Падрабязнасці пра навучанне ў інжынерным або спартыўна-педагагічным класе, спасціжэнне робататэхнікі, вывучэнне хіміі ў гарадскім рэсурсным цэнтры, засваенне ПДР у раённым цэнтры бяспекі дарожнага руху карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася падчас візіту ва ўстанову адукацыі.
З гісторыі школы
Сярэдняя школа № 22 імя С.І.Грыцаўца — адна з найстарэйшых устаноў адукацыі Партызанскага раёна Мінска. Яна была адкрыта ў 1949 годзе, а першым яе месцам прапіскі ў пасляваенным Мінску стаў барак на вуліцы Будзённага. Праз 5 гадоў установа адукацыі адзначыла наваселле ў прасторным чатырохпавярховым будынку Трактаразаводскага пасёлка, дзе на ціхіх і ўтульных вулачках суседнічалі ў крокавай даступнасці пошта, дзіцячы сад, школа, пральня, лазня, паліклініка і магазіны. У 70-я гады ля будынка школы з’явіліся дзве новыя прыбудовы і навучэнцаў у яе сценах стала куды больш. У верасні 2020 года школе было прысвоена імя двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Іванавіча Грыцаўца. А ў пачатку гэтага верасня тут з’явіўся музейны куток і бюст у гонар знакамітага ўраджэнца Беларусі.
Сяргей Грыцавец нарадзіўся ў 1909 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Бараўцы, цяпер Баранавіцкі раён. У гады Першай сусветнай вайны сям’я пераехала ў Паўднёвае Заўралле. У 1931 годзе па камсамольскай пуцёўцы паступіў у Арэнбургскую ваенную школу пілотаў. У 1936-м — скончыў Адэскую школу паветранага бою. Служыў інструктарам у Кіравабадскай школе асаблівага прызначэння, дзе рыхтаваў іспанскіх лётчыкаў-рэспубліканцаў. У 1938 годзе прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Быў камандзірам 2-й эскадрыллі, а затым групы знішчальнікаў І-16, выканаў 88 баявых вылетаў і атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. У 1939 годзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на рацэ Халхін-Гол. Камандаваў асаблівай эскадрыллю знішчальнікаў, здзейсніў 138 баявых вылетаў. За збітыя самалёты праціўніка, выратаванне свайго камандзіра маёра Забалуева і праяўлены пры гэтым гераізм удастоены звання Героя Савецкага Саюза другі раз. Загінуў у выніку сутыкнення двух самалётаў у верасні 1939 года на Віцебшчыне. Пахаваны ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна.
Адукацыйны працэс
— За сваю 74-гадовую гісторыю школа перажывала розныя этапы станаўлення і развіцця. У яе сценах фарміраваліся пэўныя традыцыі, назапашваўся каштоўны адукацыйны, выхаваўчы вопыт, — расказвае дырэктар школы Аксана Доўнар. — Пры гэтым ва ўстанове адукацыі актыўна ўкараняюцца сучасныя навацыі. Сёлета ў рамках прафесійнага навучання і пры ўдзеле супрацоўнікаў БДПУ ў школе адкрыўся інжынерны клас. Трэба адзначыць, што ў гісторыі ўстановы падобны вопыт ужо ёсць. Так, у 1990 годзе былі адкрыты ліцэйскія класы інжынернага профілю пры БДПУ, а з 2001 года працавалі класы хіміка-біялагічнага профілю пры МГЭУ імя А.Д.Сахарава. Сёння ж, выбіраючы агульнаадукацыйныя прадметы для навучання на павышаным узроўні, старшакласнікі могуць выбраць інжынерны профіль, а таксама навучанне ў спартыўна-педагагічным класе.
Больш за 15 гадоў у школе акумулюецца багаты вопыт работы з адоранымі навучэнцамі і функцыянуе гарадскі рэсурсны цэнтр па хіміі. Ля вытокаў гэтай дзейнасці стаіць выдатнік адукацыі Лілія Францаўна Казак, настаўніца хіміі, аўтар 60 методык па падрыхтоўцы вучняў у аб’яднанні па інтарэсах “Хімія — практыка”. За сваю педагагічную дзейнасць педагог падрыхтавала не адзін дзясятак пераможцаў гарадскіх і рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі, а таксама пераможцаў міжнародных спаборніцтваў па ўласнай методыцы бесперапыннай падрыхтоўкі высокаматываваных і адораных навучэнцаў.
У рэсурсным цэнтры праходзяць заняткі гарадскога факультатыву для навучэнцаў сталічных школ, дзе задзейнічаны настаўнікі з іншых устаноў адукацыі, студэнты, выкладчыкі ўніверсітэтаў, навукоўцы. А яшчэ — раённы турнір па хіміі і біялогіі “Малыя алімпійскія гульні” сярод навучэнцаў 6—7 класаў.
