Нягледзячы на тое, што пераход з дзяцінства ў юнацтва дарослыя называюць “цяжкім узростам”, што час адкрыццяў, пошукаў сябе часта суправаджаецца “пабочнымі эфектамі”, ад якіх бяруцца за галаву бацькі і педагогі, тым не менш падлеткавы ўзрост — бадай, самы цікавы перыяд у жыцці кожнага чалавека. Праўда, каб ён прайшоў як мага спакайней, трэба пастарацца і падлеткам, і дарослым. А дапамагчы і тым і іншым гатовы цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, якія актыўна адкрываюцца па ўсёй краіне, і іх колькасць ужо дасягнула амаль паўсотні. Пра тое, па якіх напрамках працуюць іх спецыялісты, мы гутарым з каардынатарам, псіхолагам, валеолагам сталічнага Цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў, “Давер” Валянцінай Міхайлаўнай ШУКАН. Асабліва багаты вопыт і напрацоўкі каманда спецыялістаў цэнтра мае ў кірунку фарміравання бяспечных паводзін у падлеткаў.
— Валянціна Міхайлаўна, раскажыце, у чым перавагі цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў? На якіх прынцыпах вы будуеце сваю работу?
— Галоўнае тое, што ўвесь спектр паслуг, па якія падлеткі баяцца звярнуцца ў паліклінікі па месцы жыхарства, мы прадастаўляем ананімна, канфідэнцыяльна і, што таксама немалаважна, бясплатна. Станоўча ўплываюць на пацыентаў і добразычлівыя адносіны, адсутнасць чэргаў, даступнасць і давер да спецыялістаў. Акрамя таго, наведвальнікі не рызыкуюць сустрэць знаёмых, родных ці суседзяў: цэнтры размешчаны ў дзіцячых ці інтэграваных паліклініках, але ўваход, гардэроб, рэгістратура ў кожнага з іх асобныя. На прыём ці на кансультацыю да пэўнага ўрача можна запісацца пад любым імем: ні прозвішча, ні ўзрост не прынцыповыя. Менавіта таму падлеткі не баяцца звяртацца ў цэнтры.
— Якія спецыялісты вядуць прыём?
— У нас працуюць урач-педыятр, урач-гінеколаг, два разы ў месяц прымае дэрматавенеролаг і нарколаг. Працуе і псіхолаг, валеолаг. Толькі за мінулыя тры месяцы да ўсіх гэтых спецыялістаў звярнуліся 1179 падлеткаў.
— З якімі праблемамі, пытаннямі найчасцей звяртаюцца падлеткі?
— Самых юных нашых наведвальнікаў, а часцей наведвальніц, цікавяць пытанні фізіялогіі развіцця. Гэта ў пераважнай большасці дзяўчаты ад 12 гадоў. Шмат зваротаў да гінеколага — гэта дзяўчаты пасля 16 гадоў, якія ўжо маюць вопыт палавога жыцця. Прыняць на агляд раней гэтага ўзросту без згоды бацькоў мы не маем права. На вялікі жаль, у нас няма паслуг уролага, таму пакуль не маем магчымасці вырашаць праблемы юнакоў, хаця неабходнасць у гэтым вялікая. Звяртаюцца па дапамогу і тыя падлеткі, якія атрымалі дыягназы на ўсё жыццё: цукровы дыябет, гепатыт, ВІЧ і іншыя. З імі вядуць работу ў асноўным псіхолаг, валеолаг, якія вучаць жыць з дыягназам, фарміруюць прыхільнасць да тэрапіі. Па дапамогу ў прафарыентацыі звяртаюцца маладыя людзі, якім складана вызначыць, куды паступаць пасля 9 і 11 класаў. У нас ёсць камп’ютарныя тэсты, якія выяўляюць схільнасці, сфарміраванасць гатоўнасці. У гэтым квартале мы чакаем піку папулярнасці такіх зваротаў.
І, канечне, большую частку падлеткаў турбуюць пытанні сексуальных адносін. Гэтае паняцце ўключае не толькі фізіялогію адносін. Наадварот, часцей гэта праблемы ўзаемаадносін: як пазнаёміцца, як спадабацца, як пераадолець традыцыйнае “мы разышліся, а пачуцці засталіся” і іншыя. А калі ў ходзе размоў высвятляецца, што падлетак жыве палавым жыццём, абмяркоўваем праблемы на іншых узроўнях.
— Кансультаванне па якіх пытаннях для вас як псіхолага самае складанае?
— Гэта бывае не так часта, але тым не менш да нас звяртаюцца цяжарныя дзяўчаты, узрост якіх на мяжы паўналецця, якія стаяць перад выбарам: стаць маці ці не. Гэты псіхалагічны выбар, які тычыцца жыцця іншага чалавека, зрабіць неверагодна складана, бо зрабіць яго можна толькі самой. Мы, псіхолагі, падтрымаем любое рашэнне, але для нас гэта таксама няпростая сітуацыя. Тым больш, што, згодна з заканадаўствам, гэтае пытанне мы маем права вырашаць толькі разам з законнымі прадстаўнікамі. У большасці выпадкаў бацькі ўплываюць на сваю дачку, вымушаючы перарваць цяжарнасць, спасылаючыся на тое, што яна не гатова стаць маці, што з дзіцем ёй будзе складана пабудаваць і прафесійнае, і сямейнае жыццё. Тыя дзяўчаты, якія свядома ідуць на гэты крок, як правіла, не валодаюць усёй інфармацыяй аб тым, чым гэта пагражае. Што тычыцца магчымых наступстваў для фізіялагічнага здароўя дзяўчыны, урачы абавязкова папярэджваюць, што большасць такіх праблем можна вырашыць потым разам з гінеколагам, калі толькі аборт не выклікаў бясплоддзя. А вось што да псіхалагічнага адчування, душэўнага — гэта непараўнальна большая траўма, якая часам не дае спакою ўсё жыццё. І наша задача — загадзя абмеркаваць усё.
Нават калі мы падчас кансультавання бачым, што дзяўчына ні псіхалагічна, ні сацыяльна не гатова, сцвярджаць адназначна, што яна не гатова стаць маці, нельга. У такім выпадку мы працуем з бацькамі і пераконваем іх, што неабходна перайсці на бок дачкі. Як паказвае практыка, толькі маючы такую падтрымку, маладыя маці змогуць у будучым ствараць свае сем’і, давучваюцца ў школах, атрымліваюць прафесію. Нядаўна да нас завітала былая наведвальніца — некалі яна, 16-гадовай цяжарнай дзяўчынай, падчас кансультавання сядзела ў мамы на каленях. А калі цяпер яна прыйшла з каляскай, мы яе не пазналі: яна кардынальна змянілася, стала сур’ёзнай, клапатлівай мамай. У 17 гадоў яна нарадзіла дзіця, выйшла замуж, пераехала жыць у Маскву, скончыла там універсітэт, і яе жыццё складваецца найлепшым чынам. І радуе тое, што большасць дзяўчат робяць выбар на карысць жыцця і прыходзяць потым са сваімі дзеткамі да нас са словамі падзякі.
— Як сведчыць статыстыка, узрост сексуальных дэбютаў у моладзі пастаянна зніжаецца. Ці можна гаварыць пра нейкую ўмоўную мяжу псіхалагічнай гатоўнасці да блізкіх адносін?
— Першае, што мы гаворым падлеткам: сексуальныя адносіны — адносіны для шлюбу, для працягу роду. Кожны чалавек павінен усвядоміць, што калі ў дваіх людзей блізкія адносіны, нягледзячы ні на якія меры перасцярогі, застаецца верагоднасць таго, што з’явіцца нехта трэці. І гатоўнасць да сексуальных адносін вызначаецца менавіта гатоўнасцю да з’яўлення гэтага трэцяга. Таму бяспечна пачаць палавое жыццё можна і ў 20 гадоў, і больш. А адносіны, якія фарміруюцца паступова, гэта набыццё вопыту, яны больш якасныя, так чалавек атрымлівае магчымасць развівацца далей. Часта падлеткі прытрымліваюцца такога міфу: калі я сустракаюся з хлопцам ці дзяўчынай, то не маю права заглядвацца на іншых. І дарма. Калі нам трэба купіць тэлевізар, мы ідзём у той магазін, дзе ёсць выбар, а не ў той, дзе толькі адна мадэль. Гэта мы гаворым пра рэч, якая паслужыць нам некалькі гадоў, а тым больш важна не памыліцца з выбарам на ўсё жыццё, ад якога залежыць, наколькі камфортна, утульна, зручна нам будзе.
— А як рабіць гэты самы выбар, не пераходзячы рысу? Як жа з вернасцю?
