У перспектыве — работа па павышэнні якасці адукацыі

- 11:16Планёрка ў рэгіёне, Рознае

“Стварэнне ва ўстановах адукацыі ўмоў для якаснага навучання дзяцей і належнай работы педагогаў заўсёды звязана са стабільным фінансаваннем адукацыйнай сферы. А яно ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці штогод узрастае, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама Алена Станіславаўна Міхайлоўская. — У 2016 годзе з раённага бюджэту аддзелу выдзелена 137 млрд рублёў, што склала 40% бюджэтных сродкаў раёна. Імкнёмся расходаваць гэтую суму эканомна і эфектыўна, адна з умоў такога падыходу — аптымізацыя сеткі адукацыйных устаноў”.

— У 2015/2016 навучальным годзе ў раёне функцыянавалі 47 устаноў. У 2015 годзе была рэарганізавана 1 установа адукацыі і ліквідаваны Капыльскі раённы цэнтр дзіцячага турызму і краязнаўства (яго функцыі перададзены раённаму Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі). Эканомія бюджэтных сродкаў ад аптымізацыі ў 2015 годзе склала 232,8 млн рублёў, — працягвае Алена Станіславаўна. — У 2016 годзе ліквідавана 1 установа дашкольнай адукацыі — Лешнянскі дзіцячы сад (групу наведвалі толькі 5 выхаванцаў), у працэсе рэарганізацыі знаходзяцца яшчэ 4 установы адукацыі. Эканомія бюджэтных сродкаў ад аптымізацыі ў 2016 годзе складзе 406,2 млн рублёў.

— Задача кожнага педагога — арганізаваць адукацыйны працэс так, каб атмасфера ў класе спрыяла ўзнікненню станоўчай матывацыі да навучання. Якія сучасныя формы і метады работы выкарыстоўваюць вашы педагогі? Раскажыце аб падрыхтоўцы высокаматываваных і адораных дзяцей.

— Педагогі Капыльскага раёна выкарыстоўваюць пры правядзенні вучэбных заняткаў інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, тэхналогіі крытычнага мыслення, інтэлект-карт, а таксама работу ў групах, у парах, гульнявыя сітуацыі, праблемнае навучанне. Настаўнікі ўдзельнічаюць у эксперыментальнай дзейнасці, інавацыйных і педагагічных праектах, яны праходзяць курсавую падрыхтоўку, прымаюць удзел у майстар-класах, у інтэрнэт-канферэнцыях, вэбінарах, навукова-практычных канферэнцыях, семінарах і конкурсах рознага ўзроўню. Так, С.І.Сташаніна, дырэктар Бучацінскай сярэдняй школы, на абласным конкурсе “Малады дырэктар” атрымала дыплом ІІІ ступені. Нашы педагогі распрацоўваюць аўтарскія методыкі выкладання. Хацелася б адзначыць методыку І.В.Дубіны, настаўніка-метадыста Грозаўскай сярэдняй школы, па прадмеце “Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца”, а таксама яго дасягненні ў падрыхтоўцы вучняў да прадметнай алімпіяды. Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Капыля Т.У.Мароз падрыхтавала сваю вучаніцу да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ гісторыка-краязнаўчага кірунку “Святыні Беларусі: пакуты і перамогі” (у намінацыі “Мой храм і яго гісторыя” навучэнка атрымала дыплом I ступені за работу “Храм маёй малой радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны”). Арганізатар гэтага конкурсу — Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ.

У раённы банк даных уключана 176 адораных дзяцей, 72 педагогі, якія працуюць творча, і 19 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Каля 370 старшакласнікаў раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе па 15 вучэбных прадметах. У 2015/2016 навучальным годзе ў трэцім (рэспубліканскім) этапе прадметнай алімпіяды ўдзельнічалі 24 школьнікі, якімі было заваявана 10 дыпломаў. У заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ўдзельнічалі 5 школьнікаў. Вынікам сталі тры дыпломы: дыплом І ступені па абслуговай працы навучэнкі 10 класа гімназіі № 1 Капыля імя Н.В.Рамашкі Марыны Нікалаені і два дыпломы ІІІ ступені па геаграфіі навучэнцаў гімназіі Міхаіла Канановіча і Ягора Александровіча. У абласных навукова-даследчых канферэнцыях школьнікамі заваявана 5 дыпломаў. Высокія вынікі прадэманстравалі навучэнцы сярэдняй школы № 2 Капыля і Пясочанскай сярэдняй школы. У абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу навуковых эколага-біялагічных работ у секцыі “Эксперыментальная біялогія” атрыманы тры дыпломы III ступені навучэнцамі гімназіі, сярэдняй школы № 2 і Быстрыцкай сярэдняй школы.

