У Пратасевічах павага да прафесіі педагога перадаецца ад пакалення да пакалення ўжо 120 гадоў

- 13:11Репортаж

“Нашы выпускнікі маглі б укамплектаваць кадрамі самую вялікую школу”. У Пратасевічах павага да прафесіі педагога перадаецца ад пакалення да пакалення ўжо 120 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адметная атмасфера

Прызнаюся: калі ехала ў камандзіроўку ў Асіповіцкі раён, у Пратасевічы, мне здавалася, што я еду ў мінулае. Мне не даваў спакою хаця б той факт, што ў XXI стагоддзі яшчэ ёсць школа з пячным ацяпленнем і што знаходзіцца яна ў розных населеных пунктах.

— Наша школа — гэта 116 навучэнцаў і 18 настаўнікаў. Мы размяшчаемся ў 4 будынках. У гэтым, большым, вучацца 5—10 класы, вунь там — спартзала і кабінет 11 класа, а гэты домік — наша сталовая, — праводзіць для мяне экскурсію намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Русаковіч. — Потым з’ездзім у Забалацце, за кіламетр адсюль. Там, у памяшканні былога піянерлагера, вучацца малодшыя класы.

Прыязджаюць у школу дзеці з некалькіх вёсак. Першых трох дзяцей з Паплавоў, што за 11 км ад школы, аўтобус забірае ў 7:00, а адтуль едзе па вучняў амаль 36 кіламетраў у супрацьлеглы бок раёна — у вёскі Верайцы і Дражня. Каб школьнікам было цёпла і ўтульна ў класах, кожны дзень перад пачаткам урокаў пячнікі толькі ў будынку сярэдняй школы выпальваюць у дзевяці печах.

Яны ёсць у кожным класе, у настаўніцкай і ў кабінеце дырэктара. Такі ўклад пануе тут шмат гадоў. Яго цэніць кожны, хто тут працуе ці вучыцца.

— Калі я прыйшла ў першы клас, у той год дырэктарам нашай школы стаў Мікалай Іванавіч Бранавіцкі, — расказвае А.Русаковіч. — На гэтай пасадзе ён быў 35 гадоў, працягвае працаваць тут і сёння — нас­таўнікам матэматыкі. У пачатку 90-х гадоў пачалося будаўніцтва новай школы — двухпавярховай, з актавай залай і басейнам. Якраз тады я паступала ў педагагічны, і Мікалай Іванавіч казаў: “Вучыся, Аксана! Спадзяюся, вернешся да нас ужо ў новую школу”. Але школу так і не пабудавалі: калі быў зроблены фундамент, скончылася фінансаванне.

Мікалай Бранавіцкі любімы настаўнік у дзяцей

Для Аксаны Уладзіміраўны школа — гэта не проста сцены, а перш за ўсё калектыў. І ён тут сапраўды дружны. Амаль палова яе калег — выпускнікі гэтай жа школы.

— Вось-вось адкрыецца новая школа на 850 месцаў, з басейнам. І мы право­дзілі апытанне, хто туды пойдзе. З нашых дзяцей толькі адна дзяўчынка плануе, а астатнія (у тым ліку яе сястра) хочуць зас­тацца ў гэтай школе. І гэта пры тым, што новая школа будзе зусім побач з іх вёскамі. З баць­камі навучэнцаў мы таксама гутарылі, раілі ім перайсці ў новую школу — ніхто не хоча, — гаворыць Аксана Русаковіч.

У чым жа сакрэт? Былы дырэктар Мікалай Бранавіцкі сціпла паціскае плячыма:

— Мабыць, тут адметная атмасфера. Таму і настаўнікі, і дзеці не хочуць перахо­дзіць у іншыя ўстановы. У нас былі такія выпадкі, калі дзеці мянялі школы, але праз год вярталіся. Большасць бацькоў нашых навучэнцаў таксама нашы выпускнікі. Яны проста любяць сваю школу.

“Нізашто не перайду са сваёй школы ў іншую!” — вучні Пратасевіцкай школы і слухаць не хочуць пра вучобу ў горадзе.

Адна каманда

Яшчэ адна адметнасць навучэнцаў гэтай школы — асаблівае стаўленне да прафесіі настаўніка.

— У нас шмат настаўнікаў сярод выпускнікоў. Настаўнікі матэматыкі, гісторыі, беларускай мовы, фізкультуры… Колькі іх было за 120 гадоў, канечне, не падлі­чыць. Толькі за апошніх 10 гадоў 14 з іх пачалі свой настаўніцкі шлях, а некалькі чалавек яшчэ вучацца. Нашы выпускнікі маглі б укамплектаваць кадрамі вялікую школу. Усе яны працуюць па спецыяльнасці, і гэта наша гордасць, — адзначае Аксана Русаковіч.

Зрэшты, проста “працуюць” — гэта не пра пратасевіцкіх настаўнікаў. Узяць хаця б настаўніка фізічнай культуры і здароўя Мікалая Роўбеля. І самога настаўніка, і яго навучэнцаў добра веда­юць у спартыўным асяроддзі і ў раёне, і ў вобласці. Пратасевіцкая школа ў тройцы лепшых у раёне ў спартыўным рэйтынгу, а з абласных спартакіяд школьнікі штораз прывозяць “сераб­ро” і “золата”. І пры гэтым у іх няма нават спартзалы, а ўсяго толькі невялічкі пакой у будынку былога сельсавета, дзе і разбегчыся добра не атрымаецца.

Толькі за апошніх 10 гадоў 14 пратасевіцкіх выпускнікоў пачалі свой настаўніцкі шлях, а некалькі з іх яшчэ вучацца.

— У нас класы невялікія, у сярэднім па 12 чалавек, таму для трэніровак месца хапае, — гаворыць Мікалай Уладзіміравіч. — Толькі спартыўныя гульні няма дзе право­дзіць: столь нізкая, мяч не паганяеш. Затое мы кампенсуем гэта ў настольным тэнісе, у нас шмат перамог у гэтай дысцыпліне на абласным узроўні. У мінулым годзе 12 нашых дзяцей выступілі на абласной спартакіядзе за гонар Асіповіцкага раёна і занялі 2-е месца ў вобласці. Самыя вялікія поспехі ў нас у біятлоне, лыжных гонках і мнагаборстве. Кожную зіму каля школы мы пракладваем лыжню, для дзяцей ёсць 40 камплектаў лыж. Гэтым разам з 18 устаноў адукацыі раён выставіў 24 чалавекі па зімовых дысцыплінах, з іх 10 — нашы навучэнцы. Яны заваявалі 13 дыпломаў, з іх 6 — І ступені.

Думаю, хутка спіс спартыўных перамог папоўніцца. Дзякуючы аблвыканкаму, летам на стадыёне пакладуць сучаснае пакрыццё і з’явяцца пляцоўкі для гульнявых відаў спорту.

Танцуюць усе!

Стараюцца быць разам, адной камандай не толькі настаўнікі і школьнікі. Дзесяцігоддзямі ўваходзяць у склад аднаго калектыву і выпускнікі школы, якія працуюць у мясцовым Доме культуры і музычнай школе. Зрэшты, навучэнцы ўсіх трох устаноў — адны і тыя ж дзеці.

— План шостага школьнага дня мы фарміруем у канцы жніўня, — гаворыць Аксана Русаковіч. — Яго я ўзгадняю з дырэктарам Дома культуры і з дырэктарам музычнай школы, бо мы з імі арганізоўваем усё ра­зам. Тут яшчэ важны той факт, што ў нас няма актавай залы і любыя мерапрыемствы мы праводзім у сельскім Доме культуры. Галоўныя на іх — нашы дзеці, якія наведваюць музычную школу, гурткі на базе сельскага Дома культуры і нашы, школьныя.

Аб’ядноўваюць гэтыя ўстановы і настаўнікаў. Так, супрацоўніцтва з фальклорным калектывам “Сузор’е” спрыяе таму, што яны паспяхова выступаюць на творчых конкурсах для педагогаў, у прыватнасці маюць узнагароды рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”.

Фота з архіва школы

У мінулым годзе ў Забалацці прахо­дзілі абласныя “Зажынкі”. Атрымалася яркае свята. Яго арганізоўвалі ў тым ліку і ўдзельнікі ўзорнага ансамбля “Лянок”, які амаль 20 гадоў дзейнічае на базе музычнай школы. Ім кіруе Яўгенія Шведава, якая пераняла кіраўніцтва ад сваёй сястры (абе­дзве — выпускніцы Пратасевіцкай школы), якая некалі і стварала гэты ансамбль. Яўгенія Анатольеўна — вельмі апантаны чалавек: піша музыку, выдатна спявае ў народным стылі і добра ведае танцы рэгіёна. Яе навучэнцы паспяхова выступаюць на рэспубліканскім конкурсе аўтэнтычнага танцавальнага мастац­тва “Берагіня”. Педагог вучыць мясцовую дзетвару паважаць народны танец з маленства. Гэтую ініцыятыву падтрымліваюць у школе.

— Падэспань, кракавяк, матлёт і іншыя танцы нашы дзеці ведаюць з першага класа, — адзначае Аксана Русаковіч. — Кожны год мы ладзім танцавальныя праграмы. Нават у праграму ўнутрышкольных конкурсаў я стараюся ўключаць элементы народных танцаў. Танцуем пад народную музыку і на перапынках, калі цяплее, часта выходзім з калонкай на вуліцу. Дзецям гэта падабаецца, гэта наша фішка. Вучым танцам і гасцей.

Хаця школе 120 гадоў, выгляд яна мае маладжавы. Асабліва памаладзела ўстанова за апошнія два гады: быў заменены дах, вокны. Сёлета будуць поўнасцю заменены камп’ютары і мадэрнізаваны стадыён. Гэтым летам і саму школу чакае капітальны рамонт, поўная замена пячнога ацяплення на электрычнае. Таму, мабыць, я адна з апошніх, хто яшчэ паспеў пагрэць рукі аб кафляны бок печы ў настаўніцкай. Але галоўнае, што душа школы, яе асаблівая атмасфера, якую так ашчадна шануюць настаўнікі і дзеці, застанецца ранейшай.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара