У нагу з часам

- 10:07Людзі адукацыі

Настаўніца англійскай мовы Таццяна Фёдараўна Сталева з сярэдняй школы № 26 Брэста ўпэўнена, што сучасны педагог павінен не столькі ісці ў нагу з часам, колькі апярэджваць яго. Без пастаяннага прафесійнага самаўдасканальвання нельга адпавядаць запытам і перспектывам развіцця грамадства. Толькі ўсебакова развіты, мабільны і творчы настаўнік, не абмежаваны рамкамі класічнага ўрока, можа быць цікавы сённяшнім вучням.

Таццяна Сталева — настаўніца англійскай мовы ў трэцім пакаленні. Выбарам прафесіі яна абавязана бабулі і маці, якія з’яўляліся прыкладам высокага прафесіяналізму ў педагагічнай працы. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Таццяна Фёдараўна працавала ў гімназіі № 2 Брэста і ў адной з сярэдніх школ Балгарыі. З сярэдняй школай № 26 Брэста ў педагога звязаны апошнія 11 гадоў. Т.Ф.Сталевай прыемна працаваць у дружным калектыве на чале з Пятром Сцяпанавічам Герасімуком, якога яна лічыць лідарам-натхняльнікам і эталонам кіраўніка. Ён ахвотна падтрымлівае цікавыя ініцыятывы і заўсёды дапамагае ў працы.

Таццяна Фёдараўна прызнаецца, што ёй цесна ў рамках класічнага ўрока, таму знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Так, настаўніца з’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх праектаў, створаных разам з аддзелам літаратуры на замежных мовах Брэсцкай абласной бібліятэкі імя А.М.Горкага. Т.Ф.Сталева з задавальненнем дапамагае рэалізоўваць загадчыцы гэтага аддзела Т.А.Налобінай цікавыя задумы ў сферы адукацыі. Адна з іх — дабрачынны праект, які прадугледжвае чытанне арыгінальнай дзіцячай літаратуры амерыканскіх і брытанскіх аўтараў.

— Сумеснае чытанне — гэта не проста абмеркаванне зместу прачытаных твораў, а найперш мэтанакіраваная работа над іх стылістыкай, лексікай і граматыкай, — расказвае Таццяна Фёдараўна. — Спачатку ў праекце ўдзельнічалі старшакласнікі з розных гарадскіх школ. Сёння плануем адкрыць групу для малодшых вучняў. На занятках, якія праходзяць па нядзелях, дзеці не толькі чытаюць англамоўныя творы розных жанраў, але і працуюць над цікавымі праектамі з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў на платформе Toon Doo i Strip Generator, ствараюць анлайн-часопісы, кнігі коміксаў, уласныя 3D-анімацыйныя фільмы, агучваюць іх і г.д. Акрамя таго, абласная бібліятэка цесна супрацоўнічае з рэсурсным цэнтрам Пасольства ЗША ў Беларусі з мэтай азнаямлення нашых педагогаў з сучаснымі амерыканскімі адукацыйнымі платформамі. Так, на базе некаторых з іх (MakeyMakey, Little Bits, Maker Bot) у бібліятэцы была арганізавана творчая лабараторыя Maker Space, дзе школьнікі вывучаюць англійскую мову не ізалявана, а ў кантэксце іншых навук — фізікі, хіміі, біялогіі і інфарматыкі.

Апошнім часам Т.Ф.Сталева працуе над актуальнай у еўразійскай адукацыйнай прасторы праблемай інтэграцыі розных відаў дзейнасці пры вывучэнні замежнай мовы ў рамках адзінай метадалогіі, заснаванай на выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій.

— Вывучаць замежную мову, асабліва англійскую, якая з’яўляецца ўніверсальнай мовай зносін, трэба не ізалявана, а ў кантэксце дакладных навук, — падкрэслівае Таццяна Фёдараўна. — Інфармацыйныя тэхналогіі адыгрываюць у гэтым адну з важных ролей. Нягледзячы на сваю безумоўную значнасць у навучанні і выхаванні, настаўнік ужо даўно не з’яўляецца галоўным носьбітам інфармацыі для вучняў. Сённяшні педагог — гэта мадэратар адукацыйнага працэсу. Умелае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій пры вывучэнні замежнай мовы дазваляе дзецям праяўляць актыўнасць і творчасць, а таксама павысіць пазнавальную дзейнасць школьнікаў і іх матывацыю.

Сёння Т.Ф.Сталева распрацоўвае дыдактычныя матэрыялы для дзесяцікласнікаў, якія вывучаюць англійскую мову на павышаным узроўні ці праходзяць профільнае навучанне па хіміі, біялогіі, фізіцы, інфарматыцы і іншых прадметах. Дапаможнік прадугледжвае рэалізацыю падыходу Content and Language Integrative Learning — ажыццяўленне міжпрадметных сувязей на высокім метадычным узроўні. Так, тэма “Навука і адукацыя”, якая вывучаецца ў 10 класе на ўроках англійскай мовы, арганічна спалучаецца з тэмамі па хіміі “Рады актыўнасці металаў” і “Атрыманне алюмінію метадам электролізу з баксітаў”, тэма “Навука і тэхніка” — з тэмай па біялогіі “Будова клеткі”, тэма “Вынаходствы ХХ стагоддзя” — з тэмай па фізіцы “Электрастатыка. Закон Кулона”.

— Навучанне ў такім фармаце дазволіць выпускнікам рэалізаваць сябе не толькі ў рамках філалогіі, але і ў іншых сферах дзейнасці, — гаворыць Таццяна Фёдараўна. — Безумоўна, гэта патрабуе ад настаўніка сур’ёзнай падрыхтоўкі, але я цвёрда пераканана ў перспектыўнасці такога падыходу ў методыцы выкладання замежных моў, бо яго сістэматычнае выкарыстанне паказвае станоўчыя вынікі ў рабоце з высокаматываванымі вучнямі. Так, летась выпускніца школы Вера Богдан атрымала на цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове 100 балаў (адзіны прыклад на Брэстчыне). Акрамя таго, дзеці, якія вучацца па гэтай методыцы, дэманструюць стабільна высокія вынікі і ў алімпіядным руху. А ўвогуле, сакрэт добрага ўрока тоіцца ў якасных ведах, станоўчай энергетыцы настаўніка і задавальненні, якое атрымлівае вучань ад кожнага імгнення зносін з педагогам.

Вопыт Т.Ф.Сталевай надзвычай запатрабаваны. На працягу доўгага часу яна з’яўлялася лектарам Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Таццяна Фёдараўна — кіраўнік раённай школы маладога настаўніка замежнай мовы. Заняткі з маладымі калегамі Т.Ф.Сталева праводзіць у форме вэбінараў, творчых лабараторый і анлайн-канферэнцый. Педагог лічыць, што прафесійныя зносіны з моладдзю вельмі каштоўныя.

На рахунку Таццяны Фёдараўны шмат узнагарод рознага ўзроўню. Адным з важных момантаў у яе прафесійным станаўленні з’яўляецца ўдзел у сёлетнім абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, па выніках якога яна стала лаўрэатам у адпаведнай намінацыі.

— Гэта адкрыла новыя гарызонты і дало сілы рухацца далей, — прызнаецца Т.Ф.Сталева.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.