У інтарэсах кожнага дзіцяці і цэлай краіны

- 11:26Навіны рэгіёнаў

Устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё шмат у чым залежыць ад якасці адукацыі. І работа па павышэнні якасці вядзецца бесперапынна. Якой яна была ў мінулым годзе і якой будзе ў наступным, пра гэта гаварылі на выніковым пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі намеснік старшыні Мінаблвыканкама І.С.Маркевіч, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Р.С.Сідарэнка, члены калегіі, начальнікі ўпраўленняў па адукацыі, спорце і турызме, кіраўнікі ўстаноў адукацыі вобласці.

Лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі стала сярэдняй школы №11 Слуцка. Узнагароду атрымлівае дырэктар установы В.В. Гаркавенка.

З арыенцірам на лічбавую трансфармацыю

Лічбавая трансфармацыя сістэмы адукацыі — адзін з арыенціраў развіцця як галіны цалкам, так і сістэмы адукацыі Мінскай вобласці ў прыватнасці, таму выніковае пася­джэнне калегіі пачалося з адкрыцця абласнога ІТ-цэнтра.

ІТ-цэнтр — гэта адзінае размеркаванае віртуальнае асяроддзе, якое складаецца з некалькіх базавых модуляў, іх функцыю выконваюць абласныя рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій. Такіх у вобласці 6, яны створаны па кластарным прынцыпе і аб’ядноўваюць некалькі раёнаў, што размешчаны побач. Сістэмным інтэгратарам гэтых модуляў стане Мінскі абласны ІРА, які будзе каардынаваць усю работу. Дзейнасць ІТ-цэнтра накіравана на падтрымку творчага пошуку педагогаў і навучэнцаў, развіццё STEM-адукацыі, інавацый у праграмаванні, мабільнага навучання, вэб-канструявання, робататэхнікі.

Таксама пасяджэнню калегіі папярэднічала інтэрактыўная выстава “Будучыня побач”, дзе дэманстраваліся дасягненні сістэмы адукацыі Міншчыны ў мінулым годзе. На выставачнай пляцоўцы “Пашыраючы межы” быў прадстаўлены вопыт рэалізацыі міжнароднага ўзаемадзеяння. Напрыклад, у галіне вывучэння кітайскай мовы. Сёння навучэнцы Мінскай вобласці вывучаюць яе не толькі на факультатывах, але і на ўроках у якасці асноўнай замежнай мовы. Лепшы вопыт па арганізацыі выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі быў прадстаўлены на пляцоўцы “Тэрыторыя поспеху”. Выстава “Міншчына спартыўная” расказвала пра дасягненні юных спартсменаў вобласці, а таксама пра маштабны аднайменны праект, які ахапіў рэгіён мноствам спартыўных падзей. Удзельнікі навучэнскіх бізнес-кампаній і навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на выставе “Наша творчасць — II Еўрапейскім гульням” прэзентавалі разнастайныя сувенірныя вырабы, якія падрыхтавалі да галоўнай спартыўнай падзеі гэтага года ў нашай краіне. На пляцоўцы “Маладзёжнае лідарства: сучасны погляд” можна было пазнаёміцца з самымі актыўнымі і ініцыятыўнымі навучэнцамі і іх праектамі.

Работа інтэрактыўнай выставы “Будучыня побач”.

Актывізаваць работу на ўсіх узроўнях

Вынікі каляндарнага года падвяла ў сваім дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч. Таксама на пленарным пасяджэнні былі пастаўлены канкрэтныя задачы, над якімі неабходна працаваць.

У вобласці забяспечана выкананне сацыяльных стандартаў, прадугледжаных Дзяржаўнай праграмай “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Высокая эфектыўнасць рэалізацыі дзяржаўнай праграмы зафіксавана ў Дзяржынскім, Смалявіцкім, Уздзенскім, Нясвіжскім раёнах.

Сістэма адукацыі мяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Так, за мінулы год ліквідаваны чатыры ўстановы адукацыі і рэарганізавана адна. Скарацілася колькасць малакамплектных школ. Адсутнічаюць класы з колькасцю навучэнцаў да 5 чалавек. У мінулым годзе пачалося праектаванне і будаўніцтва 11 устаноў. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі створана больш за 1200 дадатковых месцаў.

Для дашкольнай адукацыі абазначана некалькі асноўных вектараў далейшага развіцця. Неабходна павялічыць агульную колькасць варыятыўных форм работы ў кожным раёне. Аснашчэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі сродкамі навучання забяспечана на добрым узроўні, аднак для эфектыўнага развіцця адукацыйнага асяроддзя кожнаму ўпраўленню па адукацыі пастаўлена задача павялічыць гэты паказчык да 90%. Таксама трэба актыўна адкрываць для дашкольнікаў аб’яднанні па LEGO-канструяванні, міні-лабараторыі інфармацыйных тэхналогій, майстэрні тэхнічнага і творчага развіцця, школы будучых чэмпіёнаў, студыі крэатыўнага развіцця, цэнтры юных паліглотаў, якія стануць альтэрнатывай існуючай сістэме прыватных адукацыйных паслуг.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі сфарміраваны мадэлі профільнага навучання. Функцыянуюць профільныя класы. Арганізавана прафесійная падрыхтоўка вучняў па 43 прафесіях. Павялічаны паказчык паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Узрасла колькасць вучняў, якія атрымалі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Каб і далей мець добрыя вынікі і паказчыкі, вырашана стварыць у МАІРА цэнтр па арганізацыі работы з адоранымі навучэнцамі.

Адна з задач, пастаўленых перад начальнікамі ўпраўленняў, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, — вывучыць пытанне абнаўлення вучэбна-матэрыяльнай базы кабінетаў па працоўным навучанні, распрацаваць і зацвердзіць адпаведную праграму на 2019—2021 гады.

Таксама ў дакладзе акцэнтавалася ўвага на неабходнасці пашырэння сеткі вывучэння кітайскай мовы — гэты напрамак работы мае стратэгічны характар.

Дзейнасць сістэмы прафесійнай адукацыі накіравана на дасягненне максімальнай адпаведнасці рынку адукацыйных паслуг і рынку працы. У мінулым годзе адменены прыём на навучанне па 29 незапатрабаваных кваліфікацыях, пры гэтым адкрыта 27 новых. Падрыхтавана больш за 4,5 тысячы рабочых і спецыялістаў. 100% выпускнікоў забяспечаны першым працоўным месцам. Функцыянуе 7 рэсурсных цэнтраў прафесійнай адукацыі. Перад сістэмай ставяцца канкрэтныя задачы па падрыхтоўцы кваліфікаваных маладых спецыялістаў, здольных вырашаць пастаўленыя задачы ва ўмовах вытворчасці.

Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу

Выхаваўчы патэнцыял сістэмы адукацыі вобласці закліканы садзейнічаць станаўленню грамадзяніна і патрыёта, прафесіянала-працаўніка, адказнага сем’яніна. У гэтым кірунку таксама сфармуляваны шэраг задач. 

Прыярытэтны напрамак 2019 года — стварэнне ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сучасных тэхнапаркаў, лабараторый дапоўненай рэальнасці. Такая задача ставіцца перад кожным раёнам вобласці.

Перспектыўны напрамак — лічбавая трансфармацыя сістэмы школьных СМІ. Для каардынацыі дзейнасці ў гэтым кірунку на базе МАІРА будзе адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па рабоце са школьнымі СМІ.

Ужо сёння вырашаюцца задачы па аздараўленні дзяцей у летні перыяд. Сёлета запланавана ахапіць аздараўленнем больш за 57 тысяч дзяцей, што на 5 тысяч больш, чым у мінулым годзе. Профільныя лагеры, лагеры працы і адпачынку павінны быць створаны ў кожнай установе адукацыі.

Патрабуе сістэматызацыі работа па развіцці адукацыйнага турызму. Найперш гэта тычыцца ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія валодаюць магутным рэсурсам для прыцягнення інвестыцый у галіну. Будзе створаны адзіны віртуальны даведнік па вобласці, які можа выкарыстоўвацца не толькі для арганізацыі экскурсій школьнікаў, але і для прыцягнення дарослых турыстаў.

 У мінулым годзе паспяхова рэалізоўвалася ініцыятыва шахматнага ўсенавуча, якая будзе мець працяг. Сёлета плануецца адкрыць абласны рэсурсны цэнтр шахматнага руху ў сярэдняй школе № 14 Маладзечна.

Найважнейшай задачай выхаваўчай работы застаецца наладжванне канструктыўнага дыялогу, прафесійная падтрымка сям’і, павышэнне адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей і іх бяспека.

Павышаная ўвага — бяспецы

Т.В.Апраніч адзначыла, што трагічныя падзеі 2019 года патрабуюць правядзення глыбокага аналізу працэсаў, якія адбываюцца. Уплыў бацькоў і педагогаў на жыццё вучняў у віртуальнай прасторы не вытрымлівае супрацьстаяння сеткавым пагрозам, дэструктыўнаму ўздзеянню на непаўналетніх, што наносіць непапраўную шкоду іх псіхіцы. Вырашэнне праблемы кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі бачыць у мэтанакіраванай сістэмнай рабоце з кадрамі і бацькамі па павышэнні агульнага ўзроўню інфармаванасці ў пытаннях педагогікі і псіхалогіі, прававых норм.

Неабходна прынцыпова падыходзіць да ацэнкі дзейнасці кожнага педагога. Прафесіяналізм, гібкае стаўленне да сітуацыі — асноўныя патрабаванні да спецыялістаў. Наспела неабходнасць змяніць падыход да сістэмы настаўніцтва. “Роўны вучыць роўнага” — гэты прынцып павінен легчы ў аснову ўзаемадзеяння.

Неабходна штодзень прытрымлівацца бяспечнага рэжыму функцыянавання ўстаноў адукацыі, не дапускаць выпадкаў траўматызму, праводзіць эфектыўную прафілактычную работу.

У авангардзе адукацыі рэгіёна

Традыцыйнай часткай выніковага пасяджэння калегіі на Міншчыне з’яўляецца падвядзенне вынікаў абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Для ўдзелу ў конкурсе ўсе раёны вобласці дзеляцца на дзве групы ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў, і пераможцы вызначаюцца ў абедзвюх групах. Адметнасцю гэтага года стала ўвядзенне трох новых намінацый. Лідарамі ў рэалізацыі кадравай палітыкі сталі ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага і Валожынскага райвыканкамаў, лідарамі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу — Салігорскага і Нясвіжскага райвыканкамаў. У намінацыі “Развіццё эканомікі адукацыі” лепшымі сталі ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага і Нясвіжскага райвыканкамаў.

Не было ніякай інтрыгі ў традыцыйнай намінацыі “Лідар у стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя”: дзякуючы сваёй бездакорнай рабоце, некалькі гадоў запар пераможцамі заслужана становяцца Дзяржынскі і Нясвіжскі раёны. Такой жа стабільнасцю можа ганарыцца і Слуцкі дзяржаўны каледж, які год за годам становіцца лідарам у намінацыі “Лепшая ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі”. Праўда, сёлета 1-е месца ўстанова раздзяліла з Нясвіжскім дзяржаўным каледжам імя Якуба Коласа. А вось у намінацыі “Лепшая ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі” лідар змяніўся: на першую прыступку ўзняўся Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. 

Лепшай гімназіяй прызнана гімназія № 1 Салігорска. Лепшай сярод гарадскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі стала сярэдняя школа № 11 Слуцка, а сярод сельскіх — Сноўская сярэдняя школа Нясвіжскага раёна. Лепшай гарадской і сельскай установамі дашкольнай адукацыі сталі адпаведна ДЦРД  “Сонейка” Капыля і Даматканавіцкі яслі-сад Клецкага раёна.

Упэўнена ўтрымлівае лідарства сярод гарадскіх устаноў дадатковай адукацыі ЦТДіМ Салігорскага раёна. А вось Клецкі ЦДТ упершыню заняў 1-е месца на конкурсе і заслужана стаў лідарам сярод устаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Усе пераможцы і лаўрэаты конкурсу рухаюцца ў авангардзе адукацыі вобласці. Яны, як і ўсе ўстановы адукацыі, ста­вяць перад сабой новыя задачы і гатовы іх вырашаць, усведамляючы значэнне гэтай работы і важнасць агульнай мэты.

— Упэўнена, разам мы забяспечым рэалізацыю прынятых абавязацельстваў у інтарэсах развіцця галіны, рэгіёна, рэспублікі, у інтарэсах развіцця кожнага дзіцяці, для гарантавання стабільнасці кожнай сям’і і кожнай установы, — такімі словамі начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Т.В.Апраніч завяршылася пасяджэнне калегіі і пачаўся адлік новага перыяду работы сістэмы адукацыі Міншчыны.

Дар’я Рэва.
Фота аўтара.