У руху пазнаецца свет

- 11:53Людзі адукацыі, Рознае

Валянціна Аляксееўна Мялешка прыходзіць у школу, каб навучыць дзяцей быць здаровымі.
І робіць гэта ўжо на працягу 30 гадоў. Яна працуе настаўніцай фізічнай культуры і здароўя ў сярэдняй школе № 109 Мінска. Думаю, што вучні на ўрокі сённяшняй гераіні ідуць з задавальненнем, бо ведаюць, што ў Валянціны Аляксееўны будзе цікава, весела і карысна. Настаўніца імкнецца да фарміравання культуры здаровага ладу жыцця.

Галоўная каштоўнасць грамадства — гэта здаровае і развітое дзіця, і настаўніца пераканана, што фізічная культура забяспечвае авалоданне важнымі ведамі пра чалавека, яго развіццё, вырашае задачы выхавання неабходных яму рухальных навыкаў.

“Мой урок — гэта не пагоня за высокімі спартыўнымі вынікамі, а карпатлівая праца па ўмацаванні здароўя дзяцей. Важна змяніць адносіны да ўрокаў фізічнай культуры як саміх дзяцей, так і іх бацькоў. Урок фізічнай культуры — гэта фрагмент натуральнага жыцця дзяцей, бо яны ў руху растуць, пазнаюць свет. Рух умацоўвае іх, а галоўнае — нясе здароўе і радасць. Гэта і ёсць галоўная мэта ўрокаў фізкультуры.

Мэта нараджае прынцыпы, іх у мяне тры. Важна зразумець вучня, паглыбіцца ў яго ўнутраны свет, даведацца пра інтарэсы і жаданні. Толькі так на працягу ўсяго навучання можна захоўваць захопленасць фізічнай культурай. Яшчэ важна даць вучню магчымасць паверыць у сябе, бо менавіта недахоп веры знішчае ініцыятыву, становіцца перашкодай на шляху рэалізацыі магчымасцей чалавека, бар’ерам для развіцця. І трэцяе — гэта поўны давер.

Стараюся толькі накіроўваць дзейнасць навучэнцаў, даючы якое-небудзь заданне, а яны ўжо самі працуюць над удасканаленнем тэхнікі. Ці не ў гэтым радасць, бо яны ўсведамляюць, што дасягнулі гэтага самі? Мне вельмі падабаецца фраза з кінафільма “Матрыца”: “Я пакажу табе дзверы, але ўвайсці ў іх ты павінен сам”, — працягвала Валянціна Аляксееўна.

Праца настаўніцы ў рэжыме зберажэння і ўмацавання здароўя навучэнцаў, выбару такіх адукацыйных тэхналогій, якія адпавядаюць іх узросту, ліквідацыі перагрузкі і захавання здароўя школьнікаў увесь час прымушае яе рухацца ў развіцці свайго педагагічнага майстэрства далей.

Валянціна Аляксееўна 15 гадоў працуе з навучэнцамі спецыяльнай медыцынскай групы, мае вопыт работы ў галіне лячэбнай фізкультуры. З кожным годам колькасць школьнікаў, якія маюць дыягназы “скаліёз” і “парушэнне паставы”, расце, таму настаўніца задалася пытаннем: як арганізаваць навучанне, каб карэкцыя была выніковай?

“У чым заключаецца методыка індывідуальных спецыяльных практыкаванняў? У пачатку навучальнага года настаўнік, які працуе ў спецыяльнай медыцынскай групе, складае комплексы спецыяльных карэгуючых практыкаванняў, якія апісваюцца на індывідуальных картках. Комплексы распрацаваны на аснове метадычных рэкамендацый, у залежнасці ад віду і ступені скаліёзу, падрыхтаванасці школьнікаў, спадарожных захворванняў. У падрыхтоўчым перыядзе, або на працягу 1-й чвэрці, кожны навучэнец знаёміцца са сваім комплексам спецыяльных практыкаванняў, пачынаем з вывучэння двух практыкаванняў, на наступным уроку дадаём яшчэ два, на наступным яшчэ два. І так, пакуль комплекс з 10—12 практыкаванняў не будзе вывучаны цалкам”, — расказала настаўніца.

Канечне, работа па рэалізацыі методыкі павінна мець сістэмны характар, таму Валянціна Аляксееўна задае сваім падапечным дамашняе заданне. Але самае галоўнае, яна ўвесь час тлумачыць, навошта гэта ім патрэбна. Дэманструе прэзентацыі. Вынікі ёсць. У сярэдняй школе № 109 Мінска дзеці значна палепшылі сваё здароўе, а методыкай настаўніцы зацікавіліся за мяжой. Прынамсі, ёй паступіла прапанова аб супрацоўніцтве ад міжнароднага выдавецкага дома Lambert Academic Publishing. На сённяшні дзень у Валянціны Аляксееўны ёсць кніга, дзе расказваецца пра яе спецыяльныя практыкаванні. Акрамя таго, за сваю работу настаўніца атрымала прэмію Мінгарвыканкама.

Прапанаваны вопыт педагагічнай дзейнасці можа выкарыстоўваць любы настаўнік, які працуе ў спецыяльнай медыцынскай групе. Працаёмкасць вопыту заключаецца ў складанні індывідуальных картак, але гэтую работу аблягчае камп’ютар, з яго дапамогай карткі можна скласці даволі хутка. Як заўважыла мая гераіня, для рэалізацыі гэтага досведу не патрабуецца ніякіх дадатковых выдаткаў.

Трэба толькі зайсці на сайт да Валянціны Аляксееўны Мялешка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.