У пошуках светлай будучыні

- 10:09Якасць адукацыі

У мінулую пятніцу ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце адбыўся кірмаш вакансій. Дзяржаўныя і прыватныя кампаніі прапаноўвалі студэнтам розных узростаў прафесійныя перспектывы. Моладзі прыйшло столькі, што па зале было складана перамяшчацца: каля некаторых стэндаў утвараліся сапраўдныя заторы. І нядзіўна: сёлета БДЭУ выпусціць 1128 бюджэтнікаў і яшчэ 1299 платнікаў. Канкурэнцыя высокая.

На сустрэчу са студэнтамі прыехалі прадстаўнікі больш чым 50 прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі, у тым ліку буйных банкаў, міжнародных аўдытарскіх і IT-кампаній. Абмен узаемавыгадны: работадаўцы могуць адразу выбраць з вялікай колькасці кандыдатаў самых перспектыўных маладых спецыялістаў, якіх, вядома, прасцей самім навучыць, чым перавучваць. А студэнты з усіх сіл імкнуцца знайсці падыходзячую працу: платнікі — бо няма размеркавання, бюджэтнікі — бо па большай частцы спадзяюцца на размеркаванне ў сталіцу. На кірмашы яны могуць не толькі пакінуць свае анкеты адразу ў некалькіх кампаніях, але і непасрэдна задаць кадравікам хвалюючыя пытанні.

Сёння Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт рыхтуе студэнтаў па 25 спецыяльнасцях на першай ступені вышэйшай адукацыі, па 11 — у навуковай магістратуры, па 16 — у практыка-арыентаванай магістратуры. Усяго ў БДЭУ вучыцца каля 18,5 тысячы студэнтаў і 909 магістрантаў.

“Універсітэт не стаіць на месцы, мы ў пастаяннай эвалюцыі, — расказаў Міхаіл Вацлававіч Мішкевіч, прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце БДЭУ. — Апошнім часам адкрыты новыя спецыяльнасці: “Таваразнаўства і гандлёвае прадпрымальніцтва”, “Нацыянальная эканоміка”, “Эканоміка і кіраванне на рынку нерухомай маёмасці”. Нядаўна ў склад БДЭУ ўвайшлі тры каледжы: Мінскі гандлёвы каледж, Мінскі фінансава-эканамічны каледж і Навагрудскі эканамічны каледж. Так што мы вось-вось пачнём прадастаўляць на рынак працы і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Гэты кірмаш вакансій з’яўляецца ўжо трынаццатым па ліку, і галоўная мэта мерапрыемства — даць арганізацыям магчымасць самім падабраць кадры на вакантныя пасады. Калі жаданні работадаўца і выпускніка супадуць, студэнты могуць быць запрошаны на пераддыпломную практыку”.

На сцяне залы — велізарны імправізаваны стэнд з табліцай з некалькіх сотняў вакансій у сферы эканомікі і кіравання. Найбольшая частка прапаноў — з заробкамі ад 300 да 600 рублёў. Напрыклад, на заробак у 341 рубель у месяц шукаюць менеджара па персанале, які ведае ўкраінскую мову, разбіраецца ў спецыфіцы ІТ і матывацыі кандыдатаў. А менеджару па перавозках з вышэйшай лагістычнай адукацыяй, веданнем англійскай, 1С, Word і Excel гатовы прапанаваць 400 рублёў. Затое менеджару па інфармацыйных тэхналогіях са свабоднай англійскай абяцаюць завоблачную суму ў 7800 рублёў — праўда, толькі пры ўмове пяцігадовага вопыту работы.

Вольга, прадстаўніца Беларусбанка, падзялілася: “Мы штогод наведваем такія выставы. Маладыя спецыялісты з’яўляюцца асноўнай часткай нашага штату: спачатку яны праходзяць да нас на практыку, а пасля тых, хто сябе добра зарэкамендаваў, мы запрашаем да сябе працаваць. Прычым на кірмашы мы ездзім не толькі сюды — акрамя БДЭУ, гэта яшчэ Полацкі і Палескі ўніверсітэты, Мінскі фінансава-эканамічны каледж і Мінскі каледж сферы абслугоўвання”.

Па словах Міхаіла Мішкевіча, у мінулыя гады кірмашы былі вельмі выніковымі. У 2015 годзе каля пяцісот студэнтаў знайшлі месцы пераддыпломнай практыкі менавіта дзякуючы кірмашу вакансій, а ў пазамінулым годзе такіх студэнтаў было каля сямісот. Прапаноў ад работадаўцаў летась паступіла 354, у 2014 годзе — 350. Сёлета запыты прыкладна такія ж.

Вядома, не ўсе студэнты знойдуць працу ці месца практыкі адразу на кірмашы: большасці трэба будзе разаслаць яшчэ шмат рэзюмэ, перш чым знойдзецца праца. Ведаючы гэта, у БДЭУ запрасілі Ганну Шагун, менеджара сайта rabota.tut.by. Яна правяла для студэнтаў майстар-клас, дзе на прыкладзе статыстычных даных аб вакансіях і рэзюмэ з сайта прадэманстравала стан беларускага рынку працы, а таксама дала шмат практычных парад, як правільна скласці рэзюмэ, напісаць суправаджальны ліст і нават аформіць свае старонкі ў сацыяльных сетках, каб атрымаць запрашэнне на інтэрв’ю.

Аказалася, што незадаволенасць спецыяліста па персанале можа выклікаць не толькі дрэнна аформленае рэзюмэ, але і такая дробязь, як прыкладзеная фатаграфія: паводле слоў Ганны, ва ўсім свеце прынята сакрэтнае правіла этыкету працаўладкавання, згодна з якім чалавек на фотаздымку павінен быць без сонечных акуляраў. І менавіта студэнты вельмі часта парушаюць гэты закон. Яшчэ адна цікавая дэталь — электронны адрас. У ідэале для пошуку працы варта стварыць асобную скрыню ў інтэрнэце, якая проста і зручна падпісана імем кандыдата. Як запэўніла студэнтаў Ганна Шагун, старыя “дзіцячыя” адрасы паштовых скрынь, накшталт romashka88@mail.ru, ствараюць уражанне, што саіскальнік несур’ёзны.

Прыйшлі на кірмаш не толькі выпускнікі, але і студэнты малодшых курсаў. Пра будучае працаўладкаванне яны задумваюцца загадзя, таму каля стэндаў буйных кампаній таўкатня. Студэнты бяруць у работадаўцаў анкеты і адразу ж, на месцы, запаўняюць іх літаральна на каленцы або на рагу стала — час кірмашу абмежаваны, а хочацца абысці максімум стэндаў. Зрэшты, відаць, што і арганізацыі зацікаўлены ў моладзі, бо кожная па-свойму прыцягвае студэнтаў: хтосьці раздае паветраныя шарыкі каля стэндаў, хтосьці прапаноўвае сфатаграфавацца на памяць. І ўсё гэта пад гучную размову соцень прысутных.

Многія менавіта на кірмашы вызначаюць сваю будучыню на некалькі найбліжэйшых гадоў, а можа, і на ўсё жыццё. Спадзяёмся, кожны студэнт БДЭУ знойдзе працу сваёй мары.

Кацярына ЖОРАВА.