У рэжыме развіцця і творчага пошуку…

- 11:58Гродзеншчына, Прэс-тур

…працуе педагагічны калектыў сярэдняй школы № 1 Ліды, дзе з 2007 года рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій, вядзецца пастаянная работа па фарміраванні адкрытага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя. На базе ўстановы паспяхова дзейнічае рэсурсны цэнтр Гродзенскай вобласці “Інфармацыйна-камунікацыйная адукацыйная прастора: шляхі павышэння прафесійнай кваліфікацыі педагога”.

Па словах дырэктара школы Сяргея Фанасава, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ва ўстанове прымяняюцца па трох асноўных напрамках: у адукацыйным працэсе, для ўдасканалення метадычнай работы і абмену вопытам, у кіраўніцкай дзейнасці. У школе арганізавана лакальная сетка, якая аб’ядноўвае ўсе камп’ютары і складаецца з некалькіх падсетак: “Клас1”, “Клас2”, “Адміністрацыя”, “Вучэбная”, “СППС”, “Бухгалтэрыя”. Праз лакальную сетку ажыццяўляецца інтэграцыя бібліятэчных прадуктаў, забяспечаны доступ да медыятэкі школы, якая змяшчае больш за 100 найменняў электронных сродкаў навучання. Задача адміністрацыі заключаецца ў эфектыўнай загрузцы камп’ютарных класаў, зрушэнні акцэнтаў на прымяненне камп’ютарнай тэхнікі ва ўсіх прадметных кабінетах, выстройванні сістэмы карыстання ІКТ.

У сваёй дзейнасці для падрыхтоўкі да вучэбных і факультатыўных заняткаў, класных гадзін і школьных мерапрыемстваў педагогі выкарыстоўваюць вучэбныя і кантралюючыя праграмы, мультымедыйныя энцыклапедыі, відэафільмы, сродкі інтэрнэту, воблачныя тэхналогіі, а таксама магчымасці дыстанцыйнага навучання.

Так, на І ступені навучання з 2002 года актыўна прымяняецца праграмна-метадычны комплекс “Школьны настаўнік”. У трэціх класах навучанне вядзецца ў межах факультатыўных заняткаў па прадмеце, у чацвёртых класах заняткі арганізоўваюцца два разы на тыдзень у камп’ютарным класе на ўроках матэматыкі і рускай мовы. Дарэчы, такі ўрок мае пэўную структуру — у рэжыме зменных груп: адна група працуе з настаўнікам, другая — за камп’ютарам. Работа будуецца наступным чынам: з пачатку тэматычнага раздзела выконваецца дыягнастычнае тэсціраванне з мэтай выяўлення ўзроўню ведаў, затым навучэнцы працуюць у рэжыме карэкцыі, ліквідуючы выяўленыя прабелы, а напрыканцы праводзіцца праверачная дыягностыка для ацэнкі якасці зробленага.

Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Анжаліка Мажугова, работа па гэтай праграме дазваляе навучэнцам кантраляваць сваю дзейнасць, сачыць за рухам наперад і асобаснымі поспехамі, прывучае працаваць самастойна, а настаўніку дапамагае больш дакладна вызначыць слабыя месцы ў ведах навучэнцаў і ўлічваць гэта пры падрыхтоўцы да ўрока. Паказчыкам выніковага выкарыстання праграмна-метадычнага комплексу з’яўляецца рост паспяховасці навучэнцаў.

