У Крупскай раённай гімназіі актыўна развіваюць профільныя напрамкі ў старшых класах

- 9:00Образование

У Крупскай раённай гімназіі не першы год актыўна развіваюць профільныя напрамкі ў старшых класах. Дапамагчы вызначыцца з прафесіяй — справа няпростая, але ў навучальнай установе склалася свая эфектыўная сістэма. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Ірына Шамашова, спецыфіка прафарыентацыйнай работы ў гімназіі ў тым, што тут працуюць з дзецьмі ўсіх узростаў і па самых розных напрамках, выкарыстоўваючы ўсе даступныя агульнаадукацыйнай установе інструменты. Найперш адштурхоўваюцца ад жаданняў і магчымасцей навучэнцаў, улічваюць меркаванні баць­коў. Цесна супрацоўнічаюць з мясцовымі арганізацыямі і прадпрыемствамі, практыкуюць сустрэчы з выпускнікамі гімназіі, а цяпер студэнтамі, наведваюць дні адкрытых дзвярэй у навучальных установах. У выніку многія выпускнікі гімназіі вяртаюцца працаваць на малую радзіму.

У мінулым навучальным годзе ў гімназіі з’явіўся інжынерны клас (да гэтага рэалізоўваліся педагагічны, агратэхнічны напрамкі), а ў гэтым — медыцынскі. Каб наглядна прадэманстраваць сістэму дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі, нас запрасілі спачатку на заняткі да педагога-псіхолага, а пасля на факуль-
татыў “Уводзіны ў медыцынскую прафесію”.

Як правіла, схільнасці і здольнасці дзіцяці выяўляюцца падчас індывідуальных гутарак, дыягностык, якія праводзіць школьны псіхолаг. Для гэтага гімназічны педагог-псіхолаг Юлія Снопава выкарыстоўвае магчымасці анлайн-платформы “ПрофіТэст”. Нам жа яна прапанавала выканаць практыкаванне на вызначэнне сваіх асобасных якасцей, скласці спісы ўменняў і навыкаў, характаралагічных асаблівасцей, якія дапамагаюць дабівацца поспехаў у нашай прафесіі.

А пасля мы паразважалі, чаму ў свой час спыніліся на журналістыцы, хоць запісаныя намі якасці і ўменні маглі прымя­ніць і ў іншай прафесійнай сферы. Аказалася, што аднаго нашага “магу” (якасцей, уменняў і навыкаў) не заўсёды дастаткова для паспяховага выбару прафесіі. Бо ёсць яшчэ “хачу” (жаданні, амбіцыі) і “трэба” (магчымасці рынку працы, заработная плата). У выніку Юлія Аляксандраўна вывела нас на формулу “Хачу — магу — трэба”, распрацаваную савецкім псіхолагам Я.А.Клімавым. Ідэальнай прафесіяй стане тая, якая будзе цікавай і прыдатнай для нас, а таксама карыснай для грамадства.

Сапраўды, шчаслівы той, хто ходзіць на любімую работу. Але каб яе знайсці, іншым разам даводзіцца пераадолець шмат перашкод. Як правіла, тых, якія мы самі будуем на сваім шляху. Канечне, калі ў навучальнай установе працуе добры педагог-псіхолаг, то разабрацца са сваімі “хачу — магу — трэба” будзе значна прасцей. А пры магчымасці рэальнага пераўвасаблення, напрыклад, у таго ж доктара, можна дакладна пераканацца ў сваіх уяўленнях аб прафесіі або адмовіцца ад іх.

Факультатыў “Уводзіны ў медыцынскую прафесію” якраз для гэтага і ствараўся. Нам удалося пабываць на адных з яго заняткаў, на якіх гімназісты вывучалі такое паняцце, як валеалогія. Настаўніца хіміі Алеся Кляшчонак і яе вучні прадэманстравалі цесную сувязь здароўя чалавека і хіміі. Падчас віктарыны прагучала некалькі пытанняў, якія падкрэслівалі наяўнасць хімічных элементаў у арганізме чалавека. Напрыклад, які неметал уваходзіць у склад сульфамідных прэпаратаў, што выкарыстоўваюцца падчас лячэння грыбковых захворванняў для барацьбы са свербам? (Сера.)

Карысць такіх заняткаў відавочная: вывучэнне асноў здаровага ладу жыцця, гігіены, імунітэту, асноў анатоміі, знаёмства з асаблівасцямі медыцынскай рэабілітацыі і набыццё навыкаў аказання першай медыцынскай дапамогі дазволяць не толькі прыме­раць на сябе будучую прафесію, але і пашырыць гарызонты сацыяльна значных ведаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА