У майго сябра — аўтызм

- 16:55Рознае, Сацыяльны ракурс

Сіламі ўдзельнікаў МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” ў нашай краіне быў створаны інфармацыйны рэсурс autismschool.by, які ўжо стаў папулярным у карыстальнікаў. Акрамя таго, у скарбонцы аб’яднання распрацоўка дзіцячай камп’ютарнай гульні “У майго сябра — аўтызм”, якая ўжо знаходзіцца на стадыі завяршэння. Яна будзе дапамагаць дзецям з аўтызмам і іх звычайным аднагодкам знаходзіць узаемаразуменне паміж сабой, а таксама паспрыяе якасці зносін аўтычных дзяцей з педагогамі і бацькамі.

Для інтэграцыі дзяцей з аўтычнымі расстройствамі і адаптацыі іх ва ўмовах масавай школы ў апошні год зроблена нямала, асабліва ў Мінску. Аднак перашкод на гэтым шляху яшчэ шмат. Прычым большасць з іх існуе толькі таму, што ні педагогі, ні аднагодкі ў поўнай меры не разумеюць асаблівасцей дзяцей з аўтызмам. Часта з вуснаў у вусны вандруюць гісторыі пра іх: нібыта ў гэтых дзяцей няма патрэбы ў сябрах і новых уражаннях, што ў іх бываюць праяўленні беспадстаўных эмоцый, у тым ліку і злосці. Аб усім гэтым паведаміла каардынатар праекта “Аўтызм: проста зразумець” Ірына Дзяргач.
Вопыт краін, якія намнога раней за нас загаварылі аб праблеме аўтызму, сведчыць, што пры належнай увазе з боку педагогаў і паважлівым стаўленні да аўтычных дзяцей яны вырастаюць паўнапраўнымі грамадзянамі сваіх краін. Яны могуць быць адказнымі супрацоўнікамі, валодаць шматлікімі талентамі і здольнасцямі і не менш, чым астатнія людзі, мець патрэбу ў сябрах, любові і ўзаемнасці. Прычым разумець і прымаць іх асаблівасці зусім не складана. Не аўтызм робіць з чалавека інваліда, а неадэкватнае стаўленне грамадства да гэтага дыягназу.

Творчая група праекта “Аўтызм: проста зразумець” складаецца толькі з бацькоў асаблівых дзяцей. У яе ўваходзяць фатографы Дзмітрый Каваленка і Таццяна Цярэхіна, дызайнеры і стваральнікі сайта і гульні Дзмітрый Валошка і Алена Кавалёва, а таксама аўтары ідэі, тэкстаў, сцэнарыя камп’ютарнай гульні Ірына Дзяргач і Вера Жыбуль. Непасрэдныя ўдзельнікі праекта — дзеці з аўтызмам. Пакуль іх 20. Невялікія інтэрв’ю з іх мамамі, якія занатавала Ірына Дзяргач, — унікальны матэрыял, які можа быць улічаны і пры прыняцці дзяржаўных рашэнняў у гэтым кірунку.
Вось асобныя эпізоды з гісторый, расказаных мамамі. Мікіту 19 гадоў. Ён іграе на саксафоне, выдатна малюе, цікавіцца геаграфіяй і гісторыяй, любіць падарожнічаць. Перад тым, як адправіцца, напрыклад, з мамай у Кіеў ці Маскву, вывучае ў інтэрнэце карту горада і потым арыентуецца на мясцовасці не горш за карэнных жыхароў. У Мікіты цудоўная памяць. Калі мама выбірала для яго школу, хлопчык амаль не размаўляў, у яго картцы былі пазначаны шматлікія дыягназы: РДА (ранні дзіцячы аўтызм), затрымка маўленчага развіцця, парушэнне ўвагі і інтэлекту і гіперактыўнасць. Першы клас Мікіта заканчваў дома, потым вучыўся ў невялікай школе з інтэграванымі класамі. Зараз ён працуе кур’ерам.

Паўлу 13 гадоў. Ён скончыў 7 клас школы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Захапляецца канструяваннем і музыкай, іграе з ліста творы на фартэпіяна за 2-3 клас музычнай школы. У свой час Павел выйшаў з сада з такімі рэкамендацыямі, што мог не патрапіць нават у дапаможную школу, калі б не прыклалі старанне бацькі. Таму што дзеці, якія не размаўляюць і маюць інтэлектуальныя і паводзінскія праблемы, звычайна вучацца на базе ЦКРНіР. Апошнія ж па ліку тэсты паказалі высокі інтэлект Паўла.
Гэтыя дзве гісторыі аб таямнічым і вялікім патэнцыяле аўтычных дзяцей, які немагчыма “разгледзець”, карыстаючыся толькі традыцыйнымі метадамі дыягностыкі.
У васьмігадовага Косціка сіндром Аспергера. Ён скончыў 2 клас агульнаадукацыйнай школы. У хлопчыка развіта маўленне, высокі інтэлект. Ён паспеў ужо стаць пераможцам класнай алімпіяды па матэматыцы, а яго першыя літаратурныя творы надрукаваны ў часопісе. Але пры ўсіх поспехах Косця — дзіця з аўтычным расстройствам, і ў школе яго суправаджае мама. Магчыма, праз некаторы час яго чакае надомнае навучанне, таму што спецыяльнасці цьютара (або таго, хто суправаджае дзіця з аўтызмам) у кваліфікацыйным даведніку да гэтага часу няма. Але надомнае навучанне ў многім пазбаўляе дзяцей з аўтызмам шансаў на сацыялізацыю. Бацькі Косці спадзяюцца, што поспехі ў навучанні іх сына і іншых аўтычных дзяцей паскораць увядзенне пасады цьютараў у школах Беларусі. Дарэчы, дзеці з сіндромам Аспергера валодаюць, як правіла, выдатнымі здольнасцямі. Але калі школа ад іх адвернецца, то гэтым здольнасцям ні дзеці, ні іх бацькі не знойдуць належнага прымянення.

Васьмігадовы Арцём 1 клас скончыў у дапаможнай школе другога аддзялення. “У школе мы сутыкнуліся з мноствам праблем, — расказала яго мама. — Тут было і неразуменне дзіцяці настаўнікам, і абыякавасць іншага персаналу. Карэкцыйныя заняткі з лагапедам і псіхолагам не праводзіліся, школьная праграма, па якой вучылі сына, пакідала жадаць лепшага. Мы не гатовы былі да гэтага. Восенню Арцём пойдзе другі раз у 1 клас, ужо ў агульнаадукацыйнай школе. Мы, бацькі, вельмі за яго рады”.
У ходзе работы над праектам Ірына Дзяргач не сустрэла ні адной сям’і, якую задавальняла б дапаможная школа. І перш за ўсё таму, што яна не ўлічвае іскрынкі таленту, ігнаруе “астраўкі паспяховасці”, якія ёсць у большасці дзяцей з аўтызмам, — тыя віды дзейнасці або галіны ведаў, якія ім цікавыя і даюцца лёгка. Разлічаная на дзяцей з разумовай адсталасцю, праграма нівеліруе гэтую паспяховасць.
У Соф’і (4,5 года) сіндром Аспергера. Яна разумніца і прыгажуня, дачка маладой адукаванай жанчыны таксама з сіндромам Аспергера, якая паспяхова працуе ў IT-сферы. “Заўсёды жыла з непрыемным пачуццём з-за таго, што не магу, як усе, мець зносіны, весяліцца, — напісала мама Соф’і. — Я была дзіўнай. А колькі разоў мяне прасілі стаць нармальнай! “Устань і паглядзі мне ў вочы, — патрабавала мая першая настаўніца, — чаму ты не можаш гэтага зрабіць?” Ведаў бы хто, як мне хацелася наблізіцца да гэтай таямнічай “нармальнасці”!

У галоўнага героя камп’ютарнай гульні “У майго сябра — аўтызм” Сашы — аўтызм. Ён успрымае свет вакол сябе не так, як усе. Каб паспяхова адолець гульню, трэба настроіцца на Сашавы сенсорныя асаблівасці і наладзіць зносіны з ім. У жыцці таксама так: грамадства, якое знаходзіць агульную мову з людзьмі, якія вылучаюцца са звычайнай масы, выйграе. Гульня прызначана для дзяцей і дарослых, якія хочуць атрымаць пачатковыя веды аб кантактаванні з дзецьмі з аўтызмам. Яна пакуль у распрацоўцы, гатовы толькі асобныя эпізоды. Знайсці яе можна будзе на сайце autismschool.by.

Надзея ЦЕРАХАВА.