У ліцэі № 1 Баранавіч другі год працуюць медыцынскія класы і наладжана супрацоўніцтва з медуніверсітэтам

- 10:15Образование

Медыцынскія класы ў ліцэі № 1 Баранавіч былі адкрыты ў мінулым навучальным годзе. Пра гэта расказала дырэктар установы Вера Вайцяхоўская, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Ліцэй падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам і занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі Баранавіч і Баранавіцкага раёна, — адзначыла Вера Міхайлаўна. — Дагавор з медуніверсітэтам дапамагае ліцэістам даведвацца пра ўсе тонкасці вучобы ў ВНУ і студэнцкага жыцця, а таксама ўзмацняе практыка-арыентаванае навучанне. Наша сумесная дзейнасць у першую чаргу прадугледжвае правядзенне прафарыентацыйнай работы, каб вучні азнаёміліся з прафесіяй урача, атрымалі першыя навыкі ў гэтым накірунку.

У рамках дагавора ліцэісты прымаюць удзел у розных праектах: «Адзін дзень з жыцця студэнтаў», «Кар’ера пачынаецца з адукацыі!», «Дзень медыка» і іншыя. Напярэдадні ўступнай кампаніі 2024 г. ва ўстанове адукацыі прайшоў выязны дзень адкрытых дзвярэй Гродзенскага медуніверсітэта — прафарыентацыйнае мерапрыемства для навучэнцаў хіміка-біялагічнага профілю горада. Студэнты чатырох факультэтаў прыехалі ў госці да баранавіцкіх школьнікаў, якія мараць звязаць сваё жыццё з медыцынай, каб расказаць пра сваю дзейнасць. На інтэрактыўных універсітэцкіх пляцоўках школьнікі пагутарылі са студэнтамі, убачылі дэманстрацыю інструментаў і медыцынскіх маніпуляцый. Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выступаў на мерапрыемстве ў якасці заказчыка кадраў, яго прадстаўнікі нагадалі выпускнікам пра асаблівасці паступлення па мэтавым накіраванні.

Навучэнцы медыцынскіх класаў асвойваюць хімію і біялогію на павышаным узроўні, а таксама факультатывы «Уводзіны ў медыцынскую прафесію» і «Медыцына экстрэмальных сітуацый». З імі працуюць таленавітыя педагогі Тамара Шукала, Яўген Казмерчык, Святлана Андрэева і Анжэла Паспелкіна.

— Будучыя медыкі ездзяць на прафарыентацыйныя экскурсіі ў ГрДМУ, наведваюць лекцыі на лячэбным факультэце, — гаворыць намеснік дырэктара ліцэя па вучэбнай рабоце Настасся Бірукова. Таксама ў ліцэістаў ёсць унікальная магчымасць пабываць у сімуляцыйна-атэстацыйным цэнтры Гродзенскага медуніверсітэта, дзе прадстаўлена 350 адзінак найноўшых сімулятараў з высокім узроўнем рэалістычнасці. Яны дапамагаюць на практыцы адпрацоўваць медыцынскія навыкі: ад элементарных накшталт забору крыві да тых, што патрабуюць найвышэйшага ўзроўню ведаў і майстэрства, такіх як лапараскапічная хірургія і рэанімацыя.

Навучэнцы медыцынскага класа прымаюць удзел ва ўніверсітэцкай алімпіядзе ГрДМУ, пераможцы якой могуць стаць студэнтамі без уступных выпрабаванняў. Дарэчы, сёлета ўсе19 выпускнікоў гэтага кірунку паступілі на медыцынскія і біялагічныя спецыяльнасці.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара