У руху да ўдасканалення

- 8:19Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Адукацыйна-выхаваўчая сістэма Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ўвесь час развіваецца, таму сёння начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама Віктар Мікалаевіч Грыцук дзеліцца напрамкамі развіцця і шляхамі ўдасканалення ў сваёй сферы.

— Віктар Мікалаевіч, як прайшла першая чвэрць?

— Пачатак навучальнага года прайшоў зладжана, і якіх-небудзь няштатных сітуацый не было. Па-іншаму і быць не магло, бо гэтаму папярэднічала спланаваная і змястоўная работа аддзела і ўстаноў адукацыі. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. У нас створаны неабходныя ўмовы: ёсць адпаведная матэрыяльная база, школы забяспечаны кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі. Што тычыцца масавых мерапрыемстваў з навучэнцамі, то, напрыклад, у нас прайшло ХI адкрытае першынство СДЮШАР “Пушча” па дзюдо на кубак Камянецкага РАУС Брэсцкай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2003—2008 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 350 спартсменаў са зборных каманд Брэсцкай вобласці, а таксама каманда з Гомеля.

Вельмі цікава ў гэтым навучальным годзе педагогі раёна адсвяткавалі Дзень настаўніка. Вы б бачылі, якую выставу падрыхтавалі ўстановы адукацыі! Гэта было своеасаблівае касцюміраванае шоу з прадстаўленнем “Маё смачнае хобі”. Гэтак жа смачна гатаваць педагогі вучаць дзятву на ўроках працоўнага навучання. Дарэчы, ініцыятарам і ідэйным натхняльнікам выставы-конкурсу “Маё смачнае хобі”, працягам якой стала віншавальна-канцэртная праграма, з’яўляўся раённы вучэбна-метадычны кабінет.

— Вы сказалі, што асобная ўвага была ўдзелена пытанням арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. Якія напрамкі выбралі вашы вучні?

— У бягучым навучальным годзе ў 17 сярэдніх школах арганізавана профільнае навучанне па 10 вучэбных прадметах: рускай, беларускай і замежных (англійскай і нямецкай) мовах, хіміі, біялогіі, матэматыцы, фізіцы, грамадазнаўстве, гісторыі Беларусі. Хачу адзначыць, што педагогі адказна паставіліся да вяртання профільнага навучання. З мінулай прафілізацыі прайшло не так ужо і шмат часу, і ў профільных класах і групах працуюць настаўнікі са стажам і адпаведнай кваліфікацыяй. Папярэдні вопыт у сукупнасці з праведзенай аддзелам, раённым вучэбна-метадычным кабінетам, Брэсцкім абласным інстытутам развіцця адукацыі метадычнай работай дазволілі пазбегнуць якіх-небудзь непрадбачаных абставін і якасна арганізаваць адукацыйны працэс. Што тычыцца педкласаў, то іх у раёне няма, але выпускнікі нашых школ штогод паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці і вяртаюцца ў нашы ўстановы ўжо ў якасці педагогаў.

— А ці папоўніліся сёлета шэрагі педагагічнай грамадскасці раёна маладымі спецыялістамі і ці задаволены вы іх падрыхтоўкай?

— Штогод на жнівеньскай канферэнцыі мы ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўваем маладых педагогаў. Гэты год не стаў выключэннем: у раён прыбылі 24 маладыя спецыялісты. Вядома, мы забяспечылі нашы ўстановы кадрамі, аднак адчуваем некаторую патрэбу ў настаўніках замежных (нямецкай і англійскай) моў і настаўніках прадметаў фізіка-матэматычнага цыкла. Што ж датычыцца кваліфікацыі маладых спецыялістаў, то над яе павышэннем працуе прафесійны калектыў спецыялістаў аддзела і работнікаў раённага вучэбна-метадычнага кабінета, адміністрацыі ўстаноў адукацыі, дасведчаныя педагогі-настаўнікі. Радуе, што многія з маладых спецыялістаў застаюцца верныя абранай прафесіі і што ў іх ёсць вялікае жаданне расці і самаўдасканальвацца.

— Віктар Мікалаевіч, тут жа хочацца спытаць пра ролю раённага вучэбна-метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў, як маладых, так і са стажам. Якія метадычныя мерапрыемствы спецыялісты РВМК паспелі правесці за першую чвэрць?

— У самой назве вучэбна-метадычнага кабінета ўжо і закладзена яго асноўная роля. Хачу адзначыць, што Камянецкі раённы вучэбна-метадычны кабінет прытрымліваецца дыферэнцыраванага падыходу ў рабоце з педкадрамі: асобна плануецца работа школ маладых спецыялістаў, вучэбна-метадычных аб’яднанняў, школ эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых груп. Запатрабаванасць РВМК бачна па актыўным удзеле педагогаў раёна ў мерапрыемствах (ім гэта цікава і карысна), па вялікай колькасці своечасовых і кваліфікаваных кансультацый па надзённых пытаннях адукацыі. Вопытам работы наш вучэбна-метадычны кабінет дзеліцца ў рамках абласных мерапрыемстваў, а таксама на старонках “Настаўніцкай газеты”.

Навучальны год метадысты пачалі з правядзення інструктыўна-метадычных нарад, пасяджэнняў школ эфектыўнага педагагічнага вопыту па пытаннях профільнага навучання па прадметах, падрыхтоўкі першага этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах. Цяпер сур’ёзная работа вядзецца па правядзенні школьнага і раённага этапаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. І гэта далёка не ўвесь пералік дзейнасці РВМК.

— Наколькі запатрабаваны вучнямі і бацькамі шосты школьны дзень? Што ў гэты дзень прапануюць школы раёна сваім вучням?

— На мой погляд, улічваючы, што Камянецкі раён з’яўляецца сельскім, шосты школьны дзень па запатрабаванасці носіць сезонны характар. Я маю на ўвазе, што субота найбольш запатрабавана дзецьмі, ды і бацькамі, тады, калі скончыліся ці яшчэ не пачаліся так званыя палявыя работы. Усё, што прапануюць школы і цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў шосты школьны дзень, штотыдзень адлюстроўваецца на афіцыйных сайтах устаноў.

Школьнікам і іх бацькам прапануецца прыняць удзел у спартыўных мерапрыемствах, паўдзельнічаць у конкурсах, экскурсіях, турнірах, гутарках, атрымаць кансультацыю работнікаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы і многае іншае. Дарэчы, на сайтах устаноў вучні могуць знайсці шмат іншай карыснай інфармацыі пра тое, куды яшчэ яны могуць пайсці ў суботу, напрыклад, у сельскую бібліятэку, школу рамёстваў або з бацькамі наведаць спартыўную залу і басейн.

— Віктар Мікалаевіч, а якія праблемы вас сёння больш за ўсё турбуюць?

— Іх некалькі. Сёння, на вялікі жаль, шмат сем’яў, якія далёкія ад ідэалу па сямейных узаемаадносінах. У такіх “ячэйках грамадства” дзеці часта знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яшчэ прытрымліваюся думкі, што нельга ўсіх аднолькава анкетаваць з нагоды наркотыкаў, ужываючы пытанні з падвохам. Трэцяя хвалюючая мяне праблема — якасць вучэбных дапаможнікаў. Яны павінны быць напісаны зразумелай для дзяцей мовай, быць даступнымі да ўспрымання і разумення. Не кажучы ўжо пра тое, што падручнікі не павінны ўтрымліваць памылак, дзіўна сфармуляваных умоў задач. Па-чацвёртае, неабходна разабрацца з колькасцю рознага кшталту мерапрыемстваў і конкурсаў (твораў, эсэ, малюнкаў, чытальнікаў, агітбрыгад і г.д.). Можа, варта спыніцца не некалькіх рэспубліканскіх, а астатнія пакінуць за ўстановамі адукацыі або іх неяк сістэматызаваць па напрамках?

Вольга ДУБОЎСКАЯ.