У Мінску адкрыўся інклюзіўны спартыўны клуб

- 8:58Спецыяльная адукацыя

У студзені 2017 года ў Мінску адкрыўся інклюзіўны спартыўны клуб “Крылы анёлаў” для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. На яго трэніроўкі прыходзяць бацькі разам з дзецьмі з інваліднасцю рознай ступені цяжкасці. Заняткамі кіруе трэнер, ён арганізоўвае лёгкаатлетычную падрыхтоўку групы, навучанне бегу. Дзеці з ДЦП займаюцца ў спецыяльных бегавых калясках. Ім дапамагаюць бацькі або спартыўныя валанцёры. Ініцыятарам і арганізатарам клуба выступіла дабрачынная сацыяльна-спартыўная ўстанова “Каманда “Крылы анёлаў”.

“У стваральнікаў клуба ёсць унікальны для нашай краіны вопыт арганізацыі бегу з дзецьмі, якія маюць цяжкія дыягназы, у якіх 3—4 ступень страты здароўя, — паведаміла кіраўнік праекта мама падлетка з аўтызмам Ірына Дзяргач. — Спецыялісты звычайна не рэкамендуюць такім дзецям займацца фізкультурай і спортам. Іх бацькі часта вымушаны сядзець дома ў чатырох сценах і самі не могуць знайсці час для падтрымання ўласнага здароўя, для заняткаў спортам, для зносін і г.д. Першыя заняткі ў нашым клубе пацвердзілі яго неабходнасць і запатрабаванасць. За мінулы год вакол каманды “Крылы анёлаў” сфарміраваўся бацькоўскі актыў дзяцей з інваліднасцю, узровень фізічнай падрыхтоўкі якіх за гэты час сур’ёзна павысіўся. Не маючы раней уласных спартыўных дасягненняў, бацькі пачалі займаць прызавыя месцы на міжнародных марафонах. А самае галоўнае — яны перасталі адчуваць сябе лішнімі ў грамадстве: спорт вярнуў іх да актыўнага жыцця. У клубе працуюць спартыўныя валанцёры. А ў пачатку лютага прыйдуць на практыку першыя валанцёры-студэнты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры — будучыя спецыялісты ў сферы адаптыўнай фізкультуры”.

“Што азначае незвычайныя назва клуба? “Анёлы” ў нашым разуменні — гэта дзеці, якія самі не могуць перамяшчацца, таму ім патрэбны “крылы” — людзі, якія будуць дапамагаць ім ісці наперад, — гаворыць дырэктар дабрачыннай сацыяльна-спартыўнай установы “Каманда “Крылы анёлаў” бацька дзяўчынкі з ДЦП Дзмітрый Цімашкоў. — Спорт для нашых дзяцей не проста забава ці альтэрнатыва сядзенню дома, а перш за ўсё рэабілітацыя, зносіны з людзьмі, станоўчая матывацыя да перамен. Цяжка навучыць дзіця новаму, калі яно не разумее, навошта яму гэта. Займаючыся разам з бацькамі і іншымі людзьмі спортам, дзеці бачаць добры прыклад. Дзейнасць клуба — толькі частка ініцыятыў каманды па папулярызацыі інклюзіўнага спорту, у прыватнасці, бегу ў калясцы. У мінулым годзе многія жыхары і госці сталіцы маглі ўбачыць нашых аматараў бегу разам з дзецьмі ў спартыўных калясках. Мы выступалі на мерапрыемствах розных узроўняў — ад клубных прабежак да міжнародных марафонаў.

У нас ёсць вопыт удзелу як у паўмарафонах, так і ў марафонах працягласцю да 42 кіламетраў. Зразумела, каб пераадолець такую дыстанцыю, неабходна сур’ёзная спартыўная падрыхтоўка. Дзіця з інваліднасцю, якое дарослы падчас бегу коціць у калясцы перад сабою, — гэта не проста пасажыр. Яно адчувае сур’ёзную фізічную нагрузку, а таксама ўсё, што адбываецца навокал: і няроўнасці паверхні, па якой едзе каляска, і неспрыяльныя ўмовы надвор’я, і г.д. Тым не менш пераадоленне выпрабаванняў станоўча ўплывае на фізічны і псіхалагічны стан дзіцяці і, канечне, дарослых бегуноў, якія яго суправаджаюць”.

У 2017 годзе прадстаўнікі клуба плануюць паўдзельнічаць у самых прэстыжных беларускіх і еўрапейскіх спаборніцтвах, выступіць арганізатарамі некалькіх прыкметных падзейных мерапрыемстваў, у тым ліку штогадовага інклюзіўнага прабегу “Крылы анёлаў”. Ужо ў лютым наша каманда прыме ўдзел у міжнародным марафоне ў Севільі (Іспанія).

Нагадаем, што зараз для ўдзельнікаў інклюзіўнага клуба праходзяць бясплатныя заняткі двойчы на тыдзень, з 19.30 да 21 гадзіны ў лёгкаатлетычным манежы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, што на вуліцы Каліноўскага, 111. Запісацца на трэніроўкі можна праз супольнасць спартклуба ў сетцы Фэйсбук https://www.facebook.com/groups/wingsangelsclub/, у якую ўваходзіць ужо амаль 100 чалавек.

Надзея ЦЕРАХАВА.