Настаўнік фізікі Анатоль Мацюк, акрамя традыцыйных метадаў навучання, выкарыстоўвае ІКТ. Паўгода назад яго вучэбны кабінет быў аснашчаны інтэрактыўнай дошкай, якая дазволіла павысіць матывацыю школьнікаў да прадмета і іх паспяховасць. У праграме SMART Notebook педагог стварае прэзентацыі, інтэрактыўныя заданні (“Чорная скрыня”, “Збяры формулу” і інш.), дэманструе відэаролікі, некаторыя з якіх створаны навучэнцамі школы, прымяняе ЭСН — як гатовыя распрацоўкі, так і аўтарскія прадукты, трэнажоры. Фізіка — навука, якая мае справу з разліковымі задачамі эксперыментальнага і даследчага характару, таму Анатоль Эдуардавіч стварыў блог, у якім для кожнага класа практычна да кожнай тэмы прапанаваны заданні, матэрыялы да правядзення эксперыментальна-даследчых работ.

Для фарміравання ў вучняў культуры зносін настаўніцай рускай мовы і літаратуры Аленай Памаха створаны блог “Зносіны з захапленнем”, які стаў пляцоўкай для пошуку найбольш эфектыўных спосабаў фарміравання маўленчай культуры школьнікаў.

— У сучасных падлеткаў абвастрыліся такія праблемы, як страта глыбіні зносін, збядненне слоўнікавага запасу, шаблоннасць мыслення. Акрамя таго, у вучняў адсутнічае цікавасць да чытання. Каб вырашыць гэтыя праблемы, і ўзнікла тры гады назад ідэя стварыць блог “Зносіны з захапленнем”, — расказала Алена Вітольдаўна.

Рэсурс складаецца з шэрага рубрык: “Азбука для бацькоў” (уключае ў даступнай форме інфармацыю, якую можна выкарыстоўваць на бацькоўскіх сходах), “Лінгвістычныя чамучкі” (змяшчае 10 блокаў, звязаных з рознымі раздзеламі мовы), “Майстэрня юнага журналіста” (прэзентацыя творчых работ дзяцей), “Сагрэем душу паэзіяй” (аб’ядноўвае неабыякавых да паэзіі дзяцей), “Кніжная вясёлка: чытаем разам” (змяшчае інфармацыю пра кнігі (буктрэйлеры), якія вучні прачыталі і рэкамендавалі б іншым).

— Тая пляцоўка, якая задумвалася для фарміравання маўленчай культуры, сваю функцыю выконвае. Дзеці вучацца думаць творча, ствараць, самарэалізоўваюцца. Мы адыходзім ад шаблоннасці мыслення, — заўважыла настаўніца.

Вялікі вопыт выкарыстання ІКТ назапашаны і ў выхаваўчай рабоце школы. Так, з 2014 года павышаная ўвага ўдзяляецца сеткаваму ўзаемадзеянню. Найбольш эфектыўныя формы для сеткавага ўзаемадзеяння класнага кіраўніка, настаўніка-прадметніка з навучэнцамі, іх бацькамі — блогі. Педагогамі школы створаны 10 тэматычных і прадметных блогаў. Іх асаблівасць — у высокай практычнай значнасці. Матэрыялы блогаў выкарыстоўваюцца для правядзення класных гадзін, бацькоўскіх сходаў.

— Мая задача як настаўніка і класнага кіраўніка заключаецца ў тым, каб дапамагчы навучэнцам у прафесійным самавызначэнні. Многія ўжо з дзяцінства ведаюць, кім хочуць быць, а некаторыя і да канца навучання ў школе не могуць канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі, — расказала настаўніца інфарматыкі Інеса Фанасава. — Абмяркоўваючы з вучнямі пытанне выбару спецыяльнасці, мы вырашылі стварыць блог “Выберы прафесію”.

Сярод рубрык блога — “Анкетаванне”, дзе з дапамогай розных анкет можна прааналізаваць правільнасць выбару будучай прафесіі ці атрымаць падказку, у якім напрамку шукаць сябе; “Анлайн-тэсціраванне” дапамагае вызначыць схільнасці чалавека. Рубрыка “Відэасюжэты аб прафесіях” дае магчымасць праглядзець відэаматэрыялы, а ў рубрыцы “Цікавыя факты” можна дадаткова даведацца аб забытых і самых незвычайных прафесіях.

За час работы над блогам некаторыя вучні перагледзелі свой выбар прафесіі, бо атрымалі больш падрабязную інфармацыю аб іншых спецыяльнасцях, змаглі зрабіць высновы наконт таго, ці падыходзіць ім тая ці іншая прафесія, ці будуць яны запатрабаваны ў будучыні.

Адміністратарам блога “Кадэцкі клуб”, дзе навучэнцы кадэцкага класа расказваюць пра сваё цікавае і насычанае жыццё, з’яўляецца настаўніца інфарматыкі Святлана Кулевіч. Каб зрабіць блог цікавым, выкарыстоўваюцца разнастайныя формы падачы матэрыялу: рэпартажы, інтэрв’ю, агляды, нататкі, замалёўкі і г.д. Галоўная старонка рэсурсу прадстаўлена ў выглядзе стужкі апошніх навін. Выкарыстоўваючы інтэрактыўную карту “Даведнік па ваенных УВА Рэспублікі Беларусь”, любы наведвальнік можа ў момант атрымаць інфармацыю аб той ці іншай УВА любой вобласці. Спасылка “Абітурыенту” дазваляе перайсці на сайт выбранай установы і азнаёміцца з умовамі ўступнай кампаніі. Колькасць наведванняў, а таксама каментарыі, пакінутыя ў гасцявой кнізе або да артыкулаў блога, сведчаць аб росце цікавасці да жыцця кадэцкага класа.

Другі год, як у першай лідскай школе арганізавана новая форма работы, якую прыдумалі дзеці, — віртуальны савет справы (ВСС). ВСС — інтэрактыўная форма работы з навучэнцамі ў інтэрнэце, якая прадугледжвае прыцягненне як мага большай колькасці ўдзельнікаў да падрыхтоўкі калектыўных творчых спраў шляхам стварэння тэм для абмеркаванняў ці гутарак у сацыяльных сетках. У групе “МаТэмаТыка” 110 навучэнцаў 7—9 класаў. У ёй вызначаны 17 тэм для абмеркавання: “Краіна логікі”, “Рыхтуемся да алімпіяд”, “Цікавыя звесткі пра лічбы”, “Матэматычныя казкі” і інш. У гэтай групе праводзіцца рэклама дыстанцыйных алімпіяд, цікавых сайтаў па матэматыцы, адлюстроўваюцца матэматычныя падзеі ў школе. Для вучняў, якія праяўляюць здольнасці і цікавасць да прадмета, для дапытлівых школьнікаў друкуюцца сюжэтныя матэматычныя гісторыі, займальныя задачы, відэа. Навучэнцы маюць магчымасць рашаць задачы, прадстаўленыя настаўнікам, прапаноўваюць свае матэрыялы, што дапамагае ім лепш засвойваць матэрыял. У сацыяльнай сетцы дзеці адчуваюць сябе свабодна, не баяцца зрабіць элементарныя арфаграфічныя памылкі. Гэтая прастора для іх больш прывычная. Дарэчы, зараз арганізавана сеткавае ўзаемадзеянне 14 класных кіраўнікоў з навучэнцамі і іх бацькамі.

Развіццё інфармацыйнай адукацыйнай прасторы немагчыма без удасканальвання прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. У школе створана эфектыўная мадэль арганізацыі дзейнасці метадычнай службы. Цэнтральным звяном тут выступае віртуальны метадычны кабінет, які пастаянна развіваецца і пашыраецца. На сёння ў яго межах створаны 18 віртуальных прадметных кабінетаў, дзе ў форме пастаянна дзеючых рубрык педагогі разам назапашваюць метадычныя і дыдактычныя матэрыялы рознага характару, што спрыяе павышэнню якасці падрыхтоўкі да ўрокаў, алімпіяд, конкурсаў, істотна эканоміць час і забяспечвае хуткі прафесійны рост маладых спецыялістаў. Матэрыялы віртуальнага метадычнага кабінета (аўтарскія і тыя, якія прайшлі экспертызу раённага метадычнага кабінета) па актуальных праблемах арганізацыі адукацыйнага працэсу размешчаны на сайце школы. Яны даступны ў любы час і з любых прылад, што забяспечвае інфармацыйна-метадычнае суправаджэнне педагогаў.

Настаўнікамі геаграфіі школы створаны віртуальны кабінет па прадмеце, які складаецца з 20 тэматычных папак: “Метадычная скарбонка”, “Дыдактычныя матэрыялы”, “Алімпіяды” і інш. Знаходзячыся ў любой аўдыторыі школы, дзеці могуць зайсці ў віртуальны кабінет і падрыхтавацца да спаборніцтваў. Калі ж трэба скарыстацца матэрыяламі дыстанцыйна, з дамашняга камп’ютара ці з іншага месца, то выкарыстоўваюцца матэрыялы анлайн-школы. Анлайн-школа — новы праект па ўсіх прадметах вучэбнага плана — была запушчана ў пачатку гэтага навучальнага года. У дзейнасць праекта ўключыліся ўсе педагогі ўстановы. На сваім дыску настаўнікі аператыўна размяшчаюць матэрыялы (памяткі, алгарытмы, дадатковыя заданні), што дазваляе своечасова рэагаваць на запыты навучэнцаў, карэкціраваць веды. Платформа актыўна выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд. Дзякуючы рэалізацыі праекта, узрасла наведвальнасць школьнага сайта з 300—500 наведванняў да 2000—3000. Зараз ідзе падрыхтоўчая работа па распрацоўцы дыстанцыйных кансультацый па ўсіх прадметах для бацькоў навучэнцаў.

У сувязі з павелічэннем аб’ёму інфармацыі ўсё большае значэнне набываюць інфармацыйныя тэхналогіі ў сферы кіравання школай. Дакладныя кіраўніцкія рашэнні патрабуюць папярэдняй апрацоўкі вялікай колькасці інфармацыі, што немагчыма без выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Педагогамі актыўна прымяняюцца базы даных “ПараГраф”, “Знак”, “Школьны настаўнік”. Пры гэтым значна павышаецца эфектыўнасць работы па кіраванні школай, зніжаецца нагрузка, з’яўляецца больш часу для творчасці і павышэння ўзроўню метадычнага і педагагічнага майстэрства.

Педагогі школы імкнуцца да таго, каб большая частка арганізаванай інфармацыйнай прасторы знаходзілася ў сетцы інтэрнэт. На сайце ўстановы, які сёлета на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” адзначаны дыпломам ІІІ ступені, размяшчаюцца навіны, анонс мерапрыемстваў, віншаванні лепшым навучэнцам на аснове рэйтынгу паспяховасці па выніках кожнай чвэрці, што матывуе на павышэнне якасці ведаў. Дарэчы, на сайце размешчаны і матэрыялы віртуальнага метадычнага кабінета.

Стварэнне адкрытай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, укараненне дыстанцыйнай мадэлі навучання, з аднаго боку, стымулююць рост прафесійнай кампетэнтнасці педагога, з другога — садзейнічаюць павышэнню якасці адукацыі, фарміраванню канкурэнтаздольнага выпускніка. За пяць апошніх гадоў 33 навучэнцы школы сталі пераможцамі трэцяга і 9 — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. У скарбонцы школы — 34 прызавыя месцы за чатыры гады на канферэнцыях даследчых работ абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Акрамя таго, педагагічны калектыў школы неаднаразова займаў першае месца ў рэйтынгу сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Электронныя сродкі навучання, распрацаваныя настаўнікамі, тройчы станавіліся пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Такія поспехі натхняюць на далейшую працу, даюць штуршок да творчасці, з’яўляюцца стымулам для новых ідэй.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.