У гомельскім каледжы ўрачыста адкрылі абноўлены цэнтр кампетэнцый кулінарнага мастацтва і хлебапячэння

- 11:30Актуально, Образование

Міністр адукацыі Андрэй Іванец з рабочым візітам наведаў установы адукацыі Гомеля. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Якасны год для адукацыі

У ходзе сустрэч і мерапрыемстваў кіраўнік ведамства наведаў шэраг устаноў адукацыі. Так, у актавай зале Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага — кузні кадраў у першую чаргу для ўстаноў дашкольнай і пачатковай адукацыі — прайшла сустрэча з прадстаўнікамі сферы адукацыі абласнога цэнтра, Гомельскага, Веткаўскага і Добрушскага раёнаў. На ёй таксама прысутнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Жанна Ждановіч і іншыя.

Падчас дыялогу з загадчыкамі дашкольных устаноў, дырэктарамі школ, каледжаў, педагагічнымі работнікамі абмяркоўваліся самыя актуальныя тэмы: сістэма адукацыі ў Год якасці, ЦЭ, ЦТ, правілы паступлення ва УВА, змяненні ў вучэбныя планы, будучыня гімназій, аказанне псіхалагічнай дапамогі навучэнцам ва ўстановах адукацыі. Сярод тэм, якія закрануў міністр, таксама былі пытанні грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і маючая адбыцца электаральная кампанія.

Першую рабочую нараду кіраўнік дзяржавы прысвяціў менавіта пастаноўцы тых задач, якія стаяць перад кожным з нас, перад урадам, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, кожным педагогам. Задача ясная і зразумелая — якасць ва ўсім, у тым ліку і ад кожнага з нас, — падкрэсліў міністр.

Гаворачы аб сістэме адукацыі і асноўных напрамках работы ў Год якасці, міністр абазначыў асноўныя адукацыйныя вектары далейшага развіцця. Таксама адзначыў, што ў адрозненне ад многіх краін, у Беларусі —стапрацэнтны ахоп дзяцей ва ўзросце 5—6 гадоў бясплатнай дашкольнай падрыхтоўкай. Што тычыцца забеспячэння месцамі ў дашкольных установах адукацыі крокавай даступнасці, то, дзякуючы створанай інтэрактыўнай карце ўстаноў дашкольнай адукацыі нашай краіны (якая размешчана на сайце ведамства, а таксама на ўсіх сайтах абласных упраўленняў адукацыі і штомесяц абнаўляецца), узрасла дасведчанасць бацькоў. Кожны з іх можа азнаёміцца з актуальнай інфармацыяй і ўбачыць: колькі дзіцячых садоў знаходзіцца ў блізкасці да яго месца пражывання або да месца работы, якая колькасць месцаў у групах ёсць, выбраць тую ўстанову, якая будзе найбольш зручная і камфортная для наведвання.

Кіраўнік ведамства таксама зрабіў важны акцэнт:

— Не першы год рэалізуецца дзяржаўная праграма па цэнтралізаванай закупцы аўтобусаў. Сёлета па ўсёй краіне поўнасцю закрыецца патрэба ў аўтатранспарце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Новыя, сучасныя аўтобусы айчыннай вытворчасці будуць абсталяваны пад’ёмнымі ўстройствамі.

Шмат увагі было ўдзелена пытанням арганізацыі адукацыйнага працэсу ў школах. З галоўнага: у сваёй прафесійнай дзейнасці педагогам трэба абапірацца на 10 залатых правіл, а ў цэнтры ўвагі — выхаванне павагі да дзяржаўных сімвалаў, развіццё дзіцячага і маладзёжнага грамадскага руху, безумоўна, варта абапірацца на дзейнасць музейнай педагогікі, якая выходзіць на новы ўзровень.

— Упэўнены, тэма генацыду беларускага народа, Вялікай Айчыннай вайны тычыцца абсалютна кожнага, — адзначыў Андрэй Іванец. — Самае галоўнае — дайсці да кожнага дзіцяці. Школьнікі абавязаны ведаць праўду.

Таксама падчас сустрэчы кіраўнік ведамства зрабіў акцэнт на пытаннях школьнай прафарыентацыі:

— Будзе рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў, якія дапамогуць навучэнцам зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі і ўбачыць, дзе іх стваральная праца стане важнай для эканамічнага развіцця краіны.

Што тычыцца каледжаў, то ў прыярытэце па-ранейшаму застаецца развіццё цэнтраў кампетэнцый і новых спецыяльнасцей, па якіх сёння неабходна ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў для нашай эканомікі.

Універсітэты не застаюцца ўбаку: сур’ёзная ўвага — структуры падрыхтоўкі спецыялістаў. Кожны ўніверсітэт зробіць яшчэ крок насустрач таму, каб рыхтаваць не проста высокакваліфікаваных спецыялістаў, а мець непарыўную сувязь з заказчыкамі кадраў.

У завяршэнне сустрэчы на ўсе пытанні, якія паступалі ад прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці, былі атрыманы аргументаваныя адказы.

Вабіць пах выпечкі і карыцы

Наведванне Гомельскага каледжа кулінарыі было з прыемнай нагоды: ва ўрачыстай атмасферы адкрылі абноўлены цэнтр кампетэнцый кулінарнага мастацтва і хлебапячэння. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, міністр адукацыі Андрэй Іванец і іншыя.

Каледж па праве лічыцца адной з найстарэйшых адукацыйных устаноў, якая славіцца сваімі багатымі традыцыямі. Тут ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па профілі “Грамадскае харчаванне”. Акрамя таго, тут удасканальваюць узровень майстэрства навучэнцы профільных устаноў адукацыі з усяго рэгіёна, павышаюць кваліфікацыю і работнікі грамадскага харчавання.

У каледжы вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў на высокім узроўні. Са сцен установы выходзяць першакласныя кухары, пекары, кандытары, афіцыянты, кухары дзіцячага харчавання. Яны часта становяцца пераможцамі і прызёрамі міжнародных конкурсаў кулінарнага майстэрства. Таленавітыя выпускнікі ўстановы праслаўляюць каледж, працуючы шэф-кухарамі ў лепшых рэстаранах абласнога цэнтра і рэспублікі. Адораныя ўчарашнія выхаванцы вырастаюць у незаменных выкладчыкаў, якія з энтузіязмам працуюць у роднай установе.

Для абнаўлення цэнтра ўкладзены і чалавечая душа, і рэсурсы, а наяўнасць сучаснага тэхналагічнага абсталявання дазваляе ўдасканальваць адукацыйныя праграмы і павышаць якасць адукацыі па кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва”, “Хлебапячэнне”.

Іван Крупко адзначыў, што за апошні год праз цэнтр кампетэнцый прайшло больш за 500 чалавек, і запэўніў: цэнтр будзе і далей мадэрнізавацца. Тут павінны атрымліваць самыя сучасныя веды на самым сучасным абсталяванні.

Звяртаючыся да прысутных, Андрэй Іванец падкрэсліў важнасць моманту:

— Вельмі сімвалічна, што Год якасці ў сістэме адукацыі мы пачынаем з адкрыцця цэнтра кампетэнцый, якія на базе нашых каледжаў прызначаны павысіць якасць падрыхтоўкі тых спецыялістаў, якіх мы выпускаем. На ўзроўні Міністэрства адукацыі прынята новая праграма развіцця цэнтраў кампетэнцый, што прадугледжвае стапрацэнтны ахоп усіх навучэнцаў каледжаў, якія павінны прайсці адпаведную падрыхтоўку на базе дзеючых 52 цэнтраў. Гэта вельмі амбіцыйная мэта, але, упэўнены, яна нам пад сілу. Развіццё такіх цэнтраў павінна быць няспынным і паступальным. Менавіта таму ў планах Міністэрства адукацыі развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўсіх дзеючых цэнтраў кампетэнцый для таго, каб сказаць заказчыкам кадраў, што тут рыхтуюцца спецыялісты заўтрашняга дня.

Таксама кіраўнік ведамства адзначыў, што тыя спецыялісты, якія выходзяць са сцен абласнога каледжа, як і выпускнікі многіх іншых каледжаў у нашай краіне, вельмі запатрабаваны на рынку працы і ў эканоміцы:

— Нам важны кожны выпускнік, нам патрэбен кожны спецыяліст.

Пасля ўрачыстай часткі дырэктар каледжа Уладзіслаў Шапялевіч правёў азнаямляльную экскурсію, падчас якой госці назіралі за тэхналогіяй гатавання дэсертаў, захапляліся кулінарнымі шэдэўрамі навучэнцаў, уразіліся інавацыйнай начынкай лабараторый.

Эксперт Гомельскай вобласці па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” выкладчыца каледжа Святлана Голубева расказала пра лінейку абсталявання, якая прадстаўлена ў вучэбных лабараторыях цэнтра: параканвектаматы — печы — сэрца прафесійнай кухні, шафа шокавай замарозкі, індукцыйныя і электрычныя пліты, малагабарытнае абсталяванне. З дапамогай тэхнікі выпускнікі вучацца гатаваць не толькі смачна, але і карысна.

— Ідзём у нагу з часам, а недзе нават апярэджваем умовы вытворчасці з дапамогай прымянення гэтага абсталявання, што дазваляе педагогам падрыхтаваць з навучэнцаў высокіх спецыялістаў у прафесіі, — сказала Святлана Аляксандраўна.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара