Дырэктыва Прэзідэнта Беларусі ад 14 чэрвеня 2007 года № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” прынята ў новай рэдакцыі. Адпаведны ўказ № 26 кіраўнік дзяржавы падпісаў 26 студзеня, паведамілі ў прэс- службе беларускага лідара.
Пры гэтым мяняецца назва дырэктывы: “Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
Для ўмацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы ў дырэктыве прадугледжваюцца меры па павышэнні ролі і ўкладу навуковай супольнасці ў вырашэнне дзяржаўна значных задач, росце экспартнага патэнцыялу для забеспячэння знешняй збалансаванасці эканомікі і дыверсіфікацыі экспарту, кардынальным змяненні якасці кіравання прамысловым комплексам, забеспячэнні энергетычнай бяспекі і незалежнасці краіны.
Персанальная адказнасць за выкананне дакумента ўскладаецца на прэм’ер-міністра, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.
Так, дакументам прадугледжана забеспячэнне планамернай дыверсіфікацыі экспарту для дасягнення роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі: Еўразійскага эканамічнага саюза, Еўрапейскага саюза і іншых краін, у тым ліку “далёкай дугі”, — якое да 2020 года павінна скласці суадносіны трэць — трэць — трэць. “Гэта дасць магчымасць збалансаваць знешні гандаль Беларусі, асвоіць новыя рынкі збыту і замацавацца на іх, скараціць рызыку залежнасці эканамічнага росту Беларусі ад росту асобных краін — гандлёвых партнёраў”, — гаворыцца ў дырэктыве.
З гэтай мэтай рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму пры агульнай каардынацыі Міністэрства замежных спраў, дадзены шэраг даручэнняў.
У прыватнасці, даручана ажыццяўляць пошук і ўкараненне новых форм і метадаў пашырэння беларускіх тавараў, работ і паслуг на традыцыйных і новых рынках збыту, садзейнічаць захаванню тэндэнцыі павелічэння экспарту паслуг, аказваючы іх экспарцёрам у выпадку неабходнасці адпаведныя меры дзяржаўнай падтрымкі, развіваць дылерскія адносіны з “наборам” маркетынгавых інструментаў, сертыфікацыяй, дадатковымі паслугамі, калі пасрэднік ведае спецыфіку мясцовага рынку і бярэ на сябе частку выдаткаў на парытэтных пачатках.
Дзяржаўным органам і арганізацыям неабходна пашыраць міжнародную кааперацыю шляхам стварэння доўгатэрміновых альянсаў рознага тыпу (сумесныя вытворчасці за межамі Беларусі, франчайзінгавыя, ліцэнзійныя і лізінгавыя пагадненні і інш.) у мэтах асваення перадавых тэхналогій, выпуску новых тавараў і суправаджэння іх рэалізацыі адпаведнымі паслугамі.
Даручана таксама захоўваць долю на рынку Расіі па пастаўках беларускай прадукцыі, пры продажы якой дасягаецца максімальная эканамічная эфектыўнасць.
Сярод прыярытэтаў таксама арганізацыя супрацоўніцтва вядучых беларускіх вытворцаў з профільнымі транснацыянальнымі карпарацыямі ў мэтах прыцягнення прамых замежных інвестыцый, якія забяспечваюць магчымасць выкарыстання сучасных тэхналогій, абсталявання, патэнтаў на вытворчасць найноўшых відаў прадукцыі, атрымання доступу да тавараправоднай сеткі транснацыянальных карпарацый.
Як вынікае з новай рэдакцыі дырэктывы, Беларусь плануе да 2020 года павялічыць бюджэтныя расходы на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць амаль у два разы.
У Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Беларусі растлумачылі, што, паводле даных на 2014 год, навукаёмістасць ВУП склала 0,52 працэнта, паводле папярэдняй інфармацыі, значэнне гэтага паказчыка на 2015 год чакаецца на такім жа ўзроўні. Згодна з дырэктывай № 3, бюджэтныя расходы на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць да 2020 года плануецца нарасціць да 1 працэнта ад ВУП.
Пры гэтым павінны быць прыняты меры па забеспячэнні да 2020 года росту ўдзельнай вагі пазабюджэтных крыніц ва ўнутраных затратах на навуковыя даследаванні і распрацоўкі да 60 працэнтаў, экспарту навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб’ёме беларускага экспарту — да 20 працэнтаў, высокатэхналагічных відаў дзейнасці ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці — да 4—6 працэнтаў. Колькасць даследчыкаў плануецца павялічыць да 22 чалавек на 10 тысяч насельніцтва.
Згодна з дакументам, увага таксама будзе ўдзелена фарміраванню сістэмы венчурнага фінансавання для прыцягнення пазабюджэтных крыніц фінансавання і ўкараненню новых для Беларусі форм інтэграцыі навукі, адукацыі і вытворчасці на базе арганізацый усіх форм уласнасці (кластары, тэхналагічныя платформы). Акрамя таго, будуць прыняты меры па забеспячэнні паскоранага развіцця Парка высокіх тэхналогій, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Індустрыяльны парк “Вялікі камень”, навукова-тэхналагічных паркаў у якасці пляцовак для арганізацыі інавацыйных і высокатэхналагічных вытворчасцей, заснаваных на тэхналогіях V і VI тэхналагічных укладаў.
У якасці прыярытэту дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі да 2020 года дырэктывай вызначана развіццё высокатэхналагічных напрамкаў нацыянальнай эканомікі, заснаваных на выкарыстанні бія- і нанатэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, новых матэрыялаў.