У сталіцы падведзены вынікі інтэрнэт-праекта “Свет вачыма ІКТ: традыцыі, інавацыі, поспех” (з міжнародным удзелам), які праводзіўся з мэтай пошуку аптымальных педагагічных і тэхналагічных рашэнняў у галіне інфарматызацыі адукацыі і наступнага абмену імі. Арганізатарамі інтэрнэт-праекта былі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы, сярэдняя школа № 55 Мінска. Праекты, прадстаўленыя на спаборніцтвах, ацэньваліся ў адной з трох намінацый: “Традыцыі, увасобленыя ў часе”, “Інавацыі: заўсёды на крок наперадзе”, “Поспех — прастора магчымасцей”. Прапаноўваем увазе чытачоў праекты-пераможцы, адзначаныя дыпломамі І ступені ў розных намінацыях.
Краўдсорсінг у адукацыі
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Мінска Наталля Уладзіміраўна Котава, старшы выкладчык кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі МГІРА Яўгенія Паўлаўна Дымкова прадставілі праект “Краўдсорсінг у сістэме адукацыі. Рэгіянальнае кіраванне: пошук — магчымасці — укараненне”.
Сёння тэхналогіі краўдсорсінгу прымяняюцца практычна ва ўсіх галінах жыццядзейнасці грамадства. Краўдсорсінг (ад англ. crowdsourcing, crowd — “натоўп”, sourcing — “выкарыстанне рэсурсаў”) — гэта перадача некаторых вытворчых функцый няпэўнаму колу асоб, вырашэнне грамадска значных задач сіламі добраахвотнікаў, якія часта каардынуюць пры гэтым сваю дзейнасць з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. Галоўная ідэя краўдсорсінгу заключаецца ў тым, каб неабходную работу выконвалі не прафесіяналы, а аматары. Гэта значыць, мэтай гэтай тэхналогіі з’яўляецца выкарыстанне патэнцыялу вялікай колькасці людзей для вырашэння пэўных задач у рэгіёне.
— Магчыма, некаторыя лічаць, што на тэрыторыі нашай краіны адукацыйны краўдсорсінг толькі пачынае набываць форму. Згодны! Але ў рэчаіснасці гэта не зусім так, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — На самай справе настаўнікі ўжо даўно з’явіліся ў анлайне. Краўдсорсінг у адукацыі выкарыстоўваюць у двух напрамках: для паляпшэння якасці адукацыйнага працэсу і паслуг, а таксама ў межах сацыяльна значных праектаў для рэгіёна. З дапамогай краўдсорсінгу можна вырашаць адукацыйныя задачы актуальнымі метадамі: ствараць адкрытыя школы і ўніверсітэты, праводзіць дыстанцыйныя курсы і многае іншае. Таксама перавагай краўдсорсінгу з’яўляецца актуальнасць інфармацыі, бо традыцыя выкарыстання падручнікаў у школах усё яшчэ захоўваецца. І гэта калі-нікалі становіцца праблемай, асабліва ва ўмовах школ-новабудоўляў.
На думку Н.У.Котавай, з дапамогай краўдсорсінгу можна вырашыць многія існуючыя праблемы, тым самым палепшыўшы навучанне ва ўстановах адукацыі. Напрыклад, многія адукацыйныя праекты існуюць дзякуючы таму, што іх распрацавалі ці аказалі дапамогу ў іх стварэнні нашы кваліфікаваныя настаўнікі. Гэта і дыстанцыйныя курсы, і розныя метадычныя парталы, сайты і блогі педагогаў, тэматычныя педагагічныя суполкі ці прадметныя сайты, дзе настаўнікі размяшчаюць свае напрацоўкі і дзеляцца актуальнай інфармацыяй з калегамі з вопыту работы. Сапраўды, навошта пісаць тысячы сцэнарыяў да адных і тых жа свят ці ўрокаў, калі яны ўжо ёсць у сетцы? Навошта выдумваць новы план урока, калі іх існуе тысячы? Навошта фантазіраваць над захапляльнымі сюжэтамі заданняў, калі гэта ўжо даўно зроблена і размешчана бясплатна ў інтэрнэце?
— Улічваючы рабочую сітуацыю айчыннага настаўніка, гэтая праблема стаіць вельмі востра. За бясконцым планаваннем і справаздачамі педагог фізічна не паспявае рыхтаваць усе матэрыялы нанава, а часам і якасна. Менавіта такія сітуацыі апраўдваюць існаванне метадычнага краўдсорсінгу, які можа сфакусіраваць у сабе самыя лепшыя метадычныя распрацоўкі настаўнікаў рэгіёна. І не толькі, — адзначае Наталля Уладзіміраўна.
З пункту гледжання патрэб навучання краўдсорсінг стаіць на перасячэнні праектнай дзейнасці і тэхналогій інтэрактыўнага навучання, актыўных метадаў навучання. Аўтары праекта лічаць, што работа ў такім асяроддзі будзе садзейнічаць развіццю ўмення аналізаваць сітуацыю, ацэньваць альтэрнатывы, актывізуе навыкі вырашэння практычных задач.
Дарогаю дабра
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Салігорска Алена Іванаўна Волкава з’яўляецца аўтарам работы “Вучэбны сеткавы праект як сродак развіцця чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў (вучэбны сеткавы праект “Дарогаю дабра”)”.
— Праблемы, якія ўзнікаюць пры рабоце з тэкстамі розных тыпаў, знаёмы кожнаму настаўніку незалежна ад прадмета, які ён выкладае. Сутыкнулася з імі і я, — адзначае аўтар праекта. — Як павярнуць навучэнцаў да кнігі? Як навучыць іх хутка і эфектыўна шукаць інфармацыю ў тэксце і інтэрпрэтаваць яе? Як навучыць дзяцей па-сапраўднаму чытаць і любіць літаратуру? Пошук адказаў на гэтыя пытанні прывёў мяне да ідэі выкарыстання форм работы, заснаваных на камунікатыўна дзейнасным падыходзе з прымяненнем ІКТ. Так і з’явіўся вучэбны сеткавы праект “Дарогаю дабра” (https://sites.google.com/site/literaturaonas/). Ён рэалізуецца з мэтай усведамлення навучэнцамі значнасці літаратурных твораў, накіраваны на развіццё ў школьнікаў камунікатыўных і даследчых уменняў, чытацкіх кампетэнцый, навыкаў праектавання і работы ў камандзе.
Для ўдзельнікаў праекта было прапанавана асноўнае матывуючае пытанне: “Як зразумець іншага чалавека, яго думкі і пачуцці?” Раскрыць яго дапамаглі праблемныя пытанні “Як чытанне ўплывае на мяне?”, “Ці дапамагаюць нам літаратурныя творы разумець адно аднаго?” і інш., а таксама больш прыватныя пытанні па канкрэтных літаратурных творах (напрыклад, “Чаму хлопчыкі з апавядання А.Чэхава вырашылі адправіцца ў падарожжа?”).
Сеткавы праект складаецца з двух дапаможных і трох асноўных этапаў. Каманды ўдзельнікаў чытаюць, аналізуюць, адказваюць на пытанні, выконваюць розныя заданні з выкарыстаннем тэлекамунікацыйных тэхналогій і, інтэрпрэтуючы прачытанае, ствараюць уласныя літаратурныя (і не толькі) творы. А таксама складаюць крыжаванкі, пазлы на аснове сваіх ілюстрацый, букпостары (віртуальныя інтэрактыўныя плакаты) і буктрэйлеры і г.д.
Платформай для ажыццяўлення ВСП служыць сайт Google, які змяшчае неабходную для ўсіх удзельнікаў праекта інфармацыю. Для ўдзелу ў сеткавым праекце вучням неабходна мець педагога-кіраўніка, зарэгістравацца на сайце праекта, сабрацца ў каманды, прыдумаць для сваёй каманды атрыбутыку, падпісаць кодэкс удзельніка і прыступіць да выканання заданняў. Цікава, што для зносін навучэнцаў і абмеркавання пытанняў, якія ўзнікаюць падчас рэалізацыі праекта, арганізоўваецца дзіцячы форум. Абмеркаванне пытанняў з’яўляецца інструментам ацэньвання ўзроўню сфарміраванасці ўмення выказваць і абгрунтоўваць сваю думку, слухаць і чуць іншых, імкнуцца прымаць іншую кропку гледжання.
— Праект “Дарогаю дабра” быў рэалізаваны ў гэтым навучальным годзе. Для ўдзелу ў ім зарэгістраваліся 24 каманды з розных куточкаў Беларусі. Для большасці навучэнцаў галоўнай мэтай удзелу ў праекце было даведацца пра тое, як можна вучыцца дыстанцыйна, ацаніць карыснасць такога спосабу навучання. А ў выніку школьнікі навучыліся ўзаемадзейнічаць у камандзе, сябраваць, працаваць з новымі сэрвісамі, ствараць крыжаванкі, воблакі слоў і інш., — расказвае Алена Іванаўна. — Таму, думаю, вучэбны сеткавы праект, створаны на літаратурным матэрыяле, з’яўляецца эфектыўным сродкам развіцця чытацкіх кампетэнцый навучэнцаў і павышэння ўзроўню іх чытацкай культуры.
Жыццёвы прынцып А.І.Волкавай — “Я гэта не ведаю. Хачу даведацца!”. Адсюль і шматлікія семінары, вэбінары, пошук інфармацыі, фестываль педагагічнага майстэрства “Дыстанцыйная хваля” адукацыйнага цэнтра “Снэйл”, праекты на globallab, курсы і майстар-класы на edugalaxy.intel.
Зараз педагог з’яўляецца мадэратарам сайта інавацыйнага праекта і сеткавай супольнасці ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння”. У планах А.І.Волкавай — распрацоўка чытацкай алімпіяды.
“Еўрабачанне” па-слуцку
— Сённяшняя школа выклікае неабходнасць карэннага пераасэнсавання тэхналогій станаўлення асобы, стварэння ўмоў, накіраваных на развіццё і самаразвіццё вучняў і настаўнікаў: іх умення творча вырашаць праблемы, імкнуцца да новаўвядзенняў, самаўдасканальвацца, авалодваць інавацыйнымі педагагічнымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Неабходна шукаць новыя падыходы да выхаваўчай і ідэалагічнай работы, — гаворыць педагог-арганізатар сярэдняй школы № 11 Слуцка Таццяна Васільеўна Іонава, якая прадставіла на конкурс работу пад назвай “Рэалізацыя праекта “Школьнае “Еўрабачанне” ва ўмовах укаранення кампетэнтнаснага падыходу”. — Адной з такіх форм для навучэнцаў з’явілася школьнае “Еўрабачанне”, якое пачало праводзіцца па ініцыятыве лідара школьнага парламента 2014/2015 навучальнага года Аляксандра Дабранава.
Музычнае шоу якасна адрозніваецца ад іншых выхаваўчых мерапрыемстваў актыўным выкарыстаннем сучасных электронных тэхналогій і камп’ютарных праграм. Папярэдне на савеце камандзіраў 5—11 класаў разам з прадстаўнікамі школьнага парламента праводзіцца жараб’ёўка, па выніках якой кожны клас вызначае краіну, якую потым прадставіць на школьным “Еўрабачанні”. Кожны клас займаецца афармленнем насценгазеты аб удзеле краіны, якая выпала, а вакальныя нумары дазваляецца рыхтаваць па жаданні, улічваючы магчымасці класа. Конкурснае выступленне павінна быць паўнацэнным канцэртным нумарам, арыентаваным на публіку ў зале: удзельнікі самі рыхтуюць свае касцюмы, рэквізіты, канкурсанты выступаюць пад “мінусоўку” на CD, flash-носьбіце ці пад жывы акампанемент або без акампанементу; навучэнцы сярэдніх класаў могуць выконваць песню на рускай мове, а навучэнцы старшых класаў — на замежнай.
Прадстаўнікі школьнага міністэрства знешніх спраў займаюцца зборам заявак на ўдзел класаў-краін, а ў працэсе правядзення самога конкурсу выконваюць ролю валанцёраў у прамым эфіры вакальнага конкурсу. Цікавасць школьнай грамадскасці падаграецца з’яўленнем на інфармацыйных стэндах і ў сетцы інтэрнэт яркай аб’явы, сімвала і слогана конкурсу, дэманстрацыяй відэарэкламы, падрыхтоўкай відэапаштовак удзельнікаў-вакалістаў, афармленнем інфармацыйных лістовак для гледачоў. Адным словам, усё па-сапраўднаму.
Агучваць вынікі галасавання запрашаецца прадстаўнік ад кожнага класа-краіны. Пры дапамозе праграмы Euroscoreboard 2.0 у рэжыме анлайн вядзецца падлік галасоў. Кожны клас-краіна ўзнагароджвае ачкамі толькі 10 лепшых, па іх меркаванні, класаў-краін. Песня, якая атрымала найбольшую колькасць галасоў у кожным класе, набірае 12 ачкоў, другая песня — 10, трэцяя — 8 і г.д. Пераможца школьнага “Еўрабачання” пасля цырымоніі ўзнагароджання выконвае песню на біс.
Сімвалам школьнага музычнага конкурсу “Еўрабачанне-2017” стала сэрца — сімвал пачуццяў і эмоцый. Слоган конкурсу гучаў так: “Адчуй, як б’ецца тваё сэрца!”. Пераможцай спаборніцтваў стала сёлета “прадстаўніца” Даніі Віялета Лычнікава разам з танцавальнай групай дзяўчынак з 6 “А” класа. Уся школа радавалася пры агучванні пераможцы, а зала, стоячы, апладзіравала падчас выканання на біс песні-пераможцы.
— Ад такой формы работы нашы навучэнцы ў захапленні. І гэта здорава, бо ў аснове праекта ляжаць уменні арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, інтэграваць уласныя веды з розных вучэбных прадметаў і жыццёвы вопыт, уменне крытычна мысліць, працаваць у камандзе і быць яго часткай. І самае галоўнае, такая форма работы садзейнічае паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў і развіццю ўсяго дыяпазону жыццёва неабходных кампетэнцый, — адзначае Таццяна Васільеўна.
Мадэль мабільнага адукацыйнага асяроддзя
На распрацоўку і ўкараненне мадэлі мабільнага адукацыйнага асяроддзя ў практыку работы ўстановы адукацыі накіраваны праект “Мабільнае адукацыйнае асяроддзе на аснове інтэрнэт-тэхналогій як фактар павышэння якасці адукацыі”, распрацаваны педагогамі сярэдняй школы № 55 Мінска: намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Галінай Яўгенаўнай Буслюк, настаўніцай інфарматыкі і геаграфіі Ірынай Аляксандраўнай Філімонавай, настаўніцай інфарматыкі Рытай Яўгенаўнай Андрэенка.
— Імкліва мяняецца змястоўны кампанент вучэбных прадметаў, і не заўсёды метадычная падтрымка яго вучэбнымі дапаможнікамі і дыдактычнымі матэрыяламі ажыццяўляецца своечасова, — расказвае дырэктар школы М.В.Сячко. — Акрамя таго, існуе супярэчнасць і паміж адзіным для ўсіх навучэнцаў базавым зместам адукацыі і індывідуальнымі здольнасцямі, ведамі і захапленнямі, стартавым узроўнем падрыхтоўкі. Для стварэння на вучэбных занятках камфортных умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйных адносін, выстройвання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, павышэння якасці кіравання адукацыяй і ўзнікла неабходнасць у стварэнні мабільнага адукацыйнага асяроддзя.
Мадэль развіваецца ў двух напрамках: дыстанцыйнае навучанне і стварэнне віртуальных прадметных і выхаваўчых рэсурсаў на аснове воблачных тэхналогій. У цяперашні час мабільнае асяроддзе ўключае ў сябе дыстанцыйныя курсы, віртуальныя прадметныя кабінеты, блогі і віртуальныя клубы.
Як расказала Г.Я.Буслюк, найбольш напоўнена мабільнае адукацыйнае асяроддзе, якое змяшчае матэрыялы па інфарматыцы і геаграфіі. Так, мабільная адукацыйная прастора па інфарматыцы складаецца з дыстанцыйнага курса “Інфарматыка ў модулях”, у якім прадстаўлены распрацоўкі ўсіх вучэбных заняткаў па інфарматыцы для 6—11 класаў і факультатыўных заняткаў па інфарматыцы для 6—8 класаў. Гэта электронныя матэрыялы, неабходныя для навучання, дадатковыя матэрыялы, матэрыялы з рубрыкі “Гэта цікава”. Арганізаваны кантроль ведаў праз сістэму тэстаў, апытанне настаўніка, работу з электронным сшыткам навучэнца, запаўненне электронных крыжаванак і г.д. Курс мае гасцявы допуск да размешчаных матэрыялаў. На ім зарэгістраваны 140 навучэнцаў і 5 педагогаў з рэспублікі. “Інфарматыка ў модулях” з’яўляецца дапаўненнем да сайта “Інфарматыка ў школе” (http://inf.sch55.minsk.edu.by), які ўяўляе сабой электронныя модулі ўсіх заняткаў для 6—11 класаў. Модулі складаюцца з тэмы і мэты заняткаў, электронных матэрыялаў па праграме і дадатковых матэрыялаў, прапаноўваюцца творчыя заданні для развіцця крэатыўнага мыслення навучэнцаў, дамашнія заданні, тэсты, відэафрагменты тлумачэння новага матэрыялу і інш. Трэці сегмент — блог педагога (http://andreenko-rita.blogspot.com.by/). Такім чынам, атрымалася стройнае і гнуткае мабільнае вучэбнае асяроддзе па інфарматыцы.
Актыўна развіваюцца ва ўстанове дыстанцыйныя курсы па матэматыцы, хіміі, фізіцы, англійскай мове, гісторыі і метадычная скарбонка класнага кіраўніка. Кожны з іх мае сваю структуру, мэты і задачы. Створаны і знаходзяцца ў працэсе напаўнення электронныя партфоліа метадычных аб’яднанняў педагогаў.
На аснове тэматычнага сайта “Дзіця. Сям’я. Школа” (http://blog.sch55.minsk.edu.by/) працуюць два віртуальныя раённыя клубы “Зносіны” і “Сям’я”. Паколькі школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па інфарматызацыі, то работа цэнтра і яго лабараторый асвятляецца на тэматычным сайце РЦІТ (http://it.sch55.minsk.edu.by/).
— Структура створанай мадэлі дазваляе кіраўніку ўстановы адукацыі камбінаваць метадычныя і дыдактычныя матэрыялы ў адпаведнасці з асаблівасцямі і напрамкамі развіцця адукацыйнага працэсу, — адзначае дырэктар школы М.В.Сячко. — Гэтае асяроддзе з’яўляецца адкрытым: метадычнымі і дыдактычнымі матэрыяламі, ідэямі мае магчымасць скарыстацца любы педагог у сваёй рабоце, навучэнец на занятках і пры падрыхтоўцы да ўрокаў, бацькі. Яно актыўна выкарыстоўваецца ў межах сеткавага ўзаемадзеяння.
Узаемадзеянне віртуальнае — вынік рэальны
Адразу тры праекты з сярэдняй школы № 111 Мінска ў розных намінацыях адзначаны дыпломамі І ступені. Магчымасці развіцця кампетэнцый навучэнцаў у навукова-тэхнічным напрамку ў цеснай інтэграцыі з развіццём творчых здольнасцей разглядаюцца ў рабоце “Мастацтва маляваць кодам” настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Аляксееўны Варонінай.
— Многія думаюць, што паміж праграмаваннем і жывапісам існуе вялізная бездань. Але гэта не так. І калі першы від дзейнасці лічыцца халодным, дакладным і метадычным, то ў жывапісе звычайна бачаць проста экспрэсіўнае самавыяўленне. Але мы лічым памылковым меркаванне, калі гавораць, што гэтыя працэсы непадобныя. Прафесіяналаў абедзвюх сфер аб’ядноўвае тое, што і тыя, і іншыя — творцы. Побач з кампазітарамі, архітэктарамі і пісьменнікамі праграмісты і мастакі імкнуцца стварыць штосьці каштоўнае, — заўважае Людміла Аляксееўна. — Як ні дзіўна, жывапіс можа навучыць нас праграмаваць. Мастакі набываюць навыкі малявання, ствараючы карціны. Таксама і праграмісты набываюць неабходныя навыкі, калі распрацоўваюць свае першыя праграмы, пачынаючы з пачатковых класаў школы. Вы вучыцеся праграмаваць, толькі калі пішаце код.
Разам з навучэнцамі настаўніца выкарыстоўвае PencilCode — сумесны праграмны сайт для малявання, гульні і стварэння гульняў. Гэта таксама месца для эксперыментаў з геаметрыяй і графікай. Праграмы адкрыты для ўсеагульнага прагляду і капіравання. Асноўная мова — Coffeescript. PencilCode — гэта асяроддзе блочнага праграмавання, якое мае свае асаблівасці і перавагі. Навучанне пабудавана на графічных блоках з кодам. Усё гэта выглядае як гульня, але навучэнцы вырашаюць сапраўдныя задачы.
Віртуальнае адукацыйнае асяроддзе разглядаецца як адна з інавацыйных тэхналогій у навучанні ў праекце настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Аляксееўны Зорыч “Узаемадзеянне віртуальнае — вынік рэальны”. У якасці прыкладу выкарыстаны асабісты вопыт віртуальнай работы з асобнымі вучнямі класа. Зыходнымі кропкамі для арганізацыі віртуальнага выкладання матэрыялу сродкамі платформы Webеx (https://www.webex.com) паслужылі дзве акалічнасці — немагчымасць фізічнай прысутнасці навучэнцаў на ўроках тлумачэння новага матэрыялу і сур’ёзныя адставанні некаторых вучняў у засваенні вучэбнага матэрыялу. Аўтар распрацоўкі робіць выснову, што выкарыстанне віртуальнага адукацыйнага асяроддзя ўзмацняе індывідуальную накіраванасць працэсу навучання, дазваляе развіваць інфармацыйна-камунікацыйную кампетэнтнасць навучэнцаў, стварае безбар’ернае асяроддзе. Веды сёння могуць дастаўляцца незалежна ад таго, дзе чалавек знаходзіцца і якія фізічныя магчымасці ў яго ёсць.
“Блогасфера нашай школы” — так называецца распрацоўка настаўніцы пачатковых класаў Інгі Пятроўны Ціханавецкай.
— У наш час, дзякуючы развіццю інтэрнэту, у вучэбную практыку прыходзяць новыя інструменты і сродкі, з дапамогай якіх педагогі могуць вырашаць больш складаныя задачы. Адзін з такіх інструментаў — педагагічны блог. А стварэнне блогасферы школы з’яўляецца тым педагагічным інструментам, які арганізоўвае вучэбную дзейнасць навучэнцаў і прадстаўляе іх дасягненні і прадукты дзейнасці, — гаворыць Інга Пятроўна. — Блогасфера азначае сукупнасць усіх блогаў як супольнасць ці сацыяльную сетку. Каманда педагогаў нашай школы прыняла рашэнне аб’яднаць створаныя кожным педагогам паасобку блогі ў асаблівую школьную блогасферу, а агульным звяном выступіў сайт нашай навучальнай установы http://sch111.minsk.edu.by/. Кожны з нас думае аб змесце і адштурхоўваецца пры гэтым ад таго, што і як мы хочам пазіцыянаваць у блогасвеце. Мора здольна пераплыць толькі вынослівая шхуна, а вынослівай яе робіць выключна капітан. Капітаны нашых блогаў валодаюць прафесіяналізмам, фантазіяй і незалежнасцю мыслення.
“Профіль.ру”
Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна Аліна Іванаўна Касцюк лічыць свой удзел у інтэрнэт-праекце “Свет вачыма ІКТ: традыцыі, інавацыі, поспех” вялікай выпадковасцю. Зусім юны адукацыйны рэсурс “Профіль.ру” (http://gimnazia9-gro.blogspot.com.by/) быў створаны педагогам зусім не для конкурсу.
— Працуючы ў профільным класе, зразумела, як важна вучню своечасова дапамагчы ў навучанні, накіраваць туды, дзе няма навязлівай рэкламы, дзе ўсё для дзіцяці і для яго ведаў, — гаворыць Аліна Іванаўна. — Адукацыйны рэсурс “Профіль.ру” быў створаны на аснове платформы Blogspot.com з улікам запытаў навучэнцаў старшых класаў на аснове патрабаванняў профільнага навучання. Ён адкрывае шырокі спектр магчымасцей як для самога педагога, так і для іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу і наведвальнікаў, перш за ўсё навучэнцаў профільных класаў. Гэты рэсурс — дзейсны памочнік на ўроках, факультатыўных занятках, у пазакласнай рабоце. Асноўныя яго функцыі — адукацыйная (прадастаўленне магчымасцей дыстанцыйнага навучання, выкарыстанне ў вучэбным працэсе электронных дапаможнікаў, матэрыялаў, тэставых заданняў) і камунікатыўная (сродак зносін паміж усімі зацікаўленымі).
На сайце можна знайсці адказы на многія моўныя пытанні. Яны выкладзены ў сціслым, даступным выглядзе. Сярод шматлікіх раздзелаў — “Выразныя сродкі мовы”, “Рыхтуемся да ЦТ”, “Дыстанцыйныя заданні, апорныя канспекты” і інш. Для навучэнцаў падрыхтаваны тэставыя заданні па тэмах курса “Руская мова”. На старонках гэтых заданняў можна знайсці табліцы-памяткі, якія могуць быць наглядным дапаможнікам на ўроку і ў пазакласнай рабоце. Матэрыялы можна выкарыстоўваць і для навучэнцаў сярэдняга звяна пры вывучэнні, абагульненні моўных тэм. Многія тэмы будуць карысны навучэнцам пры падрыхтоўцы да алімпіяд.
— Конкурс прайшоў, а работа на сайце працягваецца, — заўважае А.І.Касцюк. — Рэсурс пастаянна абнаўляецца, а яго база напаўняецца новымі матэрыяламі і тэставымі заданнямі. Я бачу наведвальнікаў, ёсць старонка для зваротнай сувязі. Удзячныя вучні пішуць водзывы, дасылаюць лісты. А самае галоўнае, працуюць, узбагачаючы сябе: назірала, як выконвалі тэставыя заданні напярэдадні цэнтралізаванага тэсціравання, праглядала памылкі, дапамагала выправіць іх, сачыла за поспехамі. Перамога ў конкурсе, безумоўна, добра, але перамога над сабой — гэта тое, што робіць нас багацейшымі!
Напісаць цяжкія словы — лёгка!
Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы вёскі Тамашоўкі Наталля Пятроўна Гадун распрацавала інтэрактыўны дыдактычны матэрыял для работы са слоўнікавымі словамі ў 2 класе “Няцяжкая работа з цяжкімі словамі” . Прадукт выкананы ў асяроддзі MS Office PowerPoint 2010.
— Адным са складнікаў фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці навучэнцаў з’яўляецца работа са словамі з неправяраемымі ці цяжкаправяраемымі напісаннямі. Несумненна, у кожнага настаўніка ёсць свая сістэма работы з такімі словамі, — зазначае Наталля Пятроўна. — Яшчэ ў самым пачатку маёй педагагічнай дзейнасці мне ў рукі трапіла кніга В.П.Канакінай “Работа з цяжкімі словамі ў пачатковых класах”. На мой погляд, вельмі цікавы і карысны дапаможнік. Яго мэта — дапамагчы настаўніку арганізаваць штодзённую практычную работу над слоўнікавымі словамі. На этапе азнаямлення са словам, лічыць аўтар дапаможніка, важна, каб работа над сэнсам і гукавым аналізам яго папярэднічала паказу напісання гэтага слова на картцы ці на дошцы.
Я пачала збіраць карцінкі з ілюстрацыямі цяжкіх слоў, аднакаранёвых слоў. Калі ў мяне з’явілася магчымасць выкарыстоўваць ІКТ і электронныя сродкі навучання, вырашыла стварыць інтэрактыўны дыдактычны матэрыял. Мэта праекта — арганізаваць работу вучняў па азнаямленні са слоўнікавымі словамі. У дзвюх прэзентацыях сабраны ўсе слоўнікавыя словы, якія вывучаюцца ў 2 класе.
Настаўніца выпрацавала алгарытм увядзення новага слоўнікавага слова:
- Усведамленне лексічнага значэння слова (навучэнцы адгадваюць загадку, разгадваюць рэбус, на слайдзе з’яўляецца карцінка, падмацаваная фармулёўкай лексічнага значэння).
- Гукавы аналіз слова (вымаўляем — вылучаем склады — ставім націск — інтануем усе гукі).
- Фарміраванне зрокавага вобраза слова (дэманстрацыя правільнага напісання слова на слайдзе з падкрэсліваннем літар, напісанне якіх неабходна запомніць).
- Арфаграфічнае чытанне.
- Устанаўленне розніцы паміж напісаннем і вымаўленнем.
- Запіс слова, пастаноўка націску, падкрэсліванне арфаграм.
- Падбор аднакаранёвых слоў, пры неабходнасці іх запіс, пастаноўка націскаў, падкрэсліваннне арфаграм. (На слайдзе з’яўляюцца карцінкі, якія дапамагаюць у падборы аднакаранёвых слоў, далей з’яўляюцца самі аднакаранёвыя словы, рад якіх можна дапоўніць.)
- Вызначэнне лексічнага значэння аднакаранёвых слоў, падбор сінонімаў, антонімаў, фразеалагізмаў, прыказак, складанне словазлучэнняў, сказаў.
Пры гэтым на этапе замацавання выкарыстоўваюцца розныя прыёмы, вядомыя кожнаму педагогу.
— Вывучэнне слоўнікавых слоў, арганізаванае падобным чынам, садзейнічае іх асэнсаванаму засваенню, гэта значыць, запамінанню з разуменнем, а таксама забяспечвае дынамічнае разумовае развіццё навучэнцаў, узбагачае, удакладняе, актывізуе слоўнікавы запас. А інтэрактыўны дапаможнік зробіць гэтую работу цікавай і лёгкай, — падкрэслівае Н.П.Гадун.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.