“З кожным годам колькасць дзяцей у Першамайскім раёне Мінска павялічваецца. Гэта, безумоўна, патрабуе ад устаноў адукацыі мабілізацыі ўсіх рэсурсаў, прадуманай кадравай палітыкі, стварэння адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Толькі пастаянны рух наперад дазволіць установам адукацыі стаць канкурэнтаздольнымі”, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Першамайскага раёна Мінска Людміла Міхайлаўна Барысенка.
— Як вырашаеце сёння такую важную сацыяльную задачу, як забеспячэнне даступнасці і якасці дашкольнай адукацыі?
— Калі ў 2011 годзе ўстановы дашкольнай адукацыі наведвалі 8277 дзяцей, то ў 2016 — ужо 11 253. Месцы для малышоў у яслях-садах знайшліся дзякуючы ўнутраным рэзервам гэтых устаноў і адкрыццю трох новых дашкольных устаноў. Сёння, напрыклад, мы канстатуем факт вываду 1-х класаў з дзіцячых садоў і паслядоўна аднаўляем работу груп, якія выкарыстоўваліся раней не па прамым прызначэнні.
У рамках эксперымента ўжо другі год упершыню ў горадзе на базе сярэдніх школ арганізоўваецца работа груп для дзяцей 6—7 гадоў, якія не прыступілі да навучання ў 1 класе. Практыка гэтая аказалася ўдалай. У бягучым навучальным годзе такія групы ў Першамайскім раёне наведваюць 84 дзіцяці. Сёння ў раёне дзейнічае 75 новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі для 675 дзяцей ад аднаго да трох гадоў, якія не наведваюць дзіцячыя сады. Станоўчы рост колькасці такіх прапаноў сведчыць аб добрай якасці паслуг, якія прадастаўляюцца малышам.
Для вырашэння пытання забеспячэння даступнасці дашкольнай адукацыі неабходна працягваць будаўніцтва дашкольных устаноў у мікрараёнах масавай забудовы. Так, у студзені 2017 года гасцінна адкрые дзверы для сваіх маленькіх жыхароў дзіцячы сад у новым мікрараёне Магістр.
У цэнтры нашай увагі і стан здароўя выхаванцаў. Дзякуючы сумеснай мэтанакіраванай рабоце многіх спецыялістаў, мы маем устойлівую тэндэнцыю зніжэння ўзроўню захваральнасці дзяцей. У 2016 годзе колькасць дзён, прапушчаных па хваробе адным дзіцем, склала 4,7 дня.
Пры вырашэнні задачы па забеспячэнні якасці дашкольнай адукацыі высокія патрабаванні прад’яўляюцца да прафесійнага ўзроўню педагогаў-дашкольнікаў. Доля педагагічных работнікаў з адукацыяй у кірунку “Педагогіка дзяцінства” складае сёння 54%. Вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя ёсць у 20,4% педагогаў дашкольных устаноў, а першая — у 32%. З 2014 года перападрыхтоўку на бюджэтнай аснове па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” прайшлі 63 спецыялісты. У 2017 годзе плануецца прафесійнае ўдасканаленне 41 педагога.
— Якія цікавыя інавацыі рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна?
— Сёння інавацыйнымі і эксперыментальнымі пляцоўкамі Міністэрства адукацыі з’яўляюцца 7 устаноў адукацыі раёна. А ўсе 28 устаноў раёна ўжо другі год удзельнічаюць у пілотным праекце Міністэрства адукацыі па апрабацыі нарматыўнага фінансавання, мэтай якога з’яўляецца ўдасканаленне бюджэтнага фінансавання ў галіне адукацыі і аплаты працы педагагічных работнікаў. Сучасны адукацыйны працэс нельга ўявіць без інфармацыйных тэхналогій. Усе кіраўнікі і іх намеснікі маюць сёння сертыфікаты карыстальнікаў ІКТ, сярод настаўнікаў гэты паказчык складае 96%.
— Адзначце, калі ласка, поспехі вашых навучэнцаў і настаўнікаў.
— Па выніках 2016 года двое навучэнцаў раёна сталі пераможцамі міжнароднай алімпіяды “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” і Маскоўскай міжнароднай алімпіяды школьнікаў буйных гарадоў і мегаполісаў свету па матэматыцы, а 11 навучэнцаў перамаглі ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў сталі 14 школьнікаў.
Аптымальнае спалучэнне ўсіх складнікаў забяспечыла калектыву сярэдняй школы № 73 Мінска поспех: па выніках 2015 года ўстанова занесена на Рэспубліканскую дошку гонару. Хочацца сказаць пра настаўніцу нямецкай мовы гэтай школы, а цяпер ужо намесніка дырэктара Наталлю Дзмітрыеўну Грушко. Яна перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года” ў 2014 годзе і стала ўладальнікам малога “Крыштальнага жураўля” як лепшы настаўнік замежнай мовы. Малады педагог гімназіі № 38 Настасся Мікалаеўна Жукавец стала фіналістам міжнароднага конкурсу на лепшы ўрок па літаратуры “Сіла слова”, арганізаванага Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі другі год запар Першамайскі раён выступае арганізатарам міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства “Крыштальная чарніліца”. У 2016 годзе ў ім прынялі ўдзел педагогі з 11 краін. Па выніках выпрабавання настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 18 Вольга Іванаўна Паграбан стала ўладальнікам дыплома I ступені.
Сярод апошніх дасягненняў — перамога (3-е месца) аўтарскага калектыву спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху ў VI Рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Педагогамі прадстаўлены вопыт работы па раннім суправаджэнні дзяцей — кандыдатаў на кахлеарную імплантацыю ва ўмовах рэсурснага цэнтра. Дарэчы, у гэтым рэсурсным цэнтры комплекснай дапамогі дзецям з кахлеарнымі імплантамі створаны ўсе ўмовы для іх, у прыватнасці, вядзецца прыём урачоў-спецыялістаў — сурдолага, сурдолага-аўдыёлага, псіханеўролага. Школа № 14 Мінска з’яўляецца сапраўдным цэнтрам падтрымкі і суправаджэння інклюзіўных працэсаў у раёне.
— Што цікавае прапаноўвае сёння сістэма дадатковай адукацыі раёна?
— Больш за 70% нашых вучняў карыстаюцца паслугамі дадатковай адукацыі. Толькі ў фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі Першамайскага раёна дзейнічаюць 153 аб’яднанні спартыўнай накіраванасці. У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” арганізаваны 492 аб’яднанні. Яшчэ 367 разнастайных гурткоў функцыянуюць у школах і гімназіях. Ва ўстановах адукацыі рэалізоўваюцца цікавыя выхаваўчыя праекты. Так, праект “Юніёр-бізнес” дазваляе працаўладкавацца, прайсці прафарыентацыю маладым людзям з 14 гадоў. Праект “Скрыжаванне настрояў” збірае юнакоў і дзяўчат у вячэрні час для ўдзелу ў рухавых гульнях і інтэлектуальных спаборніцтвах, сярод якіх бодзі-арт, дартс, прававы бой, спаборніцтвы па шашках, шахматах, міні-футболе, мультымедыйныя гульні, квесты, спартыўныя эстафеты, конкурс малюнка на асфальце і г.д.
Назва праекта “Рэальны погляд” гаворыць сама за сябе. Падчас удзелу ў псіхалагічных практыкумах, трэнінгах, дыспутах і дыскусіях, ролевых гульнях старшакласнікі шукаюць правільны выхад з няпростых жыццёвых сітуацый. У 2016 годзе ў раёне быў адкрыты юнацкі патрыятычна-прававы клуб “Арляняты”. На базе атрада міліцыі асобага прызначэння Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама створана адзіная ў горадзе эксперыментальная пляцоўка профільных атрадаў МУС. Адукацыйная праграма “арлянят” уключае заняткі па практычнай стральбе, службовым мнагабор’і, спартыўным турызме, прававой і медыцынскай падрыхтоўцы, вывучэнне правіл этыкету, работу з радыёсувяззю і інш.
Надзея ЦЕРАХАВА.