У краіне бетонных цудаў

- 11:54Адукацыйная прастора

Знаёмцеся: Юрый Генадзьевіч Плашчынскі — мастак-самавучка з Рудзенска. 20 гадоў назад ён уладкаваўся афарміцелем у Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат Мінскай вобласці. Дзякуючы яму навучальная ўстанова паступова набывала непаўторны выгляд. Асоблівы каларыт надала школе сціплая прыгажосць жалезабетонных скульптур, якія мастак усталяваў на тэрыторыі школы. Маўклівы па натуры, Юрый Генадзьевіч не аматар расказваць пра сябе. Ён прывык працаваць у цішыні сваёй майстэрні. “Галоўнае, што мая творчасць дзецям падабаецца. У гэтым — крыніца натхнення”, — сказаў мастак. Такая яго немудрагелістая жыццёвая філасофія. Экскурсаводамі па ўстанове для мяне былі Юрый Плашчынскі і намеснік дырэктара школы Людміла Эдуардаўна Калюціч.

Каля ўвахода ў школу гасцей вітае дзяўчына-прыгажуня з бялявымі косамі і караваем у руках. Зразумела, бетонным, але ж вельмі апетытным. Кампазіцыя складаная, аднак майстар з вялікай адказнасцю паставіўся да яе стварэння. Кожны дзень дзяўчына павінна сустракаць і выклікаць станоўчыя эмоцыі ў тых, хто прыходзіць ва ўстанову. Цэнтральны ўваход у школу ўпрыгожаны і вялікімі плеценымі кошыкамі з агароднінай і садавіной. Дарэчы, ва ўстанове ёсць цудоўны сад, даглядаючы які  вучні могуць атрымліваць прафесію садавода.

Плошча школьнай тэрыторыі — 5 гектараў. Памяшканні ўстановы ўражваюць незвычайным аздабленнем. Немалая заслуга ў гэтым Юрыя Плашчынскага. Юнаком ён засвоіў азы прафесіі настаўніка працоўнага навучання. Але ўніверсітэцкая навука не пай­шла. Захапленнем дзяцінства Юрыя было маляванне. Яно і стала крыніцай, імкненнем, пачаткам творчага шляху маладога чалавека. Аднойчы Юрый пазнаёміўся з вясковым дзядулем, які захапляўся бетоннай скульптурай. Зразумеў усе неабходныя прыёмы і змог іх паўтарыць.

У школе-інтэрнаце Юрый Генадзьевіч афармляе стэнды, малюе карціны, робіць насценны жывапіс: рукамі мастака ў калідоры зроблена выява Мірскага замка, лесвічны пераход упрыгожвае французскае акно са скульптурамі-брамнікамі — катамі ў ботах са шпагамі.

Аформіць фае школы таксама справа адказная. Той, хто прыйшоў упершыню, затрымліваецца надоўга каля работ мастака, вывучае іх дапытлівым позіркам. Акварыумы з рыбкамі знайшлі сваё месца ў куфры са скарбамі, побач з якім адпачывае краб. На сцяне — цудоўная марская кампазіцыя з гіпсу: карабель з пунсовымі ветразямі. Ідэя для яе з’явілася ў мастака пад уплывам убачаных падчас паездкі ў Італію краявідаў, калі ў складзе дэлегацыі ён суправа­джаў выхаванцаў школы-інтэрната на адпачынак. Немагчыма прайсці міма пары ружовых фламінга, якія танцуюць на фоне марскіх даляглядаў. У жыцці фламінга меншых памераў, але прапорцыі цела птушкі захаваны дакладна. Відаць кожны штрых, кожнае пяро на крылах. Мастак уважліва вывучыў фотаздымкі гэтых птушак у інтэрнэце, перш чым прыступіць да іх творчага ўвасаблення.

Самая першая работа майстра — скульптура яблыка, што прызямліўся, як і належыць, пад яблыняй. А побач з ёй яблыня, якая засохла, і мастак ператварыў яе ў бярозу. Прычым так па-майстэрску, што ад сапраўднай бярозы немагчыма адрозніць. На ёй звілі гняздо жураўлі. У першыя гады працы ў школе майстар упрыгожыў тэрыторыю ўстановы скульптурамі мядзведзя з ліхтаром, аленя, лебедзяў у сажалцы з гарлачыкамі, арла, буслоў, доміка для птушак, вавёркі з арэшкамі.

 Задумы будучых кампазіцый аўтар выношвае доўга і абавязкова ўзгадняе іх з кіраўніцтвам. Часам ідэю неабходна падагнаць пад практычную мэту, каб, напрыклад, схаваць недахоп на сцяне. Адміністрацыя школы высока цэніць талент мастака і дапамагае з матэрыяламі для работы. Забяспечвае цэментам і фарбамі — алейнымі і па бетоне, металаломам, што застаўся ад будоўлі або ад рамонту тэхнікі.

 “Тэхналогія стварэння бетонных скульптур даволі простая і танная, — адзначыў мастак. — Спачатку раблю каркас з металічных жгутоў і дроту, затым на каркас кладу цэментны раствор. Гэты працэс нагадвае стварэнне скульптуры з гліны або звычайную лепку з пластыліну. Прынцып той жа, усё робіцца ўручную. Асаблівую ўвагу ўдзяляю дробным дэталям. Пры рабоце неабходная хуткасць, бо цэмент імгненна застывае, даводзіцца змочваць яго і зараўноўваць наждачкай. Калі матэрыял належным чынам падрыхтаваны, наношу фарбу. Пра захаванне сваіх бетонных скульптур не клапачуся. Толькі фарба за зіму можа адстаць, і даводзіцца падфарбоўваць”.

У сярэднім на выраб адной скульптуры Юрыю Генадзьевічу трэба месяц. У школьнай майстэрні ён праводзіць шмат вольнага часу, таму што жыве мастак недалёка ад установы і ў любы момант можа прыйсці на любімае месца працы, дзе адчувае радасць і натхненне. Усё апошняе лета мастак прысвяціў стварэнню скульптуры гнядога каня. Ён атрымаўся высокі, і без дапамогі іншага чалавека асядлаць гнядога няпроста.

Часам майстар задумвае адно, а ў працэсе работы атрымліваецца іншае: замест пальмы каля фантана селіцца лясун у кампаніі з русалкай і залатымі рыбкамі. Струмень вады выцякае з рук русалкі ў ракавінкі і трапляе ў басейн, што ўтварыўся каля фантана. Летам тут можна адпачываць на лавачцы, назіраючы за сямействам бетонных зуброў-волатаў, лебедзем, які прагульваецца ўздоўж берага, і вялікім лосем.

Выхаванцы дапамагаюць Юрыю ў яго штодзённай працы. Выконваюць простыя даручэнні, напрыклад, наносяць фарбу на гатовыя вырабы. Таксама майстар вядзе ў школе гурток “Жывая прырода”, дзе вучыць дзяцей даглядаць акварыумных рыбак.

Скульптуры мастака — гэта своеасаблівы вучэбны дапаможнік для выхаванцаў школы. Яны могуць “паездзіць” на бетонным ваўку, які чакае сустрэчы з Чырвонай Шапачкай. Сама казачная гераіня з кошыкам стаіць побач, збіраецца несці піражкі для бабулі.  Непадалёк прагульваецца Калабок, за якім сочыць рыжая ліса. Калі майстар ствараў яго, удзельнікі дэлегацыі з-за мяжы, якая ў той час была ў школе, параілі зрабіць яго квадратным, маючы на ўвазе вядомага ім Губку Боба. Але ж Юрый не стаў адмаўляцца ад блізкай і зразумелай дзецям класікі. Выхаванцы дашкольнага ўзросту, якія ў гэтым годзе ўпершыню пераступілі парог інтэрната, аблюбавалі сямейства дзікіх кабаноў — маму, тату і маленькіх парсючкоў, а таксама сямейства зайцаў.

Не адразу можна заўважыць скульптуру вучонага ката з куфарам, які размясціўся высока на вярбе. Для таго каб падняць яго на дрэва, спатрэбіўся трактар. Каля драўлянага млына спыніўся млынар з мехам мукі на плячах, а каля ўвахода ў медыцынскі блок — скульптура змяі. Прысеў адпачыць паўлін і распусціў свой хвост, зроблены ў выглядзе кветкавай клумбы. Каля варот школы на прыпынку грамадскага транспарту ўсталяваны дзіцячы чаравік-кветачніца. Навучэнцы з радасцю робяць  кветкавае афармленне.

Пра магчымасці якаснай падрыхтоўкі агароднікаў сведчыць смачная агародніна, якая расце на школьных градках. Увасоблена яна і ў бетоне. На выраб капусты, морквы, памідора часу спа­трэбілася нямнога. Каля школьнага агароднінасховішча ляжалі валуны, і мастак проста “апрануў” іх у бетоннае адзенне. Ахоўвае сховішча крылаты цмок. Здаецца, што за цяжкімі металічнымі дзвярыма знаходзіцца ўваход у казачнае падзямелле, куды аднойчы трапіла Аліса з Краіны цудаў. У дзяцін­стве гэта была любімая казка мастака.

43-гадовага Юрыя Плашчынскага спрабавалі пераманіць на работу ў іншыя арганізацыі. Але ён прыкіпеў сэрцам да роднай школы, дзе яго цэняць і паважаюць, даюць свабоду для творчасці. Дырэктар школы Наталля Анатольеўна Дзіроўская запэўніла, што для ўвасаблення ўсіх ідэй мастака на вялікай тэрыторыі школы месца будзе заўсёды.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.