У рытмах Ірландыі

Жыццё жанчыны падобна на танец: такое ж дынамічнае, зменлівае, з падскокамі, з паваротамі. Жыццё часам закруціць так, што спыніцца немагчыма. У жыцці, як і ў танцы, бываюць моцныя нагрузкі, але тыя, хто іх вытрымае, стане пераможцам, знойдзе сябе, знойдзе блізкіх па духу сяброў. Танец цесна перапляла са сваім жыццём Юлія Палачаніна, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі “Вікторыя” Мінска. Яна — заснавальнік і кіраўнік адной з лепшых беларускіх школ ірландскага танца “Фенікс”, шматразовы прызёр чэмпіянатаў па ірландскіх танцах, пастаянны ўдзельнік міжнародных танцавальных праектаў, арганізатар ірландскіх фэстаў і вечарын у Беларусі.

— Юлія Вітальеўна, раскажыце, як так атрымалася, што вы, журналіст па адукацыі, сталі педагогам дадатковай адукацыі?

— У журналістыку я прыйшла, бо мне вельмі падабалася мастацтва і я хацела пра яго пісаць. Яшчэ падчас вучобы, каб быць бліжэй да мастацтва, праходзіла практыку ў газеце “Літаратура і мастацтва”, потым там працавала па размеркаванні. Але я хутка зразумела, што мне цікавей рабіць нешта самой, чым пісаць пра тое, як гэта робяць іншыя. І так я пачала пошукі сябе. Тады і з’явіўся ўсвядомлены інтарэс менавіта да танцаў, у прыватнасці займалася бальнымі танцамі.

У 2003 годзе я прыйшла працаваць педагогам у Цэнтр дадатковай адукацыі “Вікторыя”, дзе вяла заняткі ў калектыве старадаўняга танца Campanella. Разам з дзецьмі мы выконвалі сярэдневяковыя танцы народаў свету, якія потым звузіліся выключна да ірландскіх: дасканала займацца адначасова ўсім немагчыма.

На той момант у Беларусі ніхто іх не танцаваў, зразумела, што і не выкладаў. Але ведалі іх многія: незадоўга да таго было знакамітае выступленне Майкла Флэтлі на Еўрабачанні, з’явіліся яго знакамітыя шоу, і мы ўсе хацелі навучыцца танцаваць гэтак жа.

Дыплома педагога па ірландскіх танцах не існуе, але майстар-класы і самастойная работа дапамагаюць здаць экзамены, якія ў сваю чаргу дазвалялі іх выкладаць. Так, мы з калегай з іншай школы спачатку вучыліся па відэароліках, па кароценькіх майстар-класах, знаходзілі іх у інтэрнэце, ездзілі ў суседнія краіны на майстар-класы, вучыліся падчас танцавальных праектаў, якія праходзілі ў суседніх краінах, наведвалі майстар-класы такіх вядомых прафесіяналаў, як Колін Дан, Сара Кларк, Шон Гаван, Дэвід Джэймс, Дэйдра Гамільтан, Джэймс Белвуд. Усё, чаму мы навучыліся, мы перадавалі сваім выхаванцам — тады ўжо быў год, як я заснавала школу ірландскага танца “Фенікс” у цэнтры “Вікторыя”.

У 2007 годзе мы з калегай трапілі на адзін з майстар-класаў у Санкт-Пецярбургу, дзе даваў свае ўрокі Шон Гаван — выкладчык ірландскага танца і заснавальнік Сусветнай асацыяцыі ірландскага танца. І ён вырашыў узяць куратарства над намі, выкладчыкамі ірландскіх танцаў, і стаў развіваць усходні рэгіён. У прыватнасці, тады з’явіліся школы ў Маскве, Мінску. Мы шмат ездзілі вучыцца да яго ў Германію, майстар-класы Шона Гавана арганізоўвала і наша школа на базе цэнтра. Ён падмацаваў нашу тэорыю грунтоўнай базай, бо адна справа — глядзець відэаўрокі, і зусім іншая — калі педагог разбірае твае рухі, тлумачыць іх, перадае табе сваё майстэрства.

— Што для вас ірландскі танец? У чым яго філасофія? Што адрознівае яго ад іншых танцаў?

— Гэта танец, які да канца зразумець немагчыма. У ім ёсць магія. Ён прыцягвае сваёй лёгкасцю, дакладнасцю, цудоўнай музыкай (пад гэтыя рытмы ўседзець на месцы немагчыма). І толькі калі пачынаеш танцаваць, разумееш, што ў гэтай лёгкасці столькі работы! Гэты танец для самых упартых людзей, нароўні з балетам. Гэта “вышэйшая матэматыка” танца, бо крок управа, крок улева — і ты выпаў з музыкі, ці забыў тэкст — і згубіў танец. І нават калі ты станцаваў правільна, у музыку, але крыху не дацягнуў насок, не да канца скрыжаваў ногі, магія раз — і знікла, растварылася ў паветры.

І вось гэтай магіі я хачу вучыць. І нават вырашыла атрымаць другую адукацыю — педагога дадатковай адукацыі. Ужо вучуся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.


— Наколькі актыўна асвойваюць ірландскую танцавальную культуру беларусы?

— Усплёск цікавасці да яе ў Беларусі пачаўся ў 2003 годзе і не памяншаецца дагэтуль. Праўда, змяніўся ўзрост танцораў: раней у асноўным танцавалі дарослыя, якія ў свой час упусцілі гэтую магчымасць, але патрэба рэалізаваць сябе засталася. Цяпер сярод дарослых больш папулярныя ірландскія вечарыны, якія мы праводзім на розных пляцоўках горада і на якія традыцыйна збіраецца шмат людзей. Гэта для дарослых, якім хочацца час ад часу адпачыць, правесці вечар у прыемнай кампаніі, патанцаваць пад жывую музыку.

У школах жа ў асноўным займаюцца дзеці, бо школы накіраваны на сур’ёзную спартыўную падрыхтоўку. (Усяго ў нашай школе 15 груп у трох раёнах горада.) А для спартыўных амбіцый тут ёсць значныя перавагі — асаблівасць ірландскіх танцаў у тым, што спаборніцтвы сольныя. У любым танцы пераважная колькасць — дзяўчаты, а хлопчыкаў — у разы менш, але ў ірландскім танцы не трэба шукаць партнёраў. Ды і магчымасцей памерацца сіламі ў ірландскіх танцораў шмат, і для гэтага не абавязкова далёка ехаць: ужо 10 гадоў запар штогод праходзяць па тры чэмпіянаты — Мінскі, Усебеларускі і чэмпіянат Усходняй Еўропы. Напрыклад, на Усебеларускім кожны раз збіраецца каля 300 удзельнікаў, большасць з якіх — дзеці (у адрозненне ад Расіі, дзе гэта захапленне больш для дарослых).

— Дзяцей з якога ўзросту вы набіраеце да сябе ў групы?

— Набіраем мы дзяцей, пачынаючы з чатырох гадоў. Праўда, з такімі малышамі мы пачынаем з падрыхтоўкі, з класічнай харэаграфіі, з ірландскіх танцаў даюцца толькі некаторыя элементы. На чэмпіянатах у нас нават уведзена катэгорыя Джамп 2—3, у якой дзецям трэба станцаваць 8 просценькіх скачкоў па крузе, каб яны адчулі смак спаборніцтваў. Але асноўны ўзрост, з якім мы пачынаем працаваць, — 7—8 гадоў. Менавіта ў гэтым узросце пачынаецца сур’ёзная падрыхтоўка.

— Раскажыце крыху пра поспехі сваіх выхаванцаў на чэмпіянатах.

— Крыху не атрымаецца, бо нашы дзеці вельмі моцныя сапернікі — не толькі з нашай школы, але і іншых школ Беларусі. Калі яны спаборнічаюць у Еўропе, то, як правіла, у кожнага з іх ёсць хоць адно прызавое месца ў сваёй катэгорыі. У праграме чэмпіянату ёсць 4 танцы ў мяккім абутку, 3 — у цвёрдым, плюс — розныя катэгорыі па ўзроўні танцора: ад навічкоў да ўзроўню чэмпіёнаў. Ёсць і комплексы танцаў, якія ацэньваюцца па суме балаў некалькіх суддзяў, ёсць і рознаўзроставыя катэгорыі, ёсць і калектыўныя танцы — двойкі, тройкі, вялікія камандныя танцы, кейлі-танцы і інш.

Напрыклад, у апошнім спаборніцтве — чэмпіянаце Усходняй Еўропы, які праходзіў у лістападзе, літаральна кожны наш выхаванец заваяваў перамогу ў сваёй катэгорыі. Гэта быў адборачны чэмпіянат для ўдзелу ў чэмпіянаце свету. Цяпер мы рыхтуемся да яго — пройдзе ён у красавіку ў Ірландыі.

Акрамя чэмпіёнства Еўропы, у нас ёсць перамогі на чэмпіянатах свету. У прыватнасці, у мінулым годзе мы сталі чэмпіёнамі ў камандных танцах кейлі.

— Мабыць, спартыўны азарт — гэта асноўнае, што накіроўвае дзяцей у вашу школу. Але ці толькі жаданыя ўзнагароды яны знаходзяць?

— Не, не толькі. Гэта яшчэ і цікавыя зносіны, фізічнае развіццё, уменне чуць музыку, адчуваць партнёра ў танцы, эмоцыі, пераадоленне сябе. Падабаецца дзецям і неардынарнасць танца. Яны вельмі любяць выступаць у школах, на канцэртах, у летніках, і заўсёды гэта здзіўляе публіку, якая за апошнія гады больш прывыкла да ўсходніх танцаў, да брэйк-данса. Для бацькоў гэта здароўе дзяцей: асабліва часта да нас прыводзяць дзяцей, каб выправіць парушэнні паставы.

— Акрамя танцаў для спаборніцтваў, якімі яшчэ бываюць ірландскія танцы?

— Танцы для чэмпіянатаў стаяць асобна. Астатнія даволі складана структураваць, бо прынцыпаў дзялення некалькі. Так, паводле віду абутку, усе ірландскія танцы дзеляцца на дзве групы: тыя, якія выконваюцца ў мяккім абутку (тут цэняцца высокія скачкі, філігранныя рухі нагамі) і ў цвёрдым абутку (стэп, які прадугледжвае стварэнне мелодыі нагамі). Абедзве гэтыя групы дзеляцца на сольныя і калектыўныя. Адметная асаблівасць сольных танцаў — практычна нерухомы корпус са шчыльна прыціснутымі да яго рукамі і выразныя, хуткія рухі нагамі. Калектыўныя падраздзяляюцца яшчэ і на кейлі-танцы (ад 4 да 16 танцораў — тут важнымі з’яўляюцца дакладнасць выкананага танца, яго аўтэнтычнасць, адпаведнасць усім традыцыям), танцы з вольнай харэаграфіяй (базіруюцца на традыцыйных, але ёсць адыходжанні ад правіл), танцы-перформансы, якія ўліваюцца ў іншыя кірункі (можна гуляць з корпусам, дадаваць любыя элементы: ад фламенка да брэйк-данса), пастановачныя нумары і інш.

Апошні від больш складаны, але відовішчны. Напрыклад, у нас была цікавая праграма “Айрыш-таймз”, якую мы прадстаўлялі на цэнтральным атрыуме гандлёвага дома “Сталіца”. У ёй танцоры ад малышоў да дарослых у танцах расказалі пра ўсе перыяды ірландскай гісторыі, падкрэсліўшы і адметнасці і падабенства паміж нашымі краінамі і іх гісторыяй. Увогуле, ірландскія і беларускія танцы вельмі падобныя, урэшце, усе народныя танцы свету нечым падобныя.

— А вам якія танцы больш падабаюцца — “па інструкцыі” ці тыя, дзе можна даць волю фантазіі?

— Спачатку мне больш падабаліся танцы для спаборніцтваў, а цяпер хочацца проста адпусціць ногі (яны ўжо ведаюць, што рабіць) і папрацаваць з корпусам, папрацаваць з публікай, імправізаваць. Ёсць такі від танца — сліп-джыга. Гэта танец у мяккім абутку, вельмі жаноцкі, лёгкі, у палёце, быццам над зямлёй. Ён мне бліжэйшы за ўсё. Падабаюцца мне і камандныя фігурныя танцы, тут цікавы не столькі вынік, колькі працэс работы, бо мы самі прыдумваем харэаграфію.

— Ірландскі танец не можа быць у поўнай меры ірландскім без традыцыйнага касцюма. Дзе вы набываеце касцюмы?

— Дарагія касцюмы толькі для сольных выступленняў — яны шыюцца па індывідуальным дызайне з дарагіх тканін, аздоблены стразамі, пер’ем, нацыянальнай вышыўкай. Гэта цэлы напрамак моды, прычым кожны сезон касцюмы мяняюцца. Выраб такога касцюма ў майстра — справа вельмі дарагая. Ды і купіць не заўсёды танней. У Еўропе іх кошт пачынаецца да некалькіх соцень еўра і не мае мяжы. Таму я шыю іх сама, але калі не паспяваю (касцюмаў трэба шмат, ды ўсе яны павінны быць аднолькавымі), падключаю швачак, а сама толькі аздабляю іх.

Затое ўвогуле няма ніякіх складанасцей з конкурснымі дзіцячымі касцюмамі для чэмпіянатаў. Тут ёсць агульныя міжнародныя патрабаванні: яны павінны складацца з зялёнай спадніцы (не вышэй за 10 сантыметраў ад калена) і белай майкі-пола, якая закрывае рукі і зону дэкальтэ. Забаронены макіяж, парыкі, якія дазволены дарослым. Гэта робіцца для таго, каб кожнае дзіця магло набыць касцюм і каб для ўсіх былі аднолькавыя ўмовы.

Што да абутку, то ірландкі (мяккія скураныя туфлі, падобныя на балетныя) можна купіць у Беларусі, а прафесійныя стэпоўкі набыць можна ў Еўропе.

— Якія даныя павінна мець дзіця для таго, каб стаць паспяховым танцорам?

— У яго не павінна быць праблем са здароўем. Ёсць абмежаванні і па вазе, бо танцы — вялікая нагрузка на суставы. Хаця крыху паўнаватыя дзеці, наадварот, маюць перавагі, асабліва ў стэпе, бо тут важна не тое, наколькі высока ты падскочыў, а тое, наколькі дакладна адбіў стэп. (У нас такіх дзяцей мала, а вось у Еўропе іх шмат.)

Для поспеху важна мець расцяжку, з радасцю прымаем дзяцей з папярэдняй харэаграфічнай падрыхтоўкай, хаця гэта можна навярстаць, чаго не скажаш пра пачуццё рытму. На жаль, гэтаму вельмі складана навучыць, асабліва хлопчыкаў, а без гэтага танцаваць немагчыма.

— Цікава, а хто, акрамя саміх ірландцаў, складае канкурэнцыю ў танцах беларусам?

— Украінцы вельмі добра танцуюць, немцы, бо ў Германіі шмат прафесійных педагогаў, моцных школ. І, бадай, усё. Хаця канкурэнцыя вялікая. Цяпер актыўна падключаюцца амерыканцы — у іх вялікія рэсурсы, багатыя традыцыі танца. За апошнія гады ў Сусветную асацыяцыю ірландскага танца ўключыліся Азія, Аўстралія, Паўднёвая Амерыка. І становіцца яна сапраўды сусветнай арганізацыяй, бо падтрымлівае распаўсюджванне ірландскага танца па ўсім свеце.

— Юлія Вітальеўна, калі раптам вам сустрэнецца чалавек, які скажа, што вы — беларуска і таму вам належыць прапагандаваць сваю культуру, знаёміць свет з ёй, што вы яму адкажаце?

— Кожнаму сваё. У Беларусі ёсць калектывы, якія цудоўна прадстаўляюць нашу культуру і на міжнародным узроўні, і ў яе межах. Я таксама для сябе танцую беларускія танцы, люблю наведваць вечарыны ў беларускім этнічным стылі, з задавальненнем іду на ўсе майстар-класы, калі ёсць педагог і ў яго ёсць чаму павучыцца.

Што ж да ірландскага танца, то для танцора гэта магчымасць не закрывацца, а адкрываць свет для сябе і для гледачоў. Гэта заўсёды развіццё. Тым больш што цяпер ён мае адносіны не столькі да Ірландыі, колькі да свету ўвогуле. Гэта ўжо проста від танца, які адарваўся ад сваёй геаграфіі і адаптаваўся да культур розных народаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Юліі ПАЛАЧАНІНАЙ.