У мінскім палацы дзяцей і моладзі 5 чэрвеня стартуе аздараўленчы лагер «Чабарок»

- 9:46Новости

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі 5 чэрвеня стартуе аздараўленчы лагер “Чабарок”. Як расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар установы Надзея Вялікая, гэта адзін з самых запатрабаваных праектаў палаца сярод дзяцей і іх бацькоў.

На працягу толькі першай 18-дзённай змены ў “Чабарку” адпачнуць 260 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны стануць удзельнікамі масавых мерапрыемстваў, конкурсаў, турніраў, адправяцца ў турыстычныя паездкі. У прыватнасці, плануецца паездка на “Лінію Сталіна”, у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Дудуткі, заапарк, дэльфінарый, тэатры і інш. Другая змена адкрыецца 4 ліпеня.

18-дзённы профільны лагер “Абаронца Айчыны” наведаюць 30 хлопчыкаў і дзяўчынак з мемарыяльнага атрада Паста № 1 Мінска. Яны не толькі змогуць атрымаць новыя веды па гісторыі Беларусі, але і працягнуць несці Вахту Памяці ля Вечнага агню ў памятныя для Беларусі дні — 22 чэрвеня і 3 ліпеня.

Акрамя таго, адкрыюцца летнія школы па розных кірунках, у тым ліку па робататэхніцы, архітэктурным дызайне, журналістыцы, выяўленчым мастацтве і інш.

Напрыклад, цікавы праект чакае захопленых навукай школьнікаў. Будучыя васьмі- і дзевяцікласнікі з 5 па 16 чэрвеня змогуць паглыбіцца ў свет даследаванняў падчас летняй школы “Першыя крокі ў навуку — 2023”, якая будзе працаваць на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

“У яе межах падлеткі з усяго горада і нават Мінскага раёна наведаюць адукацыйныя семінары па арганізацыі навуковага даследавання, правядуць сваё невялікае даследаванне і выступяць з яго прэзентацыяй на заключнай канферэнцыі, сустрэнуцца з навуковымі супрацоўнікамі Акадэміі навук, пазнаёмяцца з кіраўнікамі гурткоў, пры жаданні запішуцца да іх на заняткі ў новым навучальным годзе. Яшчэ дзеці завітаюць з экскурсіямі ў лабараторыі розных інстытутаў Акадэміі навук, наведаюць археалагічны музей Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Цэнтральную навуковую бібліятэку НАН Беларусі, выставу дасягненняў вучоных, экалагічную сцежку і інш. Сёлета запланаваны і прафарыентацыйныя сустрэчы ва ўніверсітэтах Мінска, у прыватнасці ў БДУІР, БДПУ, БДУ”, — расказала Роза Курыловіч, загадчыца сектара развіцця пазнавальных ініцыятыў.

Летам у палацы будуць працаваць рэсурсны цэнтр “Бяспечнае дзяцінства”, цэнтр псіхолага-педагагічнай дапамогі. Аматараў двухколавага транспарту аб’яднае пазнавальная праграма “Вялікае падарожжа юнага веласіпедыста”. Пройдуць тэматычныя праграмы ў Мінскім планетарыі, а ў парку Горкага пройдзе мала­дзёжны інтэнсіў “SMART-лідар”.

Натхніцца на лета і адпачынак у палацы можна было ўжо ў мінулую суботу падчас першага канцэрта ў межах праекта “Сёмы рэгіён”. Гэта музычныя вечары пад адкрытым небам для ўсіх мінчан, якія захапляюцца джазавай, аркестравай, класічнай музыкай і інш. Афіцыйна ж старт усім летнім падзеям тут дасць маштабнае свята дзяцінства “Я і ты” 1 чэрвеня.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА