У гармоніі з прыродай і сабой

- 14:48Людзі адукацыі

Нядаўна грамадскі эколаг, кіраўнік валанцёрскага атрада “Экас”, настаўніца нямецкай мовы гімназіі Шчучына Гродзенскай вобласці Таццяна Іванаўна Гарохава разам з валанцёрам Максімам Міхайлоўскім пабывалі ў Пасольстве Швецыі ў Мінску, дзе атрымалі ўзнагароды за актыўны ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэў ENO TREELYMPICS. Шчучынская гімназія ўвайшла ў дзясятку лепшых школ свету, якія летась пасадзілі найбольшую колькасць дрэў.

Ведаеце, дзе ў Шчучыне распускаюцца самыя першыя вясновыя кветкі — ярка-аранжавыя крокусы? Калі вам даводзілася гэтай парой бываць каля гімназіі, вы не маглі не заўважыць прыгожыя першацветы. Пасля хмурнай, халоднай зімы яны, нібы маленькія сонейкі, выпраменьваюць святло і сімвалізуюць жыццё, выклікаюць цёплыя ўсмешкі ў навакольных.

Крокусы з’явіліся каля гімназіі дзякуючы Таццяне Іванаўне Гарохавай, якой і належаць усе крэатыўныя “кветкавыя” ідэі. Яна не толькі настаўніца, грамадскі эколаг і галоўны валанцёр гімназіі, але і проста цікавы чалавек, які многа вандруе, займаецца спортам і… вывучае царкоўнаславянскую мову. Дзякуючы яе захапленню ландшафтным дызайнам, а таксама супрацоўніцтву гімназіі з прадстаўнікамі Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, на тэрыторыі ўстановы адукацыі растуць сотні раслін, у тым ліку рэдкіх і экзатычных.

— Таццяна Іванаўна, вы кіраўнік праекта па ландшафтным дызайне тэрыторыі гімназіі. Адкуль чэрпаеце свае ідэі?

— Кветкі — гэта маё хобі, якое прыносіць невыказнае душэўнае задавальненне. Я вырошчваю самыя розныя расліны, але больш за ўсё люблю васількі. Гэта кветкі майго дзяцінства, маёй малой радзімы на Магілёўшчыне — самага прыгожага месца на зямлі. У мяне каля дома таксама растуць васількі. А яшчэ ружы, лілеі, цюльпаны… Якраз у той год, калі адкрывалася гімназія, мая сядзіба была прызнана лепшай у раённым конкурсе па ландшафтным дызайне і азеляненні. Калегі ведалі пра маё захапленне, таму і даручылі быць кіраўніком праекта. Канечне, справа гэтая вельмі адказная — вынікі маёй работы ацэньваюць не толькі гімназісты і педагогі, але і ўсе шчучынцы і госці горада. Я чытаю многа спецыяльнай літаратуры, усюды, дзе бываю ў паездках, шукаю новыя ідэі, фатаграфую незвычайныя архітэктурныя формы. Ператвараючы ў жыццё свае ідэі, пераканалася ў адным: не трэба баяцца эксперыментаваць, толькі знаходзячыся ў пошуку, можна натрапіць на самае незвычайнае рашэнне.

— Як атрымалася, што ў свой час вы ўвайшлі ў тройку лепшых грамадскіх эколагаў краіны?

— Па прапанове начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.В.Сушчэвіча я прыняла ўдзел у конкурсе, аб’яўленым Міністэрствам прыродных рэсурсаў. У выніку заняла трэцяе месца і атрымала пасведчанне грамадскага эколага. Шчыра прызнацца, ніколі не думала, што мне калі-небудзь давядзецца яго скарыстаць.

Аднойчы мы вярталіся з Балгарыі, дзе адпачывалі пры манастыры. На тэрыторыі Украіны, калі аўтобус спыніўся на некалькі хвілін, не толькі дзеці, але і дарослыя сталі выкідваць у лесе назбіраныя за дарогу паперкі, пластыкавыя бутэлькі, пакеты. Безумоўна, я не магла сцярпець такога вар’яцтва і, прадэманстраваўшы сваё пасведчанне, патрабавала ўсё сабраць, а кіраўніку групы паабяцала, што іх турфірму за такія адносіны да прыроды пазбавяць ліцэнзіі. Мая пагроза спрацавала: усе дружна ачысцілі лясную тэрыторыю.

— Скажыце, а сваім вучням вы прывіваеце любоў да прыроды?
— Некалькі гадоў назад прымала ўдзел у міжнародных дыстанцыйных курсах “Галасы маладых”, па завяршэнні якіх стала каардынатарам праекта па стварэнні аўтарскіх відэаролікаў на экалагічную тэматыку. Свае медыяпрадукты мы з дзецьмі з задавальненнем выкарыстоўваем на занятках. Вельмі радуе, што ў спісе прыярытэтаў, што трэба чалавеку для шчасця, мае вучні на першае месца ставяць гармонію з прыродай.

Увогуле, я лічу, што самае важнае ў працэсе навучання — унутраная матывацыя: раблю гэта таму, што хачу гэта рабіць, таму што мне гэта цікава. А каб было цікава, дзейнасць павінна быць шматграннай. На ўроках мы выразаем, клеім, слухаем песні… Нават прыдумалі свой маленькі праект: кожны дзень глядзець дома які-небудзь фільм на замежнай мове. Спачатку дзеці скардзіліся, што амаль нічога не разумеюць, аднак паступова гэтая праблема знікла. А для таго каб лепш авалодаць нямецкай мовай, вучні перапісваюцца з яе носьбітамі — жыхарамі іншых краін.

— Таццяна Іванаўна, якім чынам вы ўдасканальваеце сваё прафесійнае майстэрства?

— На працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці я цесна супрацоўнічаю з Інстытутам імя Э.Гётэ ў Мінску. Выдатная падтрымка для мяне як настаўніка — вучэбныя дапаможнікі, метадычныя матэрыялы, абмен вопытам, у тым ліку з калегамі з Германіі, удзел у семінарах-практыкумах. Ужо некалькі разоў я пабывала на стажыроўцы ў Германіі. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з новымі методыкамі, удасканаліць мову. У адну з паездак, калі трапіла на чытанні па экалагічнай тэматыцы, выпадак звёў мяне з вельмі цікавым чалавекам, які пэўны час узначальваў вядомую арганізацыю Greenpease. Цяпер ён на заслужаным адпачынку.

Дарэчы, адзін з маіх вучняў — адзінаццацікласнік Аляксей Краўчанка — некалькі гадоў назад за выдатнае выступленне на алімпіядзе па нямецкай мове па запрашэнні пасла амаль месяц жыў у Баварыі. Паездка адбылася ў жніўні, а гэта навучальны месяц для нямецкіх школьнікаў, і Лёша наведваў заняткі разам з дзецьмі сям’і, у якой ён жыў. Усім было цікава, адкуль ён прыехаў, паколькі Аляксей валодаў нямецкай мовай не горш за карэнных жыхароў.

Яшчэ адна мая вучаніца, цяпер студэнтка эканамічнага інстытута Марыя Барысевіч, правяла месяц у Кёльне. Выдатнае веданне мовы (а Маша неаднойчы была пераможцай абласных этапаў алімпіяд) дазволіла дзяўчыне накіравацца ў Германію для ўдасканалення ведаў па сваёй будучай спецыяльнасці.

— Не раз даводзілася чуць пра вашу валанцёрскую дзейнасць…
— Мае вучні прымаюць актыўны ўдзел у міжнародных інтэрнэт-праектах “Пасадзі дрэва”, “Цюльпаны і нарцысы”, у Міжнароднай алімпіядзе па пасадцы дрэў. За 11 гадоў пры падтрымцы Шчучынскага лясгаса каля трыццаці тысяч дрэўцаў папоўнілі зялёны фонд Шчучыншчыны. Валанцёрскі атрад гімназіі ўдзельнічаў у закладцы дэндрапарку лясгаса, у акцыях па азеляненні найбольш забруджанага ўчастка дарогі Шчучын — ст. Ражанка ў раёне аўтазапраўкі, уборцы берага гарадскога возера, ініцыіраваў гарадскую акцыю “Дзень без аўтамабіля”, а таксама акцыю па вырабе сумак шматразовага выкарыстання “Старыя джынсы — на ахову навакольнага асяроддзя”.

Я лічу, што займацца валанцёрскай дзейнасцю вельмі важна. Некаторы час назад праваслаўным Елісавецінскім манастыром, які размешчаны непадалёк ад Мінска, была накіравана на месяц у Аўстрыю і Германію. Дапамагала арганізоўваць выставы і рэкламаваць вырабы, якія ствараюць насельнікі манастыра. Убачыла на свае вочы, як можна рэальна дапамагаць хворым людзям, якіх так многа пад іх апекай. Насельнікі манастыра — людзі светлыя, шчырыя, з якімі хочацца размаўляць, вучыцца іх душэўнай шчодрасці. Мы ў нашым жыцці так мала дорым дабрыні…

Думаю, мяне можна назваць шчаслівым чалавекам, таму што я займаюся тым, што мне па-сапраўднаму цікава. Люблю дзяцей, люблю свой прадмет, жыву ў гармоніі з прыродай і ўмею ствараць прыгажосць з яе дароў. Мне пашанцавала працаваць у выдатным калектыве, без падтрымкі і дапамогі якога, безумоўна, я не змагла б настолькі рэалізаваць сябе.

Лічу, што павінна не толькі даць веды дзецям па сваім прадмеце, але і навучыць іх быць экалагічна дружалюбнымі, знаходзіць аднадумцаў, якія гатовы эканоміць энергію, змяншаць колькасць адходаў і раздзельна іх збіраць, праводзіць прафілактычную работу з тымі, хто наносіць шкоду прыродзе. Мы павінны захоўваць чысціню і прыгажосць на планеце, як вучыў Маленькі Прынц — герой Антуана дэ Сент-Экзюперы.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.