У мінулым годзе ў валанцёрскім руху Чырвонага Крыжа прынялі ўдзел больш за 15 тыс. чалавек

- 15:00Новости

Лепшых валанцёраў краіны сабраў на рэспубліканскім форуме Беларускі Чырвоны Крыж, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Па словах генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, да дабрачыннай дзейнасці далучаюцца і іншыя арганізацыі — Беларускі саюз жанчын, БРСМ. Ён упэўнены, што валанцёрскі рух павінен аб’ядноўваць усе грамадскія суполкі, таму што гэта вельмі пазітыўны, стваральны напрамак.

Наш час — цяжкі, неспакойны, таму валанцёрства — дадатковы шанс для ўсіх праявіць дабрыню, дапамагчы тым, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу: бежанцам з Украіны, мігрантам на беларуска-польскай мяжы, а таксама тым, хто побач з намі церпіць нястачы, хварэе. Падчас пандэміі кавіду беларускія валанцёры клапаціліся аб пажылых людзях — прыносілі ім прадукты, лекі, дапамагалі з аплатай камунальных паслуг: усяго дапамога была аказана 41 тыс. чалавек.

Большая частка нашых валанцёраў — моладзь ад 18 да 45 гадоў, шмат сярод іх педагогаў, ёсць і пажылыя добраахвотнікі, — расказвае старшыня Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Мікіта Рачылоўскі. — Няма розніцы, якая ў цябе нацыянальнасць, якая скалалася асабістая сітуацыя — усім валанцёры дапамагаюць аднолькава, каб людзі адчувалі сябе камфортна. Гэтага прынцыпу Чырвоны Крыж прытрымліваўся заўсёды, на працягу стагоддзяў.

У мінулым годзе ў валанцёрскім руху Чырвонага Крыжа прынялі ўдзел 15 325 чалавек, і іх колькасць увесь час павялічваецца. Сярод тых, каму яны аказвалі падтрымку, — мігранты з Бліжняга Усходу. Яны атрымлівалі дапамогу ад неабыякавых беларусаў на базе транспартна-лагістычнага цэнтра «Брузгі». 135 дзён дзяжурылі там валанцёры, выдавалі мігрантам прадукты і сродкі гігіены, адзенне, абутак — усяго Чырвоны Крыж сабраў для іх 2657 тон дапамогі.

Падчас масавага прыбыцця ў Беларусь грамадзян з Украіны валанцёры чакалі іх у мабільных пунктах на мяжы. Усяго дапамогу атрымалі 5630 чалавек, з якіх кожны чацвёрты — дзіця.

 

Ніколі не забуду, як мужчына, сталы чалавек, расплакаўся на плячы аднаго з нашых калег, — успамінае валанцёр Вольга Віннікава, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 31 Гомеля.

Яшчэ адзін лепшы валанцёр рэспублікі, Сяргей Лёшык, педагог Брэсцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці, спецыяльна прайшоў навучанне па праграме клоўнатэрапіі. Адзначае, яна вельмі дапамагае дзеткам-бежанцам пераключыцца, забыць пра жахі, якія яны бачылі.

У Брэсце бежанцы размяшчаліся ў нашым абласным інстытуце развіцця адукацыі, было шмат сем’яў з маленькімі дзецьмі, — успамінае ён. — Назаўжды запомню, як дзетак пужалі шарыкі, якія лопаліся… Быць валанцёрам — няпростая справа, але такая патрэбная!

На форуме падвялі вынікі валанцёрскай дзейнасці за два гады, правялі выбары новага саставу Рэспубліканскага валанцёрскага савета, узнагародзілі лепшых. Была прадстаўлена і новая стратэгія развіцця валанцёрства на бліжэйшыя тры гады.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены Беларускім Чырвоным Крыжам