— Таму і трэба размяжоўваць сексуальныя адносіны і інтымныя. Бо інтымныя — гэта значна шырэй. Гэта і каханне, і дружба, і згода, і давер, і іншыя рэчы, якія мы павінны сфарміраваць, перш чым уступіць у фазу больш блізкіх адносін. Менавіта ў фазе такіх духоўных адносін, калі мы бачым, што чалавек далікатны, умее чакаць, паважаць рашэнні каханай, ён можа разглядацца дзяўчынай у якасці спадарожніка жыцця.
Іншая справа, што бываюць псіхалагічныя траўмы, і ў сувязі з гэтым адбываецца перагіб. Напрыклад, калі дзяўчына расла без бацькі, без яго пяшчоты, тактыльнага кантакту, яна менавіта гэты дэфіцыт увагі будзе шукаць у зносінах з маладымі людзьмі. Мы тады тлумачым, што пяшчоту і ласку можна атрымліваць не толькі ў сексуальных адносінах, часткова недахоп тактыльных адчуванняў мы можам папаўняць і сярод сяброў.
Мы не прывыклі проста абдымацца, выказваць свае пачуцці, як гэта прынята ў нашых калег за мяжой, асабліва ў Польшчы. Толькі цяпер сярод беларускай моладзі так званыя “абдыманкі” становяцца звыклай справай. Традыцыя гэта і ў нашым валанцёрскім клубе. Мы ў школах гаворым пра тое, што сяброў трэба навучыцца любіць, усміхацца адно аднаму.
— Часта дарослыя насцярожана адносяцца да прафілактыкі бяспечных сексуальных паводзін. Часам само кансультаванне моладзі з “далёкімі ад нормы” паводзінамі рэлігійныя людзі называюць разбэшчанасцю. На ваш погляд, з чым гэта можа быць звязана?
— Такое бывае даволі часта. Часам бацькі ў імкненні выхаваць дзяцей, лепшых за іх саміх, нават не дапускаюць са сваімі дзецьмі размовы пра сексуальныя адносіны. І тым больш недапушчальным лічаць, калі з іх дзецьмі “пра гэта” будзе гаварыць нехта іншы. Раней на нашых візітоўках была фраза “бяспечныя сексуальныя паводзіны”. Неяк да нас прымчаў бацька, які знайшоў гэтую візітоўку ў свайго 12-гадовага сына, з гнеўным пытаннем: “Што вы тут гаварылі майму сыну, якое права вы маеце абмяркоўваць з падлеткамі такога кшталту пытанні без дазволу бацькоў?” Мы тлумачым, што для кожнага ўзросту будзе розная інфармацыя. Для ўзросту яго сына гэтае паняцце ўключае ўменне сябраваць, фарміраванне прыязных адносін да маці, да жанчын увогуле і падобныя. Для дарослага чалавека ў залежнасці ад ладу жыцця будуць іншыя парады і рэкамендацыі. А само жаданне бацькоў разабрацца, чым цікавіцца дзіця, чым яно займаецца, нас вельмi радуе. Гэта сведчыць пра іх неабыякавасць і клопат.
Праграма першаснай прафілактыкі СНІ Ду, якую мы выкарыстоўваем у сваёй рабоце, накіравана на развіццё асобы падлетка. Мы не разбіраем падрабязнасці і тэхнікі перасцярогі, не вучым без патрэбы імі карыстацца — гэта часта можна назіраць у групах грамадскіх арганізацый, якія спрабуюць укараніць такія праграмы ў школах як першасную прафілактыку СНІДу, прычым часам нават пад эгідай клубаў ЮНЕСКА. Мы гэтага свядома не робім: не варта гэта ведаць раней часу. Мы павінны давесці да падлеткаў паняцце нормы і яе адхіленняў. Напрыклад, маладыя людзі павінны ўсведамляць, што раннія сексуальныя адносіны без шлюбу — гэта не норма, аборты, незалежна ад статусу, узросту — таксама. Я пераканана, што кожны падлетак павінен навучыцца прымаць свядомыя рашэнні, умець думаць і выбіраць. Менавіта гэтаму трэба прысвячаць праграмы па першаснай прафілактыцы сярод падлеткаў. Зусiм iншая справа з другаснай прафiлактыкай. Калi падчас кансультавання высвятляецца, што падлетак цi малады чалавек ужо дэманструе рызыкоўныя паводзiны i не мае намеру iх мяняць на цяперашнi момант, то наша задача навучыць яго, як знiзiць асабicтую рызыку ў плане iнфiцыравання ВIЧ цi iншымi iнфекцыямi. Спецыялісты не маю ць права заплюшчваць вочы на тое, што такiя рэчы ёсць. Мы не маем магчымасці змяніць усіх людзей. Калі на кансультаванні я выкажу сваё адмоўнае стаўленне да асобы клiента, асуджу яго, ён ужо больш да мяне не прыйдзе. Ну ёсць юныя дзяўчаты, якія жывуць палавым жыццём за ўзнагароджанні, і гэта не сакрэт. Гэта выклікае асуджэнне, агрэсію, з пункту гледжання веруючых людзей — гэта грэх. Але гэты грэх не проста так выпраўляецца, i ўжо, канечне, калі мы асудзім (што, дарэчы, таксама грэх), наўрад ці яна выправіцца. Мае добрыя адносіны да чалавека, а не да яго ўчынкаў, могуць паўплываць на лад жыцця больш, чым натацыi i маралiзатарства. Тут вельмі тонкая мяжа. Нельга толькі асуджаць.
— Валянціна Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, пра супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі Мінска, у прыватнасці, Маскоўскага раёна, у галіне фарміравання адказных адносін да здароўя і прафілактыкі рызыкоўных паводзін.
— Самыя актыўныя нашы партнёры — сярэднія школы № № 207, 154, 209, 205, гімназіі № 174, № 192, а таксама Дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту, Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак”. І такое сацыяльнае партнёрства з гэтымі ўстановамі мы будуем у розных кірунках.
Калі гаварыць пра адукацыйную дзейнасць бацькоў і педагогаў, найчасцей мы праводзім адукацыйныя семінары-практыкумы. Для бацькоў — “Нарматыўныя крызісы сям’і. Роля педагога ў рэабілітацыі сям’і”, “Нарматыўныя крызісы сям’і. Пошук шляхоў выхаду з крызісу”. Для іх жа праводзім семінары-трэнінгі ў рэжыме марафону па праблемах узаемаадносін ў сям’і “Дочкі — маці”, “Сувязная нітка”. Для педагогаў прафтэхвучылішчаў — “Здароўе і прафесія. Медыка-псіхалагічны аспект прафесійнай арыентацыі моладзі”. Для педагогаў, класных кіраўнікоў — “Маральнае выхаванне — аснова фарміравання здаровага ладу жыцця”.
На базе нашага цэнтра арганізавана “Школа здароўя і поспеху” для падлеткаў. Гэта праграма трэнінгавых заняткаў, інтэрактыўных практыкаванняў. Большасць з іх мае гульнявы характар і адцягнены ад этычнай праблематыкі. Удзел у занятках прымаюць навучэнцы навучальных устаноў горада, дабрацца да нас у цэнтр ім дапамагаюць бацькі ці сацыяльныя педагогі. У межах “Школы здароўя і поспеху” мы ўзнімаем і абмяркоўваем тэмы, якія так ці інакш звязаны з праблематыкай рызыкоўных паводзін: шчасце, я і маё жыццё, свет душы, зносіны і дружба, ты не адзін, мужчына і жанчына, каханне, сям’я, род, культура, здароўе, ВІЧ/СНІД, талерантнасць, жыццё з хваробай, залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў, крызіс і выхады з яго, жыццё і смерць, дабро і зло, каштоўнасці, мэты і сэнс, свабода, выбар, свабода выбару і іншыя. У сваёй праграме мы выкарыстоўваем кагнітыўныя і паводзінскія мадыфікацыі, размовы, дыскусіі, мазгавыя штурмы, міні-лекцыі, ролевыя гульні, элементы псіхадрамы і псіхагімнастычныя практыкаванні. Акрамя таго, на базе цэнтра праводзім разам з навучальнымі ўстановамі традыцыйныя масавыя прафілактычныя і інфармацыйныя акцыі — “Здароўе моладзі” і “Моладзь мяняе свет” у рамках Міжнароднай выставы “Нашым дзецям” на базе “БелЭкспа”; “Захавай сябе і сваю будучыню” па прафілактыцы інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам; “Сям’я бясцэнная, калі паўнацэнная”; “Дзень незалежнасці ад курэння” на базе навучальных устаноў; “У цэнтры ўвагі — дзеці” разам з ДАІ Маскоўскага раёна Мінска і іншыя.
— Валянціна Міхайлаўна, урачам прынята жадаць менш наведвальнікаў, але я хачу пажадаць вам іх пабольш. Бо ад гэтага залежыць здароўе нашай моладзі. Дзякуй вам за размову і за вашу справу.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.