У памяці — ліпень сорак чацьвёртага

- 0:10Сацыяльны ракурс

Ліпень займае асаблівае месца ў гісторыі нашага народа. У гэтым месяцы ў далёкім 44-м вёска за вёскай, горад за горадам салдаты Чырвонай Арміі вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 1 ліпеня — Барысаў, 2 ліпеня — Смалявічы, 3 ліпеня —  Мінск… І хоць пад уладай акупантаў яшчэ заставалася амаль палова Беларусі, аднак не было сумнення: вызвалена сталіца — будзе вызвалена і ўся краіна.

Напярэдадні свята нярэдка ўзгадваецца знакамітая карціна Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года”. Асабліва яскрава вобразы вядомага яшчэ са школьных падручнікаў твора ўсплываюць у памяці, калі прагульваешся па сталічнай плошчы Свабоды. Менавіта тут, як сцвярджае мастак, адбылася радасная су­стрэча мінчан з савецкімі танкістамі. З таго часу многае змянілася: на месцы руін узведзены новыя дамы, па дарогах праносяцца аўтамабілі, а ва ўтульным скверыку ў цяні дрэў добра адпачыць летнім спякотным днём.

Прыкладна так можна сказаць і пра іншыя куточкі разбуранага падчас вайны Мінска, напрыклад пра плошчу Перамогі. У далёкім 44-м яе таксама “ўпрыгожвалі” руіны. Аднак намаганнямі працавітых гараджан плошча была адноўлена, а дзякуючы велічнаму манументу Перамогі, стала сімвалам мужнасці нашага народа, яго барацьбы за незалежнасць. На чатырох гранях пастамента размешчаны гарэльефы “9 мая1945 г.”, “Слава загінуўшым героям”, “Савецкая армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Партызаны Беларусі”, а пад манументам у падземным пераходзе знаходзіцца мемарыяльная зала ў гонар Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі падчас вызвалення Беларусі. Менавіта плошча Перамогі з’яўляецца адным з тых месцаў сталіцы, дзе напярэдадні памятных для нашага народа дат (у тым ліку і 3 ліпеня) педагогі і навучэнцы горада сустракаюцца з ветэранамі, ускладваюць кветкі ў памяць пра герояў.

Для настаўнікаў і вучняў гімназіі № 11 Мінска Дзень Незалежнасці з’яўляецца асаблівай датай. Справа ў тым, што на працягу многіх гадоў ва ўстанове адукацыі дзейнічае народны музей “Вызваленне Беларусі”, шматлікія экспанаты якога вяртаюць нас у ліпень 44-га. Пра актыўнасць работы музея сведчыць такі факт: у 2010-м годзе гімназія атрымала грант Мінгарвыканкама на рэалізацыю праекта “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў праз арганізацыю работы народнага музея “Вызваленне Беларусі”.

— Сваю работу музей пачаў яшчэ ў 1966 годзе. Першапачаткова ён быў прысвечаны толькі дзейнасці мінскага падполля. Паступова экспазіцыя пашыралася. Афіцыйна адкрыццё абноўленага музея адбылося 23 лютага 1975 года. Першым кіраўніком стаў дырэктар школы Сінкевіч, старшынёй савета музея — Кіршук. Вялікая роля ў стварэнні экспазіцыі нале­жыць даследчыкам гісторыі мінскага падполля Мазаніку, Грыцу, Гурло, Осіпавай, родным Кедышкі і Казінца. Дарэчы, Героям Савецкага Саюза, як і камандуючаму 3-м Беларускім фронтам Чарняхоўскаму, у нашым музеі ўсталяваны бюсты. Назву ж “Вызваленне Беларусі” музей атрымаў у 1992 го­дзе пасля адкрыцця тэматычнай экспазіцыі. Цяпер у фондах налічваецца больш за 2 тысячы экспанатаў, — расказвае вядучы спецыяліст аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Першамайскага раёна сталіцы Аксана Леанідаўна Дземідзюк.

Падчас рэалізацыі праекта вучні 11-й гімназіі паспяхова ўдзельнічалі ў гарадскім літаратурным конкурсе на лепшы твор, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, раённым конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Успомнім іх пайменна”.

— У сістэме выхаваўчай работы гімназіі музею адведзена вялікая роля. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы з нагоды Дня пажылых людзей, Дня памяці Чарняхоўскага, заўсёды цікава праводзяцца ўрокі мужнасці з удзелам ветэранаў вайны і працы, класныя гадзіны і г.д. Актыўная работа ў нас наладжана з ветэранамі, на жаль, у асноўным падчас акцый міласэрнасці, паколькі фізічны стан многіх ветэранаў нашага мікрараёна не дазваляе ім прыходзіць у гімназію, і часцей за ўсё мы сустракаемся з імі на кватэры, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Галіна Аляксандраўна Андрэенка.

Аднак асабліва памятнымі з’яўляюцца сустрэчы ў музейнай зале сярод партрэтаў военачальнікаў, салдат, ваенных дакументаў, рэшткаў зброі, амуніцыі напярэдадні знакавых для краіны дат. Адна з такіх сустрэч праходзіла днямі ў музеі “Вызваленне Беларусі”. Амаль гадзіну выхаванцы летніка, што дзейнічае на базе 11-й гімназіі, захоплена слухалі аповед Івана Яфрэмавіча Дабрадзеева. Напрыканцы размовы вучні нясмела пацікавіліся: “Ці можна па­трымаць вашы ўзнагароды?”. Усхваляваны такой просьбай, 99-гадовы ветэран нават скінуў кіцель і пачаў падрабязна раска­зваць пра кожны медаль і ордэн. “Цяжкаватыя, крыху халодныя і вельмі каштоўныя, яны ж атрыманы падчас вайны”, — падзяліліся ўражаннямі дзеці, якім ужо цяпер на такіх су­стрэчах перадаецца ад старэйшага пакалення памяць пра знакавы для нашай краіны ліпень 44-га.

Хто ведае, можа, праз шмат гадоў цяперашнія гімназісты будуць расказваць сваім дзецям і ўнукам у скверыку на сталічнай плошчы Свабоды або каля манумента Перамогі, як некалі ў 2012-м яны сустракаліся з Іванам Яфрэмавічам, як трымалі ў руках узнагароды, атрыманыя ветэранам у той час, калі вызвалялася Беларусь.

Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by
Фота аўтара.