У паразуменні з вучнямі

- 13:43Людзі адукацыі, Рознае

Добры настаўнік павінен не проста ідэальна валодаць сваім прадметам і бязмежна любіць вучняў. Неабходна яшчэ ўмець прымаць дзяцей такімі, якія яны ёсць, умець знаходзіць паразуменне з імі. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 18 Магілёва Анжэла Міхайлаўна ЭСМІНОВІЧ і гэтым пастулатам кіруецца ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

У педагогіку Анжэла Міхайлаўна прыйшла свядома. Ёй сапраўды хацелася працаваць у школе, быць настаўніцай. У сукупнасці з захапленнем гісторыяй гэтае дзіцячае жаданне прывяло яе на гістарычны факультэт цяперашняга Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

— У якасці маладога спецыяліста па размеркаванні я трапіла ў Чэрыкаў. Пяць гадоў работы ў раённай школе дазволілі набыць пэўны педагагічны вопыт і ўмацавалі маё перакананне ў тым, што выбар прафесіі быў зроблены правільна, — гаворыць Анжэла Міхайлаўна.

Гады выкладання на Чэрыкаўшчыне настаўніца ўспамінае з цеплынёй, аднак сваё прафесійнае станаўленне звязвае з сярэдняй школай № 18 абласнога цэнтра. Гэта не дзіўна, бо спасцігаць таямніцы беларускай і сусветнай гісторыі вучням 18-й школы яна дапамагае на працягу ўжо 23 гадоў. За гэты час былі выпрацаваны ўласныя прыёмы і метады выкладання.

На думку Анжэлы Міхайлаўны, паспяховы ўрок немагчыма пабудаваць без паразумення з дзецьмі, таму да кожнага вучня яна шукае індывідуальны падыход, дапамагае яму раскрыць свой патэнцыял.
— Важна таксама прывіць вучням жаданне вучыцца. На сваіх занятках я не проста выкладаю вучэбны матэрыял, а імкнуся да таго, каб дзеці палюбілі сам працэс пазнання, вучу іх самастойнаму спасціжэнню ведаў, — адзначае Анжэла Міхайлаўна.

Урокі яна стараецца праводзіць у нязмушанай атмасферы, робячы працэс вывучэння гісторыі максімальна цікавым, захапляючы дзяцей настолькі, што яны лёгка запамінаюць неабходны матэрыял, нават не заўважаючы, што вучацца.

Шмат увагі Анжэла Міхайлаўна ўдзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. З дзецьмі, якія праяўляюць інтарэс да гісторыі, настаўніца сустракаецца на факультатывах і індывідуальных занятках. Рыхтуючыся да ўдзелу ў алімпіядах і краязнаўчых конкурсах, сумесна яны дэталёва вывучаюць матэрыял школьнай праграмы, паступова выходзячы за рамкі гэтых ведаў. Такі падыход дае адпаведны вынік. Вучні Анжэлы Міхайлаўны Эсміновіч рэгулярна становяцца прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, рэгіянальных краязнаўчых конкурсаў. Не раз была адзначана і плённая работа самой настаўніцы. Анжэла Міхайлаўна мае ўзнагароды ад мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. Асабістыя дасягненні для яе важныя, але поспехі вучняў — у прыярытэце.

— Моманты, калі вучань пачынае верыць у сябе, свае здольнасці, калі бачыш, як раскрываецца яго талент, — вось галоўнае ў маёй педагагічнай дзейнасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.