У Мінску праходзіць мабільная фотавыстава «Цуды здараюцца»

- 11:08Репортаж

У сталіцы адбылося ўрачыстае адкрыццё мабільнай фотавыставы “Цуды здараюцца”. Мэта фотапраекта — сацыяльна-псіхалагічная падтрымка замяшчальных сем’яў, папулярызацыя сярод насельніцтва ідэі ўладкавання ў сем’і дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у тым ліку тых, хто мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

Удзел у фотасесіях прынялі 13 замяшчальных сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з кожнага рэгіёна краіны. Сем’і адбіраліся ў супрацоўніцтве з галоўнымі ўпраўленнямі па адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў, камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Напрыклад, у прыёмнай сям’і Андрэя і Кацярыны Згіроўскіх з Пухавіцкага раёна выхоўваюцца трое дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Віктар і Аліна з’явіліся ў сям’і ў 2017 годзе, Дзіяна — праз тры гады. Дапамагаюць у выхаванні дзяцей медыцынская адукацыя Кацярыны Станіславаўны і яе вопыт работы ў спецыяльнай школе-інтэрнаце.

У дзіцячым доме сямейнага тыпу Ірыны і Івана Жуковіч з Мінска 8 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Трое дзяцей — Яўгеній, Віктар і Віталія — з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Нягледзячы на гэта, муж і жонка спрабуюць разгледзець у кожным дзіцяці добрыя якасці і таленты, раск­рыць іх. Яўгеній наведвае трэнажорную залу з элементамі варкаўта, Віктар — камп’ютарны і лялечны гурткі, гурток “Развівайка”. А яшчэ хлопчыкі спяваюць у царкоўным хоры. Віталія вучыцца ігры на акардэоне.

Праглядаючы партал dadomu.by, Ірына Юркавец з горада Жлобіна звярнула ўвагу на двухмесячную дзяўчынку. У яе быў асаблівы позірк — позірк сонечнага дзіцяці. Гэта не напалохала Ірыну Віктараўну і яе мужа Уладзіміра Іванавіча, не змяніла ўпэўненае рашэнне дапамагчы дзіцяці. Так у сям’і з’явілася сонечная Мілана. Дзяўчынку ўдачарылі.

Арганізатарам сацыяльнага праекта з’яўляецца Нацыянальны цэнтр усынаўлення пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міжнароднай грамадскай арганізацыі “SOS — Дзіцячыя вёскі”, рэдакцыі газеты “Домой!” рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”.

Праз некаторы час Ірына Віктараўна, зноў вывучаючы партал, убачыла трохгадовую выхаванку дома дзіцяці з такім жа дыягназам, як у Міланы. Па волі лёсу падчас знаёмства з Кацяй жанчына даведалася, што ў гэтай жа ўстанове знаходзіцца шасцімесячная Софія, якой пастаўлены аналагічны дыягназ. Узяўшы на рукі Софію, Ірына Віктараўна зразумела, што не зможа пакінуць яе ў доме дзіцяці. Так у адзін момант было прынята рашэнне змяніць лёс яшчэ дзвюх дзяўчынак і прыняць Кацярыну і Софію ў сям’ю. Праз некаторы час муж і жонка вырашылі іх удачарыць.

Сёння Ірына і Уладзімір Юркавец — шчаслівыя бацькі трох дзяўчынак з аднолькава складаным дыягназам. Акрамя таго, яшчэ 4 дзяцей у сям’і знаходзяцца пад апекай Ірыны Віктараўны і Уладзіміра Іванавіча. А ўсяго з 2013 года больш за 15 дзяцей адчулі шчасце жыць у гэтай цудоўнай сям’і.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Таццяна Бялевіч падчас адкрыцця выставы адзначыла: “Усе гэтыя цудоўныя людзі, якія выхоўваюць дзяцей з нялёгкім лёсам, маюць поўнае права, каб іх ведалі, імі ганарыліся і захапляліся, каб на іх раўняліся. Галоўная наша задача — праз гэтую мабільную фотавыставу паказаць
шырыню душы гэтых людзей, іх лад жыцця, расказаць іх гісторыі. Магчыма, тыя, хто на іх паглядзіць, рана ці позна адчуюць у сабе сілы, магчымасці і рэсурсы таксама зрабіць нешта карыснае для дзяцей, якія патрабу­юць асаблівай увагі”.

Кожны наведвальнік выставы можа паглядзець фатаграфіі сем’яў, пачытаць пра асабістыя гісторыі і традыцыі сем’яў у брашурах, якія размешчаны на стойках, а таксама праз QR-коды ў іх.

Фотавыстава ў сталічным гандлёва-забаўляльным цэнтры Palazzo завершыць работу 25 студзеня, потым яна будзе прадстаўлена ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Вольга БАРТАЛЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА