У прасторы неабмежаваных магчымасцей

У сталіцы падведзены вынікі інтэрнэт-праекта “Свет вачыма ІКТ: традыцыі, інавацыі, поспех” (з міжнародным удзелам), які праводзіўся з мэтай пошуку аптымальных педагагічных і тэхналагічных рашэнняў у галіне інфарматызацыі адукацыі і наступнага абмену імі. Арганізатарамі інтэрнэт-праекта былі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, упраўленне адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы, сярэдняя школа № 55 Мінска. Праекты, прадстаўленыя на спаборніцтвах, ацэньваліся ў адной з трох намінацый: “Традыцыі, увасобленыя ў часе”, “Інавацыі: заўсёды на крок наперадзе”, “Поспех — прастора магчымасцей”. Прапаноўваем увазе чытачоў праекты-пераможцы, адзначаныя дыпломамі І ступені ў розных намінацыях.

Краўдсорсінг у адукацыі

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Мінска Наталля Уладзіміраўна Котава, старшы выкладчык кафедры інфармацыйных тэхналогій у адукацыі МГІРА Яўгенія Паўлаўна Дымкова прадставілі праект “Краўдсорсінг у сістэме адукацыі. Рэгіянальнае кіраванне: пошук — магчымасці — укараненне”.

Сёння тэхналогіі краўдсорсінгу прымяняюцца практычна ва ўсіх галінах жыццядзейнасці грамадства. Краўдсорсінг (ад англ. crowdsourcing, crowd — “натоўп”, sourcing — “выкарыстанне рэсурсаў”) — гэта перадача некаторых вытворчых функцый няпэўнаму колу асоб, вырашэнне грамадска значных задач сіламі добраахвотнікаў, якія часта каардынуюць пры гэтым сваю дзейнасць з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. Галоўная ідэя краўдсорсінгу заключаецца ў тым, каб неабходную работу выконвалі не прафесіяналы, а аматары. Гэта значыць, мэтай гэтай тэхналогіі з’яўляецца выкарыстанне патэнцыялу вялікай колькасці людзей для вырашэння пэўных задач у рэгіёне.

— Магчыма, некаторыя лічаць, што на тэрыторыі нашай краіны адукацыйны краўдсорсінг толькі пачынае набываць форму. Згодны! Але ў рэчаіснасці гэта не зусім так, — гаворыць Наталля Ула­дзіміраўна. — На самай справе настаўнікі ўжо даўно з’явіліся ў анлайне. Краўдсорсінг у адукацыі выкары­стоўваюць у двух напрамках: для паляпшэння якасці адукацыйнага працэсу і паслуг, а таксама ў межах сацыяльна значных праектаў для рэгіёна. З дапамогай краўдсорсінгу можна вырашаць адукацыйныя задачы актуальнымі метадамі: ствараць адкрытыя школы і ўніверсітэты, праводзіць дыстанцыйныя курсы і многае іншае. Таксама перавагай краўдсорсінгу з’яўляецца актуальнасць інфармацыі, бо традыцыя выкарыстання падручнікаў у школах усё яшчэ захоўваецца. І гэта калі-нікалі становіцца праблемай, асабліва ва ўмовах школ-новабудоўляў.

На думку Н.У.Котавай, з дапамогай краўдсорсінгу можна вырашыць многія існуючыя праблемы, тым самым палепшыўшы навучанне ва ўстановах адукацыі. Напрыклад, многія адукацыйныя праекты існуюць дзякуючы таму, што іх распрацавалі ці аказалі дапамогу ў іх стварэнні нашы кваліфікаваныя настаўнікі. Гэта і дыстанцыйныя курсы, і розныя метадычныя парталы, сайты і блогі педагогаў, тэматычныя педагагічныя суполкі ці прадметныя сайты, дзе настаўнікі размяшчаюць свае напрацоўкі і дзеляцца актуальнай інфарма­цыяй з калегамі з вопыту работы. Сапраўды, навошта пісаць тысячы сцэнарыяў да адных і тых жа свят ці ўрокаў, калі яны ўжо ёсць у сетцы? Навошта выдумваць новы план урока, калі іх існуе тысячы? Навошта фантазіраваць над захапляльнымі сюжэтамі заданняў, калі гэта ўжо даўно зроблена і размешчана бясплатна ў інтэрнэце?

— Улічваючы рабочую сітуацыю айчыннага настаўніка, гэтая праблема стаіць вельмі востра. За бясконцым планаваннем і справаздачамі педагог фізічна не паспявае рыхтаваць усе матэрыялы нанава, а часам і якасна. Менавіта такія сітуацыі апраўдваюць існаванне метадычнага краўдсорсінгу, які можа сфакусіраваць у сабе самыя лепшыя метадычныя распрацоўкі настаўнікаў рэгіёна. І не толькі, — адзначае Наталля Уладзіміраўна.

З пункту гледжання патрэб навучання краўдсорсінг стаіць на перасячэнні праектнай дзейнасці і тэхналогій інтэрактыўнага навучання, актыўных метадаў навучання. Аўтары праекта лічаць, што работа ў такім асяроддзі будзе са­дзейнічаць развіццю ўмення аналізаваць сітуацыю, ацэньваць альтэрнатывы, актывізуе навыкі вырашэння практычных задач.

Дарогаю дабра

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Салігорска Алена Іванаўна Волкава з’яўляецца аўтарам работы “Вучэбны сеткавы праект як сродак развіцця чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў (вучэбны сеткавы праек­т “Дарогаю дабра”)”.

— Праблемы, якія ўзнікаюць пры рабоце з тэкстамі розных тыпаў, знаёмы кожнаму настаўніку незалежна ад прадмета, які ён выкладае. Сутыкнулася з імі і я, — адзначае аўтар праекта. — Як павярнуць навучэнцаў да кнігі? Як навучыць іх хутка і эфектыўна шу­каць інфармацыю ў тэксце і інтэрпрэтаваць яе? Як навучыць дзяцей па-сапраўднаму чытаць і любіць літаратуру? Пошук адказаў на гэтыя пытанні прывёў мяне да ідэі выкарыстання форм работы, заснаваных на камунікатыўна дзейнасным падыходзе з прымяненнем ІКТ. Так і з’явіўся вучэбны сеткавы праект “Дарогаю дабра” (https://sites.google.com/site/literaturaonas/). Ён рэалізуецца з мэтай усведамлення навучэнцамі значнасці літаратурных твораў, накіраваны на развіццё ў школьнікаў камунікатыўных і даследчых уменняў, чытацкіх кампетэнцый, навыкаў праектавання і работы ў камандзе.

Для ўдзельнікаў праекта было прапанавана асноўнае матывуючае пытанне: “Як зразумець іншага чалавека, яго думкі і пачуцці?” Раскрыць яго дапамаглі праблемныя пытанні “Як чытанне ўплывае на мяне?”, “Ці дапамагаюць нам літаратурныя творы разумець адно аднаго?” і інш., а таксама больш прыватныя пытанні па канкрэтных літаратурных творах (напрыклад, “Чаму хлопчыкі з апавядання А.Чэхава вырашылі адправіцца ў падарожжа?”).

Сеткавы праект складаецца з двух дапаможных і трох асноўных этапаў. Каманды ўдзельнікаў чытаюць, аналі­зуюць, адказваюць на пытанні, выконваюць розныя заданні з выкарыстаннем тэлекамунікацыйных тэхналогій і, інтэрпрэтуючы прачытанае, ствараюць уласныя літаратурныя (і не толькі) творы. А таксама складаюць крыжаванкі, пазлы на аснове сваіх ілюстрацый, букпостары (віртуальныя інтэрактыўныя плакаты) і буктрэйлеры і г.д.

Платформай для ажыццяўлення ВСП служыць сайт Google, які змяшчае неабходную для ўсіх удзельнікаў праекта інфармацыю. Для ўдзелу ў сеткавым праекце вучням неабходна мець педагога-кіраўніка, зарэгістравацца на сайце праекта, сабрацца ў каманды, прыдумаць для сваёй каманды атрыбутыку, падпісаць кодэкс удзельніка і прыступіць да выканання заданняў. Цікава, што для зносін навучэнцаў і абмеркавання пытанняў, якія ўзнікаюць падчас рэалізацыі праекта, арганізоўваецца дзіцячы форум. Абмеркаванне пытанняў з’яўляецца інструментам ацэньвання ўзроўню сфарміраванасці ўмення выказваць і абгрунтоўваць сваю думку, слухаць і чуць іншых, імкнуцца прымаць іншую кропку гледжання.

— Праект “Дарогаю дабра” быў рэалізаваны ў гэтым навучальным годзе. Для ўдзелу ў ім зарэгістраваліся 24 каманды з розных куточкаў Беларусі. Для большасці навучэнцаў галоўнай мэтай удзелу ў праекце было даведацца пра тое, як можна вучыцца дыстанцыйна, ацаніць карыснасць такога спосабу навучання. А ў выніку школьнікі навучыліся ўзае­мадзейнічаць у камандзе, сябраваць, працаваць з новымі сэрвісамі, ствараць крыжаванкі, воблакі слоў і інш., — расказвае Алена Іванаўна. — Таму, думаю, вучэбны сеткавы праект, створаны на літаратурным матэрыяле, з’яўляецца эфектыўным сродкам развіцця чытацкіх кампетэнцый навучэнцаў і павышэння ўзроўню іх чытацкай культуры.

Жыццёвы прынцып А.І.Волкавай — “Я гэта не ведаю. Хачу даведацца!”. Адсюль і шматлікія семінары, вэбінары, пошук інфармацыі, фестываль педагагічнага майстэрства “Дыстанцыйная хваля” адукацыйнага цэнтра “Снэйл”, праекты на globallab, курсы і майстар-класы на edugalaxy.intel.

Зараз педагог з’яўляецца мадэратарам сайта інавацыйнага праекта і сеткавай супольнасці ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у працэсе сеткавага ўзае­мадзеяння”. У планах А.І.Волкавай — распрацоўка чытацкай алімпіяды.

“Еўрабачанне” па-слуцку

— Сённяшняя школа выклікае неабходнасць карэннага пераасэнсавання тэхналогій станаўлення асобы, стварэння ўмоў, накіраваных на развіццё і самаразвіццё вучняў і настаўнікаў: іх умення творча вырашаць праблемы, імкнуцца да новаўвядзенняў, самаўдасканальвацца, авалодваць інавацыйнымі педагагічнымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Неабходна шукаць новыя падыходы да выхаваўчай і ідэалагічнай работы, — гаворыць педагог-арганізатар сярэдняй школы № 11 Слуцка Таццяна Васільеўна Іонава, якая прадставіла на конкурс работу пад назвай “Рэалізацыя праекта “Школьнае “Еўрабачанне” ва ўмовах укаранення кампетэнтнаснага падыходу”. — Адной з такіх форм для навучэнцаў з’явілася школьнае “Еўрабачанне”, якое пачало праводзіцца па ініцыятыве лідара школьнага парламента 2014/2015 навучальнага года Аляксандра Дабранава.

Музычнае шоу якасна адрозніваецца ад іншых выхаваўчых мерапрыемстваў актыўным выкарыстаннем сучасных электронных тэхналогій і камп’ютарных праграм. Папярэдне на савеце каман­дзіраў 5—11 класаў разам з прадстаўнікамі школьнага парламента праводзіцца жараб’ёўка, па выніках якой кожны клас вызначае краіну, якую потым прадставіць на школьным “Еўрабачанні”. Кожны клас займаецца афармленнем насценгазеты аб удзеле краіны, якая выпала, а вакальныя нумары дазваляецца рыхтаваць па жаданні, улічваючы магчымасці класа. Конкурснае выступленне павінна быць паўнацэнным канцэртным нумарам, арыентаваным на публіку ў зале: удзельнікі самі рыхтуюць свае касцюмы, рэквізіты, канкурсанты выступаюць пад “мінусоўку” на CD, flash-носьбіце ці пад жывы акампанемент або без акампанементу; навучэнцы сярэдніх класаў могуць выконваць песню на рускай мове, а навучэнцы старшых класаў — на замежнай.

Прадстаўнікі школьнага міністэрства знешніх спраў займаюцца зборам заявак на ўдзел класаў-краін, а ў працэсе правядзення самога конкурсу выконваюць ролю валанцёраў у прамым эфіры вакальнага конкурсу. Цікавасць школьнай грамадскасці падаграецца з’яўленнем на інфармацыйных стэндах і ў сетцы інтэрнэт яркай аб’явы, сімвала і слогана конкурсу, дэманстрацыяй відэа­рэкламы, падрыхтоўкай відэапаштовак удзельнікаў-вакалістаў, афармленнем інфармацыйных лістовак для гледачоў. Адным словам, усё па-сапраўднаму.

Агучваць вынікі галасавання запрашаецца прадстаўнік ад кожнага класа-краіны. Пры дапамозе праграмы Euroscoreboard 2.0 у рэжыме анлайн вя­дзецца падлік галасоў. Кожны клас-краіна ўзнагароджвае ачкамі толькі 10 лепшых, па іх меркаванні, класаў-краін. Песня, якая атрымала найбольшую колькасць галасоў у кожным класе, набірае 12 ачкоў, другая песня — 10, трэцяя — 8 і г.д. Пераможца школьнага “Еўрабачання” пасля цырымоніі ўзнагароджання выконвае песню на біс.

Сімвалам школьнага музычнага конкурсу “Еўрабачанне-2017” стала сэрца — сімвал пачуццяў і эмоцый. Слоган конкурсу гучаў так: “Адчуй, як б’ецца тваё сэрца!”. Пераможцай спаборніцтваў стала сёлета “прадстаўніца” Даніі Віялета Лычнікава разам з танцавальнай групай дзяўчынак з 6 “А” класа. Уся школа радавалася пры агучванні пераможцы, а зала, стоячы, апладзіравала падчас выканання на біс песні-пераможцы.

— Ад такой формы работы нашы навучэнцы ў захапленні. І гэта здорава, бо ў аснове праекта ляжаць уменні арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, інтэграваць уласныя веды з розных вучэбных прадметаў і жыццёвы вопыт, уменне крытычна мысліць, працаваць у каман­дзе і быць яго часткай. І самае галоўнае, такая форма работы садзейнічае паспяховай сацыялізацыі навучэнцаў і развіццю ўсяго дыяпазону жыццёва неабходных кампетэнцый, — адзначае Таццяна Васільеўна.

Мадэль мабільнага адукацыйнага асяроддзя

На распрацоўку і ўкараненне мадэлі мабільнага адукацыйнага асяроддзя ў практыку работы ўстановы адукацыі накіраваны праект “Мабільнае адукацыйнае асяроддзе на аснове інтэрнэт-тэхналогій як фактар павышэння якасці адукацыі”, распрацаваны педагогамі сярэдняй школы № 55 Мінска: намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Галінай Яўгенаўнай Буслюк, настаўніцай інфарматыкі і геаграфіі Ірынай Аляксандраўнай Філімонавай, настаўніцай інфарматыкі Рытай Яўгенаўнай Андрэенка.

— Імкліва мяняецца змястоўны кампанент вучэбных прадметаў, і не заўсёды метадычная падтрымка яго вучэбнымі дапаможнікамі і дыдактычнымі матэрыяламі ажыццяўляецца своечасова, — расказвае дырэктар школы М.В.Сячко. — Акрамя таго, існуе супярэчнасць і паміж адзіным для ўсіх навучэнцаў базавым зместам адукацыі і індывідуальнымі здольнасцямі, ведамі і захапленнямі, стартавым узроўнем падрыхтоўкі. Для стварэння на вучэбных занятках камфортных умоў для ўсіх удзельнікаў адукацыйных адносін, выстройвання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, павышэння якасці кіравання адукацыяй і ўзнікла неабходнасць у стварэнні мабільнага адукацыйнага асяроддзя.

Мадэль развіваецца ў двух напрамках: дыстанцыйнае навучанне і стварэнне віртуальных прадметных і выхаваўчых рэсурсаў на аснове воблачных тэхналогій. У цяперашні час мабільнае асяроддзе ўключае ў сябе дыстанцыйныя курсы, віртуальныя прадметныя кабінеты, блогі і віртуальныя клубы.

Як расказала Г.Я.Буслюк, найбольш напоўнена мабільнае адукацыйнае асяроддзе, якое змяшчае матэрыялы па інфарматыцы і геаграфіі. Так, мабільная адукацыйная прастора па інфарматыцы складаецца з дыстанцыйнага курса “Інфарматыка ў модулях”, у якім прадстаўлены распрацоўкі ўсіх вучэбных заняткаў па інфарматыцы для 6—11 класаў і факультатыўных заняткаў па інфарматыцы для 6—8 класаў. Гэта электронныя матэрыялы, неабходныя для навучання, дадатковыя матэрыялы, матэрыялы з рубрыкі “Гэта цікава”. Арганізаваны кантроль ведаў праз сістэму тэстаў, апытанне настаўніка, работу з электронным сшыткам навучэнца, запаўненне электронных крыжаванак і г.д. Курс мае гасцявы допуск да размешчаных матэрыялаў. На ім зарэгістраваны 140 навучэнцаў і 5 педагогаў з рэспублікі. “Інфарматыка ў модулях” з’яўляецца дапаўненнем да сайта “Інфарматыка ў школе” (http://inf.sch55.minsk.edu.by), які ўяўляе сабой электронныя модулі ўсіх заняткаў для 6—11 класаў. Модулі складаюцца з тэмы і мэты заняткаў, электронных матэрыялаў па праграме і дадатковых матэрыялаў, прапаноўваюцца творчыя заданні для развіцця крэатыўнага мыслення навучэнцаў, дамашнія заданні, тэсты, відэафрагменты тлумачэння новага матэрыялу і інш. Трэці сегмент — блог педагога (http://andreenko-rita.blogspot.com.by/). Такім чынам, атрымалася стройнае і гнуткае мабільнае вучэбнае асяроддзе па інфарматыцы.

Актыўна развіваюцца ва ўстанове дыстанцыйныя курсы па матэматыцы, хіміі, фізіцы, англійскай мове, гісторыі і метадычная скарбонка класнага кіраўніка. Кожны з іх мае сваю структуру, мэты і задачы. Створаны і знаходзяцца ў працэсе напаўнення электронныя партфоліа метадычных аб’яднанняў педагогаў.

На аснове тэматычнага сайта “Дзіця. Сям’я. Школа” (http://blog.sch55.minsk.edu.by/) працуюць два віртуальныя раённыя клубы “Зносіны” і “Сям’я”. Паколькі школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па інфарматызацыі, то работа цэнтра і яго лабараторый асвятляецца на тэматычным сайце РЦІТ (http://it.sch55.minsk.edu.by/).

— Структура створанай мадэлі дазваляе кіраўніку ўстановы адукацыі камбінаваць метадычныя і дыдактычныя матэрыялы ў адпаведнасці з асаблівасцямі і напрамкамі развіцця адукацыйнага працэсу, — адзначае дырэктар школы М.В.Сячко. — Гэтае асяроддзе з’яўляецца адкрытым: метадычнымі і дыдактычнымі матэрыяламі, ідэямі мае магчымасць скарыстацца любы педагог у сваёй рабоце, навучэнец на занятках і пры падрыхтоўцы да ўрокаў, бацькі. Яно актыўна выкарыстоўваецца ў межах сеткавага ўзаемадзеяння.

Узаемадзеянне віртуальнае — вынік рэальны

Адразу тры праекты з сярэдняй школы № 111 Мінска ў розных намінацыях адзначаны дыпломамі І ступені. Магчымасці развіцця кампетэнцый навучэнцаў у навукова-тэхнічным напрамку ў цеснай інтэграцыі з развіццём творчых здольнасцей разглядаюцца ў рабоце “Мастацтва маляваць кодам” настаўніцы пачатковых класаў Людмілы Аляксееўны Варонінай.

— Многія думаюць, што паміж праграмаваннем і жывапісам існуе вялізная бездань. Але гэта не так. І калі першы від дзейнасці лічыцца халодным, дакладным і метадычным, то ў жывапісе звычайна бачаць проста экспрэсіўнае самавыяўленне. Але мы лічым памылковым меркаванне, калі гавораць, што гэтыя працэсы непадобныя. Прафесіяналаў абедзвюх сфер аб’ядноўвае тое, што і тыя, і іншыя — творцы. Побач з кампазітарамі, архітэктарамі і пісьменнікамі праграмісты і мастакі імкнуцца стварыць штосьці каштоўнае, — заўважае Людміла Аляксееўна. — Як ні дзіўна, жывапіс можа навучыць нас праграмаваць. Мастакі набываюць навыкі малявання, ствараючы карціны. Таксама і праграмісты набываюць неабходныя навыкі, калі распрацоўваюць свае першыя праграмы, пачынаючы з пачатковых класаў школы. Вы вучыцеся праграмаваць, толькі калі пішаце код.

Разам з навучэнцамі настаўніца выкарыстоўвае PencilCode — сумесны праграмны сайт для малявання, гульні і стварэння гульняў. Гэта таксама месца для эксперыментаў з геаметрыяй і графікай. Праграмы адкрыты для ўсеагульнага прагляду і капіравання. Асноўная мова — Coffeescript. PencilCode — гэта асяроддзе блочнага праграмавання, якое мае свае асаблівасці і перавагі. Навучанне пабудавана на графічных блоках з кодам. Усё гэта выглядае як гульня, але навучэнцы вырашаюць сапраўдныя задачы.

Віртуальнае адукацыйнае асяроддзе разглядаецца як адна з інавацыйных тэхналогій у навучанні ў праекце настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Аляксееўны Зорыч “Узаемадзеянне віртуальнае — вынік рэальны”. У якасці прыкладу выкарыстаны асабісты вопыт віртуальнай работы з асобнымі вучнямі класа. Зыходнымі кропкамі для арганізацыі віртуальнага выкладання матэрыялу сродкамі платформы Webеx (https://www.webex.com) паслужылі дзве акалічнасці — немагчымасць фізічнай прысутнасці навучэнцаў на ўроках тлумачэння новага матэрыялу і сур’ёзныя адставанні некаторых вучняў у засваенні вучэбнага матэрыялу. Аўтар распрацоўкі робіць выснову, што выкарыстанне віртуальнага адукацыйнага асяроддзя ўзмацняе індывідуальную накіраванасць працэсу навучання, дазваляе развіваць інфармацыйна-камунікацыйную кампетэнтнасць навучэнцаў, стварае безбар’ернае асяроддзе. Веды сёння могуць дастаўляцца незалежна ад таго, дзе чалавек знаходзіцца і якія фізічныя магчымасці ў яго ёсць.

“Блогасфера нашай школы” — так называецца распрацоўка настаўніцы пачатковых класаў Інгі Пятроўны Ціханавецкай.

— У наш час, дзякуючы развіццю інтэрнэту, у вучэбную практыку прыхо­дзяць новыя інструменты і сродкі, з дапамогай якіх педагогі могуць вырашаць больш складаныя задачы. Адзін з такіх інструментаў — педагагічны блог. А стварэнне блогасферы школы з’яўляецца тым педагагічным інструментам, які арганізоўвае вучэбную дзейнасць навучэнцаў і прадстаўляе іх дасягненні і прадукты дзейнасці, — гаворыць Інга Пятроўна. — Блогасфера азначае сукупнасць усіх блогаў як суполь­насць ці сацыяльную сетку. Каманда педагогаў нашай школы прыняла рашэнне аб’яднаць створаныя кожным педагогам паасобку блогі ў асаблівую школьную блогасферу, а агульным звяном выступіў сайт нашай навучальнай установы http://sch111.minsk.edu.by/. Кожны з нас думае аб змесце і адштурхоўваецца пры гэтым ад таго, што і як мы хочам пазіцыянаваць у блогасвеце. Мора здольна пераплыць толькі вынослівая шхуна, а вынослівай яе робіць выключна капітан. Капітаны нашых блогаў валодаюць прафесіяналізмам, фантазіяй і незалежнасцю мыслення.

“Профіль.ру”

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна Аліна Іванаўна Касцюк лічыць свой удзел у інтэрнэт-праекце “Свет вачыма ІКТ: традыцыі, інавацыі, поспех” вялікай выпадковасцю. Зусім юны адукацыйны рэсурс “Профіль.ру” (http://gimnazia9-gro.blogspot.com.by/) быў створаны педагогам зусім не для конкурсу.

— Працуючы ў профільным класе, зразумела, як важна вучню своечасова дапамагчы ў навучанні, накіраваць туды, дзе няма навязлівай рэкламы, дзе ўсё для дзіцяці і для яго ведаў, — гаворыць Аліна Іванаўна. — Адукацыйны рэсурс “Профіль.ру” быў створаны на аснове платформы Blogspot.com з улікам запытаў навучэнцаў старшых класаў на аснове патрабаванняў профільнага навучання. Ён адкрывае шырокі спектр магчымасцей як для самога педагога, так і для іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу і наведвальнікаў, перш за ўсё навучэнцаў профільных класаў. Гэты рэсурс — дзейсны памочнік на ўроках, факультатыўных занятках, у пазакласнай рабоце. Асноўныя яго функцыі — адукацыйная (прадастаўленне магчымасцей дыстанцыйнага навучання, выкарыстанне ў вучэбным працэсе электронных дапаможнікаў, матэрыялаў, тэставых заданняў) і камунікатыўная (сродак зносін паміж усімі зацікаўленымі).

На сайце можна знайсці адказы на многія моўныя пытанні. Яны выкла­дзены ў сціслым, даступным выглядзе. Сярод шматлікіх раздзелаў — “Выразныя сродкі мовы”, “Рыхтуемся да ЦТ”, “Дыстанцыйныя заданні, апорныя канспекты” і інш. Для навучэнцаў падрыхтаваны тэставыя заданні па тэмах курса “Руская мова”. На старонках гэтых заданняў можна знайсці табліцы-памяткі, якія могуць быць наглядным дапаможнікам на ўроку і ў пазакласнай рабоце. Матэрыялы можна выкарыстоўваць і для навучэнцаў сярэдняга звяна пры вывучэнні, абагульненні моўных тэм. Многія тэмы будуць карысны навучэнцам пры падрыхтоўцы да алімпіяд.

— Конкурс прайшоў, а работа на сайце працягваецца, — заўважае А.І.Касцюк. — Рэсурс пастаянна абнаўляецца, а яго база напаўняецца новымі матэрыяламі і тэставымі заданнямі. Я бачу наведвальнікаў, ёсць старонка для зваротнай сувязі. Удзяч­ныя вучні пішуць водзывы, дасылаюць лісты. А самае галоўнае, працуюць, узбагачаючы сябе: назірала, як выконвалі тэставыя заданні напярэдадні цэнтралізаванага тэсціравання, праглядала памылкі, дапамагала выправіць іх, сачыла за поспехамі. Перамога ў конкурсе, безумоўна, добра, але перамога над сабой — гэта тое, што робіць нас багацейшымі!

Напісаць цяжкія словы — лёгка!

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы вёскі Тамашоўкі Наталля Пятроўна Гадун распрацавала інтэрактыўны дыдактычны матэрыял для работы са слоўнікавымі словамі ў 2 класе “Няцяжкая работа з цяжкімі словамі” . Прадукт выкананы ў асяроддзі MS Office PowerPoint 2010.

— Адным са складнікаў фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці навучэнцаў з’яўляецца работа са словамі з неправяраемымі ці цяжкаправяраемымі напісаннямі. Несумненна, у кожнага настаўніка ёсць свая сістэма работы з такімі словамі, — зазначае Наталля Пятроўна. — Яшчэ ў самым пачатку маёй педагагічнай дзейнасці мне ў рукі трапіла кніга В.П.Канакінай “Работа з цяжкімі словамі ў пачатковых класах”. На мой погляд, вельмі цікавы і карысны дапаможнік. Яго мэта — дапамагчы настаўніку арганізаваць штодзённую практычную работу над слоўнікавымі словамі. На этапе азнаямлення са словам, лі­чыць аўтар дапаможніка, важна, каб работа над сэнсам і гукавым аналізам яго папярэднічала паказу напісання гэтага слова на картцы ці на дошцы.

Я пачала збіраць карцінкі з ілюстрацыямі цяжкіх слоў, аднакаранёвых слоў. Калі ў мяне з’явілася магчымасць выкарыстоўваць ІКТ і электронныя сродкі навучання, вырашыла стварыць інтэрактыўны дыдактычны матэрыял. Мэта праекта — арганізаваць работу вучняў па азнаямленні са слоўнікавымі словамі. У дзвюх прэзентацыях сабраны ўсе слоўнікавыя словы, якія вывучаюцца ў 2 класе.

Настаўніца выпрацавала алгарытм увядзення новага слоўнікавага слова:

  1. Усведамленне лексічнага значэння слова (навучэнцы адгадваюць загадку, разгадваюць рэбус, на слай­дзе з’яўляецца карцінка, падмацаваная фармулёўкай лексічнага значэння).
  2. Гукавы аналіз слова (вымаўляем — вылучаем склады — ставім націск — інтануем усе гукі).
  3. Фарміраванне зрокавага вобраза слова (дэманстрацыя правільнага напісання слова на слайдзе з падкрэсліваннем літар, напісанне якіх неабходна запомніць).
  4. Арфаграфічнае чытанне.
  5. Устанаўленне розніцы паміж напісаннем і вымаўленнем.
  6. Запіс слова, пастаноўка націску, падкрэсліванне арфаграм.
  7. Падбор аднакаранёвых слоў, пры неабходнасці іх запіс, пастаноўка націскаў, падкрэсліваннне арфаграм. (На слайдзе з’яўляюцца карцінкі, якія дапамагаюць у падборы аднакаранёвых слоў, далей з’яўляюцца самі аднакаранёвыя словы, рад якіх можна дапоўніць.)
  8. Вызначэнне лексічнага значэння аднакаранёвых слоў, падбор сінонімаў, антонімаў, фразеалагізмаў, прыказак, складанне словазлучэнняў, сказаў.

Пры гэтым на этапе замацавання выкарыстоўваюцца розныя прыёмы, вядомыя кожнаму педагогу.

— Вывучэнне слоўнікавых слоў, арганізаванае падобным чынам, садзейнічае іх асэнсаванаму засваенню, гэта значыць, запамінанню з разуменнем, а таксама забяспечвае дынамічнае разумовае развіццё навучэнцаў, узбагачае, удакладняе, актывізуе слоўнікавы запас. А інтэрактыўны дапаможнік зробіць гэтую работу цікавай і лёгкай, — падкрэслівае Н.П.Гадун.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Адна думка пра “У прасторы неабмежаваных магчымасцей

  1. А.И.Костюк 21.06.2017 at 21:00 - Reply

    Большое спасибо за интересный и полезный материал!
    Реализованные проекты должны найти широкое применение в образовании Республики Беларусь.
    Каждый должен вносить достойный вклад в дело воспитания и образования.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *