У напрамку ўрэгулявання крызісу

- 9:01Інфармацыйная гадзіна

Беларусь выконвае свае абяцанні ў рамках рэалізацыі механізма, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у час тэлефоннай размовы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель.

Аб гэтым заявіла прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант у адказ на просьбу праінфармаваць аб сітуацыі на гэты момант і дзеяннях беларускага боку ў напрамку ўрэгулявання крызісу з бежанцамі.

— У развіццё размовы Прэзідэнта Беларусі з канцлерам Германіі я праінфармую аб сітуацыі на гэты момант. На сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 7 тысяч бежанцаў. З іх на граніцы — у так званым стыхійным лагеры — амаль 2 тысячы чалавек. І ад 200 да 500 чалавек, паводле існуючай інфармацыі, таксама знаходзяцца на граніцы, але стыхійна, у іншых пунктах. Гэта бежанцы, якіх палякі спрабавалі выкінуць сілай за межы Польшчы пасля таго, як людзі туды ўжо трапілі, — адзначыла Наталля Эйсмант.

Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі расказала, што ў ходзе першай размовы з канцлерам Германіі Ангелай Меркель механізм, які прапанаваў Прэзідэнт Беларусі, быў наступны:

— Еўрапейскі саюз стварае гуманітарны калідор для 2 тысяч бежанцаў, якія знаходзяцца ў лагеры. Мы бяром на сябе абавязацельства садзейнічаць (наколькі гэта магчыма і пры іх жаданні) астатнім 5 тысячам вярнуцца на радзіму.

І Ангела Меркель, згодна з дамоўленасцямі, будзе весці перагаворы з ЕС, у тым ліку па арганізацыі гуманітарнага калідора ў Германію.

— Як бачыце, нават ужо на сённяшні дзень мы свае абавязацельствы выконваем! Так, на жаль, толькі каля 400 бежанцаў згадзіліся вярнуцца на радзіму. Усяго, калі быць дакладнымі, у самалёце, які вылецеў сёння, — 374 пасажыры, пераважна грамадзяне Ірака, — падкрэсліла Наталля Эйсмант.

Паводле яе слоў, астатнія, тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, прадаўжаюць настойваць на забеспячэнні гуманітарнага калідора ў Заходнюю Еўропу, і перш за ўсё ў Германію.

— Гэта значыць, пакуль яны катэгарычна адмаўляюцца вылецець, але мы будзем над гэтым працаваць. І тым не менш ужо можна гаварыць аб тым, што работа міграцыйных службаў Беларусі сумесна з Міністэрствам замежных спраў дала вынік. Мы выконваем свае абяцанні. Прытым што з боку Еўрасаюза пакуль не выканана ніводнага абавязацельства, — звярнула ўвагу Наталля Эйсмант.

Больш за тое, Еўрасаюз пакуль нават не пачаў перагаворы на ўзроўні экспертаў, аб чым дамовіліся Прэзідэнт Беларусі і канцлер Германіі ў час другой размовы.

— І яшчэ. У сувязі з тым, што ў апошнія двое сутак — прымяніўшы супраць мірных бежанцаў слёзатачывы газ, святлошумавыя гранаты, выкарыстоўваючы ядахімікаты, гербіцыды, пестыцыды і гэтак далей — польскі Урад аб’явіў гэта нейкай “перамогай”, прычым не толькі над Беларуссю, але і над Расіяй (менавіта так падаюцца імі ў СМІ падзеі на беларуска-польскай граніцы — мы ж разумеем, для таго, каб адцягваць увагу ўласнай грамадскасці, польскага народа), Прэзідэнт на нарадзе з міграцыйнымі службамі і іншымі органамі ўлады даручыў максімальна са­дзейнічаць вяртанню бежанцаў на радзіму і выкананню іншых іх пажаданняў. Умова адна — іх жаданне. Сілай выштурхоўваць у Ірак, Сірыю або іншыя краіны мы нікога не будзем, — падкрэсліла Наталля Эйсмант.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.