У гонар Элізы

- 11:28Навіны рэгіёнаў

У невялікай вёсцы Мількаўшчына, што ў Гродзенскім раёне, дзейнічае літаратурна-краязнаўчы музей імя Элізы Ажэшка Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Ініцыятарамі яго стварэння сталі творчыя, зацікаўленыя і неабыякавыя да спадчыны сваёй малой радзімы педагогі. З самага пачатку існавання і да сённяшняга дня кіраўніком музея з’яўляецца Таццяна Анатольеўна Савянкова, якая не толькі збірае музейныя экспанаты, але і сама распрацавала некалькі турыстычных маршрутаў. Сярод іх — “Дарогамі Элізы Ажэшка”, “Малая радзіма Элізы Ажэшка”, “Па культурных і гістарычных мясцінах нашай мясцовасці”.

Некалі музей пачынаўся з экспазіцыі пра нашу сусветна вядомую зямлячку Элізу Ажэшка ў тагачаснай Мількаўшчынскай школе. На сённяшні дзень музей складаецца з 7 экспазіцый. Галоўная з іх прысвечана жыццю і творчасці пісьменніцы. Тут знаходзяцца копіі дакументаў, рукапісаў, фотаздымкаў, карціны, выданні твораў розных часоў на беларускай і польскай мовах, што дапамагае паслядоўна прадставіць этапы станаўлення Элізы Ажэшка як пісьменніцы і яе жыццёвы і творчы шлях.

Прываблівае экспазіцыя “Шляхі і лёсы Мількаўшчыны, яе людзей”. У “Літаратурнай гасцёўні”, якая нагадвае бібліятэку, праходзяць тыдні памяці Элізы Ажэшка, абласныя Ажэшкаўскія чытанні, інсцэніроўкі народных абрадаў, сцэн з твораў беларускіх пісьменнікаў. У памяшканні “Свет побыту былога” можна азнаёміцца з прыладамі працы і прадметамі хатняга ўжытку, якімі карысталіся сяляне ў ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, а ў “Шляхецкім пакоі” дакрануцца да старадаўніх рэчаў, што колісь былі не ў кожным доме і вырабляліся майстрамі па індывідуальных заказах заможных гаспадароў.

Музей наведваюць выпускнікі Мількаўшчынскай школы, госці, міжнародныя дэлегацыі. У сувязі з устанаўленнем бязвізавага рэжыму ў 2018 годзе колькасць замежных гасцей значна павялічылася. Турыстам юныя экскурсаводы прапануюць творчую праграму: сустракаюць хлебам-соллю, інсцэніруюць цікавыя моманты з жыцця беларускай шляхты, праводзяць экскурсіі на беларускай, рускай мовах і часткова на польскай. Прадугледжана і наведванне былой панскай сядзібы, дзе ў 1841 годзе нарадзілася і правяла сваё дзяцінства маленькая Эліза, дзе пачалася яе літаратурная творчасць.

Алена ТЫШЧАНКА,
метадыст Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.