У “Каралеўстве правільнага маўлення”

Праблема пераадолення агульнага недаразвіцця маўлення ў дашкольнікаў з парушэннямі зроку займае асаблівае месца ў іх псіхолага-педагагічнай рэабілітацыі. Недахопы вымаўлення правакуюць узнікненне ў дзяцей іншых маўленчых парушэнняў, пачуцця няўпэўненасці ў сваіх сілах, а таксама могуць прывесці да негатыўных наступстваў для развіцця асобы ў цэлым. Заняткі з настаўнікам-дэфектолагам дапамагаюць дзіцяці своечасова засвоіць гукі, павялічыць слоўнікавы запас, навучыцца правільна будаваць фразы, гаварыць выразна і зразумела для навакольных. Правядзенне выніковых карэкцыйна-развіццёвых заняткаў становіцца сапраўдным святам для выхаванцаў Лідскага спецыяльнага ясляў-сада № 16 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Свята дазваляе дзецям праявіць свае навыкі, уменні, ініцыятыву. Традыцыяй у нашай спецыяльнай дашкольнай установе стала правядзенне для выхаванцаў старшых груп настаўнікамі-дэфектолагамі Вольгай Валер’еўнай Жыгала і Таццянай Станіславаўнай Настусевіч свята “Каралеўства правільнага маўлення”. Атмасфера мерапрыемства дазволіла пашырыць маўленчае асяроддзе, стварыць у выхаванцаў эмацыянальную спагадлівасць, жаданне ўдзельнічаць у маўленчых зносінах з дарослымі і самастойна ў працэсе цікавых гульняў, практыкаванняў лёгка і нязмушана развіваць, удасканальваць маўленчыя навыкі. Дзеці вучыліся разважаць, расказваць, правільна выказваць свае думкі, фантазіраваць і прыдумляць.

Актывізацыя маўлення выхаванцаў ажыццяўлялася пры дапамозе праблемна-пошукавых і гульнявых сітуацый, выкарыстання сродкаў мастацкай выразнасці, маляўнічага нагляднага матэрыялу і атрыбутаў, што псіхалагічна настройвала дашкольнікаў на маўленчае ўзаемадзеянне. Сюрпрызам для дзяцей стаў прыход клоўна Клёпы, які хацеў навучыцца прыгожа і правільна вымаўляць гукі. Дзеці прыйшлі на дапамогу персанажу і запрасілі яго разам адправіцца ў вясёлае пазнавальнае падарожжа па “Каралеўстве правільнага маўлення”.

У захапляючай і пазнавальнай форме дзеці дапамаглі Клёпу пазнаць шмат новага і цікавага: навучылі выконваць артыкуляцыйную размінку “Гімнастыка для язычка”, дыферэнцыраваць гукі ў практыкаванні “Жукі і камары”, пераўвасабляцца ў забаўных персанажаў у сцэнцы “Гукі заблудзілі”, дэкламаваць вершы пра гукі, актыўна ўдзельнічаць у гульнях “Дагавары слоўца”, “Складовы паравозік”, “Ланцужок слоў”, перамагаць у конкурсе “Дапамажы паштальёну разнесці падарункі па адрасах”. Дзеці пазнаёмілі Клёпу з элементамі лагарытмікі пры правядзенні дынамічнай паўзы “Ляпай-тупай”, прапанавалі адгадаць загадкі-жарты, павесялілі госця запальнымі прыпеўкамі.

На працягу ўсяго мерапрыемства ў дзяцей праходзіла аўтаматызацыя пастаўленых гукаў у звязнай гаворцы, замацоўваліся навыкі гукавымаўлення ў гульнявых і моўных сітуацыях, а таксама ішло развіццё памяці, слыхавога і зрокавага ўспрымання, прасторавай і сацыяльна-бытавой арыенціроўкі. Развітваючыся, Клёпа пажадаў усім дзецям, каб іх маўленне заставалася выразным, правільным і прыгожым, і падарыў усім малышам памятныя медальёны. Удзел у мерапрыемствах дапамог дзецям разняволіцца, набыць вопыт публічных выступленняў, засвоіць правілы сумесных гульняў і дзеянняў, адчуць сябе паспяховым.

Калі кожны дзень знаходжання ў дзіцячым садзе зрабіць для дзяцей радасным і змястоўным, калі дзіця пасля праведзенага дня спяшаецца падзяліцца сваімі ўражаннямі з сябрамі і бацькамі і яшчэ многа дзён жыве пад уражаннямі ад яго, значыць людзі любяць сваю работу і педагогі працуюць не дарэмна.

Ала ГАНЧАР,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Лідскага спецыяльнага ясляў-сада № 16 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *