У рэжыме развіцця

- 11:38Планёрка ў рэгіёне

Сістэма адукацыі Уздзенскага раёна заўсёды ў рэжыме развіцця, пра што сведчаць пастянныя перамогі педагогаў і настаўнікаў. Пра тое, як не спыняцца на дасягнутым, сёння нам расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Уздзенскага райвыканкама Мінскай вобласці Уладзімір Яўгенавіч КАЗЮЧЫЦ.

— Пачнём з агульнай карціны: якім чынам развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Уздзенскага раёна ва ўжо мінулым навучальным годзе?

— У сістэме дашкольнай адукацыі павялічыўся раённы паказчык ахопу дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 да 6 гадоў. Працягвае развівацца сетка новых эканамічна мэтазгодных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі. З улікам запытаў бацькоў функцыянуюць 23 розныя формы дашкольнай адукацыі. Уздзенскі яслі-сад № 3 годна прадставіў свой вопыт на рэспубліканскім фестывалі “Бяспечнае дзяцінства”, заваяваўшы дыплом І ступені. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі назіраецца рост колькасцi навучэнцаў, узнагароджаных залатым медалём. Адно з прынцыповых новаўвядзенняў 2016/2017 навучальнага года — вырашэнне пытанняў працоўнага выхавання і ўзаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў шосты школьны дзень. На базе Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя ў гэтым навучальным годзе функцыянуюць 4 міжшкольныя факультатывы для 42 вучняў 9 класаў па спецыялізацыі “грамадскае харчаванне (кухар)”, “дэкаратыўная касметыка (майстар па манікюры, цырульнік)”, “тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ (трактарыст катэгорыі А)”, электрагазазваршчык. У 2016/2017 навучальным годзе на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных алімпіядах, конкурсах і канферэнцыях навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі атрымалі 59 дыпломаў.

— Якія планы ў раёна па аздараўленні дзяцей, па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі?

— Аздараўленчая кампанія ў раёне праходзіць у рамках акцыі “Лета — час адкрыццяў!”. Прыярытэты, вызначаныя ў дачыненні да аздараўлення дзяцей, застаюцца нязменнымі: захаванне і ўмацаванне здароўя, сацыяльная абарона і падтрымка найбольш неабароненых катэгорый дзяцей, задавальненне запытаў дзяцей і іх бацькоў па аздараўленні ў розных тыпах аздараўленчых лагераў, зыходзячы з узроставых і індывідуальных асаблівасцей. Усяго плануецца арганізаваць работу 19 аздараўленчых лагераў для 808 навучэнцаў. Штогод Уздзенскі раён прызнаны годным прымаць Міжнародны лінгвістычны лагер “Мост англійскай мовы і культуры”, арганізаваны Беларускай асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА. А ў перыяд з 4 па 16 ліпеня 2017 года арганізавана работа абласнога профільнага лагера па падрыхтоўцы 78 навучэнцаў Мінскай вобласці да рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі і хіміі.У перыяд першай аздараўленчай змены 2017 года ва Уздзенскім раёне была наладжана работа 12 аздараўленчых лагераў. Усяго аздароўлена 491 дзіця. У перыяд другой аздараўленчай змены функцыянавалі 5 аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем (215 дзяцей). Што тычыцца развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, то неабходна развіваць яе так, каб яна была накіравана на ўмацаванне здароўя дзяцей, гарманічнае рознабаковае развіццё асобы. Работа вядзецца і сёння — сістэмна і паслядоўна. Тым самым мы ствараем умовы для навучэнцаў і педагогаў.

— Сёння шмат гавораць аб узаемадзеянні сям’і і школы, якія ў выхаванні дзяцей павінны быць партнёрамі, але на практыцы выхаваўчыя акцэнты зрушаны ў бок школы. Атрымліваецца, што цяпер і бацькоў трэба выхоўваць. Як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?

— Сапраўды, адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці любой установы адукацыі звязаны з уключэннем бацькоў у яго адукацыйную прастору ў якасці актыўных удзельнікаў, здольных уносіць карэктывы, неабыякавых да таго, што адбываецца ў яго сценах. Механізм уключэння бацькоў у адукацыйную прастору павіннен абапірацца на баланс іх уласных мэт, звязаных з выхаваннем дзяцей, і мэт педагагічнага калектыву. У дадзеным кантэксце прастора ўзаемадзеяння школы з сям’ёй фарміруецца з дапамогай пошуку агульных для ўсіх каштоўнасцей, норм паводзін і адносін. Павышаная ўвага ўдзялецца бацькам, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей. Найбольш эфектыўнай формай супрацоўніцтва з дадзенай катэгорыяй бацькоў з’яўляецца бацькоўскі клуб. Ва ўстановах адукацыі раёна функцыянуюць 4 сямейныя клубы: клуб маладых мам “Зорачка” для законных прадстаўнікоў дзяцей ранняга ўзросту (ад 0 да 3 гадоў) і “Бацькоўская гасцёўня” для законных прадстаўнікоў дзяцей з АПФР ва Уздзенскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, “Сямейны калейдаскоп” ва Уздзенскім цэнтры развіцця дзіцяці “Вясёлка”, “Цяпло сям’і” для прыёмных бацькоў ва Уздзенскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры. Ва ўстановах адукацыі ў лютым традыцыйна праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя бацькам.

— З увядзеннем профільнай адукацыі змяніліся акцэнты ў арганізацыі вучэбнага працэсу, таму хочацца спыніцца на профільных класах. Якія напрамкі выбіраюць вашы вучні? Ці ёсць у вас педкласы?

— У 2016/2017 навучальным годзе ў 5-і ўстановах адукацыі функцыянавалі 13 профільных груп. Прадметы на павышаным узроўні вывучалі 43,5% дзяцей, якія займаюцца на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Навучэнцы аддаюць перавагу хіміі, біялогіі, матэматыцы, фізіцы, беларускай, рускай і англійскай мовам. У новым навучальным годзе плануецца працягнуць профільнае навучанне па тых жа напрамках. Ва Уздзенскай раённай гімназіі функцыянавалі 2 профільныя групы педагагічнага напрамку, а ў сярэдняй школе № 2 імя К.К.Крапівы — спартыўны клас (спецыялізацыя — футбол).

— Хочацца спытаць і пра ролю раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці як маладых педагогаў, так і са стажам. Наколькі ў вашым раёне запатрабаваны РВМК?

— Раённы вучэбна-метадычны кабінет з’яўляецца асноўнай базай і цэнтрам сістэматычнай, мэтанакіраванай практычнай дзейнасці па арганізацыі бесперапыннай адукацыі педагогаў. Метадычная вучоба педагогаў будуецца на дыягнастычнай аснове з улікам асаблівасцей устаноў адукацыі, запытаў педагогаў, а таксама выяўленых праблем. На працягу навучальнага года праведзена больш за 250 мерапрыемстваў метадычнага суправаджэння педагогаў, асноўная мэта якіх — павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці і дэманстрацыя ўласнага педагагічнага вопыту. У раёне функцыянуюць 10 рэсурсных цэнтраў. Для ажыццяўлення праектнай дзейнасці па дысцыплінах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, правядзення лабараторных і дэманстрацыйных работ, правядзення апытання і тэсціравання працуе ўніверсальная інтэрактыўная лабараторыя абласнога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій “Нёман”. У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэалізоўваліся 4 педагагічныя і 1 інавацыйны праект. У новым навучальным годзе будзе дадзены старт яшчэ 4 інавацыйным праектам і 2 педагагічным.

— Якія праблемы сёння хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— Праблемы нам даюцца для іх вырашэння. Яны дапамагаюць нам прымяняць свой вопыт, свае веды, магчымасці. Усе праблемы вырашаюцца. Установы адукацыі Уздзенскага раёна знаходзяцца не ў стадыі функцыянавання, а ў рэжыме развіцця. Гэта сумесная праца педагагічных і вучнёўскіх калектываў, бацькоў. Чалавек павінен працаваць, працаваць у поце чала, хто б ён ні быў. У гэтым і заключаецца сэнс і мэта яго жыцця, яго шчасце, захапленні. А ад нашай дзейнасці залежыць будучыня падрастаючага пакалення, будучыня нашай краіны, таму мы імкнёмся працаваць зладжана і дружна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.