У інтарэсах ДЗІЦЯЦІ

- 15:00Сацыяльны ракурс

Адсутнасць канструктыўных навыкаў паводзін, нізкая сацыяльная кампетэнтнасць, няўменне пераадольваць жыццёвыя цяжкасці — з такімі праблемамі можа сутыкнуцца кожнае дзіця, якое не выхоўваецца сваімі бацькамі, і адной з галоўных задач грамадства з’яўляецца папярэджванне магчымага негатыўнага сцэнарыя развіцця падзей. Варыянтаў адпаптацыі сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, шмат, аднак, як паказала практыка, аптымальны з пункту гледжання інтарэсаў самога дзіцяці шлях — уладкаванне ў замяшчальныя сем’і, а таксама ўдасканальванне дзейнасці інтэрнатных устаноў адукацыі ва ўмовах працэсу дэінстуцыяналізацыі.

Кожнаму дзіцяці неабходна любячая і клапатлівая сям’я, але жыццё часам распараджаецца па-іншаму, і тады за яго станаўленне як асобы адказваюць ужо не бацькі, а дзяржава.
У 1990-я гады кожнае другое асірацелае дзіця змяшчалася ў інтэрнатную ўстанову. Час паказаў, што гэта не лепшы старт у жыцці дзіцяці: у выпускнікоў ёсць цяжкасці з адаптацыяй у грамадстве, стварэннем сям’і, самарэалізацыяй. Таму з 2008 года і быў узяты курс на паступовае замяшчэнне інтэрнатнага выхавання ўладкаваннем у замяшчальныя сем’і або вяртаннем у родныя. Працэс атрымаў назву дэінстытуцыяналізацыі і паказаў уражальныя вынікі: за шэсць гадоў колькасць інтэрнатаў, якія ўваходзяць у сістэму адукацыі, скарацілася з 73 да 36. У сетку дзіцячых інтэрнатных устаноў сістэмы Міністэрства адукацыі ўваходзяць 20 дзіцячых дамоў, 4 школы-інтэрнаты, 6 дапаможных школ-інтэрнатаў, укамплектаваных дзецьмі-сіротамі, 5 дзіцячых вёсак (у тым ліку 4 SOS-дзіцячыя вёскі і дзяржаўная ўстанова “Дзіцячая вёска “Вытокі”), дзіцячы гарадок.
Дэінстытуцыяналізацыя пачалася ў кантэксце работы па пераадоленні сацыяльнага сіроцтва. З гэтай мэтай быў прыняты і Дэкрэт кіраўніка дзяржавы № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Фактычна з яго выхадам аднавіўся забыты, здавалася б, з савецкага часу працэс аднаўлення бацькоў у іх правах. Сёння ў родныя сем’і ўжо вернута столькі дзяцей, колькі выхоўваецца ў 17 дзіцячых дамах. Усё менш дзяцей маюць патрэбу ў інтэрнатных установах. Напрыклад, у 2014 годзе ў іх уладкавана 351 дзіця, і гэта на 118 менш, чым у 2013-м.
У дэкрэце заложана сістэма ранняй прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці, якая накіравана на змяншэнне колькасці дзяцей-сірот у рэгіёнах. Таксама дэкрэт даў юрыдычную базу для стварэння раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў, якія не толькі працуюць з нядобранадзейнымі сем’ямі, але ў цэлым праводзяць кансультаванне сем’яў і дзяцей, аператыўна аказваюць дапамогу дзіцяці, якое апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Гэтая работа педагогаў вельмі важная.
Ужо ёсць рэгіёны, дзе дзіця, якое стала сіратой, адразу ж накіроўваецца ў замяшчальную сям’ю: апякунскую, прыёмную, дзіцячы дом сямейнага тыпу. І тут важная не толькі эканамічная эфектыўнасць, хаця яна таксама ёсць, але перш за ўсё тое, што сам працэс выхавання ў сям’і лепш фарміруе асобу.
Не варта забываць і пра тое, што каля 500—600 дзяцей штогод усынаўляецца, што паказвае ўзровень сталасці грамадства і, у сваю чаргу, таксама ўплывае на змяншэнне колькасці дзяцей на інстытуцыянальных формах выхавання.
Скарачэнне колькасці выхаванцаў інтэрнатных устаноў стала магчымым шляхам замены іх утрымання ў дзіцячых інтэрнатных установах сямейнымі формамі ўладкавання на выхаванне. Сёння ў інтэрнатнай сістэме краіны выхоўваюцца больш за 4,5 тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што складае 22% ад агульнай колькасці дзяцей названай катэгорыі ў краіне. Варта адзначыць, што па выніках 2007 года ў інтэрнатнай сістэме краіны выхоўвалася больш за 10,5 тысячы дзяцей-сірот — 38% ад агульнай колькасці дзяцей названай катэгорыі ў краіне.
Утрыманне аднаго дзіцяці сіроцкай катэгорыі ў месяц у інстытуцыянальных формах уладкавання складае ад 4 млн 618 тысяч рублёў у аддзяленні дзіцячага сацыяльнага прытулку да 7 млн 678 тысяч рублёў у дзіцячым доме і 8 млн 145 тысяч рублёў у школе-інтэрнаце. У дзіцячай вёсцы ўтрыманне дзіцяці-сіраты складае 4 млн 169 тысяч рублёў.
Паспяхова прайшлі апрабацыю часам новыя формы сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у выглядзе прафесійных форм: у 243 дзіцячых дамах сямейнага тыпу сёння выхоўваецца больш за 1600 дзяцей, у 3645 прыёмных сем’ях — 5861 дзіця. Да слова, усяго на сямейных формах выхавання ўтрыманне аднаго дзіцяці ў месяц складае ад 1 млн 670 тысяч рублёў у апякунскай сям’і да 5 млн 177 тысяч рублёў у прыёмнай сям’і і 5 млн 265 тысяч рублёў у дзіцячым доме сямейнага тыпу.
Працоўны дагавор дае прыёмнаму бацьку, бацьку-выхавальніку права на адпачынак, бальнічны ліст, стаж работы ў галіне, што з’яўляецца пэўным стымулам для замяшчальнага бацькоўства. Міжнародны вопыт работы па абароне правоў дзяцей безагаворачна паказвае прыярытэтнасць і абгрунтаванасць сямейнага ўладкавання асірацелых дзяцей на выхаванне, як з эканамічнага пункту гледжання, так і, што больш важна, з той пазіцыі, што гэта найбольш адпавядае інтарэсам дзіцяці. Азначаная мэта прымальная для ўсіх еўрапейскіх дзяржаў і краін-суседзяў. Напрыклад, эканамічны складнік сямейных форм у адносінах да інстытуцыянальных у Расійскай Федэрацыі складае да 70% (інтэрнатныя ўстановы фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў).
За апошнія 10 гадоў агульная колькасць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў скарацілася на 144 568 чалавек. За гэты ж перыяд колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, зменшылася на 5980 чалавек. Удзельная вага дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у агульнай колькасці дзіцячага насельніцтва краіны скарацілася з 1,45% у 2005 годзе да 1,24% у 2014-м.
За 2014 год зноў выяўлена 2640 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што на 110 дзяцей менш, чым у 2013-м. З агульнай колькасці зноў выяўленых дзяцей сіроцкай катэгорыі 87% з’яўляюцца дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, г.зн. сацыяльнымі сіротамі. І ў тым ліку 1510 чалавек (57%) сталі сацыяльнымі сіротамі ў сувязі з пазбаўленнем іх бацькоў бацькоўскіх правоў. 131 дзіця (5%) са зноў выяўленых дзяцей атрымала свой сацыяльны статус пасля адбірання ў бацькоў без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, а ад выхавання 128 дзяцей (4,85%) адмовіліся бацькі.
Гэтыя звесткі адлюстроўваюць маштабы і асноўныя тэндэнцыі такой негатыўнай з’явы, якой з’яўляецца сацыяльнае сіроцтва. Гэтая праблема даўно перарасла рамкі аднаго ведамства, для яе вырашэння неабходна кансалідацыя намаганняў розных міністэрстваў і ведамстваў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.
Важным складнікам дэкрэта з’яўляецца кампенсаванне абавязанымі асобамі сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей. За тры кварталы 2015 года кампенсавана 59,5% сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пры гэтым робяцца ўсе захады для максімальнага пагашэння нядбайнымі бацькамі такіх выдаткаў.
Аднак ёсць і былыя бацькі, якія не страцілі чалавечае аблічча. Так, у 2015 годзе больш за 600 абавязаных асоб выплачваюць расходы ў добраахвотным парадку.
Прымяняецца і мера вызвалення ад кампенсавання расходаў у выпадку аднаўлення бацькоў у бацькоўскіх правах або калі на выхаванні знаходзяцца -іншыя непаўналетнія дзеці і дзіця вяртаецца ў сям’ю. Толькі за першую палову 2015 года ад кампенсавання расходаў на ўтрыманне дзяцей былі вызвалены 439 абавязаных асоб на суму 4,7 млрд рублёў.
У гэтым напрамку работы дзяржава ніякім чынам не займае карныя пазіцыі, наадварот, мэта дэкрэта ў павышэнні адказнасці бацькоўства, своечасовай дапамозе кожнаму дзіцяці, якое трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, у аднаўленні належных дзіцяча-бацькоўскіх адносін.
Нягледзячы на значнае змяншэнне колькасці інтэрнатных устаноў для дзяцей-сірот у нашай краіне ёсць катэгорыі дзяцей, якім цяжка знайсці сям’ю: падлеткі, дзеці са шматдзетных сем’яў, а таксама дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Разам з тым павелічэнне колькасці ўладкавання такіх дзяцей у замяшчальныя сем’і — асноўная задача на найбліжэйшыя гады.
У цяперашні час прадугледжана магчымасць знаходжання дзіцяці-сіраты ў патранатнай сям’і, калі сям’я прымае на выхадныя дні і канікулярны перыяд дзіця-сірату з мэтай яго адаптацыі і сацыялізацыі.
Чым больш будзе закрывацца інтэрнатных устаноў, тым больш спатрэбіцца прафесійных бацькоў і павелічэнне з боку дзяржавы адказнасці за становішча дзяцей у гэтых сем’ях.
Сёння спецыялісты адзначаюць наспелую патрэбу ў варыятыўных модулях праграмы падрыхтоўкі прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў, прызначаных для спецыялізацыі прафесійных замяшчальных сем’яў, гатовых прымаць на выхаванне такіх дзяцей. Гэта задача для навукова-метадычных спецыялістаў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі.
Работа па падборы і навучанні бацькоў вельмі карпатлівая. Выпадковыя людзі не павінны прыходзіць у гэтую сферу. Вельмі важна і суправаджэнне сям’і, бо, на жаль, тут ёсць прыклады прафесійнага выгарання.
Першараднай задачай органаў кіравання адукацыяй з’яўляецца захаванне і развіццё сямейных форм уладкавання дзяцей на выхаванне, забеспячэнне ўмоў для спецыялізацыі такіх сем’яў, павышэння адукацыйнага ўзроўню і прафесійнага даўгалецця спецыялістаў сістэмы аховы дзяцінства краіны.

Віктар ЯКЖЫК,
намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.