За апошнія некалькі гадоў значна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база цэнтра, які абсталяваны класамі і лабараторыяй з усім неабходным для правядзення практычных заняткаў, эксперыментаў. Тут сабрана
цэлая бібліятэка метадычнай літаратуры, зборнікаў задач, алімпіядных заданняў, матэрыялаў па падрыхтоўцы да ЦТ, ЦЭ.
На базе школы праходзяць вучэбныя семінары, адкрытыя ўрокі, майстар-класы, круглыя сталы, тэматычныя індывідуальныя кансультацыі не толькі для адораных навучэнцаў з усяго горада, але і для педагогаў-хімікаў. Так, у мінулым навучальным годзе на базе цэнтра арганізаваны 5 метадычных мерапрыемстваў: 3 майстар-класы і 2 кансультацыі для сталічных настаўнікаў у рамках работы гарадскога факультатыву па хіміі. Акрамя таго, на базе РЦ рэгулярна праводзяцца пасяджэнні раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі.
Больш за 10 гадоў ва ўстанове адукацыі вядзецца інтэграванае навучанне, фарміруецца інклюзіўная культура. Сёння ў школе 9 класаў, дзе вучацца 33 дзіцяці з АПФР. У кабінетах створана развіццёвая адукацыйная прастора з выкарыстаннем адаптыўных тэхналогій, дзеці займаюцца па розных адукацыйных праграмах.
Перспектыўны профіль
— З’яўленню ў гэтым годзе інжынернага класа, дзе старшакласнікі на павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку, а таксама наведваюць прафарыентацыйны факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” папярэднічала адкрыццё годам раней STEM-цэнтра, які абсталяваны рознымі наборамі робататэхнічнага абсталявання “РОББО”. Дзякуючы рабоце цэнтра, нашы навучэнцы пачынаючы з 5 класа знаёмяцца з інжынернымі тэхналогіямі і робататэхнікай на факультатывах і ў аб’яднаннях па інтарэсах пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, — расказвае аб развіцці інжынернага напрамку ў школе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Андрэева.
У гэтым навучальным годзе для навучэнцаў 5-х класаў арганізаваны факультатыўныя заняткі “Вывучэнне асноў робататэхнікі” і “Прапедэўтыка асноў алгарытмізацыі і праграмавання ў візуальным асяроддзі праграмавання Scratch”. Для навучэнцаў 6-х класаў адкрыта аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка з “РОББО”, арганізаваны факультатыўныя заняткі “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch”.
Навучэнцы інжынернага класа наведваюць навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік”, лабараторыю “Прамысловыя робаты” факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ.
Выхаваўчая прастора
Атрымаўшы ў спадчыну 11 гадоў назад музей баявой славы 173-й стралковай Аршанскай Чырванасцяжнай дывізіі, які носіць званне “народны”, педагагічны калектыў школы рэгулярна пацвярджае гэтае высокае званне і праводзіць маштабную работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў.
Сёння асноўны фонд музея налічвае 610 музейных прадметаў. Сярод іх больш за 200 лістоў ветэранаў 173-й дывізіі, чырвонаармейскія кніжкі байцоў, іх узнагародныя лісты, камсамольскія білеты, баявыя лісты-маланкі, карты-схемы ваенных дзеянняў, ваенныя каскі, прадметы салдацкага побыту.
Музейныя экспазіцыі расказваюць пра камандзіраў дывізіі, знаёмяць з яе буднямі і баявым шляхам, які пралягаў праз Беларусь, землі Польшчы, Чэхіі, Германіі. Многія экспанаты школьнікі могуць не толькі ўважліва разгледзець пад шклом, але і патрымаць у руках. Адны з найбольш каштоўных і рэдкіх артэфактаў часоў вайны — дзённік старшыны стралковай брыгады Мікалая Ткачэнкі з запісамі з 1941 па 1945 год, асколак, выняты ў байца Серафіма Чукічава пры раненні галавы, салдацкія лісты-трохвугольнікі.
Разам з кіраўніком музея дзеці прымаюць удзел у пошукава-даследчай дзейнасці, працуюць з музейнымі фондамі, дапамагаюць з афармленнем і арганізацыяй выстаў да важных гістарычных дат, займаюцца экскурсійнай работай. Нядаўна па запыце Пасольства Іспаніі ў Беларусі разам з педагогамі школьнікі адшукалі нашчадкаў аднаго з таварышаў па службе С.І.Грыцаўца.
Яшчэ адзін важны напрамак выхаваўчай дзейнасці — работа раённага цэнтра бяспекі дарожнага руху, які быў адкрыты ў 2015 годзе. У гэтым годзе, акрамя падлогавага палатна “Дарога”, на якім прайграваюцца розныя сцэнарыі сюжэтна-ролевых гульняў на веданне правіл ПДР, на сцяне цэнтра з’явіўся велізарны інтэрактыўны стэнд. На ім юныя ўдзельнікі дарожнага руху разбіраюць, працуючы як у групах, так і індывідуальна, розныя сітуацыі на дарозе, вырашаюць складаныя гульнявыя заданні.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара