У падтрымку мясцовых ініцыятыў

- 12:22Спецыяльная адукацыя

Што зроблена ў Бярозаўскім раёне?

У Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці падчас выязнога мерапрыемства былі прадстаўлены мясцовыя ініцыятывы, якія атрымалі падтрымку ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі.

У ходзе паездкі супрацоўнікі прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі, журналісты і педагогі азнаёміліся з дзейнасцю цэнтра псіхалагічнай разгрузкі для людзей пенсійнага ўзросту і людзей з інваліднасцю, наведалі сенсорны пакой, дзе аказваецца дапамога дзецям з інваліднасцю, а таксама рэсурсны цэнтр па робататэхніцы ў Белаазёрску.

Ад цудоўнага — да магчымага

“У 2017 годзе ініцыятыва Бярозаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Стварэнне цэнтра псіхалагічнай разгрузкі для людзей пенсійнага ўзросту і людзей з інваліднасцю” атрымала сваё развіццё і фінансавую падтрымку, — расказала каардынатар ініцыятывы псіхолаг цэнтра Алена Аполька. — У нашай установе пачала дзейнічаць студыя арт-тэрапіі “Ад цудоўнага — да магчымага”, а таксама камп’ютарны клас і кінаклуб для наведвальнікаў цэнтра, а гэта 30 людзей з інваліднасцю ва ўзросце ад 18 да 32 гадоў і 50 пажылых грамадзян. Падчас рэалізацыі праекта быў абноўлены інтэр’ер памяшканняў для заняткаў, набыта неабходнае абсталяванне — светлавыя планшэты, вялікі светлавы стол, ноўтбукі, тэлевізар, мэбля і матэрыялы для мастацкай дзейнасці.

Два разы на тыдзень у нас праходзяць заняткі па выяўленчай і пясочнай тэрапіі, два разы ў месяц ладзіцца пасяджэнне кінаклуба. На пастаяннай аснове арганізоўваюцца заняткі па навучанні камп’ютарнай дасведчанасці, падчас якіх падапечныя цэнтра асвойваюць курс элементарнага карыстальніка. Новыя магчымасці для самарэалізацыі дазваляюць людзям з асаблівымі патрэбамі адчуваць сябе больш запатрабаванымі ў грамадстве, паляпшаюць іх псіхаэмацыянальны настрой”.

Сенсорны пакой для эфектыўнай рэабілітацыі

Мясцовая ініцыятыва “Стварэнне і абсталяванне сенсорнага пакоя для аказання дапамогі дзецям з інваліднасцю Бярозаўскага раёна” рэалізавана ў раённым Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

“Асноўная ідэя, з якой мы выступілі, — абсталяванне сенсорнага пакоя з мэтай стварэння максімальна камфортных умоў для правядзення комплексу карэкцыйна-развіццёвых мерапрыемстваў з дзецьмі з АПФР, — паведаміла дырэктар установы Галіна Жук. — Рэалізоўваючы задуманае, цэнтр наладзіў супрацоўніцтва з Бярозаўскай раённай цэнтральнай бальніцай імя Э.Э.Вяржбіцкага. Пры падтрымцы медыцынскіх работнікаў педагогі распрацавалі спецыяльныя комплексы заняткаў для дзяцей з рознымі парушэннямі ў развіцці, праграмы навучальных лекцый для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі патрэбамі, і праграмы навучальных семінараў для педагогаў, што працуюць у сістэме спецыяльнай адукацыі раёна”.

Настаўнік-дэфектолаг цэнтра Алена Жабрун адзначыла, што сенсорны пакой — дадатковы рэсурс у рабоце спецыялістаў ЦКРНіР. Гэта асаблівым чынам арганізаванае асяроддзе, якое прызначана для аказання комплекснай дапамогі дзецям з АПФР. Яны ўзаемадзейнічаюць з пэўнымі модулямі і стымулятарамі, якія станоўча ўздзейнічаюць на органы слыху, дотыку і вестыбулярныя рэцэптары, актывізуюць маўленчае і пазнавальнае развіццё, спрыяюць больш трываламу замацаванню матэрыялу. Абсталяванне пакоя накіравана на зняцце мышачнага і псіхаэмацыянальнага напружання, на стабілізацыю цэнтральнай нервовай сістэмы, стымуляцыю рухальнай актыўнасці.

У сенсорным пакоі аформлены куткі “Ручаёк”, “Зорны дождж”, фібераптычны астравок, куток зацішку. У карэкцыйнай рабоце з дзецьмі педагогі выкарыстоўваюць рэлаксацыйнае музычнае суправаджэнне, мяккія модулі, пуфы, тактыльныя шарыкі і балансіровачныя дарожкі, тактыльныя панэлі, скрыні і дошчачкі, мяккае пакрыццё падлогі, прыборы, якія ствараюць рассеянае святло, святлогукавы столік для малявання пяском і інш. Напрыклад, фібераптычная тактыльна-акустычная панэль змяшчае навучальныя матэрыялы па тэмах “Жывёлы”, “Насякомыя”, “Агародніна і садавіна” і музычныя інструменты. Пасярэдзіне прыстасавання размешчана чароўная зорачка, зазірнуўшы ў якую можна ўбачыць касмічны сусвет з мноствам яркіх зорачак, мігатлівых, рознакаляровых. Дзеці займаюцца на інтэрактыўнай гукавой панэлі “Адгадай гук, параўнай жывёл”, з гульнявым наборам “Дары Фрэбеля” для развіцця сацыяльных і камунікатыўных уменняў.

Абсталяванне сенсорнага пакоя кожны педагог можа адаптаваць для рэалізацыі задуманых задач, абапіраючыся на ўласную фантазію і крэатыў. Педагогі і бацькі ўжо ацанілі, наколькі паспяховымі могуць стаць іх дзеці ў спецыяльна арганізаваным асяроддзі, адчулі, як проста ў іх атрымліваецца выканаць заданне, калі яно перастае быць працай і ператвараецца ў займальную гульню.

У рэсурсным цэнтры па робататэхніцы

У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Белаазёрска рэалізавана ініцыятыва “Стварэнне рэсурснага цэнтра па робататэхніцы для навучэнцаў”, якая накіравана на фарміраванне ў Бярозаўскім раёне простага і даступнага асяроддзя праграмавання і канструктарскай базы, развіццё ў школьнікаў інжынерных навыкаў і вопыту пра-грамавання.

Як расказала дырэктар установы Наталля Дземянцей, цэнтр аснашчаны сучаснай тэхнікай, адукацыйнымі наборамі LEGO для дзяцей рознага ўзросту і спецыяльнай вучэбнай літаратурай. Тут праходзяць заняткі для навучэнцаў ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, падчас якіх дзеці развіваюць тэхнічныя і моўныя навыкі, творчае мысленне, вучацца вырашаць пастаўленыя задачы і працаваць у калектыве. Для навучэнцаў 1—4 класаў праводзяцца заняткі “LEGO-канструяванне” (педагог Алена Іванаўна Зорка) і “Футурама” (педагог Юлія Віктараўна Каспяровіч) з выкарыстаннем LEGO WeDo, а для навучэнцаў 5—8 класаў — “LEGO-канструяванне” (педагог Віталь Віктаравіч Янушчык) з выкарыстаннем LEGO MINDSTORMS Education EV3.

Навучэнцы аб’яднанняў па LEGO-канструяванні паспяхова выступілі на IV Абласным адкрытым турніры робататэхнікі “РобаФэст”. Каманда малодшых школьнікаў у складзе Арсенія Зоркі, Кірыла Мартысевіча занялі 5-е месца ў спаборніцтве “Канструяванне WeDo”, а каманда старэйшых школьнікаў у складзе Веранікі Філіст, Захара Матусевіча, Яна Янушчыка атрымалі перамогу ў спаборніцтвах “Мабільная робататэхніка LEGO” і ўзнагароджаны дыпломам І ступені. У асабістым заліку ў Веранікі Філіст — дыплом І ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, у Захара Матусевіча — дыплом ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. У Рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі JuniorSkills Belarus у намінацыі “Мабільная робататэхніка” Яна Янушчык і Вераніка Філіст занялі 5-е месца.

Падчас рэалізацыі ініцыятывы па стварэнні рэсурснага цэнтра па робататэхніцы праведзены практычныя заняткі, адукацыйныя лекцыі і майстар-класы па робататэхніцы для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Вучням прапаноўвалася сабраць робатаў з набору LEGO WeDo паводле інструкцыі і запраграмаваць іх, а таксама пазнаёміцца з гатовымі мадэлямі LEGO MINDSTORMS Education EV3. Заняткі спрыялі развіццю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей, уключэнню іх у навукова-даследчую дзейнасць і работу ў сферы тэхналогій і папулярызацыі тэхналагічнай адукацыі ў раёне.

Для педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі таксама прайшоў адукацыйны семінар, дзе яны пазнаёміліся з камплектамі канструктараў LEGO, атрымалі асноўныя навыкі работы ў праграмным асяроддзі, якое існуе для гэтых камплектаў. Педагогі вучыліся працаваць з робататэхнічнымі канструктарамі, асвойвалі ўмовы эфектыўнага і бяспечнага прымянення камп’ютарнай тэхнікі і робататэхнічных канструктараў пры арганізацыі заняткаў.

Для педагогаў і навучэнцаў раёна прайшла экскурсія на ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”, дзе яны ўбачылі тэхналогію вытворчасці малочных прадуктаў і працэс замены ручной працы аўтаматызаванай з дапамогай новага сучаснага абсталявання. Кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Бярозаўскага раёна ў ходзе круглага стала “Сучасныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе” пазнаёміліся з вопытам выкарыстання сучасных методык выкладання робататэхнікі на ўроках у школах і на занятках у сістэме дадатковай адукацыі.

“Сёння грамадства зацікаўлена ў выпускніках, якія імкнуцца да самаразвіцця і самарэалізацыі, з яркімі пазнавальнымі патрэбамі, — адзначыла дырэктар Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Белаазёрска Наталля Дземянцей. — Мы павінны рыхтаваць маладых людзей, якія ўмеюць аперыраваць атрыманымі ведамі, арыентавацца ў сучаснай інфармацыйнай прасторы, прадукцыйна працаваць, эфектыўна супрацоўнічаць, адэкватна ацэньваць сябе і свае дасягненні. Вырашыць гэтую задачу дазволіць укараненне сучасных тэхналогій у адукацыйны працэс”.

* * *

У ходзе знаёмства з мясцовымі ініцыятывамі Бярозаўскага раёна каля Палаца культуры Бярозы прайшла цырымонія адкрыцця чацвёртага сезона фотавыставы “Праекты ў асобах”, якая расказвае пра праекты, рэалізаваныя пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, у такіх кірунках, як зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, адукацыя, турызм, культура, бізнес, інклюзія. У адкрыцці выставы прымаў удзел намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Дзмітрый Зяневіч. За тры папярэднія гады выстава пабывала ў 23 вялікіх і малых гарадах Беларусі, прадставіла 71 праект і 71 асабістую гісторыю.

Па дарозе да Палаца культуры ўдзельнікі паездкі наведалі скульптуру вяртлявай чарацянкі, што распрацавана і ўсталявана ў рамках ініцыятывы “Прыродны сімвал раёна: птушка як каталізатар развіцця экатурызму на Бярозаўшчыне”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.