Віктарына “Марафон бяспекі” дае станоўчыя вынікі. Аб гэтым заявіў міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка ў час цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў віктарыны “Марафон бяспекі”, якая праводзіцца на старонках газеты “7 дней”.
“Любыя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне бяспекі, а таксама разуменне таго, да чаго прыводзіць бесклапотнасць і нядбайнасць, — карысныя. Удзел у гэтай віктарыне дае станоўчыя вынікі. Тыя, хто ўдзельнічаў у віктарыне, падрыхтаваны ўжо і ведаюць, як выйсці з той ці іншай сітуацыі або не трапіць у яе. Цяпер мы ідзём крыху далей: сумесна з Міністэрствам адукацыі ствараем адукацыйныя цэнтры. Мы пастараемся ўсё больш і больш людзей далучаць да нашай справы. Я ўдзячны, што людзі актыўна ўдзельнічаюць у такіх мерапрыемствах”, — адзначыў кіраўнік МНС.
Начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная адзначыла, што ў цяперашняй віктарыне прынялі ўдзел дзеці, маладыя людзі, пенсіянеры і нават цэлыя сем’і. “Прыемна, што сярод пераможцаў і фіналістаў ёсць і педагогі. Можна быць упэўненымі, што гэтыя людзі на сваім месцы і правільна падаюць інфармацыю нашым дзецям”, — лічыць яна.
На працягу двух месяцаў чытачы газеты “7 дней” маглі ацаніць і папоўніць свае веды ў галіне культуры бяспекі жыццядзейнасці. За час правядзення праекта паступіла больш за 150 пісем з усіх куткоў Беларусі ад школьнікаў і студэнтаў, рабочых і служачых, ваенных і настаўнікаў, пенсіянераў і жанчын, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, супрацоўнікаў пошты і працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Віктарына праводзілася ў мэтах прапаганды і папулярызацыі здаровага і бяспечнага ладу жыцця, актывізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу, праяўлення сацыяльнай актыўнасці насельніцтва, папярэджання надзвычайных сітуацый і фарміравання ў грамадзян навыкаў эфектыўнага рэагавання ў выпадку іх узнікнення, папулярызацыі культуры бяспекі жыццядзейнасці сярод насельніцтва, накіраванай на зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый і пажараў.
Дыплом І ступені журы аднагалосна прысудзіла Святлане Палупанавай з Салігорскага раёна. Дыплом ІІ ступені ў Кацярыны Сцяцко з аграгарадка Пятрышкі Мінскага раёна, 3-е месца заняла Святлана Фёдарава з Верхнядзвінска.
Арганізатарамі віктарыны выступілі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства адукацыі сумесна з БелТА, рэдакцыяй газеты “7 дней”, Беларускім добраахвотным пажарным таварыствам і Навукова-даследчым інстытутам пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый.