

- 10:50Віцебшчына

Сярэдняя школа № 1 Дуброўны — яркі прыклад рэалізацыі абласнога пілотнага праекта з рабочай назвай “Школы будучыні”, накіраванага на забеспячэнне роўных адукацыйных магчымасцей для навучэнцаў з гарадоў і сельскай мясцовасці.

У мінулым годзе дзякуючы праекту “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка ўстанова адукацыі святкавала другое нараджэнне. Тут быў праведзены капітальны рамонт, абодва корпусы злучылі пераходнай галерэяй, у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі аднавілася матэрыяльна-тэхнічная база. Крэатыўны дызайн і функцыянальны інтэр’ер, бяспечныя ўмовы і камфорт, новае абсталяванне кабінетаў, школьнай сталовай, актавай залы, трох спартзалаў і залы атлетычнай гімнастыкі, выдатны адкрыты спартыўны комплекс, шырокае выкарыстанне робататэхнікі і ІТ, практыка-арыентаваны падыход у арганізацыі адукацыйнага працэсу і профільнае навучанне — у такім фармаце праходзяць сёння дні дубровенскіх навучэнцаў і педагогаў. Пра абласны праект, першай ластаўкай якога стала школа, мы неаднаразова расказвалі ў публікацыях. Таму ўдзельнікаў прэс-туру сустракалі як даўніх сяброў: не рыхтавалі спецыяльна да сустрэчы шыкоўныя прэзентацыі і справаздачы пра дасягненні лепшых настаўнікаў і іх вучняў, а паказалі звычайны школьны рабочы дзень. Акцэнт пры блізкім знаёмстве быў зроблены на выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Найноўшую тэхніку і мультымедыя практычна ў кожным класе дубровенцы даўно ўжо не ўспрымаюць як элемент сучаснага інтэр’ера і тым больш дэкору: асвоілі, пераканаліся ў перавагах, пачалі актыўна выкарыстоўваць і на цяперашні час назапасілі сур’ёзны ўласны вопыт, які трансліруюць калегам з іншых устаноў адукацыі раёна і вобласці. Вопыт, безумоўна, каштоўны і дастойны больш шырокай аўдыторыі, таму кожнаму з педагогаў, хто прадставіў нам на практыцы сваю мадэль выкарыстання ІТ, мы будзем рады даць слова на старонках нашага выдання. Як і кіраўнікам выдатных краязнаўчага, экалагічнага музеяў і музейнага пакоя кнігі, што дзейнічаюць у Дуброўне на працягу многіх гадоў.

— Сучасная школа павінна быць высокатэхналагічнай, інавацыйнай, — лічыць дырэктар установы Іна Мартыненка. — Але вядучая роля ў адукацыйным працэсе належыць усё ж не камп’ютарам. У стагоддзе ІТ патрабаванні да педагогаў узрастаюць. Мы ганарымся настаўнікамі, хто не проста выхоўвае любоў да свайго прадмета, але і фарміруе асобу, вучыць самым важным маральным прынцыпам, дапамагае дзецям знайсці ў жыцці правільныя арыенціры і дастойную мэту, вызначыць будучыню. Педагог прызваны быць узорам для пераймання. Сярод напрамкаў профільнага навучання разам з матэматыкай, рускай і беларускай мовамі, гісторыяй, хіміяй і біялогіяй асабліва хочацца адзначыць класы прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей. Дарэчы, больш за палову нашых настаўнікаў — нашы ж выпускнікі.

Калі ў мінулым годзе юныя дубровенцы пабачылі сваю школу пасля мадэрнізацыі, рамонту і пераабсталявання, рэакцыя была зразумелай: здзіўленне, захапленне і жаданне вучыцца! Сёння ж пра тое, што ўстанова адукацыі выйшла на якасна новы ўзровень работы, у першую чаргу сведчаць проспехі навучэнцаў па розных напрамках — ад робататэхнікі, праграмавання ў асяроддзі Scratch да спорту і турызму. У ліку найбольш значных дасягненняў нельга не згадаць перамогі ў Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон” і Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры — дарэчы, упершыню за доўгі час прадстаўніца Дуброўны не проста стала фіналісткай заключнага этапу алімпіяды, але і вярнулася дадому з дымломам пераможцы.

— Такую школу мы хочам бачыць у кожным раёне, — падчас сустрэчы журналістаў з педагогамі адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Падобныя ўстановы адукацыі ствараюцца ў буйных населеных пунктах па ўсёй вобласці. Прыклад Дуброўны дае падставы для ўпэўненасці: рэсурсы, укладзеныя ў абласны пілотны праект, будуць увасоблены ў высокія вынікі.

Дзмітрый Леанідавіч выказаў словы шчырай падзякі калектыву “Настаўніцкай газеты” за плённае супрацоўніцтва. Прыемна, калі свята ў душы, якім стала для кожнага з нас, журналістаў, знаёмства з дубровенцамі, супадае са святочнай датай. Між тым так і атрымалася: менавіта ў дзень прэс-туру начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дубровенскага райвыканкама Ірына Кантроўская прымала віншаванні з юбілеем. Мы з задавальненнем да іх далучыліся і перадаём Ірыне Сяргееўне, а разам з ёй усёй педагагічнай грамадскасці Дубровеншчыны, самыя найлепшыя пажаданні.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.