Сямейны інклюзіў-тэатр “i” (CITi-тэатр) у сціслыя тэрміны завяршыў падрыхтоўку прэм’ернага спектакля, у якім разам з прафесійнымі акцёрамі іграюць дзеці з аўтызмам. Музычны дэтэктыў на беларускай мове “Флейта-чарадзейка” гледачы змогуць убачыць 3 чэрвеня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Арганізатарамі тэатра выступілі МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і кампанія Velcom.
“Ідэя стварыць інклюзіўны тэатр з’явілася каля двух гадоў назад, — прызналася дырэктар МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” Таццяна Якаўлева, — але ў той час грамадства не было ў поўнай меры падрыхтавана да гэтага. Сёння ўсё атрымалася. Сумеснымі намаганнямі неабыякавых людзей і арганізацый мы стварылі платформу, якая дасць магчымасць не толькі рэалізаваць творчы патэнцыял дзяцей з аўтызмам, але і змяніць стаўленне беларусаў да праблемы аўтызму. За мяжой да такіх людзей адносяцца як да звычайных, для іх адчынены ўсе дзверы. Спадзяюся, што тое ж самае рана ці позна адбудзецца і ў Беларусі, што мы ніколі не будзем дзяліць дзяцей на асаблівых і звычайных, бо ўсе яны — нашы дзеці”.
Асноўная місія тэатра — распаўсюджваць у нашай краіне ідэю грамадства роўных магчымасцей. Арганізатары праекта ў першую чаргу звяртаюць увагу на праблему дзіцячага аўтызму.
Першы спектакль новага тэатра пастаўлены ў жанры мюзікла. П’еса поўная дэтэктыўных загадак і алегорый, а таму будзе цікавай як дзецям, так і дарослым. У аснове сюжэта — прыгоды дваіх дзяцей, якія прыехалі да дзядзькі ў вёску і апынуліся ў казачным сусвеце. Каб выратаваць лес і аднавіць натуральны цыкл прыроды, персанажы адпраўляюцца на пошукі чароўнай флейты. Паколькі рэальны і выдуманы свет цесна звязаны, падарожжы дзяцей прыводзяць да нечаканых наступстваў.
Рэпетыцыі музычнага дэтэктыва праводзіліся на працягу двух месяцаў. У спектаклі задзейнічаны 32 дзіцяці, у тым ліку дзеці з аўтызмам, і чацвёра дарослых, але заўважыць незвычайных акцёраў, якія гарманічна ўліліся ў сцэнічныя дзеянні, гледачы не змогуць. Дзякуючы ўнікальнай камандзе спецыялістаў, у інклюзіўным тэатры ствараюцца ўмовы, пры якіх аднолькава камфортна кожнаму ўдзельніку. Дзяцей з аўтызмам суправаджаюць спецыялісты паводзінскага аналізу, яны пры неабходнасці карэкціруюць іх дзеянні.
“Творчая група імкнулася паспець прадставіць спектакль сямейнага інклюзіў-тэатра “i” да Міжнароднага дня абароны дзяцей, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Вячаслаў Смірноў. — Кампанія Velcom падтрымала гэты праект. Гэта далёка не першы праект, накіраваны на фарміраванне ў Беларусі інклюзіўнага грамадства. Раней у Мінску праходзіў масавы забег у падтрымку дзяцей з аўтызмам, a Velcom упершыню ў краіне арганізаваў акцыю Light It Up Blue з уключэннем сіняй падсветкі на фасадах вядомых аб’ектаў сталіцы. Акрамя таго, пры нашай падтрымцы быў распрацаваны “Камунікатар ДАР” — мабільны дадатак, які спрашчае зносіны людзей з аўтызмам. Да Міжнароднага дня абароны дзяцей наша кампанія падрыхтавала шэраг іншых дабрачынных мерапрыемстваў. Так, у мінулыя выхадныя прайшла акцыя “Velcom бягом”, якая заклікала беларусаў выйсці на прабежку, зафіксаваць з дапамогай смартфона пераадолены кіламетраж і выкласці вынікі ў сацыяльныя сеткі. Удзельнікам прабежкі за кожны кіламетр кампанія налічвала па 20 тысяч рублёў. Грошы былі накіраваны ў Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў. А ў Магілёўскай вобласці ў рамках праекта “Я бачу” на гэтым тыдні будзе дзейнічаць мабільная афтальмалагічная лабараторыя, і дзеці з аддаленых рэгіёнаў змогуць праверыць свой зрок”.
Праект стварэння інклюзіўнага тэатра з’яўляецца міжнародным: яму дапамагаюць беларускія і замежныя артысты, драматургі, мадэльеры і музыканты. Пастаноўшчыкам спектакля “Флейта-чарадзейка” выступіў вядомы рэжысёр Ігар Сідорчык. Асноўную сцэнаграфію і дэкарацыі ствараў Веньямін Маршак, а ў распрацоўцы касцюмаў удзельнічаў куцюр’е Янж Нядвецкі, упрыгажэннямі якога карыстаюцца Джоні Дэп і Патрыцыя Каас. Прадзюсарам спектакля выступіў заснавальнік Альтэрнатыўнага тэатра Леанід Дзінерштэйн, а мастацкім кіраўніком — артыстка балета і рэжысёр Ірына Пушкарова. Кампазітарам і аўтарам лібрэта стала Марыя Дземянкова, а аўтарам тэкстаў — Вольга Залеская.
“Праект інклюзіўнага тэатра стаў магчымым дзякуючы аб’яднанню творчых намаганняў самых розных людзей. Каля 100 чалавек у той ці іншай ступені ўнеслі свой уклад у стварэнне тэатра, — распавядае мастацкі кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра “i”, артыстка балета і рэжысёр Ірына Пушкарова. — Падрыхтоўка першага спектакля пачалася ў студзені бягучага года. Дзеці разам з дарослымі ўдзельнічалі ў рабоце творчых майстэрняў, падчас якіх вопытныя драматургі, акцёры, сцэнарысты і дэкаратары дзяліліся з імі вопытам”.
Стварэнне ў Беларусі інклюзіўнага тэатра падтрымалі ў ЮНІСЕФ. “Дзеці з асаблівасцямі развіцця, такімі як расстройства аўтыстычнага спектра, маюць магчымасць весці паўнацэннае жыццё, — адзначыў каардынатар па пытаннях партнёрства фонду ЮНІСЕФ у Беларусі Ягор Новікаў. — Але, валодаючы роўнымі правамі, яны сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі на сваім шляху — фізічнымі і сацыяльнымі. Наша грамадства павінна быць інклюзіўным. Усе дзеці з’яўляюцца раўнапраўнымі і паўнацэннымі членамі грамадства. Пры гэтым кожнае дзіця — гэта асоба, у кожнага ёсць свае здольнасці, магчымасці і патрэбы”.
Першая пастаноўка сямейнага інклюзіў-тэатра “i” пройдзе 3 чэрвеня ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Кошт квіткоў на большасць месцаў складае ад 50 да 100 тысяч рублёў. Арганізатары заклікаюць гледачоў прыходзіць на спектакль разам з дзецьмі, каб у зале панавала шчырая і нязмушаная атмасфера.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Марыі ШАЎЧЭНКА.