Высокаматываваныя вучні імкнуцца сёння вучыцца ў профільных класах. У 2015/2016 навучальным годзе ў раёне дзейнічалі тры такія класы і 10 профільных груп, якія былі арганізаваны ў 11 установах адукацыі. У іх займалася 97 вучняў, што складае 58,8% ад агульнай колькасці дзесяцікласнікаў у раёне. 91,6% выпускнікоў, якія вывучалі прадметы на павышаным узроўні ў апошнія два гады, паказалі высокі і дастатковы ўзровень навучанасці.

— Якія праблемы непакояць вас сёння як кіраўніка? Раскажыце аб задачах, якія вы для сябе вызначылі.

— Хвалюе павелічэнне колькасці сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У такіх умовах выхоўваюцца 272 дзіцяці, у раёне функцыянуюць 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу для 18 дзяцей, рыхтуецца да адкрыцця трэці. Створаны 33 апякунскія (для 44 дзяцей), 23 прыёмныя сям’і (для 36 дзяцей). За 6 месяцаў гэтага года ў бацькоў былі адабраны 18 дзяцей. Асноўная прычына няшчасця ў сем’ях — п’янства бацькоў. Работа ў гэтым кірунку сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў не эфектыўная, таму што педагогі сацыяльныя — гэта часцей за ўсё педагогі-прадметнікі, якія бяруць дадаткова 0,5 стаўкі педагога сацыяльнага. Ва ўстановах адукацыі сёння няма педагогаў-псіхолагаў. І практычных псіхолагаў, гатовых аказаць прафесійную дапамогу сем’ям, у раёне таксама няма. Неабходна актывізаваць і педагогаў, і медыкаў, і работнікаў культуры, і валанцёраў у пытанні аказання дапамогі нядобранадзейным сем’ям, звярнуць увагу на ранняе выяўленне праблем у сем’ях, асабліва тых, дзе выхоўваюцца дзеці да 3 гадоў.

Цяжкасці ў вырашэнні такіх праблем узнікаюць таксама з-за адсутнасці адзінай нарматыўнай прававой базы для тых, хто працуе з сем’ямі, якія знаходзяцца на ўліку. У кожнага суб’екта прафілактыкі свае нарматыўныя дакументы. Патрэбен дакумент, які рэгламентаваў бы дзейнасць усіх гэтых суб’ектаў. Наступная праблема — велізарная колькасць дакументацыі на папяровых носьбітах. Нават па дапамогу супрацоўнікаў РАУС трэба звяртацца з пісьмовым запытам. Усё гэта не дазваляе своечасова рэагаваць на канкрэтныя факты сямейнага недабрабыту. Неабходна камп’ютарная праграма, якая дазволіла б усім суб’ектам прафілактыкі аператыўна абменьвацца інфармацыяй.

Існуе ў раёне і кадравая праблема. Ва ўстановах адукацыі запатрабаваны настаўнікі англійскай мовы, хіміі, фізікі і біялогіі, а таксама настаўнікі-дэфектолагі, педагогі-арганізатары, педагогі сацыяльныя, педагогі-псіхолагі. Няма ў раёне тыфлапедагога і сурдапедагога. Толькі 47,8% педагогаў дашкольных устаноў маюць вышэйшую адукацыю. У 2015 годзе на навучанне ва ўстановы вышэйшай адукацыі накіраваны 41 педагог, праходзяць перападрыхтоўку яшчэ 7. У 2016 годзе гэтая работа працягваецца. Высокі працэнт настаўнікаў пенсійнага ўзросту (12,1%). На 2016/2017 навучальны год мы падалі заяўку на 46 маладых спецыялістаў, у тым ліку на 8 настаўнікаў-дэфектолагаў, 9 настаўнікаў англійскай мовы, 3 настаўнікаў пачатковых класаў, 7 выхавальнікаў для дапаможнай школы-інтэрната і на 3 педагогаў сацыяльных. Імкнёмся замацоўваць маладых спецыялістаў у раёне, вырашаць пытанні выдзялення ім жылля, райвыканкам прадастаўляе ім для гэтых мэт ільготныя крэдыты. Як паказвае практыка, у раён вяртаюцца каля 60—70% нашых выпускнікоў, якія атрымліваюць спецыяльнасці педагогаў.

Адна з асноўных задач педагогаў раёна ў новым навучальным годзе — работа па павышэнні якасці адукацыі на другой, трэцяй ступені навучання. Неабходна ўдасканальваць профільнае навучанне (узнікаюць цяжкасці з-за адсутнасці падручнікаў для профільных класаў). Прыярытэтны кірунак сістэмы дашкольнай адукацыі — пашырэнне спектра адукацыйных паслуг для дзяцей, якія не наведваюць дзіцячыя сады. У 2018 годзе плануецца перапрафіляваць адну з ліквідаваных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пад аздараўленчы лагер (у раёне сёння няма стацыянарнага аздараўленчага лагера, аздараўленне праводзіцца на базе агульнаадукацыйных устаноў).

Надзея ЦЕРАХАВА.